Зімовыя цуды творчасці прадэманстравалі хлопчыкі і дзяўчынкі Мінскай вобласці на абласным этапе Рэспубліканскай выставы-конкурсу “Лёд. Кветкі. Фантазія”. Мерапрыемства прайшло ў Цэнтры турызму і краязнаўства дзяцей і моладзі “Ветразь” Мінскага раёна.
Больш за 130 работ, зробленых юнымі майстрамі — навучэнцамі ўстаноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі і ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі Мінскай вобласці, — стваралі святочны настрой наведвальнікам выставы.
На выставе распушылі свае хвасты рознакаляровыя пеўнікі, хваліліся ўбраннем святочныя дрэвы, зачароўвалі персанажы казак і фальклору, здзіўлялі незвычайныя ёлачныя цацкі. З кары і галінак, сухіх кветак і садавіны, імху і шышак юныя фларысты стваралі вырабы ў намінацыях “Фларыстычная цацка “Сімвал года”, “Этнаграфічная лялька”, “У госцi да Зюзi”, “Ёлачныя каралі”, “Навагодняя прыгажуня”.
37 лепшых творчых работ навучэнцаў вобласці, па рашэнні журы, накіраваны ў Рэспубліканскі цэнтр экалогіі і краязнаўства для ўдзелу ў рэспубліканскім этапе выставы-конкурсу “Лёд. Кветкі. Фантазія”.
Дар’я РЭВА.
Фотаздымак прадастаўлены МАІРА.