Жыве ў рэжыме развіцця

- 10:20Навіны рэгіёнаў

Кожны чалавек мае прызванне да той ці іншай прафесіі. Галоўнае — своечасова пачуць голас сэрца і пайсці сапраўды жаданым прафесійным шляхам. Менавіта так калісьці зрабіла намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце настаўніца рускай мовы і літаратуры сярэдняй школы № 1 Кіраўска Лілія Царанок.

— Прафесіяй педагога захаплялася з дзяцінства. Памятаю, як “вучыла” сваіх сяброў. Калі гулялі ў школу, я нязменна была ў ролі настаўніцы. А калі сама стала вучаніцай, акунулася ў школьныя будні, з кожным навучальным годам усё больш пераконвалася, што мая будучыня — быць педагогам. Мне вельмі пашанцавала з настаўнікамі. Я і зараз успамінаю сваіх педагогаў з цеплынёй, трапятаннем і ўдзячнасцю, бо яны сапраўды шмат чаму мяне навучылі. А што тычыцца педагагічнага профілю, то тут я абавязана сваёй настаўніцы беларускай мовы і літаратуры Ніне Аляксандраўне Булах. Менавіта яна паўплывала на мой выбар, які ў выніку аказаўся правільным, — падзялілася Лілія Генадзьеўна.

Студэнткай філалагічнага факультэта сённяшняга МДУ імя А.А.Куляшова Л.Г.Царанок стала праз год пасля заканчэння школы. Абставіны склаліся так, што адразу паступіць ва ўніверсітэт не ўдалося. 

— У той час, у канцы васьмідзясятых, на педагагічныя спецыяльнасці быў неверагодна вялікі конкурс. Я скончыла школу з залатым медалём, але ўступны экзамен здала на чацвёрку… Было крыху крыўдна, але ў маіх правілах — у любой сітуацыі шукаць станоўчыя бакі. Я год працавала педагогам у Хвайніцкай няпоўнай сярэдняй школе, а потым усё ж здолела стаць студэнткай і атрымаць запаветны настаўніцкі дыплом, — расказала Лілія Генадзьеўна.

Пасля работы ў Хвайніцы Л.Г.Царанок доўгі час выкладала ў Мышкавіцкай школе. Там праходзіла яе прафесійнае станаўленне, там яна адбылася як педагог, паспрабавала сябе ў рабоце намесніка дырэктара.

— З Мышкавіцкай школай мой працоўны шлях быў звязаны на працягу дванаццаці гадоў. Да гэтай навучальнай установы я прыкіпела душой. Але, калі паступіла прапанова перайсці на работу ў першую школу райцэнтра, згадзілася. Напэўна таму, што гэта мая родная школа. Да таго ж, гэты крок адкрываў новыя перспектывы для прафесійнага развіцця, — расказала Лілія Генадзьеўна.

Л.Г.Царанок упэўнена, што для педагога самаразвіццё павінна заўсёды быць у ліку прыярытэтаў. Інакш нельга, бо час не стаіць на месцы, падыходы да адукацыі імкліва мяняюцца, і настаўніку важна адпавядаць ім.

Як намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Лілія Генадзьеўна вялікую ўвагу ўдзяляе якаснай арганізацыі вучэбнага працэсу, павышэнню прафесійнага майстэрства педагогаў, імкнецца ўводзіць у практыку работы калектыву сучасныя, перадавыя адукацыйныя тэхналогіі.

— Установа адукацыі павінна знаходзіцца ў пастаянным развіцці, укараняць у вучэбны працэс эфектыўныя інавацыі, — пераканана Л.Г.Царанок.

Трэба адзначыць, выкладанне Лілія Генадзьеўна не пакінула. Яна па-ранейшаму вядзе ўрокі рускай мовы і літаратуры.

