Жыццё на роўных

- 11:20Спецыяльная адукацыя

Пытанні сацыяльнай палітыкі ў дачыненні да людзей з інваліднасцю ўсё больш актуальныя для нашай дзяржавы, дзе доля такіх грамадзян ад агульнай колькасці насельніцтва складае каля 6 працэнтаў. Як зрабіць іх жыццё больш камфортным? Пра гэта ішла размова падчас прэс-канферэнцыі на тэму “Жыццё на роўных. Актуальныя пытанні стварэння безбар’ернага асяроддзя ў Беларусі” ў прэс-цэнтры Дома прэсы.

Фота носіць ілюстрацыйны характар.

“Мерапрыемствы па стварэнні даступнага асяроддзя рэалізуюцца ў нашай краіне паэтапна з 2007 года, — адзначыла кансультант упраўлення па справах інвалідаў Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Святлана Капура. — У рамках падпраграмы “Даступнае асяроддзе жыццядзейнасці інвалідаў і фізічна аслабленых асоб” Дзяржаўнай праграмы “Сацыяльная абарона” на 2021—2025 гады прадугледжаны комплекс мерапрыемстваў. Іх мэта — стварэнне даступнага асяроддзя з улікам комплекснага падыходу. Маецца на ўвазе бесперашкоднае перамяшчэнне па вуліцы, у транспарце, даступныя ўваходы-выхады ў будынкі і свабодны рух унутры іх. Мяркуецца, што на тратуарах і пешаходных пераходах павінна быць пакладзена тактыльная накіравальная і папераджальная плітка, бардзюры павінны быць зніжаны, святлафоры суправаджацца сінхроннымі гукамі і г.д. Неабходна стварыць даступную прылеглую да будынкаў тэрыторыю. Калі няма тэхнічнай магчымасці для ўсталявання пандусаў і поручняў, варта зрабіць электрапад’ёмнік з кнопкай выкліку персаналу. На ўваходзе ў будынкі — размясціць маўленчыя інфарматары, мнемасхему з указаннем назвы арганізацыі і рэжыму работы, кантрастную маркіроўку шкляных дзвярэй і дзвярных ручак. Трэба зрабіць спецыяльныя месцы на паркоўках для аўтатранспарту людзей з інваліднасцю. Унутры будынка — размясціць маўленчыя інфарматары, таблічкі са шрыфтам Брайля, мнемасхемы, падлогавыя тактыльныя індыкатары, зрабіць даступным ліфт і г.д. Стаіць задача да 2025 года павялічыць колькасць цалкам даступных аб’ектаў да 23 працэнтаў, на што прадугледжана больш за 300 млн рублёў. У якасці прыкладу поўнасцю даступных будынкаў можна прывесці такія аб’екты, як Міністэрства працы і сацыяльнай абароны, аўтавакзал у Брэсце, Нацыянальны аэрапорт, тэатр у Мазыры. Часткова даступнымі сёння ў краіне з’яўляюцца каля 70 працэнтаў аб’ектаў”. 

“Камфортныя ўмовы жыцця варта ствараць не толькі для людзей з інваліднасцю, але і для цяжарных, мам з малышамі на руках або ў калясках, дзяцей дашкольнага ўзросту, састарэлых грамадзян, людзей, часова абмежаваных у перамяшчэнні (з-за хваробы, траўмы), —  адзначае намеснік міністра архітэктуры і будаўніцтва Аляксей Ананіч. — У Беларусі з мая гэтага года пачалі дзейнічаць будаўнічыя нормы “Асяроддзе пражывання для фізічна аслабленых асоб”, якія прымяняюцца пры праектаванні даступнага асяроддзя, будынкаў рознага прызначэння і агульнадаступных адкрытых тэрыторый з улікам прынцыпаў універсальнага дызайну і комплекснага падыходу, што прадугледжвае іх прыстасаванне да выкарыстання кожным чалавекам, незалежна ад узросту і магчымасцей. Так, сумесна з прадстаўнікамі таварыства інвалідаў мы прааналізавалі сітуацыю, звязаную з пад’ёмнікамі і прапрацавалі магчымасць замяніць іх на пандусы. Практыка паказала, што пад’ёмнікі выкарыстоўваюцца не часта, пандусы больш запатрабаваны. Таму ўстаноўлена патрабаванне: на перападах вышынь на ўваходах у будынкі рабіць пандусы, а калі гэта немагчыма — пад’ёмнікі. Таксама ўстаноўлена патрабаванне аб праектаванні жылых і грамадскіх аб’ектаў з уваходам без ганка. Застаюцца праблемы з аб’ектамі, перш за ўсё жылымі, якія маюць патрэбу ў рэканструкцыі або мадэрнізацыі. Мы распрацавалі альбом тыпавых рашэнняў па забеспячэнні доступу ў іх. Зараз на адным з жылых аб’ектаў у Мінску будзе рэалізоўвацца цікавае рашэнне: у адным з пад’ездаў плануецца ўсталяваць рэйкавы пад’ёмнік (прымацаваць зверху да лесвічнага марша), каб чалавек з інваліднасцю, які пражывае тут, мог сам выходзіць і вяртацца дадому. Гэтая канструкцыя разам з тым павінна быць бяспечнай для ўсіх жыхароў пад’езда”.

