Сёння ў рубрыцы “Мая школа” мы прадстаўляем удзельніцу шматлікіх сацыяльных праектаў і акцый вядомую беларускую спявачку ЖАНЕТ.
— Жанeт, вы нарадзіліся ў Літве, але Радзімай лічыце Беларусь. Як ваша сям’я апынулася ў Беларусі?
— Мая маці Валянціна Васільеўна нарадзілася ў Літве, а яе бацька — мой дзядуля — рускі па нацыянальнасці. Так што карані ў мяне вельмі розныя.
Тата Уладзімір Аляксандравіч быў ваенным, і зразумела, што мы з бацькамі часта пераязджалі. Я і старэйшы брат Жан нарадзіліся ў Літве. Калі мне споўнілася паўтара года, бацьку перавялі ў Германію, дзе мы пражылі 5 гадоў. Потым некаторы час бацька яшчэ пераязджаў з часці ў часць, а мы з мамай ужо стала затрымаліся ў Беларусі.
Менавіта тут я пайшла ў агульнаадукацыйную і музычную школу, тут атрымала адукацыю, стала спявачкай і знайшла свайго гледача. Таму магу лічыць, што я шчаслівы чалавек, бо ў мяне дзве Радзімы.
Беларусь для мяне — роднае месца. Краіна, якая мяне выкарміла. Але бывае, калі становіцца складана, трэба вярнуцца ў тое месца, дзе ты нарадзіўся, да вытокаў. І я ўпэўнілася, што гэта праўда. Як, відаць, у кожнага, у мяне бывалі складаныя моманты, і тады прыязджала на сваю малую радзіму. Нарадзілася я ў Шаўляі, але ў асноўным мы жылі ў бабулі, у вёсцы Мяшкуйчай. І гэтае месца для мяне нясе асаблівую энергетыку. На жаль, ужо няма таго дома, няма бабулі з дзядулем. Але ёсць адно месца, якое лічыцца святыняй і адной са славутасцей Літвы, — гара крыжоў. Гэта неверагоднае месца: пра што б ты тут ні прасіў, усё здзяйсняецца. Галоўнае — прыязджаць туды з чыстымі думкамі. Часам душы патрэбна аднавіцца, і для мяне гэта менавіта такое месца.
Але Радзіма менавіта тут, у Беларусі. Тут жыве мая сям’я, людзі, якіх я люблю, мае сябры. Тут нарадзіліся мае дзеці, а таксама яшчэ два браты і дзве сястры.
— Колькі ж дзяцей у вас у сям’і?
— У нас мнагадзетная сям’я — нас у мамы васьмёра: чатыры браты і чатыры сястры. У сям’і заўсёды быў гендарны баланс.
— Якімі былі вашы першыя школьныя гады?
— У школу я пайшла ў ваенным гарадку Мачулішчы пад Мінскам (тата быў лётчыкам), дзе і жыла наша вялікая сям’я. У той самы год я таксама пайшла і ў музычную школу.
Памятаю большасць сваіх настаўнікаў, бо мне шанцавала на добрых прафесійных педагогаў, акрамя… першай настаўніцы.
Аб гэтым варта сказаць асобна, бо маё першае ўяўленне пра школу было моцна сапсавана. Настаўніца была ва ўзросце — яшчэ тых, савецкіх, правіл і выхавання. Яна магла даць кухталя, ударыць па руках і нават па твары… Усіх, акрамя мяне. Справа ў тым, што, калі ў яе былі першыя спробы гэта зрабіць, у школу прыйшла мая маці і спыніла гэта ў адзін момант (усё, што тычылася нас, дзяцей, маці ўспрымала вельмі балюча, абараняла нас).
Адной з прычын няміласці настаўніцы было яшчэ і тое, што я стала заканадаўцай радасці ў школе. Маці, якая вучылася ў літоўскай школе, з дзяцінства памятала святочнасць і яркасць, якая суправаджала яе школьныя гады: карункавыя фартухі, каляровыя стужкі ў косках дзяўчат… Маці ўплятала мне ў валасы рознакаляровыя стужкі, што вельмі не падабалася настаўніцы: неаднаразова яна знімала з мяне “прадмет непакорнасці”, зноў-такі да таго часу, пакуль маці не прыйшла ў школу і не сказала, што ў нас у доме не жалоба, што яна нічога дрэннага ў каляровых стужках не бачыць і будзе апранаць мяне па ўсіх патрабаваннях школьнай формы, але так, каб гэта было прыгожа. З таго часу і іншыя дзяўчаты сталі прычэсвацца па маім узоры.
