Злёт маладых спецыялістаў

- 11:01Навіны рэгіёнаў

Раённы злёт маладых спецыялістаў адбыўся ў Нясвіжы. Маштабныя мерапрыемствы для тых, хто толькі пачынае свой працоўны шлях, на Нясвіжчыне праводзяць штогод у розных формах. Мэта злёту — прывітаць, з’яднаць і падтрымаць працуючую моладзь. Сярод супрацоўнікаў розных галін гаспадаркі раёна найбольшай была дэлегацыя педагогаў.

44 маладыя спецыялісты ў гэтым навучальным годзе пачалі працаваць ва ўстановах адукацыі Нясвіжскага раёна. Палова з іх прыехала пасля заканчэння ўстаноў вышэйшай адукацыі, другая палова атрымала сярэднюю спецыяльную. 26 маладых педагогаў — ураджэнцы Нясвіжчыны, 10 вучыліся па мэтавых накіраваннях. Сярод іх ёсць і прадстаўнікі педагагічных дынастый, а таксама тыя, што вярнуліся працаваць у тыя навучальныя ўстановы, якія раней скончылі. Усе яны прыехалі на злёт пад назвай “Будучыню радзімы ствараць маладым”, які пачаўся ўрачыстым мерапрыемствам у раённым цэнтры культуры. Моладзь віталі прадстаўнікі кіраўніцтва раёна, якія ўпэўнілі ўдзельнікаў злёту, што на Нясвіжчыне ім вельмі рады і што яны могуць разлічваць на падтрымку і ўзаемаразуменне. Бадзёры настрой прысутным стваралі творчыя калектывы, якія падарылі ім свае выступленні. З гэтым настроем маладыя спецыялісты адправіліся на экскурсіі па прадпрыемствах, установах і арганізацыях раёна. Маладым педагогам прапанавалі 2 маршруты, якія прайшлі праз 6 устаноў адукацыі. Творчымі імпрэзамі сустракалі педагогаў у Цэнтры дзіцячай творчасці Нясвіжскага раёна. У гэтай установе працуе найбольшая колькасць маладых спецыялістаў — 15. У ЦДТ гасцям паказалі цудоўную матэрыяльную базу, а таксама расказалі, у якіх умовах працуе тут моладзь, як адміністрацыя з дапамогай пазабюджэтных сродкаў стараецца матэрыяльна падтрымліваць маладых спецыялістаў.
У якасці прыкладу ўстановы дашкольнай адукацыі з добрым прадметна-развіццёвым асяроддзем для наведвання ўдзельнікам злёту быў прапанаваны ДЦРД “Сонейка”, а з сістэмай работы з адоранымі вучнямі іх пазнаёмілі ў Нясвіжскай гімназіі. Спадабалася гасцям і ў Ліпскім дзіцячым садзе — сярэдняй школе, які размешчаны ў маляўнічым месцы і дзе шмат увагі ўдзяляецца экалагічнаму выхаванню дзяцей. Уразіў сваёй добраўпарадкаванасцю дзіцячы сад Сейлавіцкага ВПК, які 1 верасня адкрыўся пасля рэканструкцыі. Завяршаючы работу па маршрутах, маладыя спецыялісты-педагогі завіталі ў Сноўскую сярэднюю школу, дзе даведаліся, што і простая сельская школа можа працаваць па-сучаснаму і займаць лідарскія пазіцыі ў розных кірунках. Разам з настаўніцай Інай Рычардаўнай Віннік, якая дасягнула значных прафесійных вяршынь, паразважалі аб іміджы педагога і прэстыжы прафесіі.
Важнай часткай усіх сустрэч на прыпынках гэтых маршрутаў было знаёмства і адкрытыя дыялогі маладых спецыялістаў, якія працуюць першы год, з іх крыху старэйшымі калегамі — педагогамі, якія працуюць другі ці трэці год. Так, напрыклад, Сяргей Аляксандравіч Таратута, з якім пазнаёміліся ў Сейлавіцкім дзіцячым садзе — сярэдняй школе, працуе настаўнікам фізічнай культуры і спорту чацвёрты год. Ён актыўна прапагандуе здаровы лад жыцця не толькі сярод школьнікаў, але і сярод аднавяскоўцаў. Яго работа была адзначана ганаровай граматай Нясвіжскага райвыканкама. Пра свой выбар жыццёвага шляху і першыя крокі ў прафесіі расказала ўдзельнікам злёту малады спецыяліст Нясвіжскай гімназіі Вольга Дзмітрыеўна Аляшкевіч, фіналістка раённага конкурсу “Педагагічны дэбют”. Жывая гутарка праводзілася з маладымі педагогамі ў ЦДТ, а таксама падчас наведвання дома маладога настаўніка ў Снове.
Верагодна, гэтыя шчырыя размовы з калегамі — галоўнае, што падарыў маладым спецыялістам злёт, бо так важна ўзаемадзейнічаць з людзьмі, якія нядаўна былі на тваім месцы і добра цябе разумеюць. Яны могуць падбадзёрыць, дапамагчы, а калі трэба, і папярэдзіць аб нечым. Таксама сустрэчы ў рамках злёту матывуюць і настройваюць на сур’ёзную работу: маладыя педагогі на ўласныя вочы бачаць, якіх вяршынь у прафесіі можна дасягнуць. Яшчэ адна безумоўная карысць злёту — гэта магчымасць адчуць сябе родным у вялікай педагагічнай сям’і, зразумець, што ёсць куды і да каго звярнуцца па дапамогу і падтрымку. А з такім адчуваннем ісці наперад значна лягчэй.

Дар’я РЭВА.
Фота аддзела адукацыі, спорту і турызму Нясвіжскага райвыканкама.