Жыццёвыя перспектывы адкрываюць замежныя мовы

- 10:51Адукацыйная прастора

Як сапраўдныя дзеці, яны шчыра радуюцца перамозе на апошнім этапе прадметнай алімпіяды і, як дарослыя, падлічваюць балы і вызначаюць сваё месца ў рэйтынгу. Яны вельмі розныя — апранутыя ў нацыянальныя кашулі, спартыўныя талстоўкі, класічныя чорныя касцюмы і сарафаны, з кольцамі ў носе, хлопцы з раскошнымі доўгімі валасамі і дзяўчаты з пафарбаванымі ў аранжавы колер… Але іх аб’ядноўвае галоўнае — жаданне атрымаць перамогу над сваёй лянотай і дасканала вывучыць замежную мову. Ім цікава. І гэтая цікавасць свеціцца ў іх вачах.

Знаўцы замежных моў у Гомелі прадэманстравалі валоданне англійскай, нямецкай, французскай, іспанскай і кітайскай мовамі. Спаборніцтвы, галоўны прыз якіх — паступленне ў профільныя УВА без дадатковых перашкод, праходзілі на базе Гомельскага абласнога інстытута развіцця адукацыі і дзяржаўнага абласнога ліцэя. Усе тры туры былі даволі складаныя. Неабходна было напісаць вялікую пісьмовую работу, дзе правяраліся веды па лексіцы і граматыцы. У туры аўдзі­равання школьнікі паказалі, наколькі яны здольныя да ўспрымання іншамоўнай гаворкі на слых. Апошні тур — вуснае выказванне. Юныя лінгвісты выказвалі на замежнай мове сваё меркаванне па прапанаванай сітуацыі і абмяркоўвалі яго з членамі журы.

— Летась алімпіяда право­дзілася толькі для 11-х класаў, а сёлета тут больш шырокае прадстаўніцтва, — адзначае галоўны спецыяліст Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь Наталля Іванова. — Справа ў тым, што ўсім дзесяцікласнікам, якія летась не мелі магчымасці прыехаць на заключны этап, у гэтым годзе такая магчымасць была прадастаўлена. У выніку ў нас 217 удзельнікаў у заключным этапе рэспубліканскай алімпіяды — і ўсе яны разумнікі. Усе справіліся з заданнямі, а тыя, хто не задаволены сваімі вынікамі, пасля зносін з членамі журы і з аргкамітэтам зразумелі, што трэба ўдасканальвацца, каб у далейшым дасягнуць больш высокіх вынікаў.

Наталля Рыгораўна адзначае, што ў склад журы ўвайшлі лепшыя выкладчыкі ўніверсітэтаў і школ з усіх рэгіёнаў краіны і, канечне, прадстаўнікі Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта. Дарэчы, журы прыйшлося няпроста, пры тым, што многія не першы раз выступаюць у якасці суддзяў. Напрыклад, загадчык кафедры фанетыкі англійскай мовы МЛДУ Віталь Яскевіч у якасці старшыні журы працуе на алімпіядзе дзясяты раз: “Мне здаецца, назіраюцца якасныя змены ў плане таго, наколькі свабодна дзеці валодаюць гутарковай мовай. Практычна ўсе адказвалі вельмі добра, і было складана вызначыць, хто з іх самы моцны. Таму балы ў туры маўлення разыходзіліся літаральна на 0,25 — настолькі моцная была канкурэнцыя. Я думаю, гэта звязана з тым, што наша моладзь глыбока пагружана ў віртуальную прастору. Яны знаходзяць шмат новых спосабаў існавання ў моўным асяроддзі, апроч школьнай праграмы. У іх атрымліваецца ўвабраць самыя апошнія тэндэнцыі ў плане гутарковай мовы, напрыклад, тыя клішэ, якія не ўваходзяць у школьную праграму, але пацвярджаюць аўтэнтычнасць іх гутарковага маўлення і высокі ўзровень валодання мовай. Яны глядзяць фільмы, слухаюць музыку, перапісваюцца і проста размаўляюць анлайн, удзель­нічаюць у блогах, стрымах. І ўрэшце выходзяць практычна на ўзровень носьбітаў мовы. У мяне мара — мець такіх студэнтаў. Для мяне было б вялікім гонарам ву­чыць такіх дзяцей, таму што аддача будзе максімальнай. На жаль, яны не заўсёды выбіраюць лінгвістычны ўніверсітэт. Часта мова для іх — гэта хобі. Яны могуць вучыцца ў іншай УВА, таму што яны аднолькава таленавітыя ў розных галінах ведаў”.