Быў яшчэ адзін момант, які раздражняў настаўніцу. Даведаўшыся, што я пайшла вучыцца музыцы, яна чамусьці вырашыла, што гэта будзе мне перашкаджаць, таму пастаянна заніжала мне адзнакі, намякаючы такім чынам, што мне трэба кінуць музычную школу. Часта было крыўдна, што за добры адказ часам незаслужана замест “пяцёркі” магла атрымаць “чацвёрку”.
На маё шчасце, пачатковая школа знаходзілася ў асобным корпусе, пасля пераходу ў 4 клас я перастала бачыць гэтую настаўніцу. Мае адносіны да школьнага навучання памяняліся ў лепшы бок.
— Відаць, вас, яркую і таленавітую, у школе хутка заўважылі?
— Чаканні першай настаўніцы не апраўдаліся, і вучылася я ўвесь час вельмі добра. Безумоўна, у сярэдняй і старшай школе ўсё было інакш. Я была навідавоку: прымала ўдзел ва ўсіх конкурсах і выходзіла пераможцай, удзельнічала ва ўсіх канцэртах і святочных мерапрыемствах. Але зорнай хваробай я не хварэла, бо яшчэ ў школе атрымала добрую прышчэпку ад яе ад настаўніцы музыкі Мар’яны Давыдаўны Давыдавай.
Здарылася гэта пасля перамогі ў адным з конкурсаў. Перад урокам музыкі ў класе, як заўсёды, ста яў гвалт — гучна размаўлялі ўсе. Але Мар’яна Давыдаўна, зайшоўшы, звярнулася менавіта да мяне са словамі: “Што, Жанет, зорную хваробу падчапіла?” Для мяне гэта быў страшэнны ўдар. Я не гарэзнічала больш за іншых, але заўвагу атрымала менавіта я, ды яшчэ ў такой крыўднай форме. Пазней я зразумела, наколькі карысным стаў той выпадак: чалавек, які больш заўважны ў шэрагу іншых з прычыны, напрыклад, таленту, нясе большы цяжар адказнасці, да яго прад’яўляюцца больш высокія патрабаванні. І ўсякі раз, калі з’яўляліся водгаласы “зорнасці”, я ўспамінала гэтую школьную сітуацыю — своеасаблівую вакцыну ад зорнай хваробы.
А зорная хвароба можа загубіць любога артыста незалежна ад яго становішча і паспяховасці. Такая наша прафесія — мець узлёты і падзенні. І, на жаль, бывае, што некаторыя пасля высокага ўзлёту не могуць перажыць самага нязначнага падзення.
— Ці часта зараз бываеце ў сваёй школе?
— Я вельмі люблю сваю школу. Гэта для мяне асаблівае месца, і я з вялікім шчасцем чакаю вечара сустрэчы з выпускнікамі (на жаль, не кожны год даводзіцца туды прыехаць), бо толькі там, у вуснах маіх аднакласнікаў, маё імя гучыць інакш — літары тыя ж самыя, а гучанне іншае. І я разумею, што ў тыя хвіліны вяртаюся ў дзяцінства і юнацтва. Таксама чакаю момантаў, каб проста прыехаць у Мачулішчы і пахадзіць па тых месцах, дзе мы лазілі па яблынях і гарэзнічалі. Менавіта ў сценах школы адчувалася і адчуваецца шчасце таго часу.
Была я даволі паслухмянай, але і “сачкануць” урокі таксама магла. У школе ў мяне была лепшая сяброўка Надзя Хадасевіч. Мы з ёй заўсёды былі разам, нават апраналіся аднолькава, як блізняты. А пра некаторыя моманты нашага сяброўства мая маці, відаць, і цяпер не ведае. Калі я хварэла, Надзі было сумна, і яна збягала з урокаў, а я яе хавала ў шафу, падкормліваючы то морквай, то прысмакамі. Мы разам сачынялі песні, музыку, вершы і ўвогуле прыемна бавілі час. І калі гаварыць пра першага вернага сябра — гэта была менавіта мая Надзя. Нават пабіцца магла за яе.
