Зімовая ТЭХНАказка

- 10:14Адукацыйная прастора

Днямі былі падведзены вынікі Рэспубліканскага конкурсу “ТэхнаЁлка”, які праводзіўся з лістапада мінулага года Міністэрствам адукацыі і Рэспубліканскім цэнтрам інавацыйнай і тэхнічнай творчасці з мэтай выяўлення і падтрымкі таленавітай і адоранай моладзі, прапаганды навукова-тэхнічнай творчасці і актывізацыі дзейнасці аб’яднанняў па інтарэсах тэхнічнага профілю.

На працягу месяца 315 экспанатаў (фіналістаў конкурсу) былі выстаўлены для ўсеагульнага агляду ў будынку Рэспубліканскага цэнтра інавацыйнай і тэхнічнай творчасці, а таксама ў Палацы Рэспублікі для ўдзельнікаў акцыі “Нашы дзеці”. Для шматлікіх наведвальнікаў выставы (а гэта навучэнцы і настаўнікі не толькі з Мінска, але і іншых рэгіёнаў) знаёмства з конкурснымі работамі стала своеасаблівай экскурсіяй у зімовую казку, казку з прыстаўкай тэхна-. А што такое зімовая казка? Гэта заснежаныя ёлкі, іскрысты снег, а яшчэ Дзед Мароз, Снягурка, Снегавікі і, вядома ж, певень, або, як цяпер гавораць, “Чырвоны вогненны певень — сімвал 2017 года”. А што такое зімовая казка з прыстаўкай тэхна-? Гэта ўсё тыя ж заснежаныя ёлкі, усё той жа іскрысты снег, Дзед Мароз, Снягурка, Снегавікі, Чырвоны вогненны певень, але зробленыя з металу, святлодыёдаў, пластыку. Усё свеціцца, круціцца, верціцца, спявае, падміргвае. Сапраўдная зімовая тэхнаказка.

— Кожная конкурсная работа — гэта сумяшчэнне тэхнічнай творчасці і інавацыйнага падыходу. Якасць работ з кожным годам паляпшаецца, павялічваецца іх колькасць, а значыць, павышаецца і папулярнасць конкурсу. Калі ў мінулым годзе ў фінал Рэспубліканскага конкурсу “ТэхнаЁлка” было прадстаўлена 208 работ, то ў гэтым — 315, са 154 да 163 павысілася і колькасць устаноў, якія прымалі ўдзел у конкурсе. У мінулым годзе гэта былі пераважна ўстановы прафтэхадукацыі. Сёлета зімовую тэхнаказку больш актыўна стваралі навучэнцы школ, гімназій, устаноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, — паведаміла загадчык аддзела выставачнай і прэзентацыйнай работы РЦІіТТ Марыя Уладзіміраўна Радкевіч.

Вынікі конкурсу падводзіліся ў намінацыях “Дызайн-ёлка”, “Калядная кампазіцыя”, “Святочныя ўпрыгажэнні”, “Навагодняя гірлянда”, “Сімвал 2017 года”. Улічваліся ўзровень тэхнічнага рашэння работы, якасць і складанасць выканання, практычнасць і надзейнасць у эксплуатацыі, арыгінальнасць задумкі, стан тэхнічнай дакументацыі. Пераможцы і прызёры вызначаліся па кожнай намінацыі ў асабістым і камандным першынстве.

У намінацыі “Дызайн-ёлка” дыпломам І ступені ў асабістым першынстве будуць узнагароджаны Мікіта Хадаронак з сярэдняй школы № 3 Беразіна і Валянцін Корнеў з Полацкага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя будаўнікоў; у камандным першынстве — каманда Магілёўскага прафесійнага электратэхнічнага каледжа і Цэнтра тэхнічнай творчасці дзяцей і моладзі Салігорскага раёна. У намінацыі “Калядная кампазіцыя” пераможцамі прызнаны навучэнец Брэсцкага абласнога цэнтра турызму і краязнаўства Дзяніс Кашчэеў, навучэнец Вілейскага раённага цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі Аляксей Пахом і каманды Баранавіцкага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя машынабудавання і сярэдняй школы № 9 Рэчыцы. У намінацыі “Святочныя ўпрыгажэнні” 1-е месца занялі Ірына Патапчык з Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Смілавіч Чэрвеньскага раёна, Валянцін Барадач з гімназіі № 40 Мінска, каманды Пінскага дзяржаўнага прафесійна-тэхнічнага каледжа машынабудавання і Гомельскага дзяржаўнага прафесійна-тэхнічнага каледжа бытавога абслугоўвання. У намінацыі “Навагодняя гірлянда” пераможцамі прызнаны Сяргей Дзем’янюк (Маларыцкі дзяржаўны прафесійны ліцэй сельскагаспадарчай вытворчасці), Вікторыя Пасавец (Гомельскі дзяржаўны прафесійны ліцэй рачнога флоту), каманды Гродзенскага абласнога цэнтра тэхнічнай творчасці і Рагачоўскага раённага цэнтра тэхнічнай творчасці дзяцей і моладзі. У намінацыі “Сімвал 2017 года” дыпломамі І ступені адзначаны Міхаіл Забаўскі са Смілавіцкага сельскагаспадарчага прафесійнага ліцэя, Кацярына Гадулька з Кобрынскага дзяржаўнага політэхнічнага каледжа, каманды сярэдняй школы № 7 Барысава і Пінскага дзяржаўнага аграрна-тэхнічнага каледжа імя А.Я.Кляшчова.

Сёлетняя зімовая тэхнаказка заканчваецца. Не прапусціце ўнікальную выставу, якая абавязкова будзе арганізавана напрыканцы гэтага года па выніках наступнага Рэспубліканскага конкурсу “ТэхнаЁлка”.

Ігар ГРЭЧКА.
Фота аўтара.