Зазірнулі ў будучыню hi-tech

- 11:26Навука і інавацыі

У Мінску прайшла прэстыжная Міжнародная канферэнцыя EuroDisplay — 2019

Упершыню ў Мінску прайшла прэстыжная Міжнародная навукова-тэхнічная канферэнцыя EuroDisplay — 2019, арганізатарамі якой выступілі Міжнароднае таварыства інфармацыйных дысплэяў (SID, Сан-Францыска, ЗША), Міністэрства адукацыі нашай краіны і Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт інфарматыкі і радыёэлектронікі.

EuroDisplay — 2019 сабрала ў Мінску больш за 150 удзельнікаў з 22 краін, у тым ліку з ЗША, Германіі, Вялікабрытаніі, Францыі, Японіі, Кітая, Паўднёвай Карэі, Расіі, Іспаніі, Бельгіі і іншых прамыслова развітых дзяржаў. Вядучыя навукоўцы, распрацоўшчыкі, вытворцы і спажыўцы сродкаў адлюстравання інфармацыі абмяркоўвалі сучаснасць і будучыню інавацыйных тэхналогій.

Правядзенне навуковай канферэнцыі сусветнага ўзроўню на базе БДУІР стала магчымым дзякуючы высокаму аўтарытэту вучоных універсітэта, арыентаванасці на перадавыя навуковыя даследаванні і добрай якасці падрыхтоўкі спецыялістаў у галіне інфакамунікацыйных тэхналогій, мікраэлектронікі і нанатэхналогій.

— Гэта ўжо 34-я канферэнцыя, — гаворыць сустаршыня аргкамітэта, удзельнік практычна ўсіх папярэдніх EuroDisplay, доктар тэхнічных навук, прафесар БДУІР Аляксандр Смірноў. — Да нас гэтую топавую канферэнцыю прымалі Рым, Лондан, Эдынбург, Берлін, Бардо, Гент, Ніца. Толькі другі раз яна пакінула межы Заходняй Еўропы (12 гадоў назад EuroDisplay праводзілася ў Маскве). І тое, што яна прайшла ў Мінску, сведчыць пра аўтарытэт беларускіх вучоных, у тым ліку вучоных БДУІР, у сусветнай навуковай супольнасці, наяўнасць развітой навукова-вытворчай базы, а таксама наяўнасць высакакласных распрацоўшчыкаў і спецыялістаў. EuroDisplay — 2019 з’яўляецца сведчаннем нашых велізарных магчымасцей у галіне дысплэйных тэхналогій.

На канферэнцыі працавала 9 тэматычных секцый. Удзельнікі абмеркавалі такія актуальныя тэмы, як вадкакрышталічныя, OLED- і мікрадысплеі, матэрыялы і тэхналогіі іх вытворчасці, уключаючы наначасціцы, квантавыя кропкі, графен, электроннае чарніла і іншыя, прылады віртуальнай і дапоўненай рэальнасці (3D-акуляры, галаграфічныя сістэмы і прылады), сумежныя галіны прымянення тэхналогій (сэнсарныя экраны, фільтры, разумныя вокны, аўтамабільная электроніка), кантрольна-вымяральная тэхніка, стандарты, а таксама рынкі збыту прадукцыі ў розных рэгіёнах свету.

Аляксандр СМІРНОЎ, сустаршыня аргкамітэта, доктар тэхнічных навук, прафесар БДУІР:

“Сёння асноўныя грошы ў сферы высокіх тэхналогій канцэнтруюцца ў галіне дыс­плэяў. Сусветныя кампаніі з самымі вялікімі прыбыткамі (Samsung, LG, Toshiba, Sony, Apple, IBM) выпускаюць істотныя аб’ёмы канчатковай прадукцыі з выкарыстаннем найноўшых дысплэйных тэхналогій. У год у свеце прадаецца больш за 1 мільярд смартфонаў, і калі ў сярэднім адзін смартфон каштуе 100 долараў, падлічыце, якія грошы атрымліваюць некалькі дзясяткаў кампаній. Таму яны гатовы падтрымліваць новыя ідэі, стымуляваць распрацоўкі, спансіраваць навуку”.

