Гісторыя Беларускага прафесійнага саюза работнікаў адукацыі і навукі пачынаецца ў канцы ХІХ — пачатку ХХ стагоддзя.
У гэты перыяд ствараліся, аказвалі неабходную дапамогу педагогам (грашовую, у тым ліку на лячэнне, аздараўленне, прафесійную адукацыю дзяцей настаўнікаў; пры прадастаўленні ім інтэрната на час навучання; арганізацыі санаторнага лячэння педагогаў і інш.) таварыствы ўзаемадапамогі настаўнікаў народных вучылішчаў Віленскай (1899 год), Віцебскай (1897), Гродзенскай (1899), Мінскай (1901) і Магілёўскай (1900) губерній.
У 1903 годзе адбыўся Усерасійскі з’езд настаўніцкіх таварыстваў узаемадапамогі, на якім было прынята рашэнне аб падрыхтоўцы статута Усерасійскага саюза настаўніцкіх таварыстваў у мэтах паляпшэння ўмоў працы настаўнікаў, павышэння іх адукацыйнага ўзроўню і ўмацавання настаўніцкіх аб’яднанняў.
У 1905 годзе на ўстаноўчым з’ездзе было абвешчана стварэнне Усерасійскага саюза настаўнікаў і дзеячаў народнай адукацыі. Фактычна быў створаны прафесійны саюз. Да мая 1907 года на тэрыторыі пяці губерній Беларусі існаваў 101 прафсаюз, які аб’ядноўваў 14 533 члены. У ліпені 1919 года было прынята рашэнне аб стварэнні Усерасійскага саюза работнікаў асветы і сацыяльнай культуры. Восенню 1920 года ў Мінску было створана Часовае праўленне саюза работнікаў асветы і сацыялістычнай культуры. Яно правяло падрыхтоўчую работу па скліканні з’езда, які адбыўся 8—11 студзеня 1921 года. Менавіта ад гэтага з’езда фактычна вядзецца адлік гісторыі галіновага прафсаюза работнікаў адукацыі.
З 1922 па 1934 год прафсаюз работнікаў асветы аб’ядноўваў работнікаў школ, дзіцячых садоў, дзіцячых дамоў, навуковых устаноў, ВНУ і палітасветустаноў. У гэтыя гады прафсаюз актыўна ўдзельнічае ў станаўленні і развіцці айчыннай сістэмы адукацыі, выхавання, у паэтапным ажыццяўленні ўсенавуча, ліквідацыі масавай непісьменнасці, ажыццяўленні культурнай рэвалюцыі.
У 1931 годзе за поспехі ў справе адукацыі, актыўны ўдзел у ліквідацыі непісьменнасці і малапісьменнасці прафсаюз быў узнагароджаны рэспубліканскім ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга.
У 1934 годзе прафсаюз работнікаў асветы быў разбуйнены і замест яго ўтворана 8 самастойных прафсаюзаў: работнікаў пачатковых і сярэдніх школ РСФСР, Беларусі, Украіны, Закаўказзя, Сярэдняй Азіі, вышэйшай школы і навуковых устаноў, работнікаў дашкольных устаноў, работнікаў палітасветустаноў.
Пасля вызвалення рэспублікі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў галоўнай справай для прафсаюза стала адраджэнне сістэмы адукацыі. У 1948 годзе дзеля найхутчэйшага аднаўлення і развіцця народнай адукацыі адбываецца аб’яднанне прафсаюза работнікаў пачатковых і сярэдніх школ з прафсаюзам работнікаў дашкольных устаноў, а ў 1956 годзе прафсаюз быў перайменаваны ў прафсаюз работнікаў асветы. У кастрычніку 1957 года прафсаюзы асветы ўсіх рэспублік СССР аб’ядналіся ў адзіны прафсаюз, у які ўвайшлі таксама работнікі вышэйшай школы і навуковых устаноў. Прафсаюз пачаў называцца прафсаюзам работнікаў асветы, вышэйшай школы і навуковых устаноў Беларускай ССР. Прыярытэтнымі для прафсаюзаў у той час былі вызначаны арганізацыйна-вытворчыя функцыі: удзел у вырашэнні вытворчых задач, умацаванні працоўнай дысцыпліны, рэгуляванні сацыяльна-працоўных пытанняў, ахове грамадскага парадку, ажыццяўленне дзяржаўнага нагляду і кантролю за выкананнем заканадаўства аб працы і правіл аховы працы, кіраванне сацыяльным страхаваннем. Прафсаюзы мелі непасрэднае дачыненне да жыллёвага будаўніцтва, размеркавання жылля, выдачы пуцёвак у санаторыі, прафілакторыі, дамы адпачынку, пансіянаты, да арганізацыі турызму, фізічнай культуры, спорту і многага іншага.