Дзесяцікласніцу Соф’ю Амбражэйчык ахопліваюць эмоцыі, калі дзяўчына даведваецца, што менавіта ў яе, навучэнкі дзіцячага сада — сярэдняй школы вёскі Старое Сяло Мінскага раёна, — дыплом І ступені: “Я вельмі рада, што ўсё атрымалася добра, хоць падчас алімпіяды былі вельмі складаныя моманты”.

Між тым, акрамя Соф’і, дыпломы І ступені па англійскай мове атрымалі дзесяцікласнік Глеб Грыц з Ліцэя Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, а таксама адзінаццацікласнікі Лідзія Герасімовіч (гімназія № 2 Наваполацка), Маргарыта Лісікава (гімназія № 1 імя Ф.Скарыны Мінска), Аляксандра Паўлык (сярэдняя школа № 9 Мазыра), Данііл Бруснікаў (гімназія № 29 Мінска).

Павел Стральчэня, гімназіст выпускнога класа з Рэчыцы, таксама разлічваў на добры вынік. У лідары выйсці не атрымалася, але хлопец лічыць, што алімпіяда ву­чыць разумець свае магчымасці і не нервавацца, калі ўжо нічога нельга зрабіць: “Вядома, не абы­шлося без памылак. Калі рыхтаваўся, не забываў пра заняткі спортам. Збіраюся і надалей вывучаць мовы. Цяпер думаю, куды паступаць. Дакладна пайду на кітайскую мову: у МЛДУ ці ў іншы ўніверсітэт краіны. Я ўпэўнены: чым больш моў чалавек ведае, тым больш у яго магчымасцей і перспектыў.

Настаўнік англійскай мовы гомельскай гімназіі № 51 Алена Сматрыцкая выступае ў якасці трэнера каманды Гомельскай вобласці апошнія 10 гадоў. За кожнага хвалявалася, бо ўсе дзеці вельмі таленавітыя. “У нас 14 чалавек у камандзе.  Некаторыя бяруць удзе­л у алімпіядах з 5 класа. Некаторыя на рэспубліцы ўжо некалькі разоў, — расказвае настаўніца. — Сёлета пасля алімпіяды ў лексіцы нашых школьнікаў з’явіліся новыя словы. Мы ведаем, што яшчэ трэба шмат вучыцца. Заўсёды кажу дзецям, што цяжкасці робяць нас мацнейшымі”.

У “французаў” старшынёй жу­ры ўпершыню стала загадчык кафедры фанетыкі і граматыкі французскай мовы Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта Ганна Кручкова. Яна кажа, што ёй заўсёды было цікава працаваць з адоранымі вучнямі: “Раней прымала ўдзел у конкурсе навуковых работ. Вельмі люблю ўдзельнічаць у такіх мерапрыем­ствах, таму што ўражвае ўзровень валодання мовай нашых дзяцей. Гэтыя вучні павінны працягваць вучыцца замежным мовам, бо ў іх гэта вельмі добра атрымліваецца. Дарэчы, калі дзіця ў школе вывучае французскую мову, то ўрэшце будзе размаўляць і на англій­скай. У дзяцей сёння больш крыніц інфармацыі, якімі яны ўпэўнена карыстаюцца. Гэта дазваляе павы­шаць узро­вень ведання мовы. Члены журы падтрымліваюць дзяцей, бо яны вельмі хвалююцца. Вельмі важна падбадзё­рыць удзельнікаў і ўсміхнуцца. Мы ўсіх алімпіяднікаў жадаем бачыць у сябе і запрашаем у лінгвістычны ўніверсітэт”.

Старшы выкладчык кафедры лексікалогіі французскай мовы Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта Ірына Мацюшэўская гадоў 12 назад менавіта ў Гомелі стала пераможцай алімпіяды па рускай мове. Цяпер яна ўпершыню намеснік старшыні журы і глядзіць на алімпіядны рух з іншага ракурсу: “Некалі і я вельмі хвалявалася, таму разумею, як неабходна псіхалагічная падтрымка ў вырашэнні нават не вельмі складаных праблем. Тут для ўсіх нас створана выдатная атмасфера — мы адчуваем, што пра нас клапоцяцца. Што тычыцца ацэнкі ведаў, то падчас работы не было ніякіх спрэчных момантаў. Пасля гарачых абмеркаванняў мы прыходзілі да агульнага выніку.

Дыпломы І ступені па французскай мове атрымалі дзесяцікласніцы Аліна Алешнікава з гомельскай гімназіі № 46 імя Блеза Паскаля і Каміла Мелікава з мінскай гімназіі № 34. Сярод адзінаццацікласнікаў на найвышэйшай прыступцы алімпіяднага п’едэстала Віялета Абрамовіч з віцебскай гімназіі № 9 і Аляксей Папоў з мінскай гімназіі № 8.