— Працуючы намеснікам дырэктара, нельга не весці ўрокі. Бо як можна дапамагаць настаўніку, калі сам не маеш практыкі? Ды і не магу я без дзяцей. Многія настаўнікі наракаюць, што вучні зараз нічога не хочуць, шмат так званых цяжкіх дзяцей. Але я ўпэўнена, што кожнае дзіця па-свойму здольнае і таленавітае. Таму трэба высвятляць: чаму ў яго нічога не атрымліваецца, якая ў яго жыццёвая сітуацыя, паспрабаваць разабрацца ў яго лёсе, а толькі потым ставіць нейкі штамп. Кожнае дзіця прырода надзяліла магчымасцямі, каб развівацца, кожны вучань можа падняцца на тыя вышыні, на якія захоча сам, але ў гэтым яму трэба дапамагчы, — лічыць Л.Г.Царанок.

На яе думку, школа абавязана выхаваць з вучня развітую, адукаваную асобу, здольную арыентавацца ва ўмовах сучаснага свету. Яе заняткі накіраваны на тое, каб зацікавіць навучэнцаў, абудзіць іх творчую актыўнасць, падштурхнуць да самастойнага пошуку ведаў.

На ўроках Л.Г.Царанок дзеці сапраўды працуюць, думаюць, параўноўваюць, аналізуюць. Яны не атрымліваюць гатовую інфармацыю, а самі фармулююць важныя думкі, робяць высновы.

Цікава, што да арганізацыі заняткаў па мове і па літаратуры Лілія Генадзьеўна падыходзіць па-рознаму. На ўроках мовы ў яе заўсёды ўсё лагічна і абгрунтавана. Аднак настаўніца імкнецца не проста вымуштра­ваць вучня ў арфаграфічнай пільнасці, а навучыць яго разбірацца ў мове.

— Руская мова — гэта не толькі прадмет, але і сродак навучання: трэба правільна чытаць, правільна пі­саць, правільна выкладаць свае думкі, каб дася­гнуць сваіх мэт у далейшым. Таму на ўроку нельга проста вучыць правілы, неабходна ўмела падбіраць індывідуальныя метады для навучання кожнага асобнага дзіцяці, — адзначыла Лілія Генадзьеўна.

На занятках з вучнямі сярэдняга звяна Л.Г.Царанок часта выкарыстоўвае прынцып займальнасці і разнастайныя гульнявыя моманты. Па яе меркаванні, розныя апорныя схемы, табліцы, займальныя гісторыі, казкі, урокі-гульні, віктарыны дабратворна ўплываюць на стаўленне дзяцей да рускай мовы як да вучэбнага прадмета.

А вось са старшакласнікамі Лілія Генадзьеўна больш увагі ўдзяляе праектнай тэхналогіі, даследчай дзейнасці, выкарыстанню ІКТ. У яе педагагічным арсенале заў­сёды ёсць і элементы праблемнага навучання.

— Я цвёрда пераканана, што найбольш спрыяльныя для абуджэння і развіцця пазнавальнай цікавасці ўмовы ўзнікаюць тады, калі настаўнік не выкладае матэрыял у гатовым выглядзе, а арганізуе самастойную дзейнасць вучняў. Праблемнае навучанне дазваляе паслядоўна і мэтанакіравана ставіць перад вучнямі пазнавальныя задачы. Я рэгулярна ствараю на ўроках праблемную сітуацыю, калі навучэнец разумее задачу, спрабуе яе вырашыць, але адчувае недастатковасць наяўных ведаў. Гэта выклікае ў вучняў жаданне знайсці тлумачэнне незразумелага факта, стварае матывы вучэбнай дзейнасці і выклікае да яе цікавасць, — патлумачыла Л.Г.Царанок.

Урокі па літаратуры Лілія Генадзьеўна будуе інакш. Гэтыя заняткі ў яе накіраваны на фарміраванне духоўных якасцей навучэнцаў.