У верасні 1990 года адбыўся І з’езд прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Беларусі, на якім былі прыняты часовы статут і праграма дзейнасці, абвешчаны самастойнасць, незалежнасць прафсаюза ад органаў улады, палітычных партый і рухаў.
Пасля распаду СССР галіновы прафсаюз захаваў сваё членства ў Міжнароднай арганізацыі прафсаюзаў “Адукацыя і навука” (Масква), актыўна ўдзельнічае ў яго рабоце.
На ІІ з’ездзе Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі ў красавіку 1995 года прынята Праграма асноўных напрамкаў дзейнасці прафсаюза на 1995—2000 гады, па якой прафсаюзная работа нацэльвалася на выкананне ахоўных функцый, арганізацыйнае ўмацаванне прафсаюза, узмацненне адзінства дзеянняў усіх яго звёнаў.
З 1998 года Беларускі прафсаюз работнікаў адукацыі і навукі з’яўляецца членам Еўрапейскай канфедэрацыі прафсаюзаў адукацыі (ЕКПА). Удзельнічаючы ў сусветным прафсаюзным руху, ЦК працягвае падтрымліваць і развіваць кантакты з нацыянальнымі галіновымі прафсаюзамі на двухбаковай аснове.
ІІІ з’езд прафсаюза ў 2000 годзе прыняў праграму асноўных напрамкаў дзейнасці прафсаюза на 2000—2005 гады, унёс змены ў статут галіновага прафсаюза і перайменаваў найвышэйшы кіруючы орган прафсаюза ў Цэнтральны камітэт. Па прапанове і пры ініцыятыўным удзеле прафсаюза прынята праграма “Настаўнік”.
Значныя дасягненні прафсаюза, з якімі ён падышоў да свайго IV з’езда ў 2005 годзе: вызначана гранічная працягласць працоўнага часу да 36 гадзін на тыдзень педагагічным работнікам, пашыраны пералік катэгорый педагагічных работнікаў, якім даецца падоўжаны адпачынак; устаноўлены надбаўкі да 100% службовага акладу навуковым работнікам структурных падраздзяленняў за кошт бюджэтных сродкаў; пашырана сфера выкарыстання фонду матэрыяльнай падтрымкі з пазабюджэтных сродкаў; урэгуляваны пытанні падліку стажу работы па спецыяльнасці работнікаў недзяржаўных, ведамасных арганізацый галіны. З’езд вызначыў новыя задачы і арыенціры, прыняўшы праграму асноўных напрамкаў дзейнасці на 2005—2010 гады.
Прамежкавыя вынікі выканання праграмы былі падведзены ў верасні 2006 года V пазачарговым з’ездам, неабходнасць правядзення якога была абумоўлена вяртаннем у прафсаюз арганізацый, якія раней выйшлі з яго, стварэннем пярвічак у прыватным сектары галіны, наспелымі зменамі статута прафсаюза, а таксама наяўнасцю новых задач, якія стаяць перад прафсаюзным рухам краіны ў цэлым і непасрэдна ў галіне.
Чарговы VІ з’езд галіновага прафсаюза адбыўся ў 2010 годзе. Перыяд 2010—2012 гадоў быў асаблівым для галіновага прафсаюза. Значнай кансалідацыі ўсіх арганізацыйных структур у справе абароны правоў і інтарэсаў педагогаў запатрабавала ўваходжанне ў сілу Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адукацыі ў 2011 годзе. Прафсаюзныя лідары на ўсіх узроўнях імкнуліся знайсці салідарную з сацыяльнымі партнёрамі пазіцыю па шэрагу спрэчных пытанняў. Дадатковым стымулам для ўдасканалення многіх напрамкаў дзейнасці стала 90-годдзе галіновага прафсаюза (у 2011 годзе).