— У Мінску на адной пляцоўцы сабраліся прадстаўнікі розных школ і кірункаў, якія комплексна прааналізавалі сучасны стан і перспектывы развіцця дысплэйных тэхналогій, — адзначыў Аляксандр Смірноў. — Справа ў тым, што дысплэй — гэта абавязковае злучальнае звяно паміж інфармацыйнай прасторай і чалавекам (амаль усё, што адлюстроўваецца на экране нашага смартфона або тэлевізара, мы счытваем вачыма). І ёсць вялікі попыт на тое, каб хуткасць і аб’ёмы інфармацыі пастаянна павялічваліся. У Кітаі, напрыклад, ужо сёлета ўводзіцца ў эксплуатацыю 5G — сетка новага пакалення. Гэта значыць, з’яўляецца магчымасць перадаваць паўнаколерную відэа­карцінку вельмі высокага разрознення. Але каб гэтую карцінку адлюстраваць, павінны быць адпаведныя дысплэі. Тое ж тычыцца і тэлевізараў. Якасць карцінкі ў іх таксама можа быць значна палепшана. І мы ўжо гаворым пра тэлевізары з разрозненнем 8К і 10К, што ў 16 і больш разоў вышэй, чым разрозненне фармату Full HD. На канферэнцыі гэтыя пытанні якраз і абмяркоўваліся. Але сам па сабе дысплэй працаваць не будзе, патрэбна электроніка кіравання: магутны відэапрацэсар, вялікі аб’ём памяці, адпаведнае праграмнае забеспячэнне. Усё гэта павінна распрацоўвацца комплексна. Дарэчы, зараз ёсць тры напрамкі развіцця дысплэйных тэхналогій: рабіць вялікія дамашнія тэлевізары; спрабаваць усё змясціць у смартфон; удасканальваць прылады віртуальнай рэальнасці. Гэтыя тэхналогіі моцна канкурыруюць паміж сабой. Што абярэ спажывец: экран на ўсю сцяну ў доме, акуляры, якія падаюць карцінку прама ў вочы, ці смартфон — сапраўдны камп’ютар у кішэні? Напэўна, выйграюць тыя, хто прапануе лепшую камбінацыю якасці, хуткасці і кошту. Таму сёння ўсе вытворцы дысплэяў выкарыстоўваюць hi-tech: нанатэхналогіі, нанаматэрыялы, усё самае перадавое, што ёсць у сучаснай навуцы.

Вадзім БОГУШ, рэктар БДУІР:

“Правядзенне канферэнцыі ў Мінску — гэта высокая ацэнка дасягненняў нашага ўніверсітэта з боку сусветнай навуковай грамадскасці. На працягу пяці дзён у беларускіх вучоных была ўнікальная магчымасць не толькі прадставіць вынікі сваіх даследаванняў, іх практычную накіраванасць, але і пагутарыць, абмяняцца вопытам з замежнымі калегамі. Такая міжнародная навуковая кааперацыя, безумоўна, будзе садзейнічаць умацаванню аўтарытэту вучоных БДУІР, павышэнню якасці падрыхтоўкі спецыялістаў у галіне інфармацыйных і камунікацыйных тэхналогій, мікраэлектронікі і нанатэхналогій”.

На канферэнцыі EuroDisplay 16 дакладаў было зроблена су­працоўнікамі розных даследчых лабараторый БДУІР, і замежныя эксперты высока ацанілі іх навуковы ўзровень. Многія прызналіся, што нават не чакалі ўбачыць такое ў Беларусі (дарэчы, акрамя навукоўцаў БДУІР, у канферэнцыі прымалі ўдзел супрацоўнікі БДУ і Нацыянальнай акадэміі навук).

На канферэнцыі ў Мінску прайшоў шэраг перамоў паміж прадстаўнікамі розных краін і намецілася шмат сумесных праектаў. Тут без перабольшання можна сказаць, што EuroDisplay — не толькі навукова-тэхнічная, але і дыпламатычная падзея, таму што збліжае зацікаўленых людзей, якія прымаюць ключавыя рашэнні ў сваіх кампаніях. Адна справа — азнаёміцца з даследаваннямі адно аднаго ў інтэрнэце, і зусім іншая — сустрэцца ўжывую, паглыбіцца ў сут­насць, задаць пытанні, абмеркаваць дэталі.

