Зберагаюць фальклорную спадчыну Століншчыны

- 11:05Навіны рэгіёнаў

Вялікую і разнастайную праграму падрыхтавалі ўстановы адукацыі Століншчыны на занальны этап VI адкрытага абласнога фестывалю фальклорнага мастацтва “Радавод”, які прайшоў у Пінску.

У трох намінацыях (“Фальклорныя спевы”, “Інструментальная музыка” і “Танцы”) творчыя здольнасці дэманстравалі вучні з сярэдняй школы № 2 Століна. Фальклорна-этнаграфічную праграму “Вясновыя забавы. Сёмуха” паказаў узорны ансамбль народнай песні “Весялінка” (кіраўнікі Т.Я.Дзенісовіч і Н.М.Кананчук), фальклорную інструментальную музыку выканаў узорны ансамбль народнай музыкі “Млынок” (кіраўнік Г.Л.Копка), а мясцовыя танцы Століншчыны — узорны ансамбль фальклорнага танца “Палескія танцоры” (кіраўнік І.Л.Лёгкі).У намінацыі “Фальклорныя тэатры” ўрывак з абраду хрысцін дзіцяці паказалі вучні 7—10 класаў з Вялікамалешаўскай сярэдняй школы (кіраўнік Т.А.Курышка). Прыкладам самабытных мясцовых дзіцячых абрадавых і пазаабрадавых гульняў, карагодаў каляндарнага цыкла стаў абрад “Гуканне вясны” ў выкананні фальклорнага гурта “Калінка” з Харомскага ясляў-сада — сярэдняй школы (кіраўнікі Н.Ф.Кунай і Д.М.Васільева). Выхаванцы тэатральнага гуртка з Цэнтра дзіцячай творчасці Давыд-Гарадка паказалі гульню “Масленка” (кіраўнікі А.К.Семянюк і А.А.Кулага).
Удзельнікі фестывалю не толькі праглядалі сцэнічныя праграмы, але і наведвалі Горад майстроў, дзе праходзілі розныя конкурсы і выставы. Так, на выставе дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва свае вырабы прэзентавалі ўзорная студыя народных промыслаў “Вышыванка” (кіраўнік В.М.Лёгкая) і гурткі “Творчая майстэрня” (кіраўнік А.Д.Крук) і “Гліняная цацка” (кіраўнік В.А.Казачок) са Столінскага раённага цэнтра дзіцячай творчасці. 20 работ, прысвечаных выхаванню дзяцей і моладзі сродкамі народнай традыцыйнай культуры, дэманстраваліся на выставе метадычных работ “Нам засталася спадчына”.
У конкурсе фальклорнага касцюма ўдзельнічала сцэнічнае адзенне, прапанаванае мастацкімі калектывамі з сярэдняй школы № 2 Століна. Кулінарную кнігу на конкурс традыцыйных страў “Бабуліна кухня” падрыхтаваў Лядзецкі яслі-сад — сярэдняя школа.
Тры дзіцячыя навукова-даследчыя работы (“Ад камяка гліны да прыгожага посуду” (Столінскі раённы ЦДТ), “Сімвалы і вобразы беларускага ручніка” (Хатомельская сярэдняя школа) і “Традыцыйнае адзенне дзяцей вёскі Цераблічы з канца ХІХ стагоддзя да 60-х гадоў ХХ стагоддзя” (Церабліцкі яслі-сад — сярэдняя школа) удзельнічалі ў конкурсе “Фальклорная спадчына”.
Пасля прагляду фальклорных праграм усіх раёнаў журы вызначыць удзельнікаў абласнога фестывалю фальклорнага мастацтва “Радавод”, які пройдзе ў маі ў Кобрыне.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.