Збіральнікі памяці

- 11:23Навіны рэгіёнаў

— Ідзе час, мяняюцца пакаленні, усё далей ад нас 1941 год. І часам становіцца трывожна, што пакідаюць свет апошнія сведкі страшэннай вайны, а з імі адыходзіць і памяць. Нельга, каб сённяшнія вучні страцілі цікавасць да падзей Вялікай Айчыннай вайны. А каб памятаць, трэба дакрануцца сэрцам да гісторыі і душой адчуць тое, што захоўваюць у сваёй памяці ветэраны, — гаворыць намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Столінскай дзяржаўнай гімназіі Таццяна Якаўлеўна Жук.

Педагогі і вучні ўстановы адукацыі распрацавалі праект “Мы збіраем памяць…”, канчатковай мэтай якога стала падрыхтоўка зборніка “Аповед ветэрана” і афармленне даследчых работ пра ахвяр фашызму на Століншчыне.

— Дзеці адразу падтрымалі ідэю праекта і актыўна ўключыліся ў яго рэалізацыю, — расказвае Т.Я.Жук. — Кожная вучнёўская група працавала ў тым напрамку, які цікавіў больш за ўсё. Настаўнікі гісторыі вызначылі баявыя мясціны раёна, наведалі музей, дзе даследавалі экспанаты Вялікай Айчыннай вайны. Месцамі пошукавай работы сталі вёска Вароні, урочышча Стасіна і гарады Давыд-Гарадок і Столін. Вучні 5—6 класаў рыхтавалі аповеды ветэранаў: наведвалі ўдзельнікаў вайны, запісвалі іх успаміны. Па выніках гэтай дзейнасці быў аформлены зборнік.

Бадай, у кожным населеным пункце Беларусі ёсць свая трагічная старонка, звязаная з жорсткасцю фашызму. Ёсць яна і на Століншчыне. 12,5 тысячы яўрэяў, расстраляных у верасні 1942 года, пахаваны ва ўрочышчы Стасіна: 5622 мужчыны, 3620 жанчын і 3548 дзяцей. Усіх іх аб’яднаў страшны агульны лёс.

— Над даследаваннем “Лёс яўрэяў Століна” працавалі дзевяцікласніцы, якія правялі вялікую пошукава-даследчую работу па выяўленні абставін масавага знішчэння яўрэйскага насельніцтва невялікага палескага гарадка, — гаворыць Т.Я.Жук. — Калі ў сакавіку 1942 года ў Століне арганізавалі гета, яўрэям было загадана перабрацца за калючы дрот. Няшчасныя людзі, ратуючы ад незайздроснага лёсу малых дзяцей, прасілі знаёмых беларусаў забраць іх да сябе ў дамы, схаваўшы тым самым ад фашыстаў нацыянальную прыналежнасць гэтых дзяцей. Такім чынам было выратавана жыццё пяцігадовай Рахілі, якую прытуліла беларуская сям’я. Калі б немцы выявілі падман, то ўся сям’я была б расстраляна. На шчасце, гэтага не здарылася. Юныя даследчыкі сустрэліся з відавочцамі страшных падзей і зразумелі, што ёсць учынкі, роўныя сапраўднаму подзвігу. Іх здзяйсняюць людзі цаной уласнага жыцця па поклічы сэрца і сумлення. Такія ўчынкі важнейшыя за прыгожыя і гучныя словы, бо куды лепш выхоўваюць у дзяцей пачуццё любові, суперажывання і міласэрнасці да іншых людзей, прычым незалежна ад іх месца жыхарства і нацыянальнасці.

Даволі цікавай атрымалася работа атрада следапытаў-дзевяцікласнікаў, якія вывучалі лёс жыхароў вёскі Вароні, спаленых 15 лютага 1943 года. “Нас вельмі зацікавіла гэтая вёска, бо яе называюць сястрой Хатыні, — напісалі ў сваім даследаванні дзеці. — Пра Хатынь мы ведаем шмат, бывалі там на экскурсіі. З прачытаных кніг даведаліся, што ёсць і іншыя вёскі з падобным лёсам. А вось пра тое, што адна з іх знаходзіцца ў нашым раёне, нават не здагадваліся”.

— Нямецкія карнікі спалілі вёску з часткай насельніцтва, — расказвае Т.Я.Жук. — Сёння ўдалося выявіць 40 імён загінуўшых, хаця існуе версія, што іх было значна больш. Вельмі запомніўся аповед былога дырэктара гімназіі, які нарадзіўся і жыў у вёсцы Вароні. Ён расказаў, што карная акцыя была спецыяльна арганізавана ў праваслаўнае свята. Чуткі пра планы фашыстаў ужо не раз даходзілі да варанёўцаў. Пасля кожнага партызанскага падрыву чыгункі, якая праходзіла непадалёк вёскі, гітлераўцы пагражалі мірнаму насельніцтву жорсткай расправай. Людзі ўцякалі ў лес, ратуючыся ад смерці, але фашысты не ажыццяўлялі задуманае. Вяскоўцы пачалі сумнявацца ў іх намерах, але здарылася непапраўнае…

Педагогі гімназіі ўпэўнены, што дзеці павінны ведаць пра вайну не з інтэрнэту, а са слоў жывых сведак. Гэта аказвае моцнае выхаваўчае ўздзеянне.

— Рэалізоўваючы такія праекты, можна не сумнявацца: гістарычная памяць не будзе страчана сучаснікамі, а перададзена наступным пакаленням. Трэба і надалей старанна збіраць памяць у тых, хто стаў сведкам страшных падзей мінулага, — падагульняе Т.Я.Жук.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.