Дзякуючы сумесным намаганням ФПБ, Міністэрства адукацыі і галіновага прафсаюза, з чэрвеня 2011 года работнікам устаноў дашкольнай адукацыі была вернута ранейшая працягласць адпачынкаў. З кастрычніка 2010 года павялічана заработная плата маладым спецыялістам, педагагічным работнікам, нізкааплатным катэгорыям работнікаў.
Вынікам плённага супрацоўніцтва сацыяльных партнёраў стала прыняцце Саветам Міністраў Рэспублікі Беларусь рашэння аб павелічэнні са студзеня 2012 года на 50% тарыфных акладаў педагагічных работнікаў з ліку прафесарска-выкладчыцкага складу, якія не маюць вучоных ступеней і званняў. Сацыяльныя партнёры пастаянна ўносяць органам дзяржкіравання і іншыя ініцыятывы ў галіне аплаты і нармавання працы работнікаў галіны. Напярэдадні VІІ з’езда ініцыіравана распрацоўка праекта рашэння аб павелічэнні памераў даплат да тарыфных ставак выхавальнікаў за звышнарматыўную напаўняльнасць груп, аб увядзенні такіх даплат памочнікам выхавальнікаў.
У лістападзе 2012 года адбыўся VІІ пазачарговы з’езд Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі, на якім была прынята Адозва дэлегатаў з’езда да Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь, Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі, Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь “Аб заработнай плаце работнікаў сістэмы адукацыі”, прыняты статут галіновага прафсаюза ў новай рэдакцыі.
У красавіку 2015 года адбыўся чарговы VІІІ з’езд галіновага прафсаюза. З’езд сабраў 250 дэлегатаў з усіх рэгіёнаў рэспублікі, якія прадстаўлялі больш за 600 тысяч членаў галіновага прафсаюза.
На з’ездзе былі падведзены вынікі дзейнасці галіновага прафсаюза па рэалізацыі статутных задач за 2010—2015 гады, зацверджаны праграма асноўных напрамкаў дзейнасці Беларускага прафесійнага саюза работнікаў адукацыі і навукі на 2015—2020 гады і статут Беларускага прафесійнага саюза работнікаў адукацыі і навукі ў новай рэдакцыі.
Адным з асноватворных фактараў умацавання ўплыву прафсаюза стала праяўленая ўвага да прапаноў па дапрацоўцы праекта плана мерапрыемстваў па ўдасканаленні і развіцці сістэмы адукацыі на 2015—2017 гады. Найбольш выніковай пазіцыяй у сувязі з гэтым з’яўляецца ўдзел усіх зацікаўленых органаў дзяржаўнага кіравання ў вырашэнні пытання, якое пастаянна ставіцца прафсаюзам, аб празмернасці няпрофільных функцый, што ўскладаюцца на педагагічных работнікаў. Першым крокам у гэтым напрамку стала прыняцце пераліку дакументаў для асобных педагагічных работнікаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі. У рамках рэалізацыі галіновага пагаднення ўдалося па ўзгадненні з прафсаюзам на карысць работнікаў галіны вырашыць пытанні тыпавых штатаў і нарматываў колькасці работнікаў устаноў агульнай сярэдняй і вышэйшай адукацыі, дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, атэстацыі педагагічных работнікаў сістэмы адукацыі і інш. Распрацоўка і карэкціроўка ў рамках Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адукацыі нарматыўных прававых актаў, якія датычацца адпаведных пытанняў работнікаў і навучэнцаў, вядзецца Мінадукацыі з удзелам прафсаюза, а ведамасных — па ўзгадненні з прафсаюзам.
Адной з ключавых задач галіновага прафсаюза працягвае заставацца абарона правоў і законных інтарэсаў работнікаў, з якімі заключаны кантракты. На сённяшні момант у больш як 95% заключаных з работнікамі галіны кантрактаў уключаны дадатковы аплатны заахвочвальны адпачынак, а ў больш як 80% — павышэнне тарыфнай стаўкі (акладу).
Сведчаннем дзейнасці сумесных намаганняў з’яўляецца захаванне тэндэнцыі павелічэння колькасці кантрактаў, заключаных з работнікамі на пяць гадоў. Па выніках 2014 года гэты паказчык дасягнуў 43%.
Па ініцыятыве прафсаюза вырашана пытанне планавання сродкаў на даплаты да ўзроўню мінімальнай заработнай платы са сродкаў рэспубліканскага бюджэту.