Увогуле, мне ў дзяцінстве прыходзілася шмат абараняць сябе, сяброў і блізкіх. Калі да гэтага даходзіла справа, я страчвала адчуванне страху і з кулакамі ляцела на крыўдзіцеля.
Аднойчы з Надзяй (было гэта ў класе дзясятым) вырашылі “сачкануць” урокі і дварамі, каб ні з кім не сутыкнуцца, пайшлі дадому. І тут раптам на нашым шляху з’яўляецца… дырэктар школы! Як ён там апынуўся, мы і цяпер не ведаем. Сустрэўшы нас, Уладзімір Уладзіміравіч прамовіў: “Бутэрус і Хадасевіч, заўтра перад урокам (а ў раскладзе ў наступны дзень другім урокам была гісторыя) зойдзеце да мяне”. Гэта былі самая доўгая ноч і самы доўгі першы ўрок.
Зайшоўшы ў клас, дырэктар звярнуўся да нас: “Бутэрус і Хадасевіч, нічога не хочаце мне сказаць?” Мы паматалі галовамі і як мышы сядзелі да канца ўрока. Але і пасля нас нікуды не паклікалі. Было вельмі сорамна, і гэта быў мой апошні ў жыцці дзень, калі я прагуляла ўрок. З боку Уладзіміра Уладзіміравіча гэта быў не толькі ўчынак Настаўніка, але і ўчынак Мужчыны, які выратаваў наш гонар, не зганьбіўшы перад усім класам.
Пасля 9 класа нас перафарміравалі, і я стала вучыцца разам з дзяўчынкай, якую ўсе лічылі ізгоем (праўда, незразумела чаму), аднакласнікі не сябравалі з ёй і крыўдзілі. Аднойчы, калі задзіры проста так, ні за што, вырашылі яе пабіць, я стала на яе абарону і сказала: “Толькі паспрабуйце дакрануцца да яе!” І потым працягвала сябраваць з ёй, каб у тым ліку абараніць ад нападак хуліганістых аднакласнікаў. Прынцып абараніць слабага быў адным з асноўных у нашым сямейным выхаванні — мы з гэтым жылі ўвесь час.
— Калі б з музыкай у вашым жыцці не склалася, кім бы вы маглі яшчэ стаць?
— Добрыя адзнакі былі па ўсіх прадметах, але як творчы чалавек, акрамя музыкі, любіла маляваць, чытаць вершы. А вось сапраўдны азарт быў, як гэта ні дзіўна, да матэматыкі, а потым і да алгебры. Але калі па алгебры ў мяне была стабільная “пяцёрка”, то геаметрыю я ледзь цягнула. І раптам у 11 класе для мяне адкрываецца гэты прадмет — ва ўсіх ракурсах і праяўленнях. Калі я адчула цікавасць і да геаметрыі, было крыўдна, што гэта ўжо апошні год яе вывучэння. Даходзіла да таго, што я паспявала за ўрок выканаць усе класныя заданні і нават тое, што задавалі дадому.
Настаўніца фізікі (а гэты прадмет даваўся цяжкавата) заўсёды раіла вучыць з параграфа самае галоўнае. А што мне было рабіць, калі мне здавалася, што ўсё галоўнае? Так і вучыла на памяць увесь параграф (памяць была вельмі добрая — фатаграфічная, было дастаткова некалькі разоў прачытаць тэкст, каб яго запомніць). А настаўніца ставіла мяне ў прыклад: “Вось калі Жанет адказвае, можна пальцам па радках вадзіць!” (Смяецца.)
Калі б я не займалася музыкай, усё роўна была б прадстаўніком творчай прафесіі. Гэта ў нас сямейнае. Маці калісьці танцавала ў вядомым ва ўсім СССР танцавальным калектыве “Бурштынавыя пары”, а тата, не маючы музычнай адукацыі, іграў на гармоніку, гітары і балалайцы. У сям’і заўсёды гучала музыка. Усе мае браты і сёстры вельмі адораныя ў гэтым плане і маюць музычную адукацыю.
