Алена Ластоўская з Глыбокага паспяхова сумяшчае настаўніцкую работу з абавязкамі сацыяльнага педагога і прафсаюзнага лідара сярэдняй школы № 1 імя П.В.Сухога. Як ёй гэта ўдаецца, даведалася карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.
— Алена Васільеўна, вы амаль чвэрць стагоддзя аддалі педагагічнай дзейнасці. Што стала вырашальным у прафесійным выбары?
— Напэўна, словы дзядулі. Камусьці можа падацца гэта несур’ёзным, але для мяне сям’я, адчуванне роднасці, сваіх каранёў заўсёды былі і застаюцца вельмі важнымі. Мясцовая я, глыбачанка. Люблю родны горад, але каму ў юнацтве не хочацца свет пабачыць, на людзей паглядзець, сябе праявіць? Калі скончыла 11 класаў сярэдняй школы № 3, то нават пасля ўручэння атэстатаў яшчэ не была ўпэўнена, куды паступаць. На жыццёвае раздарожжа трапіла: было некалькі варыянтаў, і на кожны душа адгукалася. Настаўніцкі шлях таксама прывабліваў мяне. Тут, безумоўна, адчуваўся ўплыў маіх любімых настаўнікаў, бо я з рабочай сям’і, першы педагог у ёй. Помню, калі мы з бацькамі гаварылі пра маю будучыню, маці прыгадала, якая нестандартная першая рэакцыя на маё нараджэнне была ў дзядулі: “Алена Васільеўна будзе, настаўніца!” Напэўна, ён штосьці мілае сэрцу, дарагое са школьных гадоў успомніў. А ў мяне рашэнне, відаць, падсвядома выспела, і кропелькі адзінай не хапала, каб яго канчаткова прыняць. Вось і дабавілася тая кропелька. З горадам — Віцебск — чамусьці не сумнявалася, хаця да Мінска з Глыбокага бліжэй. Са спецыяльнасцю — родная мова і літаратура — таксама было без ваганняў, як і з універсітэтам — ВДУ імя П.М.Машэрава. Праўда, з першага разу не прайшла па конкурсе, які тады на маю спецыяльнасць быў вялікі. Аднак у мяне такі характар, што калі вырашыла штосьці, то цвёрда таго трымаюся, не адступлюся. Год працавала ў дзіцячым садзе, ездзіла на заняткі ў школу будучага настаўніка пры ўніверсітэце, рыхтавалася да экзаменаў — і паступіла. Пасля заканчэння УВА там і засталася.
— Каб далей вучыцца?
— Не, працаваць. У мае студэнцкія гады на нашым факультэце склалася моцная маладзёжная каманда на чале з дэканам Віктарам Несцяровічам. Нас з’яднала імкненне да творчасці, падтрымлівалі студэнты і кіраўніцтва. Нас часта называлі Несцяровічавымі дзецьмі — гэтым мы ганарыліся, бо насамрэч адчувалі сябе адзінай, дружнай сям’ёй. Арганізоўвалі капуснікі, канцэрты, тэатралізаваныя пастаноўкі, розныя конкурсы, фестывалі — спачатку ў сябе, а потым і на іншых факультэтах, нашы ініцыятывы выходзілі на ўніверсітэцкі ўзровень. Напярэдадні размеркавання Віктар Іванавіч запытаўся ў мяне, ці пайду я метадыстам у аддзел выхаваўчай работы. Пагадзілася з радасцю. Не таму, што ў Віцебску хацелася замацавацца, я сумавала па родным горадзе. Аднак гэта было ўвасабленнем мары — у новай якасці працягваць рабіць тое, што мне падабаецца і ўдаецца! Два гады праляцелі на адным дыханні, і потым я вярнулася ў Глыбокае.
— Чаму вярнуліся?
— Будучы муж на маім шляху сустрэўся. Выпадкова пазнаёміліся, калі я прыехала да бацькоў на выхадныя, — і з таго часу мы разам. Ён міліцыянер, чалавек дзеяння, рашучы: забраў і прывёз мяне дадому. Калі з універсітэта звальнялася, рэктар Аркадзь Русецкі спрабаваў адгаварыць мяне, гразіўся нават: “Будзеш назад вяртацца — не вазьму!” Я настаяла на сваім: “Выбачайце, не вярнуся!” Неўзабаве ў Глыбокім, у аддзеле адукацыі, тую размову я адразу ўспомніла! Прымаў мяне на работу Раман Тарасевіч і спытаў у лоб: “Чаму з горада збеглі?” — “Па сямейных прычынах”. — “А калі я зараз патэлефаную ды запытаюся, які вы работнік?” Раззлавалася на сябе і сітуацыю, таму з напорам у адказ сказала: “Тэлефануйце!” Раман Тарасевіч пры мне не дазваніўся, ці тэлефанаваў потым — не ведаю, аднак узялі мяне ў аддзел, сацыяльным педагогам у сектар аховы дзяцінства. Толькі там усё наладзілася, больш-менш разабралася ў справах — зноў сямейныя прычыны: у дэкрэт пайшла. Калі сын падрос, мне прапанавалі пасаду завуча па выхаваўчай рабоце ў Азярэцкай сярэдняй школе. Я хвалявалася, ці спраўлюся, але калегі ў аддзеле ў адзін голас паўтаралі: “Было б каму хвалявацца. Мы ўпэўнены, у цябе ўсё атрымаецца!” Трэба было апраўдаць давер: вучылася і вучыла, арганізоўвала, кантралявала. Так у Азярцах і працавала да 2012 года, а затым перавялася ў Глыбокае.