Каманду “немцаў” Мінска (ш­эсць чалавек) у Гомель прывезла настаўніца мінскай сярэдняй школы № 73 Ірына Коказ. Яна гаво­рыць, што ўсе алімпіяднікі — разумныя дзеці з шырокім даля­глядам, якія цікавяцца не толькі мовамі: “З імі можна пагаварыць на самыя розныя тэмы. Канечне, не ўсе былі задаволены сваімі вынікамі. Натуральна, некаторых прый­шлося суцяшаць: абняць і шчыра паразмаўляць”.

Ірына Рыгораўна знаёміць з сямікласнікам мінскай сярэдняй школы № 73 Феліксам Грунавальдам. Ён адзін з васьмі самых юных удзельнікаў, хто змог даказаць, што ўзрост не перашкода, каб трапіць на гэтыя інтэлектуальныя спаборніцтвы па замежных мовах. “У мяне няма рэпетытара, — расказвае школьнік. — Крыху сястра дапамагае, якая таксама вучылася ў нашай школе і заўсёды прымала ўдзел у алімпіядах. Яна з ранніх гадоў прывіла мне любоў да нямецкай мовы”.

“Мне 15 гадоў, я вучуся ў 9 класе мінскай гімназіі № 24, — прадстаўляецца Анастасія-Мары Цысло. — Ведаеце, гэта так цікава: новыя лю­дзі, новыя эмоцыі. Я сваім вынікам задаволена — у мяне дыплом ІІ ступені. Для мяне самым складаным быў лексіка-граматычны тэст. Вядома ж, я не ўсё ведала і часам арыентавалася выключна на інтуіцыю. Яна мяне не падвяла, але я зразумела, што ўсё-такі трэба рыхтавацца вельмі доўга і карпатліва”.

Вось імёны ўладальнікаў дыпломаў І ступені па нямецкай мове: Марыя Малахоўская (сярэдняя школа № 16 Полацка), Ірына Шэйбак (сярэдняя школа № 34 Мінска), Мацвей Гойнаш (сярэдняя школа № 7 Брэста) і Дар’я Палуйка (сярэдняя школа № 6 Жлобіна).

На падобных мерапрыемствах звычайна застаецца нябачнай для іншых велізарная работа арганізатараў. Прарэктар Гомельскага абласнога інстытута развіцця адукацыі Вольга Блажко нагадвае, што ніхто не адмяняў супрацьэпідэмічных мер: “Напярэдадні было зроблена ўсё неабходнае. Прадумалі, як забяспечыць сацыяльнае дыстанцыяванне пры засяленні і арганізацыі харчавання. Кожнаму дзіцяці выдалі індывідуальныя флаконы з антысептыкам. У аўдыторыях рабілі праветрыванне і вільготнае прыбіранне. Для ўсіх былі закуплены маскі. Дарослых абавязалі іх насіць, а дзецям — рэкамендавалі. Урачыстасці былі адменены, а культурная праграма прайшла ў камерным фармаце. Між тым Гомель дзеці ўсё ж змаглі паглядзець, а некаторыя наведалі абласны тэатр і палацава-паркавы ансамбль Паскевічаў.

“У Гомель прыязджаем заўсёды з задавальненнем, — адзначае галоўны спецыяліст Міністэр­ства адукацыі Рэспублікі Беларусь Наталля Іванова. — Тут працуе каманда прафесіяналаў, і гэта не высокія словы. Арганізатары зрабілі ўсё, каб кожнаму ўдзельніку было ўтульна, як дома. Гэта тычыцца моманту сустрэчы, рассялення, прызоў і падарункаў, якія чакалі кожнага ўдзельніка ў нумарах. Паклапаціліся пра добрае харчаванне, работу псіхолагаў і медыкаў, якія адказвалі за бяспеку дзяцей — усё было арганізавана на высокім узроўні”.

Застаецца дадаць, што па іспанскай мове дыпломы самай высокай вартасці ў Кацярыны Жарко з гімназіі № 3 Бабруйска і Соф’і Кутыровай з мінскай сярэдняй школы № 159.

Лепш за іншых, на думку журы, кітайскую мову ведаюць Ульяна Койда з гімназіі № 2 Оршы і Софія Фан з віцебскай гімназіі № 2.

А вось імёны тых вучняў, якія атрымалі разумныя гадзіннікі — спецыяльныя прызы Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь:

• Міхаіл Абрагімовіч (бараўлянская сярэдняя школа № 2 Мінскага раёна);

• Лізавета Кандратава (гімназія № 8 імя В.І.Казлова Жлобіна);

• Аляксандра Сурмач (дзіцячы сад — сярэдняя школа п.Юбілейны Гродзенскай вобласці);

• Антаніна Камякова (сярэдняя школа № 139 Мінска);

• Ульяна Койда (гімназія № 2 Оршы).

Ірына АСТАШКЕВІЧ.
Фота аўтара.