У кожным ёсць прызванне да той ці іншай прафесіі. Галоўнае — своечасова пачуць голас сэрца і рушыць услед за сапраўды жаданым прафесійным шляхам. Менавіта так калісьці зрабіла намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце гімназіі № 3 Магілёва Алена Шахрай.
Філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта Алена Віктараўна ў юнацтве выбрала не вагаючыся: перад вачыма быў прыклад многіх сваякоў. У іх сям’і педагогіка перадавалася ў спадчыну: настаўнічалі дзядуля, дзядзькі, цёткі.
— Магчыма, гэтая сямейная дынастыя прадвызначыла і мой лёс, бо яшчэ ў пачатковых класах я ўпэўнена гаварыла, што стану настаўніцай рускай мовы і літаратуры. Чаму менавіта гэты профіль? Напэўна, адыграла ролю любоў да чытання, ды і школьныя педагогі па гэтым прадмеце ў мяне былі выдатныя, — успамінае Алена Шахрай.
Нягледзячы на ўзрост, прынятае ў дзяцінстве рашэнне было ўсвядомленым, Алена матывавана, крок за крокам, ішла да сваёй мэты. Атрымаўшы запаветны дыплом, педагагічную дзейнасць Алена Віктараўна пачала ў сельскіх школах Магілёўскага раёна. А праз некаторы час трапіла ў сярэднюю школу № 36 горада, цяпер гарадскую гімназію № 1.
— Калектыў у нас быў добры, згуртаваны, маладым настаўнікам дапамагалі парадамі, метадычнымі падказкамі. У гэтай установе прайшло маё прафесійнае станаўленне, — расказвае Алена Шахрай.
На сённяшні дзень яе педагагічны стаж складае 34 гады. Большую частку працоўнага жыцця яна правяла ў школе. Быў толькі невялікі прамежак часу працоўнай дзейнасці ў абласным Інстытуце развіцця адукацыі. Па словах суразмоўніцы, ён быў даволі плённым для самаразвіцця.
— Я пашырыла тэарэтычную базу ведаў, свой метадычны кругагляд. Але неймаверна цягнула назад у школу, таму, калі прапанавалі вакантнае месца намесніка дырэктара ў трэцяй гімназіі, пагадзілася адразу. Менавіта ў школе адчуваю сябе на сваім месцы, — адзначыла Алена Віктараўна.
Як намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце яна вялікую ўвагу ўдзяляе якаснай арганізацыі вучэбнага працэсу, павышэнню прафесійнага майстэрства педагогаў, імкнецца ўводзіць у практыку работы калектыву перадавыя адукацыйныя тэндэнцыі.
— Калі вучыць па-старому, не выгадуеш нічога новага, — усміхаючыся, гаворыць Алена Шахрай. — Установа адукацыі павінна знаходзіцца ў пастаянным развіцці, укараняць у вучэбны працэс эфектыўныя інавацыі.
У трэцяй гімназіі перыядычна рэалізоўваюцца інавацыйныя праекты. У мінулым годзе завяршыўся праект па ўкараненні мадэлі сістэмнага выкарыстання электронных адукацыйных рэсурсаў, распрацоўшчыкам і куратарам якога выступала Алена Віктараўна. Рэалізацыя праекта паспяхова паўплывала на дзейнасць гімназіі. Значна пашырылася інфармацыйна-адукацыйная прастора навучальнай установы, настаўнікі сталі больш актыўна выкарыстоўваць на занятках электронныя рэсурсы — усё гэта спрыяе павышэнню пазнавальнай актыўнасці вучняў.
Работа ў якасці намесніка дырэктара для Алены Шахрай першасная, але выкладанне яна не пакінула. Па-ранейшаму вядзе ўрокі рускай мовы і літаратуры ў старшакласнікаў. На яе думку, школа абавязана выхаваць з вучня развітую, адукаваную асобу, здольную арыентавацца ва ўмовах сучаснага свету. Кіруючыся гэтым перакананнем, яна будуе кожны свой урок. Заняткі накіраваны на тое, каб зацікавіць навучэнцаў, абудзіць у іх творчую актыўнасць, накіраваць на самастойны пошук ведаў.
— Паспяховы ўрок той, на якім настаўніка чуваць мала, а дзяцей — многа, — лічыць Алена Віктараўна.
І сапраўды, на яе ўроках дзеці працуюць, думаюць, параўноўваюць, аналізуюць. Яны не атрымліваюць гатовую інфармацыю, а самі фармулююць важныя думкі, робяць высновы. Цікава, што заняткі па мове і заняткі па літаратуры ў Алены Шахрай адрозніваюцца па выкладчыцкім стылі.
У вывучэнні мовы, на яе думку, не можа быць імправізацыі. Тут усё лагічна, абгрунтавана, як у матэматыцы. Правілы такія, а не іншыя. На ўроках літаратуры ўсё інакш. Урокі літаратуры накіраваны на фарміраванне духоўных якасцей навучэнцаў, таму Алена Віктараўна імкнецца не зводзіць іх да простага абмеркавання прачытанага.
— У наш час вялікае значэнне для дзяцей мае візуалізацыя, таму я актыўна выкарыстоўваю на ўроках электронныя рэсурсы. Часта знаёмлю вучняў з фрагментамі вядомых экранізацый літаратурных твораў. Відэафрагмент вядзе вучняў да аўтарскага тэксту. Словы пачынаюць гучаць і становяцца больш глыбокімі, выразнымі. Узрастае і іх уздзеянне на розум і сэрца навучэнцаў, — кажа педагог.
Алена Шахрай пастаянна ў клопатах і справах: то рыхтуецца да ўласных заняткаў, то вырашае арганізацыйныя пытанні вучэбнага працэсу гімназіі ў цэлым. Нягледзячы на вялікую занятасць, яна знаходзіць час яшчэ і для работы з адоранымі навучэнцамі. Яе вучні пастаянна выходзяць у прызёры другога і трэцяга этапу Рэспубліканскай алімпіяды па рускай мове, літаратуры. Не забывае педагог і аб самаадукацыі. Паводле яе слоў, поспех прыходзіць тады, калі ў рэжыме развіцця знаходзіцца не толькі ўстанова адукацыі, але і самі настаўнікі. Скарыўшы адну вяршыню, неабходна імкнуцца да наступнай, асвойваць новыя веды, навыкі.
…Кажуць, у добрага педагога абавязкова ёсць вучні, якія таксама выбралі настаўніцкую сцежку. У Алены Віктараўны такіх вучняў мноства. Большасць з іх ужо адбыліся як педагогі, некаторыя займаюць кіруючыя пасады. Ды і яе ўласныя дзеці пайшлі ў педагогіку: і сын, і дачка працуюць у сферы адукацыі. Але нават выпускнікі, якія выбралі прафесію, далёкую ад настаўніцкай, не забываюць свайго выкладчыка. На яе думку, лепшай узнагароды для педагога і быць не можа.
Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота аўтара.