“Камфортнае і даступнае асяроддзе — больш шырокае паняцце, чым безбар’ернае, — гаворыць намеснік старшыні камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Мінгарвыканкама Вольга Васілеўская. — Мінск працягвае адаптацыю аб’ектаў сацыяльнай інфраструктуры ў адпаведнасці з новымі падыходамі і правіламі. Развіваецца сістэма аказання паслуг асобам з абмежаванымі магчымасцямі. Праходзіць рэгулярнае навучанне персанал, які задзейнічаны ў аказанні турыстычных паслуг па пытаннях правільнага звароту да людзей з абмежаваннямі, аказанні ім максімальнага садзейнічання. У Мінску практычна ўвесь транспарт з’яўляецца нізкападлогавым, за выключэннем часткі трамвайнага парка. На гэты год запланавана стварэнне даступнага асяроддзя жыццядзейнасці на 58 жылых аб’ектах. На гэта з мясцовага бюджэту плануецца выдзеліць звыш 2 млн руб. Задача на будучыню — цалкам адаптаваць адміністрацыйныя будынкі, установы аховы здароўя, фізкультуры і спорту, аб’екты гандлю і грамадскага харчавання, бытавога абслугоўвання, гасцініцы, установы сацыяльнай абароны для патрэб людзей з абмежаваннямі. Сёння ва ўсіх раёнах Мінска праз ТЦСАН прадастаўляюцца паслугі спецаўтатранспарту, а таксама там, дзе няма магчымасці зрабіць безбар’ернае асяроддзе, аказваецца дапамога людзям на калясцы пры руху па прыступках (з выкарыстаннем гусенічнага лесвічнага пад’ёмніка). Адзначу таксама важнасць не толькі стварэння матэрыяльных рэчаў і даступных будынкаў, але і пашырэння паслуг для асоб з абмежаваннямі, даступнасці для іх культурных мерапрыемстваў, развіцця інклюзіўнага турызму”.

“У Мінскай вобласці ў наступныя 5 гадоў плануецца абсталяваць з улікам комплекснага падыходу 454 аб’екты сацыяльнай і транспартнай інфраструктуры і 193 аб’екты вулічна-дарожнай сеткі, у тым ліку 64 новыя сацыяльныя аб’екты: дзіцячыя сады і школы, паліклінікі і бальніцы, бібліятэкі і фізкультурна-аздараўленчыя комплексы, гандлёвыя аб’екты, — расказала начальнік аддзела матэрыяльна-бытавога забеспячэння пенсіянераў і інвалідаў камітэта па працы, занятасці і сацабароне Мінаблвыканкама Алена Яцкевіч. — Так, у Дзяржынску днямі быў адкрыты новы
ТЦСАН, дзе забяспечана поўная даступнасць для людзей з інваліднасцю і фізічна аслабленых асоб. Яшчэ адзін значны праект запланаваны на гэты год у Крупках. Тут будуецца шматкватэрны жылы дом для шматдзетных сем’яў, дзе прадугледжаны тры спецыялізаваныя кватэры для людзей з інваліднасцю, адаптаваныя для іх пражывання. Адзначу ўзрастаючую ролю міжведамасных саветаў па праблемах інвалідаў, а таксама ўдзел у іх рабоце сацыяльных партнёраў — грамадскіх аб’яднанняў інвалідаў”.

Надзея ЦЕРАХАВА. 
Фота аўтара.