— Зноў сямейныя прычыны паўплывалі на павароты вашага прафесійнага лёсу?
— Па вялікім рахунку так. У нас з мужам тады ўжо дачка нарадзілася. Жылі мы ў Глыбокім, і з двума дзецьмі на руках мне цяжкавата стала ездзіць у Азярцы за 11 кіламетраў. А трэба сказаць, з дырэктарам сярэдняй школы № 1 імя П.В.Сухога Інай Сауліч мы амаль штораніцы бачыліся: я на маршрутку ішла, яна на работу, была хвілінка — спыняліся, гутарылі. Вось неяк напаўжартам і пацікавілася ў Іны Леанідаўны: “Можа, возьмеце мяне ў сваю школу настаўніцай?” Суразмоўніца быццам даўно чакала гэтага пытання. Адказала абсалютна сур’ёзна, нават тон змяніўся на афіцыйны: “Толькі настаўніцай — не, хіба што на сумяшчэнне. Мне патрэбны добры сацыяльны педагог. Вы падыходзіце. Падумайце, буду рада”. Думала я нядоўга, дала згоду і дагэтуль цягну гэты воз. Да таго ж з 2013 года мяне выбралі старшынёй пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі. Дарэчы, разам з маёй малодшай сястрой у адной школе працуем. Юлія настаўнічае тут пасля заканчэння ПДУ імя Еўфрасінні Полацкай, выкладае англійскую і французскую мовы. Я працягваю весці беларускую і рускую.
Настаўніцкая работа мне неабходна як паветра, без яе сябе не ўяўляю. Больш за ўсё падабаецца працаваць са старшакласнікамі. Захапіць прадметам, даць пэўныя веды важна, але не менш значны выхаваўчы складнік — фарміраванне асобы. Вучням хочацца самастойнасці, характар паказаць. А я штораз шукаю, як атамную юнацкую энергію накіраваць у мірнае, стваральнае рэчышча. Мяне так вучылі, мне гэта блізка.
— Як размяркоўваеце час?
— Важны сістэмны падыход: не кідацца ад задачы да задачы, а захоўваць баланс, паслядоўнасць. Толькі здаецца, што сферы дзейнасці настаўніка, прафсаюзнага лідара і сацыяльнага педагога зусім розныя, нібы паралельныя рэальнасці. Аднак у мяне той выпадак, калі паралельныя не проста перасякаюцца — яны з’яднаны-пераплецены непарыўна, дапаўняюць адна адну. Плюс спрацоўвае эфект пераключэння, у тым ліку негатыўныя ўражанні перакрываюцца пазітывам. Такім чынам удаецца глыбей зразумець тую ці іншую праблемную сітуацыю, убачыць яе вырашэнне. Ды і проста сілы з’яўляюцца, натхненне, новыя ідэі.
Увогуле, трэба любіць сваю работу, сваю справу — тады ўсё будзе добра. Мець чалавечнасць, добрае стаўленне да людзей. Калі ты ўмееш слухаць і чуць чалавека, людзі табе адкажуць тым жа. Я па натуры праўдалюб, мне неабходна, каб усё было па сумленні і справядліва, гэта дапамагае. Што тычыцца сям’і, то яна мая надзейная апора ва ўсім. Для мужа прафесійны абавязак — не пустыя словы, ён мяне разумее, падтрымлівае, і гэта ўзаемна. Дзеці нашы ўжо дарослыя. Сын пайшоў у прафесію па бацькавым шляху. Дачка выбрала мой: сёлета паступіла ў БДПУ, выбрала напрамак “Дашкольнае выхаванне”.
— Калі б выпала магчымасць з сённяшнім вопытам вярнуцца ў мінулае, ці пагадзіліся б вы стаць прафсаюзным лідарам?
— Складанае пытанне, ёсць над чым падумаць… Усё ж, напэўна, пагадзілася б. Калектыў у нас добры, і гэта для мяне вырашальны момант. З кіраўніцтвам школы мы разумеем адно аднаго з паўслова, трымаем руку на пульсе падзей. Калегі ініцыятыўныя, адказныя, лёгкія на пад’ём — як у рабоце, так і падчас адпачынку. Колькі ўсяго разам перажыта! Традыцыі склаліся адметныя. Калі, напрыклад, гаварыць пра актыўны адпачынак, то нельга абмінуць увагай нашы калектыўныя паездкі па Беларусі. Правялі апытанне, вызначыліся, сабраліся — і вось мы ўжо ў сталіцы на канцэрце, у тэатры або на экскурсіі па памятных гістарычных мясцінах.
Апошнім часам нам вельмі спадабалася наведваць з экскурсіямі буйныя айчынныя прадпрыемствы — уражанні незабыўныя! А для настаўнікаў гэта яшчэ і дапаможны рэсурс у прафарыентацыйнай дзейнасці.
З велізарнай павагай адносімся да ветэранаў педагагічнай працы, у нашай пярвічцы іх 57. Запрашаем у школу на святы, канцэрты і сустрэчы, самі наведваемся да іх у госці, аказваем пасільную дапамогу. Падрыхтавалі кожнаму падарунак да Дня настаўніка, сваімі рукамі зрабілі віншавальныя паштоўкі.
Таццяна БОНДАРАВА
Фота аўтара