“Жывая гісторыя” ў школьнай гістарычнай адукацыі

- 12:09Мінск

ТЫЛЕЦКІ Уладзімір Генадзьевіч,
настаўнік гісторыі Гатаўскай сярэдняй школы Мінскага раёна.

У 2014 годзе скончыў гістарычны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта па спецыяльнасці “Гісторык-археолаг. Выкладчык гісторыі і сацыяльна-гуманітарных дысцыплін”. У 2013—2014 гадах — супрацоўнік Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь. Стаж педагагічнай дзейнасці — 3 гады.

Намінацыя “Гісторыя, грамадазнаўства, геаграфія”

Адным з галоўных прынцыпаў педагагічнай дзейнасці настаўнік бачыць выкарыстанне ўсёй разнастайнасці форм навучання дзяцей. У эпоху постіндустрыяльнага (інфармацыйнага) грамадства для навучэнцаў даступна амаль любая неабходная інфармацыя, але вычленіць ва ўсім патоку даных патрэбнае і карыснае навучэнцам часта складана, а яшчэ складаней аб’ектыўна інтэрпрэтаваць атрыманыя даныя. У гэтым і заключаецца асноўная роля педагога — навучыць працаваць самастойна. Кітайская мудрасць гаворыць: “Хочаш накарміць чалавека адзін раз — дай яму рыбу. Хочаш накарміць яго на ўсё жыццё — навучы яго рыбачыць”. Але як можна навучыць дзіця “рыбачыць”, выкарыстоўваючы не ўвесь педагагічны арсенал? Таму, на думку Уладзіміра Генадзьевіча, у адукацыйным працэсе вельмі важныя паслядоўнасць і пастаянства.

Класна-ўрочная сістэма навучання ўсё ж такі пераважае ў сучаснай адукацыі, а класічны ўрок у гэтай сістэме здаецца непахіснай асновай. Але нічога не перашкаджае зрабіць яго максімальна разнастайным, выкарыстоўваючы даступныя сродкі. На ўласным вопыце настаўнік не раз упэўніваўся ў гэтым. Вельмі цікавым з’яўляецца ўключэнне сцэнічнай творчасці ў адукацыйны працэс, пастаноўка сцэн з удзелам гістарычных персанажаў, карысць якіх відавочная: навучэнцы не толькі атрымліваюць максімальную нагляднасць на ўроках, але і развіваюць свае акцёрскія здольнасці, атрымліваюць магчымасць самавыяўлення.

Вельмі эфектыўным з’яўляецца ўключэнне ў работу на ўроку гісторыі рэчавых крыніц. Актуальнасць гэтай тэмы выклікана, з аднаго боку, вялікім патэнцыялам рэчавых крыніц, якія не так часта выкарыстоўваюцца педагогамі, з другога боку — праблемай нізкага ўзроўню пазнавальнай актыўнасці навучэнцаў. Часта на вучэбных занятках па прадметах прыродазнаўчанавуковага цыкла навучэнцы непасрэдна працуюць з аб’ектам даследавання. Напрыклад, настаўнікі хіміі не ўяўляюць свой урок без выкарыстання рэчываў, фізіка і біялогія таксама не застаюцца ўбаку. У той жа час настаўнікі гісторыі часцей працуюць з пісьмовымі і выяўленчымі крыніцамі, якія, безумоўна, складаюць значны пласт у аб’екце даследавання гістарычнай навукі, але ці варта гэтым абмяжоўвацца?

Рэчавыя крыніцы пры іх абмежаваным уключэнні ў кантэкст заняткаў даюць не толькі максімальную нагляднасць, але і могуць служыць стрыжнем, вакол якога выбудоўваецца ўрок. Артэфакты з’яўляюцца зручным аб’ектам для мазгавога штурму. Метад мазгавога штурму, як вядома, развівае крытычнае мысленне, павышае самаацэнку і гатоўнасць да ўспрымання новых ідэй.

Работа з рэчавымі крыніцамі дазваляе навучэнцам меркаваць пра заняткі, асаблівасці побыту, традыцыі нашых продкаў, дапамагае зразумець, як яны мыслілі, што лічылі для сябе самым важным. Рэчавыя крыніцы фарміруюць эмацыянальны кампанент працэсу навучання. У гэтым выпадку наглядны вобраз узнікае не сам па сабе, а ў выніку актыўнай пазнавальнай і творчай дзейнасці навучэнца. Прывабным бачыцца сінтэз аналізу пісьмовай і рэчавай крыніц на ўроку.

Насычаныя ўрокі стымулююць дзяцей да пазнавальнай дзейнасці і ў пазаўрочны час. Неад’емнай часткай выхаваўчай работы ў рамках школьнай суботы з’яўляецца інтэлектуальнае развіццё навучэнцаў. З’яўляючыся кіраўніком гуртка “Эрудыт”, педагог займаецца падрыхтоўкай і правядзеннем традыцыйных у Гатаўскай сярэдняй школе гульняў “Што? Дзе? Калі?”, нацэленых на пашырэнне кругагляду дзяцей, замацаванне пройдзенага на ўроках матэрыялу. Таксама на базе школы дзейнічае пастаяннае аб’яднанне па інтарэсах краязнаўчай скіраванасці “Юны археолаг”, у рабоце якога рэалізоўваецца праграма па вывучэнні археалагічнай спадчыны Міншчыны. У перыяд летніх канікул навучэнцы Уладзіміра Генадзьевіча ўдзельнічаюць у рабоце археалагічных экспедыцый. Здабываючы рэчавыя крыніцы, дзеці непасрэдным чынам знаёмяцца з гісторыяй краіны. Так, навучэнцы школы разам з супрацоўнікамі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі прынялі ўдзел у раскопках сярэдневяковых пахаванняў каля вёскі Азярцо Мінскага раёна (2015 г.).

Таксама разам з археолагам, кандыдатам гістарычных навук, дацэнтам Міжнароднага дзяржаўнага экалагічнага інстытута імя А.Д.Сахарава БДУ М.А.Плавінскім навучэнцамі былі даследаваны курганы ў в.Кастыкі Вілейскага раёна (2016 г.) і распрацавана праграма ўдзелу школьнікаў у палявым сезоне 2017 года.