А калі разглядаць нешта зусім не звязанае з творчасцю, то, магчыма, я магла б знайсці сябе ў псіхалогіі. Я чытаю вельмі шмат кніг па псіхалогіі і філасофіі. Калі вучылася ва ўніверсітэце, на занятках па гэтых дысцыплінах мяне таксама вылучалі і хвалілі. Сёння, аналізуючы сваю прафесійную дзейнасць, я разумею, што ў маім жыцці перапляліся і музыка, і псіхалогія. Прафесія накладвае вельмі вялікі адбітак: даводзіцца часта мець зносіны з людзьмі пасля канцэртаў, падчас рэпетыцый і падрыхтоўкі да выступленняў. Я вельмі шчаслівая, што часам магу дапамагчы людзям выйсці са складаных сітуацый.
— Калі адбылося ваша першае прафесійнае выступленне?
— З майго ранняга дзяцінства ў сям’і лічылі, што ў нас расце спявачка — я. Першы раз я выйшла на сцэну яшчэ першакласніцай. Музыку як школьны прадмет вяла зусім іншая настаўніца, якая заўважыла ўва мне пэўны талент. І менавіта яна дапамагла мне паверыць у сябе. Гэта, магчыма, быў штуршок, які паўплываў на маё далейшае жыццё.
У бабулі ў вёсцы я давала канцэрты ўжо з трохгадовага ўзросту. Толькі зараз, маючы шмат гадоў канцэртнай практыкі, гастроляў і выступленняў на галоўных пляцоўках краіны, я разумею, наколькі правільны быў тагачасны падыход да выступленняў.
Бабуліны суседзі вельмі чакалі майго прыезду, таму што ведалі: калі прыедзе ўнучка Жанет, яна будзе спяваць. Рыхтавалася да гэтага я ледзь не цэлы год. Ведаючы, што дарослым людзям дзіцячыя песні будуць нецікавыя, вучыла песні з рэпертуару Высоцкага, Ганны Герман і Алы Пугачовай, “Самацветаў”…
Яшчэ да выступлення агаворваўся “ганарар”: яблыкі, цукеркі і іншыя дзіцячыя прыемнасці. Я апранала спецыяльна падрыхтаваную канцэртную сукенку і выступала на сваёй “сцэне” (бацька выпілаваў з фанеры такую “сцэну”, каб я магла стукаць абцасікамі). Але ў мяне яшчэ была цэлая “канцэртная брыгада” — браты і сёстры. На песні “Миллион алых роз”, напрыклад, сыпаліся папярэдне нарэзаныя паперкі, на іншых песнях нехта танцаваў разам са мной — выступленне было заўсёды прадумана і станавілася сапраўдным шоу. (Смяецца.)
З самага нараджэння я ведала, што буду спявачкай, ніякіх іншых варыянтаў проста не было. Калі ты ведаеш, чаго хочаш, і не кідаешся ў розныя бакі — гэта сапраўднае шчасце. І калі б я не стала эстраднай спявачкай, то спявала б у іншым жанры. Ва ўніверсітэце я спявала ўсё: эстраду, оперу, аперэту, джаз, соўл…
— Музычная адукацыя і выступленні суправаджаюць вас увесь час ледзь не з нараджэння. Раскажыце, калі ласка, пра гэта.
— Што тычыцца майго музычнага шляху, усё, звязанае з гэтым, было вельмі цікавым і незвычайным. Калі мы прыехалі ў Беларусь і пайшлі запісвацца ў музычную школу, аказалася, што набор ужо скончаны. Нам не сталі адмаўляць: прапанавалі праслухацца і прыйсці на наступны год.