— Як ні сумна, але сучасныя дзеці развучыліся чытаць, у іх няма цікавасці да чытання. Каб гэты энтузіязм узнік, трэба ўмець дастукацца да сэрца кожнага вучня. Бо менавіта літаратурны твор дапамагае зразумець жыццё, спазнаць сябе і навакольны свет, вучыць дзіця правільна ацэньваць свае і чужыя ўчынкі. І тут найлепш падыходзіць праблемнае навучанне. Паставіш правільную праблему перад чытаннем — вучань прачытае твор. Вельмі часта выкарыстоўваю прыём “прынады”: прапаноўваю дзецям цікавы эпізод або цікавае пытанне, адказ на якое неабходна знайсці пры чытанні. Натуральна, пытанне будзе не па кароткім змесце. Дзеці не веда­юць, у якім месцы будзе адказ, таму чытаюць увесь тэкст. Выкарыстоўваю таксама прыём Яўгена Ільіна, які мае на ўвазе “агульную” для ўсіх вучняў старонку ў тэксце. Праз такую старонку вучань быццам “спрабуе” кнігу, каб вырашыць, патрэбна яна яму ці не, таму гэта павінна быць цікавая, інтрыгуючая старонка, — кажа Л.Г.Царанок.

Лілія Генадзьеўна лічыць, што, каб дзеці хацелі чы­таць, урокі літаратуры трэба праводзіць на сучасным узроўні. Калі дакладней — спалучаць традыцыйнае навучанне і новыя інфармацыйныя тэхналогіі, дзякуючы якім можна здзейсніць віртуальную экскурсію на радзіму пісьменніка ці паэта, пабываць у яго музеі, пачуць майстэрскае чытанне любімых класічных твораў.

— Зараз у распараджэнні настаўніка шмат адукацыйных праграм на CD з трэнажорамі, тэстамі, трэніровачнымі практыкаваннямі. Выкарыстанне ІКТ, безумоўна, павышае цікавасць вучняў да ўрока і прадмета, — падкрэсліла Л.Г.Царанок.

Лілія Генадзьеўна пастаянна ў клопатах і справах: то рыхтуецца да ўласных заняткаў, то вырашае арганізацыйныя пытанні вучэбнага працэсу школы ў цэлым. Але, нягледзячы на вялікую занятасць, яна знаходзіць час яшчэ і для работы з адоранымі навучэнцамі. Яе вучні актыўна ўдзельнічаюць у алімпіядным руху, пастаянна выходзяць у прызёры другога этапу Рэспублікан­скай алімпіяды па рускай мове і літаратуры. Не забывае гэты неардынарны педагог і пра самаадукацыю. Яна літаральна жыве ў рэжыме развіцця, бо пераканана, што, пакарыўшы адну вяршыню, неабходна імкнуцца да наступнай, асвойваць новыя прафесійныя веды і навыкі.

…Кажуць, у добрага педагога абавязкова ёсць вучні, якія таксама выбралі настаўніцкую сцежку. У Л.Г.Царанок такіх вучняў мноства. І што значна, усе яе выпускнікі, нават тыя, што выбралі прафесію, далёкую ад настаўніцкай, не забываюць свайго выкладчыка.

— Для мяне асабліва важна, што мае вучні становяцца дастойнымі людзьмі, знаходзяць свой шлях у жыцці і не забываюць свайго настаўніка. Гэта матывуе. Мяне наогул вельмі натхняе работа, бо я займаюся любімай справай. Штодня, калі заходжу ў клас і бачу вочы сваіх вучняў, якія напоўненыя любоўю, цікавасцю, павагай, разумею: я — настаўнік. Мне давяраюць, у мяне вучацца, за мной ідуць і, самае галоўнае, мне вераць. Гэта абавязвае ўдасканальваць сваё прафесійнае майстэрства, працаваць яшчэ больш плённа. Менавіта да гэтага мы імкнёмся і будзем працягваць імкнуцца ўсім нашым педагагічным калектывам, — запэўніла Лілія Генадзьеўна.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота прадастаўлена ўстановай адукацыі.