Зладжаная работа на карысць

- 9:20Актуально, Апошнія запісы

Прайшла сумесная нарада Міністэрства адукацыі і Міністэрства спорту і турызму па пытаннях узаемадзеяння ў галіне фізічнай культуры і спорту.

У яе рабоце прынялі ўдзел намеснік Прэм’ер-міністра Рэспублікі Беларусь І.В.Петрышэнка, міністр адукацыі І.В.Карпенка, міністр спорту і турызму С.М.Кавальчук, начальнікі галоўных упраўленняў па адукацыі, а таксама начальнікі галоўных упраўленняў па спорце і турызме аблвыканкамаў і Мінгарвыканкама, кіраўнікі ВНУ, вучылішчаў алімпійскага рэзерву, беларускіх асацыяцый студэнцкага і школьнага спорту, спартыўных федэрацый.

Фарміраванне здаровага ладу жыцця праз развіццё фізічнай культуры і спорту з’яўляецца найважнейшым складнікам не толькі сістэмы адукацыі, але і дзяржаўнай палітыкі. У сваім выступленні міністр адукацыі Ігар Карпенка адзначыў, што асноўная задача не столькі ў дасягненні высокіх спартыўных вынікаў, колькі ў зберажэнні здароўя. 

“Падтрыманне яго на належным узроўні важна для ўсіх, але асабліва для падрастаючага пакалення. У іх наперадзе вялікі жыццёвы шлях — стварэнне сем’яў, праца, творчасць. Не менш важна выбраць з ліку школьнікаў тых, хто заўтра зможа паказаць высокія спартыўныя вынікі. Гэты кірунак таксама важна развіваць у сістэме фізкультурна-аздараўленчай работы кожнай установы адукацыі”, — сказаў міністр адукацыі.

У апошнія гады вядзецца зладжаная работа Міністэрства адукацыі сумесна з Міністэрствам спорту і турызму, рэспубліканскімі органамі дзяржаўнага кіравання, Беларускай асацыяцыяй школьнага і студэнцкага спорту, нацыянальнымі федэрацыямі і асацыяцыямі па відах спорту, установамі адукацыі, назіраецца станоўчая дынаміка развіцця школьнага і студэнцкага спорту. Нядаўна завяршыліся міжнародныя школьныя гульні, дзе беларуская каманда, якая складалася з 26 чалавек, заваявала 35 медалёў.

У рэспубліцы на базе ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі функцыянуюць спецыялізаваныя па спорце класы, у якіх займаецца больш за 9700 навучэнцаў. Класы створаны па 43 відах спорту, з якіх 32 летнія і 7 зімовых алімпійскіх відаў, а таксама 4 неалімпійскія віды спорту.

Ва ўстановах адукацыі ствараюцца ўсе неабходныя ўмовы для спалучэння адукацыйнага працэсу і заняткаў фізічнай культурай і спортам. Будуюцца новыя аб’екты, мадэрнізуецца спартыўна-аздараўленчая база, прымаюцца адпаведныя кіраўніцкія рашэнні, рыхтуюцца нарматыўна-прававыя дакументы.

“Але разам з тым ёсць шэраг пытанняў, якія патрабуюць узгодненых дзеянняў і выпрацоўкі канкрэтных рашэнняў. Напрыклад, эфектыўнае выкарыстанне спартыўна-аздараўленчых аб’ектаў і збудаванняў для патрэб сістэмы адукацыі і падрыхтоўкі спартсменаў, адбор дзяцей і падлеткаў для спорту высокіх дасягненняў”, — заўважыў Ігар Карпенка.


З дакладам пра развіццё фізічнай культуры і спорту ў сістэме адукацыі выступіў намеснік міністра адукацыі А.У.Кадлубай, які пачаў з таго, што ў Кодэксе Рэспублікі Беларусь аб адукацыі (арт. 18) выхаванне культуры здаровага ладу жыцця, фізічнае ўдасканаленне замацаваны як адны з асноўных складнікаў выхавання навучэнцаў.

“Далучэнне да фізічнай культуры і спорту пачынаецца ўжо на пачатковых этапах развіцця і выхавання дзяцей, што дапамагае фарміраваць у іх патрэбу, матывы, цікавасць да заняткаў фізічнымі практыкаваннямі і спартыўнымі гульнямі. І ў сістэме адукацыі створаны ўсе ўмовы для ўзаемадзеяння органаў кіравання адукацыяй з федэрацыямі (асацыяцыямі) па відах спорту.

