Зноў у Мінску “Радасць”

- 16:46Культура

З 22 снежня па 6 студзеня ў Мінску пройдзе міжнародны праваслаўны фестываль “Радасць”. Сёлета арганізатары вырашылі крыху змяніць фармат і зрабіць яго сямейным. Асаблівы акцэнт зроблены на сямейнай праграме, якая прапануе шмат цікавага і для татаў і мам, і для хлопчыкаў і дзяўчынак, і для моладзі, і для бабуль з дзядулямі.

Гасцямі фестывалю стануць свяшчэннікі, манашкі, урачы, псіхолагі, мастакі, педагогі і іншыя цікавыя, творчыя людзі, якія падзеляцца сваім вопытам, парадамі, адкажуць на пытанні.

Тых, хто наведае калядны фестываль, таксама чакаюць творчыя сюрпрызы, экскурсіі ў часе і душэўныя спектаклі. Тут можна будзе патанцаваць і памаляваць, зрабіць падарункі родным сваімі рукамі, зоркі і цацкі для святочнай ёлкі, паглядзець лялечныя і батлеечныя спектаклі — карацей, адпа­чыць усёй сям’ёй і раскрыць свае творчыя здольнасці.

Акрамя таго, наведвальнікі змо­гуць пабываць на інтэрактыўнай пляцоўцы “Гісторыя Каляд” і даведацца, як адзна­чаюць гэтае светлае свята ў розных краінах свету. Таксама будуць праца­ваць мастацкая выстава, кіназона, кабінет здароўя для душы і цела. Самых юных наведвальнікаў фестывалю чакаюць на ранішніках з Дзедам Марозам і ў казачнай гульнявой.

Канечне, Каляды немагчыма ўявіць без падарункаў. Таму вялікая выстава-кірмаш стане важнай часткай “Радасці”. Тут свае вырабы прадставяць манастыры, храмы і рамеснікі з многіх краін. Унікальныя абразы, святочныя сувеніры, рэдкія кнігі, размаляваная кераміка, прадукцыя для здароўя і прыгажосці, тэкстыль і швейныя вырабы стануць запамінальнымі падарункамі да Каляд. На кірмашы можна будзе набыць карысныя ласункі, дамашнюю выпечку і пакаштаваць стравы з манастырскай трапезнай.

Традыцыйна госці фестывалю змогуць паўдзельнічаць у дабрачыннай акцыі, што асабліва важна напярэдадні Каляд. Падзяліцца любоўю, ажыццявіць мару ці жаданне іншага чалавека, якому неабходны нашы спагада і клопат, напісаць некалькі цёплых слоў зусім няцяжка, але так важна!

Пры гэтым уваход свабодны, усе мерапрыемствы бясплатныя!

Арганізоўвае фестываль Свята-Елісавецінскі манастыр па благаславенні Мітрапаліта Мінскага і Заслаўскага Венья­міна, Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі, пры падтрымцы Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта.

Час работы фестывалю “Радасць” — кожны дзень з 10.00 да 20.00, 1 студзеня — выхадны. Адрас: Мінск, вул. Казлова, 3, Палац мастацтваў (станцыя метро “Плошча Перамогі”). Дэталёвая праграма фестывалю будзе апублікавана на сайце www.festradost.by.

Падрыхтавала Марына ХІДДЖАЗ.