“Золата” матэматычнага алімпу прывезлі беларусы з 58-й Міжнароднай алімпіяды па матэматыцы

- 9:48Адукацыйная прастора

Каманда з шасці беларускіх навучэнцаў прыняла ўдзел у 58-й Міжнароднай алімпіядзе па матэматыцы, якая прайшла з 12 па 23 ліпеня ў Рыа-дэ-Жанэйра (Бразілія). Усе маладыя людзі вярнуліся на радзіму з узнагародамі. Залаты медаль заваяваў выпускнік гімназіі № 51 Гомеля Ягор Дубовік. У індывідуальным заліку ён заняў сёмае месца, набраўшы 29 балаў з 42 магчымых. Сярэбраным медалём узнагароджаны выпускнік гімназіі № 41 Мінска імя В.Х.Сярэбранага Аляксей Васілеўскі, бронзавымі медалямі — навучэнец Ліцэя БДУ Андрэй Нарадзецкі і выпускнікі Ліцэя БДУ Антон Палюховіч, Ілья Пчалінцаў і Аляксандр Юран.

Кіраўнікамі беларускай каманды, якія рыхтавалі юнакоў да міжнародных спаборніцтваў і суправаджалі іх у паездцы, былі кандыдат фізіка-матэматычных навук дацэнт кафедры вышэйшай алгебры і абароны інфармацыі БДУ Ігар Іванавіч Варановіч і кандыдат фізіка-матэматычных навук навуковы супрацоўнік Інстытута матэматыкі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Міхаіл Васільевіч Карпук.

Колькасць удзельнікаў 58-й Міжнароднай матэматычнай алімпіяды склала 615. Упершыню за ўсю гісторыю алімпіяды спаборнічалі прадстаўнікі 112 краін. Гэта своеасаблівы рэкорд. У агульнакамандным заліку перамагла зборная Паўднёвай Карэі, усе ўдзельнікі якой атрымалі залатыя медалі. Па гэтым паказчыку Беларусь — на 14-м месцы. У індывідуальным заліку 1-е месца падзялілі прадстаўнікі В’етнама, Ірана і Японіі. Наш “залаты” прызёр Ягор Дубовік апынуўся на 7-м месцы.

Сярод 48 алімпіяднікаў, якія атрымалі залатыя медалі, была толькі адна дзяўчынка — Даін Кім з Паўднёвай Карэі. Арганізатары ўручылі спецыяльныя ўзнагароды пяці ўдзельніцам, якія ў найбольшай ступені паспрыялі поспеху сваіх зборных. Статуэтку пад назвай “Алімпійскія дзяўчыны” атрымалі прадстаўніцы Батсваны, Калумбіі, Канады, Балгарыі і Паўднёвай Карэі. Такая ўзнагарода ўручалася ўпершыню за ўсю гісторыю спаборніцтваў. Яе назвалі данінай памяці іранскаму матэматыку Марыям Мірзахані, якая ў 2014 годзе стала першай жанчынай — лаўрэатам Філдсаўскай прэміі. Яна памерла 15 ліпеня 2017 года ва ўзросце 40 гадоў. Такім чынам арганізатары вырашылі пасадзейнічаць прыцягненню большай колькасці дзяўчат да паглыбленага вывучэння матэматыкі. Гэтая традыцыя будзе працягнута і ў наступныя гады.

Падчас выпрабаванняў, якія доўжыліся два дні, маладыя людзі штодня атрымлівалі па тры задачы, на рашэнне якіх адводзілася 4,5 гадзіны. Па колькасці атрыманых балаў (максімальна 7 балаў за адну задачу) школьнікам прысвойваліся медалі рознай вартасці. Традыцыйна на гэтай алімпіядзе пераможца, які займае першае месца, набірае максімальныя 42 балы. Аднак сёлета заданні былі настолькі складанымі, што самы вялікі бал, які быў атрыманы, склаў 35. Непад’ёмнай для многіх аказалася задача па камбінаторыцы. Акрамя таго, школьнікі рашалі функцыянальнае ўраўненне, а таксама задачы на тэорыю лічбаў і па геаметрыі.

