Здароўе кожнага з нас — галоўная каштоўнасць

- 9:40Актуально, Апошнія запісы

Сёння ў школах краіны праводзяцца інфармацыйныя гадзіны ў межах праекта “Школа актыўнага грамадзяніна”. У сярэдняй школе № 1 Фаніпаля такую гадзіну правёў міністр адукацыі Ігар Карпенка.

Даверлівая размова

Тэма адзінага дня інфармавання 28 кастрычніка гучала так: “Гордасць за Беларусь. Здароўе кожнага з нас — галоўная каштоўнасць” (пра дасягненні сістэмы аховы здароўя, фармацэўтыкі).

На ўрок да міністра прыйшлі вучні 11 класа першай школы Фаніпаля, сярод якіх — прадстаўнікі педагагічных класаў, медыяцэнтра, актывісты. Якія задачы вырашае сёння беларуская медыцына? Гэтае пытанне стала ключавым на занятках. Безумоўна, у час барацьбы з кавідам актуальным з’яўляецца пытанне вакцынацыі. Старшакласнікі спыталі ў міністра, як ён ставіцца да прышчэпкі.

“Усё проста. Я ўжо даўно вакцынаваны. Нядаўна зрабіў прышчэпку ад грыпу. Наперадзе мяне чакае рэвакцынацыя. Канечне, прышчэпка — усвядомлены выбар кожнага, але ад вакцынацыі залежыць эпідэміялагічны стан у нашым грамадстве. Выбар павінен быць зроблены на карысць грамадства і дзяржавы”, — адказаў міністр.

Што ёсць здаровы лад жыцця? Якімі якасцямі павінны валодаць урачы? Гэтыя пытанні сталі працягам размовы адзінаццацікласнікаў і міністра. Дзяцей цікавіла, што міністр мае на ўвазе пад здаровым ладам жыцця. Аказалася, усё проста: правільна арганізаваны працоўны дзень, прагулкі з сабакам, адпачынак з сям’ёй на дачы.

Спецыяльнае асяроддзе для падтрымання добрай фізічнай формы створана і ў самой школе: ёсць дзве спартыўныя залы, спартыўны інвентар, абсталяваны стадыён.

Адказваючы на пытанне пра неабходныя якасці ўрачоў, Ігар Васільевіч адзначыў, што для любога пацыента вельмі важна давяраць урачу.

Многія навучэнцы 11 класа першай школы Фаніпаля плануюць сваю прафесійную будучыню звязаць з медыцынай, таму ім было вельмі цікава паслухаць міністра, які расказваў пра дасягненні беларускай медыцыны ў транспланталогіі, хірургіі, стаматалогіі.

Акрамя таго, міністр звярнуў увагу на пытанне сацыяльнай значнасці нашай медыцынскай службы, асабліва калі гаворка ідзе пра складаныя аперацыі. “Наша дзяржава клапоціцца пра здароўе сваіх грамадзян і бярэ на сябе дарагія медыцынскія паслугі, асабліва калі такая дапамога неабходна дзецям. І наша медыцына роўнадаступная”, — заўважыў міністр.

У размове была ўзнята тэма дыстанцыйнага навучання, якое замацавана ў новай рэдакцыі Кодэкса аб адукацыі як асобная форма навучання. Але ж, як падкрэсліў Ігар Карпенка, таго ж урача дыстанцыйна падрыхтаваць немагчыма.

Пасля адбылася размова з міністрам у адвольнай форме. Напрыклад, Ігар Васільевіч спытаў, ці ёсць патрэба ў адмаўленні ад папяровых падручнікаў (такія прапановы паступаюць у Міністэрства адукацыі). “Ні ў якім разе! Падручнік не толькі сродак навучання. У кожнага падручніка свая энергетыка, а гэта вельмі важна”, — сказалі старшакласнікі. А міністр запрасіў іх наведаць музей кнігі ў АПА. Адзінаццацікласнікаў цікавіла, на якія пытанні міністру часцей за ўсё даводзіцца адказваць падчас сустрэч з вучнямі і педагогамі. “Часта пытаюцца пра прафесіі будучыні. Лічу, што прафесія будучыні — настаўнік”, — адказаў кіраўнік ведамства.

Напрыканцы размовы Ігар Васільевіч пажадаў падлеткам быць лепшымі і дастойнымі грамадзянамі сваёй краіны і падарыў ім мячы і кнігі. Размова атрымалася шчырай і змястоўнай.

Тэма адзінага дня інфармавання гучала так: “Гордасць за Беларусь. Здароўе кожнага з нас — галоўная каштоўнасць”.

У полі зроку — рабочыя пытанні

Пасля інфармацыйнай гадзіны адбылася сустрэча міністра з кіраўнікамі ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі Дзяржынскага раёна, дзе былі абмеркаваны актуальныя рабочыя пытанні сістэмы адукацыі.

Выступаючы перад дырэктарамі, Ігар Карпенка нагадаў, што вядзецца актыўная работа над галоўнымі дакументамі — Кодэксам аб адукацыі і Канцэпцыяй па развіцці адукацыі да 2030 года.

“Нас чакаюць перамены, але не рэвалюцыйныя.  Кодэкс гатовы да разгляду Палатай прадстаўнікоў у другім чытанні. Мы разгрузілі яго ад жорсткай рэгламентацыі”, — сказаў Ігар Карпенка.

Абмяркоўваліся некаторыя нюансы новай рэдакцыі Кодэкса аб адукацыі. Напрыклад, напаўняльнасць класаў. Згодна з новай рэдакцыяй кодэкса, гэтым пытаннем будуць займацца заснавальнікі ўстаноў адукацыі. Акрамя таго, міністр падкрэсліў, што ў кодэксе замацаваны прэферэнцыі для алімпіяднікаў.

Гаварылася і пра ўстановы адукацыі прыватнай формы ўласнасці. Міністр перакананы, што яны павінны праходзіць праз атэстацыю, каб арганізацыя вучэбна-выхаваўчага працэсу ў такіх установах адпавядала ўсім нормам.

Дырэктары задавалі свае пытанні, напрыклад, па адзіным інфармацыйным рэсурсе: ці заходзяць на яго педагогі з краін СНД? “Чуў станоўчыя водзывы расіян. Але мы развіваем гэты рэсурс, каб ён адпавядаў запытам усіх удзельнікаў адукацыйнага працэсу”, — адказаў міністр.

Падчас размовы ўзнімаліся пытанні падрыхтоўкі настаўнікаў працоўнага навучання, профільнай падрыхтоўкі школьнікаў, адбору педагогаў для адказнай ролі класных кіраўнікоў. Міністр адзначыў, што класнымі кіраўнікамі павінны станавіцца вопытныя педагогі, а спецыяльная даплата будзе стымуляваць настаўнікаў браць класнае кіраўніцтва.

Вольга ДУБОЎСКАЯ.
Фота аўтара.