Знайдзі сваю “Папараць-кветку”

- 11:02Спартыўныя падзеі

Вы калі-небудзь гулялі ў лапту? А ў перацяжкі? А вось мінскія школьнікі з задавальненнем удзельнічалі ў беларускіх народных гульнях і такім чынам далучаліся да нашай культуры. 13 мая на стадыёне БДПУ імя Максіма Танка сабраліся самыя моцныя, спрытныя і спартыўныя для таго, каб паказаць сябе ў незвычайных спаборніцтвах. “Беларусіяда” ўпершыню заявіла пра сябе ў Мінску, але можна з упэўненасцю сказаць, што паспела ўжо набыць поспех у моладзі.

На стадыёне было вельмі горача, бо кожная з 9 каманд, якая прадстаўляла раёны сталіцы, марыла пра званне пераможцы і змагалася да канца. Але заваяваць гэты тытул аказалася не так проста, бо беларускія народныя гульні патрабуюць не толькі фізічнай сілы, але і ўважлівасці і кемлівасці.

Футбольнае поле падзялілася на 4 секцыі, і спаборніцтва пачалося. Захапляючая лапта, дзе ўдзельнікі праявілі ўсю сваю спрытнасць і трываласць, адразу зацікавіла школьнікаў і згуртавала дзеля агульнай перамогі. Побач было чуваць крыкі падбадзёрвання ад выкладчыкаў. Сваю хуткасць і ўважлівасць школьнікі праверылі ў гульні “Дзень — ноч”. А ў спаборніцтве “Перацяжкі” спатрэбілася фізічная сіла. Тут з аднолькавай упартасцю і запалам змагаліся і хлопцы, і дзяўчаты. Але, бадай, самыя напружаныя эмоцыі панавалі падчас гульні “Пальчатка”, якая прымусіла панервавацца і гульцоў, і настаўнікаў. Парады ўдзельнікаў каманды, як абгуляць саперніка, змешваліся з радаснымі крыкамі зборнай, якая перамагла ў гэтым раўндзе.

Рэктар БДПУ Аляксандр Іванавіч Жук звярнуўся да ўдзельнікаў і арганізатараў спаборніцтваў: “Сёння па-сапраўднаму гістарычная падзея, таму што гэта ўнікальны праект, які спалучае ў сабе беларускія народныя спартыўныя гульні і культурную спадчыну нашага народа. Я лічу, што “Беларусіяда” — гэта сапраўднае свята. Вельмі прыемна, што нашы студэнты могуць сваім прыкладам фарміраваць у школьнікаў павагу і любоў не толькі да беларускіх спартыўных гульняў, але і да культурных традыцый”.

Для ўдзельнікаў і гасцей “Беларусіяды” з песнямі і танцамі выступілі народныя ансамблі педуніверсітэта “Ярыца” і “Рэй”, фальклорны калектыў “Пралеска”, вакальна-эстрадны ансамбль “Буслік”. Выступіў таксама намеснік дэкана па выхаваўчай рабоце Мікалай Леанідавіч Есялёніс.

Сапраўдны горад майстроў разгарнуўся недалёка ад універсітэцкага стадыёна. Госці мерапрыемства навучыліся плесці з саломкі, зрабілі цікавы сувенір, размаляваўшы кубак арнаментам, і атрымалі на памяць пра спартакіяду прыгожае мехендзі. Для самых спартыўных былі арганізаваны рухавыя гульні — катанне на веласіпедзе з перашкодамі, дартс, а для самых адважных — баі падушкамі, кіданне мятлы і забіванне цвікоў.
На “Беларусіядзе” для кожнага знайшоўся занятак даспадобы. І нават маленькія госці з дзіцячага сада № 35 не сумавалі. Для іх была арганізавана свая “Беларусіядачка”, пасля чаго малышы атрымалі салодкія падарункі ад БДПУ.

Фінал спаборніцтва быў вельмі напружаным. Кожная каманда спрабавала вырваць перамогу для свайго раёна. Але пераможцам стаў Маскоўскі раён сталіцы. Каманда атрымала статуэтку “Папараць-кветка” і сертыфікат ад Міністэрства адукацыі на экскурсійную паездку па Беларусі, каб бліжэй пазнаёміцца з культурай нашай краіны. Васьмікласнікі Маскоўскага раёна, вучні спартыўных класаў не хавалі сваіх эмоцый і радасці.

Усе зборныя атрымалі падарункі і мноства ўражанняў.

Святлана Іванаўна Копцева, старшыня аргкамітэта спартыўна-адукацыйнага праекта “Беларусіяда”, першы прарэктар БДПУ імя Максіма Танка, адзначыла: “Нам усім хочацца падзякаваць Анатолю Дрыгіну, старшаму выкладчыку кафедры тэорыі і методыкі фізічнай культуры факультэта фізічнага выхавання БДПУ, ідэйнаму натхняльніку праекта і чалавеку, які сваімі ўчынкамі паказвае, як любіць нашу краіну. І, канечне, усе мы спадзяёмся, што гэты праект хутка будзе не толькі гарадскім, а выйдзе на дзяржаўны, а пасля і на міжнародны ўзровень”.

Валерыя ІВАНОВА.