Жывая матэматыка

- 10:00Навіны рэгіёнаў

“Адным са шляхоў павышэння інтарэсу да вывучэння матэматыкі з’яўляецца добра арганізаваная пазакласная работа, — гаворыць метадыст Абласнога аграрна-вытворчага прафесійнага ліцэя Драгічына Н.А.Лапата. — Педагагічная практыка паказвае, што найбольш прымальнымі і распаўсюджанымі формамі пазакласнай дзейнасці па матэматыцы выступаюць матэматычныя гурткі, факультатывы і алімпіяды. Але рэгулярныя заняткі ў гэтым кірунку даступны далёка не ўсім навучэнцам, таму неабходны такія віды дзейнасці, якія былі б цікавымі для дзяцей з розным узроўнем ведаў. Каштоўнасць такой дзейнасці заключаецца ў тым, што яна стымулюе вучэбны працэс, уносіць у яго святочнасць і дух спаборніцтва, павышае пазнавальную актыўнасць навучэнцаў. Асаблівае месца ў сістэме пазакласнай работы па матэматыцы займаюць прадметныя тыдні”.

Н.А.Лапата ўпэўнена, што настаўнік матэматыкі не можа абмяжоўваць сваю дзейнасць кабінетным навучаннем. Каб быць добрым выхавальнікам, варта даваць дзецям не толькі неабходныя матэматычныя веды, але і навыкі камунікатыўнай культуры, пабуджаць да актыўнай творчай думкі.
— Прадметны тыдзень па матэматыцы з’яўляецца комплекснай формай работы, своеасаблівым вынікам дзейнасці навучэнцаў, парадам фантазіі і творчасці, — адзначае Н.А.Лапата. — Гэта добрая магчымасць праявіць сябе нават для слабапаспяваючых. Дзякуючы такім мерапрыемствам, у дзяцей развіваюцца і ўдасканальваюцца прыродныя задаткі, фарміруецца патрэба ў пастаянным самаразвіцці і самарэалізацыі.Правядзенне прадметных тыдняў у ліцэі стала традыцыяй. У падрыхтоўцы тыдняў удзельнічаюць выкладчыкі матэматыкі і ініцыятыўная група ліцэістаў, якія праяўляюць павышаны інтарэс да прадмета. Юнакі і дзяўчаты знаёмяцца з іншай матэматыкай — больш цікавай і жывой. І гэта нядзіўна, бо матэрыял для мерапрыемстваў у большасці выпадкаў носіць займальны характар з ухілам у гісторыю. Кожны навучэнец знаходзіць справу па сілах і інтарэсах. Задача тыдня — зацікавіць і захапіць усіх.
На працягу 5 гадоў прадметныя тыдні пачынаюцца са спецыяльных выпускаў матэматычнай газеты. У ёй змяшчаюцца карысная і займальная інфармацыя, рэбусы, цікавыя задачы, аптычныя падманкі і гумарэскі, якія звязваюць матэматыку са штодзённым жыццём.
Падчас тыдня ладзяцца: захапляльная гадзіна “Магія лікаў”, інтэрактыўная гульня “Пытанне на здагадку”, пазнавальная канферэнцыя “Формула прыгажосці”, круглы стол “Матэматычная мазаіка” і пазаўрочныя мерапрыемствы “Матэматычнае кафэ”, “Адзін дзень з жыцця ліцэя”. У бягучым навучальным годзе асабліва запомнілася тэатральная пастаноўка казкі “У некаторым царстве, у матэматычнай дзяржаве…”. Навучэнцы пісалі сцэнарый, рыхтавалі касцюмы, рэпеціравалі. Аказалася, што матэматыкай можна захапіцца і праз эстэтычнае выхаванне.
Вопыт правядзення матэматычных пазаўрочных мерапрыемстваў адлюстраваны ў двух нумарах ліцэйскага часопіса “Вялікі перапынак”.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.