Усё пачалося як звычайна: я прастукала рытмічны малюнак, а потым мне прапанавалі нешта праспяваць. Я спявала песеньку прынцэсы з мультфільма пра брэменскіх музыкантаў (думаю, шмат хто памятае яго). Дык вось на словах “Ничего я не хочу” я падбегла да акампаніятара, якая стала мне крыху падыгрываць, і з усяго размаху, як і ў мультфільме, зачыніла крышку піяніна — мне ж трэба было шоу! Якім цудоўным чынам акампаніятар паспела адарваць рукі ад клавіятуры, не ведаю, але пасля гэтага мне сказалі, што бяруць у школу, чакаць наступнага года не трэба. (Смяецца.)
Музычную школу я скончыла з адзнакай, але аднаму Богу вядома, наколькі мне гэта цяжка далося. Я туды хадзіла толькі дзеля хору. Самым складаным для мяне было выседзець некалькі гадзін за фартэпіяна, як мне загадвала мая першая настаўніца музыкі Вераніка Аляксееўна Карзухіна. Я іграла стоячы, прытанцоўваючы, скачучы, але развучвала ўсё як трэба. Вераніка Аляксееўна была цудоўным педагогам і чалавекам. Хаця я не падавала надзей стаць вялікай піяністкай, яна бачыла мой вакальны талент і спрыяла таму, каб я атрымала музычную адукацыю. Неяк, калі бацьку накіравалі на службу ў Расію, мы на пэўны час засталіся амаль без грошай. Настаўніца аплачвала маю музычную школу, каб я не кінула заняткі музыкай і спевамі. Калі тата праз некалькі месяцаў прыехаў, мы вярнулі доўг. І я да сённяшняга часу вельмі ўдзячна ёй за такі высакародны ўчынак.
Маім першым педагогам па спевах была Ірына Уладзіміраўна Пройсціна, якая заклала ўва мне асновы выканальніцкага майстэрства.
Падчас вучобы ў школе я выступала на ўсіх святах і конкурсах і не ведала, што такое другое месца. Але для мяне не было галоўным перамагчы — я спявала, таму што мне гэта падабалася. Важна было выйсці на сцэну і спяваць!
Вельмі запомніліся адчуванні падчас аднаго з канцэртаў у гарнізонным Доме афіцэраў, калі я, яшчэ зусім дзіця, саліравала ў “Вясновым вальсе” І.Штрауса (“Ты помнишь, весною при свете алой зари…”), а са мной свяваў вялікі хор дарослых мужчын і жанчын. Твор быў вельмі складаны, і ўсе былі моцна ўражаны. Менавіта пасля гэтага выступлення мяне хацелі забраць у спецшколу для адораных дзяцей. Не ведаю, добра гэта ці дрэнна, але я туды не паехала. Найперш з-за таго, што мне, 7-гадовай дзяўчынцы, трэба было б жыць у інтэрнаце (маці мяне папросту не адпусціла), а па-другое, я была старэйшай дзяўчынкай у сям’і і, як гэта заўсёды вядзецца ў вялікіх сем’ях, дапамагала бацькам у выхаванні братоў і сясцёр. Сёння, маючы дзвюх дачок і аналізуючы падзеі таго часу, я прыйшла да высновы, што, відаць, паступіла б так, як і маці…
— Зразумела, што, акрамя вакальнай кар’еры, іншыя варыянты не разглядаліся…
— Калі паўстаў выбар далейшага шляху, адназначна вырашыла ісці туды, дзе можна спяваць. Адзіным варыянтам тады быў універсітэт культуры і мастацтваў. У той год набіралі эксперыментальны курс, дзе павінны былі вучыцца ўсе: спевакі, танцоры, кампазітары, рэжысёры, музыканты… (дарэчы, такі курс быў першым і апошнім). Усяго набіралі 7 чалавек. На гэтыя месцы ў першую чаргу прэтэндавалі артысты аркестра Міхаіла Фінберга: Ларыса Грыбалёва, Наталля Кудрына, Ліка Ялінская… Іх якраз было сямёра, і нас, абітурыентаў, адразу папярэдзілі, што шансаў нямнога.
Я ішла апошняя. Ішла і думала: “Як так? Я апранула прыгожую сукенку, упершыню зрабіла макіяж. Трэба змагацца”. Пасля экзамену старшыня камісіі стаў зачытваць прозвішчы тых, хто мае шанс стаць студэнтам. Назвалі тых семярых, а потым, па-за конкурсам, назвалі яшчэ і маё прозвішча. Памятаю, наколькі ўсе, хто чакаў вынікаў экзамену, былі шчаслівыя: “Хоць адна наша прайшла!” Значна пазней я даведалася, што на рашэнне камісіі паўплываў Васіль Пятровіч Раінчык, які ўваходзіў у склад прыёмнай камісіі і настаяў, каб мне сказалі “так”.
