Знайшлі матэматыку ў прыказцы

- 12:18Навіны рэгіёнаў

Тыдзень дакладных навук — традыцыйнае мерапрыемства ў Субацкім дзіцячым садзе — сярэдняй школе. Усе мерапрыемствы тыдня праходзяць з улікам узроставых асаблівасцей навучэнцаў і накіраваны на матывацыю іх да вывучэння дакладных прадметаў, развіццё інтэлектуальнага ўзроўню і пазнавальных запытаў.

Тыдзень пачаўся з правядзення ўрачыстай лінейкі і адкрыцця партрэтнай галерэі “Лаўрэаты Нобелеўскай прэміі”. На працягу тыдня навучэнцы наведвалі выставу, з цікавасцю слухалі апавяданні пра жыццё вялікіх людзей, удзельнічалі ў абмеркаванні іх адкрыццяў.

Для навучэнцаў 5-х і 6-х класаў была арганізавана гульня матэматычны цягнік. Дзеці з цікавасцю рашалі жартоўныя задачы, адгадвалі рэбусы, расшыфроўвалі казкі, шукалі матэматыку ў прыказках і прымаўках. Вучні 4 класа прынялі ўдзел у матэматычным клубе вясёлых і знаходлівых, вучні 7-х і 8-х класаў — у брэйн-рынгу “Разумнікі і разумніцы”. Камандная гульня складалася з некалькіх тураў. Кожны тур уключаў разнастайныя віды заданняў: загадкі і шарады, лагічныя задачы, рэбусы, анаграмы, крыжаванкі. У “Матэматычным брэйн-рынгу” ўдзельнічалі навучэнцы 9-х і 10-х класаў. А музычнае свята “Парад хімічных элементаў” аб’яднаў навучэнцаў розных класаў. Заключным мерапрыемствам стаў турнір знаўцаў інфарматыкі.

Падчас правядзення тыдня дакладных навук былі арганізаваны пазакласныя мерапрыемствы па матэматыцы, інфарматыцы, фізіцы і хіміі. Быў праведзены таксама конкурс малюнкаў і плакатаў. Па выніках усіх выпрабаванняў вызначаліся лепшыя ўдзельнікі і пераможцы. Тыдзень прайшоў хутка, і, напэўна, многім не хапіла часу, каб з галавой акунуцца ў захапляльны свет дакладных навук. Але ж вывучэнне іх працягваецца.

Вольга ДУБРОЎСКАЯ,
настаўніца матэматыкі Субацкага дзіцячага сада — сярэдняй школы Ваўкавыскага раёна.