Эксперты ўпэўнены, што правядзенне ў Мінску такога прэстыжнага міжнароднага форуму будзе садзейнічаць далейшай інтэграцыі беларускіх навукоўцаў і спецыялістаў у сусветную навуку. Асабліва гэта актуальна для моладзі, якая атрымала магчымасць з першых крыніц даведацца пра інавацыі ў такім перспектыўным кірунку, як дысплэйная тэхніка.

У рамках EuroDisplay — 2019 у БДУІР адбылася маладзёжная школа-семінар для студэнтаў, магістрантаў і аспірантаў — Tutorial for young reserchers on display technologies. 6 вядучых навукоўцаў-практыкаў з ЗША, Германіі, Кітая, Ганконга, Расіі прачыталі лекцыі аб апошніх інавацыях і тэндэнцыях у галіне развіцця дысплэйных тэхналогій, а таксама падзяліліся практычнымі ведамі па рэалізацыі маштабных праектаў.

— Дзякуючы нашаму суарганізатару Міжнароднаму таварыству інфармацыйных дысплэяў (ЗША), удзел у школе-семінары быў для беларускай моладзі бясплатным, — адзначыў прафесар БДУІР Аляксандр Смірноў. — На іншых канферэнцыях, каб трапіць на падобны семінар, удзельнікі плацяць па 50—100 долараў. А ў Мінску работу лектараў аплацілі фундатары, што дазволіла вялікай колькасці студэнтаў, магістрантаў, аспірантаў паслухаць унікальных спецыялістаў у галіне hi-tech.

Адзін са спікераў семінара, прафесар Ганконгскага ўніверсітэта навукі і тэхнікі, член Еўрапейскай акадэміі навук Уладзімір Чыгрынаў адзначыў высокі навуковы патэнцыял і магчымасці, якія адкрываюцца ў Беларусі, а таксама падкрэсліў цікавасць моладзі да інавацый.

— Усё гэта актуальна для маладых людзей, у якіх вялікія амбіцыі. Іх амбіцыі і нашы патрэбы ў добрых спецыялістах — выдатная камбінацыя, — адзначыў навуковец.

Прафесар Універсітэта прыкладных навук Пфорцхайма (Германія) Карлхайнц Бланкенбах заявіў, што на EuroDisplay абавязкова павінна быць моладзь.

— Упершыню мяне на гэтую канферэнцыю запрасіў мой выкладчык, калі я быў на 4 курсе, — падзяліўся асабістым вопытам прафесар, — і гэта стала сур’ёзнай крыніцай матывацыі. Я змог пазнаёміцца з экспертамі і спецыялістамі ў згаданай галіне, завесці новыя кантакты. Вядома, для аспірантаў, якія наведваюць такія канферэнцыі, гэта магчымасць вызначыцца з кірункам у галіне навукова-даследчай працы, а таксама абмеркаваць свае ідэі з экспертамі, у якіх значна больш вопыту.

— Мы і дагэтуль не былі адарваны ад сусветнай навукі, — гаворыць Аляксандр Смірноў. — Напрыклад, тры мае аспіранты абаранілі дысертацыі ў Сінгапуры, адзін — у Германіі, два, наадварот, прыехалі з Германіі і Нігерыі ў Мінск і абараніліся ў БДУІР. У нас вельмі добрыя кантакты з сусветнымі навуковымі цэнтрамі. Уласна кажучы, таму і стала магчымым правядзенне такой прэстыжнай канферэнцыі ў Мінску.

Дарэчы, EuroDisplay, якая традыцыйна праходзіла раз у два гады, пасля Мінска стане штогадовай. Ужо ў 2020 го­дзе лепшыя сусветныя эксперты ў галіне дысплэйных тэхналогій сустрэнуцца ў нямецкім Штутгарце.

Галіна СІДАРОВІЧ.
Фотаздымкі прадастаўлены прэс-службай БДУІР.