Жыць і працаваць на роднай зямлі

- 8:59Актуально, Актыўная пазіцыя

Таццяна Леанідаўна КАРАВАЦКАЯ, начальнік упраўлення па адукацыі, спорце і турызме Любанскага райвыканкама.

Мой лёс — мая Айчына 

Памяць пакаленняў як сувязное звяно часоў робіць нас мацнейшымі і мудрэйшымі. Яна шмат у чым прадвызначае тое, як мы развіваемся і на якой сістэме каштоўнасцей выхоўваем і вучым дзяцей.

Любаншчына багатая на лю­дзей, якія ўнеслі значны ўклад у развіццё краіны. Тут нара­дзіліся вядомы беларускі этнограф, пісьменнік, публіцыст Павел Шпілеўскі, паэт і фалькларыст Уладзіслаў Сыракомля, паэты і пісьменнікі Іван Муравейка, Ніна Маеўская, Сяргей Грахоўскі.

У гады Вялікай Айчыннай вайны Любаншчына стала цэнтрам партызанскага руху Мінскай вобласці. Тут базіраваліся Мінскі падпольны абкам КП(б)Б і штаб партызанскага злучэння Мінскай і Палескай абласцей, дыслацыраваліся 6 партызанскіх брыгад. У верасні 1942 года на востраве Зыслаў пачаў дзейнічаць партызанскі аэрадром.

За мужнасць і гераізм, праяўленыя камсамольцамі і моладдзю ў гады Вялікай Айчыннай вайны, Любанская раённая камсамольская арганізацыя ў 1968 годзе была ­ўзнагароджана ордэнам Айчыннай вайны I ступені (адзіная ў Беларусі!). 

У Год гістарычнай памяці большасць мерапрыемстваў ва ўстановах адукацыі Любанскага раёна заснавана на гістарычных падзеях мінулага стагоддзя. Цяпер рэалізуюцца пяць праектаў, распрацаваных у рамках абласнога грама­дзянска-патрыятычнага праекта “Мой край, мой лёс — мая Айчына!”: “Сцяжынкамі Бацькаўшчыны”, “Любаншчына творчая”, “Любаншчына праваслаўная”, “Любаншчына вачыма будучыні”, “Урокі мужнасці”. Па выніках рэалізацыі раённых праектаў сістэматызуецца ўся праведзеная работа, запланавана выданне зборніка “Беларусь вачыма дзяцей Любаншчыны”.

Любаншчына сучасная

Упэўнена, што сістэма адукацыі павінна заўсёды знаходзіцца ў развіцці. Ва ўстановах адукацыі нашага раёна рэалізуюцца 3 інавацыйныя, 1 эксперыментальны, а таксама 9 педагагічных праектаў. На базе 10 устаноў адукацыі арганізавана дзей­насць 13 раённых рэсурсных цэнтраў.

Хоць мы знаходзімся не ў самым прысталіччы, нашы ўстановы адукацыі выглядаюць нічым не горш у плане аснашчанасці, чым тыя, што побач з Мінскам. І гаворка не толькі пра гарадскія ўстановы адукацыі, але і пра сельскія. Мы адчуваем падтрымку на ўсіх узроўнях, пачынаючы з Міністэрства адукацыі і заканчваючы мясцовымі ўладамі. 

Сярод найлепшых устаноў адукацыі раёна можна вылу­чыць гімназію № 1 Любані, сярэднюю школу № 3 Любані імя Гена­дзя Леанідавіча Сячко, Асавецкі дзіцячы сад — сярэднюю школу, Сароцкую сярэднюю школу, абедзве ўрэцкія сярэднія школы, Забалацкі дзіцячы сад — сярэднюю школу і многія іншыя. 

У сярэдняй школе № 3 Любані імя Г.Л.Сячко (дырэктар Ірына Ула­дзіміраўна Нямальцава), напрыклад, створаны музей воінаў-інтэрнацыяналістаў “Памяць”, а сама школа носіць імя свайго вучня, які загінуў на вайне ў Афганістане. Акрамя таго, у гэтай установе працуе раённы рэсурсны цэнтр па духоўна-маральным выхаванні, што дазваляе ўдала спалу­чаць выхаванне грамадзянска-патрыятычных якасцей з фарміраваннем агульначалавечых каштоўнасцей. А вясковая Сароцкая сярэдняя школа (дырэктар Юлія Анатольеўна Калядка) можа пахваліцца найсучаснай бібліятэкай, змястоўным музеем, трэнажорнай залай і залай для заняткаў спартыўнай бараць­бой.

Асноўная задача, якую мы вырашаем сёння, — будаўніцтва новага дзіцячага сада. Насельніцтва горада расце, таму маленькім яго жыхарам у падарунак мы будуем сучасную дашкольную ўстанову.

Патрэбная Радзіме

Я ўраджэнка Любанскага раёна. З аднаго боку, у гэтым выпадку мне прасцей у працы, бо на знаёмых людзей заўсёды можна абаперціся. А з другога боку, цябе заўсёды ацэньваюць, што дабаўляе складанасці. На выбар прафесіі галоўны ўплыў аказалі мае настаўнікі. Лічу, што асноўная прычына, па якой наша моладзь выбірае педагагічныя спецыяльнасці, — гэта адносіны да сваіх настаўнікаў. Я любіла сваіх педагогаў, хацела быць на іх падобнай, таму і сама стала настаўніцай. Большасць маіх настаўнікаў яшчэ працуюць. Мой класны кіраўнік Валянціна Іванаўна Ярошык зараз працуе намеснікам дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце Атраднаўскай сярэдняй школы Любанскага раёна. 

У 1994 годзе я скончыла БДПУ імя Максіма Танка, вучылася на факультэце педагогікі і методыкі пачатковага навучання, хаця па спецыяльнасці практычна не працавала. Маладым спецыялістам я пайшла працаваць у соснаўскую сярэднюю школу № 1 нашага раёна намеснікам дырэктара па выхаваўчай рабоце. Яшчэ ў школе я была надзвычай актыўнай, магчыма, таму мне адразу і даверылі такую пасаду. Потым працавала метадыс­там у раённым Цэнтры дзіцячай творчасці, а пасля некаторы час — у выканкаме начальнікам кіравання справамі. Аднак праз некаторы час я вярнулася ў сістэму адукацыі. Школа, дзеці паклікалі мяне зноў, і ўжо амаль 11 гадоў я працую на пасадзе начальніка ўпраўлення па адукацыі, спорце і турызме.

Запісала 
Наталля КАСТЭНКА.