Ва ўніверсітэце таксама шанцавала з педагогамі. Менавіта яны паўплывалі на маё фарміраванне як асобы і ў многім далі магчымасць рухацца далей. Гэта не былі толькі станоўчыя кантакты. Скажу нават: у нечым адмоўны вопыт загартоўваў і вучыў большаму. Універсітэт я скончыла па класе вакалу і паралельна атрымала адукацыю педагога музыкі.
— Пэўны час вы выкладалі ў Інстытуце сучасных ведаў імя А.М.Шырокава. Ці лічыце вы сябе добрым педагогам?
— Некаторы час я адначасова выкладала ў Інстытуце сучасных ведаў, працавала ва ўласнай вакальнай студыі і выступала на сцэне. За тры гады работы са студэнтамі я зразумела, што быць педагогам — прызванне, гэтым трэба жыць, улівацца ў выкладанне і быць часткай працэсу. Я гэтага не змагла. Відаць, адной з прычын стаў шчыльны канцэртны графік. Я спыніла педагагічную дзейнасць, калі нарадзіла старэйшую дачку.
Мне прыйшлося з нечым развітацца. Я вырашыла, што для мяне самае галоўнае — быць добрай мамай і запатрабаванай спявачкай. Дзіця павінна адчуваць побач маму, а не нейкую артыстку, якую яно часцей бачыць па тэлевізары. Дзеці — гэта такі стымул да самаўдасканалення, што дзеля іх можна крыху і паднапружыцца.
З таго часу ў мяне павага да педагогаў стала больш глыбокай і асэнсаванай: я не ўяўляю, як гэтыя людзі гадамі праносяць сваю цярплівасць і мужнасць аддаваць веды дзецям ці студэнтам.
— Колькі зараз вашым дзеткам? Ці праявіліся ў іх музычныя здольнасці?
— Старэйшая дачка Лаўра пайшла ў першы клас, так што я пачала вучыцца нанова. (Смяецца.) Малодшай Дзіяне хутка будзе два гады. Калі старэйшай было крыху больш за год, да мяне прыехала мой педагог па вакале і вядомы кампазітар Алена Віктараўна Атрашкевіч. Калі яна села за фартэпіяна і стала музіцыраваць, Лаўра, якая яшчэ нават не гаварыла, паўтарала мелодыі і чысценька інтаніравала кожную фразу. Лаўра выступае са мной на сцэне з двух гадоў і робіць гэта проста цудоўна. Пэўны час яна займалася вакалам, а з гэтага года, як калісьці я, пойдзе ў музычную школу. Малодшая таксама вельмі любіць музыку і паспяхова спрабуе падпяваць.
— У прафесійнай дзейнасці вы заўсёды імкняцеся да перфекцыянізму. Вы ва ўсім такая?
— Я нават не імкнуся. Я проста не магу рабіць інакш. У гэтым вялікую ролю адыграла тое, што я з мнагадзетнай сям’і. Мы жылі ў невялікім ваенным гарадку, і людзі, якія жылі побач, чамусьці чакалі, што мы ўсе будзем піць, курыць, гуляць (я ганаруся тым, што мае браты і сёстры да гэтага часу не кураць, займаюцца спортам і склаліся ў жыцці як асобы). А мама нас заўсёды вучыла: што б ні здарылася, мы павінны быць чыста апрануты, лепш за ўсіх вучыцца — старацца апраўдаць яе працу і клопат пра нас. Таму з дзяцінства я прывыкла, што ўсё павінна быць правільна і дакладна. Складана сказаць, ці гэта прыйшло да мяне праз матчына выхаванне, ці гэта мая ўласная рыса характару.