На выяўленне таленавітых і адораных у спорце навучэнцаў працуюць папулярныя праекты — Рэспубліканскае лёгкаатлетычнае спартыўна-масавае мерапрыемства “300 талентаў для Каралевы” для школьнікаў малодшых класаў, шматэтапныя спаборніцтвы па лёгкай атлетыцы “Шкаліяда” для навучэнцаў 5—6 класаў, Рэспубліканская ліга па чырлідынгу сярод школьнікаў, а таксама “Снежны снайпер”, “Мой школьны футбольны клуб”, “Старт пакаленняў”.

Акрамя таго, у рэспубліцы рэалізуецца эксперыментальны праект “Алімпійскі талент” (пры падтрымцы Міністэрства адукацыі, Міністэрства спорту і турызму і дзяржаўна-грамадскага аб’яднання “Прэзідэнцкі спартыўны клуб”). Яго мэта — якасная, эфектыўная і навукова абгрунтаваная сістэма адбору дзяцей, здольных дасягнуць высокіх вынікаў у асобных відах спорту, у тым ліку і лёгкай атлетыцы”, — паведаміў Аляксандр Уладзіміравіч. 

У рэспубліцы на базе ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі функцыянуюць спецыялізаваныя па спорце класы, у якіх займаецца больш за 9700 навучэнцаў. Класы створаны па 43 відах спорту, з якіх 32 летнія і 7 зімовых алімпійскіх відаў, а таксама 4 неалімпійскія віды спорту.

“Акрамя спецыялізаваных па спорце класаў, дзе ажыццяўляецца вучэбна-трэніровачны працэс, прадмет “Фізічная культура і здароўе” выкладаецца на ўсіх узроўнях адукацыі. Яго спецыфіка прадугледжвае ў рамках рэалізацыі вучэбных праграм аб’яднанне ўрокаў у пары. Але сёння аб’ядноўваць два ўрокі на ўзроўні школы магчыма толькі пры праходжанні лыжнай падрыхтоўкі. Карыстаючыся момантам, хацелася б звярнуць увагу на неабходнасць разгляду пытання па ўнясенні змяненняў у санітарна-эпідэміялагічныя патрабаванні ў частцы прадастаўлення магчымасці ўстановам агульнай сярэдняй адукацыі на ІІІ ступені, установам прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі на ўсіх курсах арганізоўваць спараныя ўрокі не толькі па раздзеле вучэбнай праграмы “Лыжныя гонкі”, — заўважыў намеснік міністра.

Для выяўлення і падтрымкі найбольш здольных, адораных навучэнцаў праводзіцца рэспубліканская алімпіяда па вучэбным прадмеце “Фізічная культура і здароўе”. Адной з галоўных задач гэтай алімпіяды з’яўляецца падрыхтоўка адораных навучэнцаў да працягу навучання ва ўстановах вышэйшай адукацыі. Па выніках прадметнай алімпіяды 2020/2021 навучальнага года з 47 адзінаццацікласнікаў — удзельнікаў алімпіяды для атрымання фізкультурнай адукацыі ў ВНУ паступілі 28 чалавек (59,6%).

За час прадстаўлення інтарэсаў Рэспублікі Беларусь у Міжнароднай федэрацыі студэнцкага спорту (з 1993 года), Еўрапейскай асацыяцыі ўніверсітэцкага спорту (з 2007 года) і Міжнароднай федэрацыі школьнага спорту (з 2012 года) беларускімі студэнтамі-спартсменамі і школьнікамі-спартсменамі заваяваны 483 медалі (135 залатых, 167 сярэбраных і 181 бронзавы).

Міністэрства адукацыі і Міністэрства спорту і турызму сумесна адкрылі профільныя класы спартыўна-педагагічнай накіраванасці. У 2021/2022 навучальным годзе ў 36 установах агульнай сярэдняй адукацыі функцыянуе 41 такі клас. У профільных класах спартыўна-педагагічнай накіраванасці навучаецца 388 навучэнцаў, у тым ліку 194 навучэнцы 10 класа і столькі ж навучэнцаў 11 класа.