У вольны час удзельнікі спаборніцтваў наведалі з экскурсіямі асноўныя славутасці Рыа-дэ-Жанэйра, у прыватнасці вядомы ў свеце футбольны стадыён “Маракана”. Навучэнцаў уразіла статуя Хрыста Збавіцеля на вяршыні гары Каркаваду — гэта сімвал Бразіліі.

* * *

Мы гутарым з “залатым” прызёрам Ягорам Дубовікам і яго настаўнікам матэматыкі Аляксандрам Мікалаевічам Струком.

“Ягор стаў навучэнцам нашай гімназіі з 5 класа, — расказаў педагог. — Трапіў адразу ў добра падрыхтаваны клас, дзе паміж вучнямі існавала здаровая канкурэнцыя па ведах. У гэтым класе мне пашчасціла не толькі весці матэматыку, але і быць класным кіраўніком. Тут вучылася Юлія Курыленка, якая прывезла бронзавы медаль з VI Еўрапейскай матэматычнай алімпіяды для дзяўчат, а таксама Варвара Драздова, якая нядаўна прывезла сярэбраную ўзнагароду з IX Міжнароднага турніру юных матэматыкаў”.

У гімназіі № 51 Гомеля праходзіць круглагадовая алімпіяда па матэматыцы (1 раз у месяц ладзіцца адзін тур), у якой заўсёды прымаў удзел Ягор. Аляксандр Мікалаевіч узмоцнена працаваў са сваім таленавітым вучнем у 5—7 класах, пакуль той не пачаў праяўляць самастойнасць у пошуку неабходнай інфармацыі. У 10—11 класах юнак ужо займаўся па індывідуальнай праграме, сам прапрацоўваў алімпіядныя заданні па рэкамендаваных яму кнігах. Заняткі давалі плён. Яшчэ ў 5 класе Ягор прымаў удзел у Абласной алімпіядзе па англійскай мове, але з 6 класа пераключыўся на матэматыку. Спачатку атрымаў дыплом ІІ ступені на гарадскім этапе рэспубліканскай алімпіяды па гэтым прадмеце, дзе выступаў за 8 клас. У 7 класе ён таксама выступаў сярод васьмікласнікаў на заключным этапе алімпіяды і атрымаў дыплом ІІІ ступені. У мінулым годзе Ягор заваяваў гран-пры на 12-й алімпіядзе па геаметрыі імя І.Ф.Шарыгіна, якая прайшла ў Дубне (Расія). А сёлета на 13-й Міжнароднай Жаўтыкаўскай алімпіядзе ў Казахстане па матэматыцы, інфарматыцы і фізіцы хлопец атрымаў “золата”. Ён быў адзначаны бронзавымі медалямі і падчас 56-й і 57-й міжнародных алімпіяд. Нарэшце, атрымаў “золата” на 58-й алімпіядзе.

Ягор адзначыў, што імкнуўся да высокіх перамог, але для яго гэта было не самай галоўнай мэтай. Маладому чалавеку даспадобы дух саперніцтва і рашэнне задач. Рыхтуючыся да алімпіяд, ён мог прасядзець за падручнікамі цэлы дзень.

Ягор Дубовік ужо з’яўляецца студэнтам ФПМІ БДУ, выбраў спецыяльнасць “Інфарматыка”. Вялікіх планаў пакуль не будуе. Ад навучання ва ўніверсітэце ён перш за ўсё чакае новых ведаў, цікавых задач і шчырых сустрэч з сябрамі.

* * *

Наступная Міжнародная матэматычная алімпіяда адбудзецца ў 2018 годзе ў Румыніі — краіне, дзе гэтыя спаборніцтвы былі арганізаваны ўпершыню ў 1959 годзе.

Надзея ЦЕРАХАВА.