Калі я бяруся за нейкую справу, то імкнуся зрабіць усё ідэальна. У прыватнасці, будуючы мерапрыемства ў падтрымку нейкай сацыяльнай праблемы, імкнуся падрабязна вывучыць тэму, каб потым мець магчымасць адказаць на любое пытанне. Напрыклад, калі здымалі кліп у падтрымку сем’яў, якія не могуць мець дзяцей, для мяне было вельмі важна дасканала ведаць усё пра гэтую праблему — не магу дазволіць сабе гаварыць са сцэны тое, пра што не ведаю.
— Якое было самае вялікае паражэнне ў вашым жыцці?
— Гэты момант звязаны з тым часам, калі я паступала ва ўніверсітэт культуры. Але гэта было і паражэнне, і перамога адначасова. Вы не ўяўляеце, наколькі цяжка мне было выйсці на сцэну падчас уступнага экзамену!
Перад пачаткам экзаменаў кожны абітурыент праходзіў папярэдняе праслухоўванне. Падаўшы дакументы, я пайшла на праслухоўванне ў кабінет да аднаго з выкладчыкаў. Прыгожая, акуратна апранутая і прычэсаная, я нясмела зайшла ў аўдыторыю. Педагог, акінуўшы мяне вокам, сказаў: “Ты хочаш быць спявачкай? Ты сябе ў люстэрку бачыла?..” Я ледзь не з парога адкрытым тэкстам пачула ў свой адрас усе адмоўныя эпітэты, якія маглі быць сказаны няўдачніку. Некалькі секунд я стаяла, як скамянелая, падумаўшы, што гэта нейкая псіхалагічная праверка, але выкладчык прамовіў: “Можаце ісці”. У мяне быў шок: “Чаму мне нават не далі праспяваць?” Я не лічыла сябе прыгажуняй, але спявала добра, да таго ж выхавана была ў традыцыях павагі паміж людзьмі.
Неяк даехала на вакзал. Некаторы час стаяла каля раскладу электрычак (трэба было вяртацца дадому ў Мачулішчы) і з-за слёз нічога не бачыла. Наколькі памятаю, гэта быў самы доўгі шлях дадому. Калі я прыйшла, маці, канечне, адразу запыталася, што здарылася. “Мама, я больш ніколі ў жыцці не выйду на сцэну…” Я плакала і нічога не магла расказаць. Крыху супакоіўшыся, я ўсё ж такі расказала пра сваё няўдалае праслухоўванне і тую крыўду, якую адчула ад абразлівых слоў з вуснаў незнаёмага чалавека. Маці паехала ва ўніверсітэт, каб усё высветліць. Не ведаю ўсіх падрабязнасцей таго, што там адбывалася, але на наступны дзень мяне ўсё ж праслухалі (дарэчы, потым мы сутыкнуліся з маім крыўдзіцелем падчас вучобы, ён быў вельмі задаволены маімі поспехамі па яго прадмеце).
Самым складаным было пасля такой абразы і нявер’я ў мае магчымасці зноў выйсці на сцэну і спяваць. Але я перамагла сябе. Потым у жыцці неаднаразова былі падобныя праверкі на трываласць, але я заўсёды з іх выходзіла пераможцай.
— Як вы лічыце, з якога часу можна гаварыць пра прафесійны поспех артыста?
— У гэтым годзе спаўняецца 20 гадоў з пачатку маёй творчай дзейнасці — выхаду першага кліпа і альбома, а таксама першага сольнага канцэрта. Але за гэты час у мяне ніколі не было такога адчування, што вось ён — самы сапраўдны поспех. Я з вялікай працай і цяжкасцямі караскалася на вяршыню. Памятаю моманты, калі мяне пазнавалі на вуліцы, але і калі я ў школе вучылася, мяне многія ведалі, бо я шмат выступала.
З кожным годам ты становішся больш прафесійным — гэта і ёсць поспех. Але ў яго, як у медаля, таксама два бакі: вядомасць і адказнасць. Прафесія — гэта маё жыццё, і я ўвесь час імкнуся развівацца і расці. Сёння ў мяне ёсць грандыёзныя планы. Я яшчэ не праспявала тую самую галоўную песню…
Гутарыў Уладзімір ФАЛАЛЕЕЎ.
Фота з уласнага архіва Жанет БУТЭРУС.