“Для выпускнікоў профільных класаў (груп) спартыўна-педагагічнай накіраванасці ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі пры паступленні на спецыяльнасці фізічнай культуры і спорту прадугледжана льготная траекторыя залічэння: без уступных выпрабаванняў, па выніках субяседавання, якое праводзіцца ў парадку, што ўстанаўліваецца Міністэрствам спорту і турызму па ўзгадненні з Міністэрствам адукацыі. Пры гэтым у дакуменце аб адукацыі павінны быць адзнакі, не ніжэйшыя за 8 балаў, па вучэбных прадметах, адпаведных прадметам профільных выпрабаванняў, і не ніжэйшыя за 7 балаў па ўсіх астатніх вучэбных прадметах, а таксама павінна быць рэкамендацыя педагагічнага савета ўстановы адукацыі, якую яны скончылі”, — падкрэсліў Аляксандр Кадлубай.

Міністэрства адукацыі і Міністэрства спорту і турызму сумесна адкрылі профільныя класы спартыўна-педагагічнай накіраванасці. У 2021/2022 навучальным годзе ў 36 установах агульнай сярэдняй адукацыі функцыянуе 41 такі клас. У профільных класах спартыўна-педагагічнай накіраванасці навучаецца 388 навучэнцаў, у тым ліку 194 навучэнцы 10 класа і столькі ж навучэнцаў 11 класа.

Цэнтральным спартыўным мерапрыемствам для сістэмы агульнай сярэдняй адукацыі з’яўляецца Рэспубліканская спартакіяда школьнікаў. У фінальных спаборніцтвах спартакіяды па 24 відах спорту спаборнічаюць больш за 2,5 тысячы школьнікаў з 6 рэгіёнаў краіны і горада Мінска. Праграма спартакіяды ўключае 19 відаў спорту праграмы летніх алімпійскіх гульняў і 2  — якія не ўвайшлі ў праграму алімпійскіх гульняў (шашкі, шахматы), а таксама 3 віды спорту праграмы зімовых алімпійскіх гульняў.

У сістэме масавага студэнцкага спорту ключавой стала Рэспубліканская ўніверсіяда. Яна з’яўляецца афіцыйным спартыўным спаборніцтвам, у праграму якога ўключаны 35 відаў спорту (24 алімпійскія і 11 неалімпійскіх). За апошнія 5 гадоў значна павялічылася колькасць яе ўдзельнікаў. У фінальных рэспубліканскіх спаборніцтвах прымаюць удзел больш за 10 тысяч студэнтаў (як дзеючых, так і тых, якія скончылі прафесійную спартыўную кар’еру).

У 2012 годзе была створана Беларуская асацыяцыя студэнцкага спорту, а ў 2020 годзе — Беларуская асацыяцыя школьнага спорту. Асацыяцыі ствараліся з мэтай кансалідацыі намаганняў па развіцці сістэмы падрыхтоўкі спартыўнага рэзерву.

За час прадстаўлення інтарэсаў Рэспублікі Беларусь у Міжнароднай федэрацыі студэнцкага спорту (з 1993 года), Еўрапейскай асацыяцыі ўніверсітэцкага спорту (з 2007 года) і Міжнароднай федэрацыі школьнага спорту (з 2012 года) беларускімі студэнтамі-спартсменамі і школьнікамі-спартсменамі заваяваны 483 медалі (135 залатых, 167 сярэбраных і 181 бронзавы).

“Школьны і студэнцкі спорт — адна з важных прыступак у спорце найвышэйшых дасягненняў і пляцоўка для станаўлення перспектыўных спартсменаў. Добра вядома, што школьныя і студэнцкія гады — гэта менавіта той перыяд жыцця, калі малады чалавек здольны максімальна раскрыць свае здольнасці ва ўсіх сферах, у тым ліку і ў спорце. Высокія вынікі, атрыманыя школьнікамі і студэнтамі-спартсменамі на міжнароднай арэне, служаць умацаванню прэстыжу краіны, а таксама адлюстроўваюць яе эканамічны патэнцыял. У гэтым адна з прычын таго, чаму развіццё школьнага і студэнцкага спартыўнага руху стала прыярытэтным кірункам у дзяржаўнай палітыцы Рэспублікі Беларусь”, — рэзюмаваў Аляксандр Кадлубай.

Падрыхтавала Вольга ДУБОЎСКАЯ.
Фота Настассі ХРЫШЧАНОВІЧ.