Зоркі азёрнага краю

- 11:35Навіны рэгіёнаў

Браслаўшчына на абласным этапе рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах устанавіла зайздросны рэкорд: колькасць дыпломаў, атрыманых навучэнцамі, у параўнанні з мінулым годам павялічылася ўдвая. Прычым дастойную канкурэнцыю гімназістам склалі школьнікі: іх у дзясятцы пераможцаў пераважная большасць. Трое з юных зорачак-дзевяцікласнікаў вучацца у браслаўскай сярэдняй школе № 1 імя А.М.Жданава. Што дапамагае ім дасягаць значных вынікаў?

— Асабістая зацікаўленасць, праца і тое, што мне шанцуе на добрых настаўнікаў, — лічыць Дар’я Надысева. — З 5 гадоў я пачала цікавіцца біялогіяй. Спачатку — дробнымі жывёламі, потым — ветэрынарыяй як навукай, а ў 12-гадовым узросце ўжо вызначылася, што, хутчэй за ўсё, пайду вучыцца ў медыцынскі ўніверсітэт, таму што зразумела: мне больш цікава вывучаць захворванні і спосабы іх лячэння. Калі вучылася ў сярэдняй агульнаадукацыйнай школе № 2008 Масквы, упершыню паўдзельнічала ў раённай алімпіядзе па біялогіі. Потым перайшла ў індыйскую школу пры Пасольстве Расіі ў Нью-Дэлі, і мяне захапіла вывучэнне медпрэпаратаў і хірургічных аперацый. Тады і вырашыла, і мой намер дагэтуль не змяніўся: абавязкова стану нейрахірургам. Пасля пераезду ў Браслаў на пастаяннае месца жыхарства паступіла ў школу № 1 і пазнаёмілася з Ганнай Яўгенаўнай Шульгоўскай. З настаўніцай мы сышліся характарамі і мэтай: мне спадабалася, як яна выкладае прадмет, а Ганна Яўгенаўна заўважыла маю схільнасць да біялогіі. На маю думку, алімпіяда — выключная магчымасць бліжэй пазнаёміцца з цікавымі людзьмі, выкладчыкамі вышэйшай школы. Паспяховы ўдзел дае пэўную вядомасць, гарантаваны бонус пры паступленні. Разам з тым цікава выпрабаваць сябе, свае веды і асабістыя якасці — як і ў любым спаборніцтве.

— Матывацыя, захапленне прадметам, дапамога настаўнікаў і бацькоў, — згодна з сяброўкай па школе Вікторыя Стрыжко. — З ранняга дзяцінства мне прывівалі любоў да мовы і літаратуры. Матуля, настаўніца пачатковых класаў, адразу заўважыла маю цікавасць да казак, вершаў — усяго, што звязана з літаратурай, многа займалася па прадмеце, тлумачыла, развучвала са мной вершы. У пачатковай школе мне дапамагала мая першая настаўніца Людміла Віктараўна Еўдакімава. Па яе парадзе ў 4 класе я паспрабавала сілы ў раённай алімпіядзе па рускай мове і літаратуры, дзе стала пераможцай. Пазней мне пашанцавала працягнуць вучобу ў Таццяны Віктараўны Ліцвінкі. Сёлета я ўпершыню ўдзельнічала ў абласной алімпіядзе. Руская мова — гэта не толькі граматыка і пунктуацыя, правілы, гэта развіццё маўлення, новыя веды. Мне падабаецца літаратура, чытанне — у мяне ў пакоі на любой гарызантальнай паверхні можна знайсці кнігу. Падабаецца аналізаваць сюжэты і сітуацыі, параўноўваць іх з жыццём, даведвацца пра меркаванне іншых людзей, пагаджацца з імі або спрачацца. Акрамя рускай і беларускай моў, я вывучаю англійскую і спрабую польскую. Сваю будучыню звязваю з лінгвістыкай.

— Удалы выпадак, сістэмныя веды і дакладны разлік, — перакананы Аляксей Шаркель. — Памятаю, калі ў нас пачаў будавацца дом, у вялікай колькасці з’явіліся абрэзкі дошак. Цікава было з іх штосьці карыснае збіць. У сістэму захапленне тэхнічнай працай прыйшло дзякуючы школе і настаўніку Аляксандру Мікалаевічу Пятроўскаму прыкладна ў 5 класе, а праз два гады я ўжо актыўна займаўся разьбой па дрэве, майстраваў падзелкі, пад кіраўніцтвам настаўніка паспяхова ўдзельнічаў у адпаведных раённым і абласным конкурсах. З 8 класа паглыбіўся ў чытанне тэхнічнай літаратуры, вывучэнне формул. Мадэляванне і канструяванне мяне цяпер прываблівае больш, чым разьба па дрэве. Планую паступаць ва ўніверсітэт на інжынерную спецыяльнасць, звязаную з электронікай.

Пры ўсім непадабенстве інтарэсаў мае суразмоўцы адзіныя ў сваім прафесійным вызначэнні. Яны падкрэсліваюць: усвядомлена зрабіць выбар будучай спецыяльнасці ім дапамагла менавіта алімпіяда па вучэбных прадметах.

— Гэта адна з галоўных мэт кожнага настаўніка, — падкрэслівае Ганна Шульгоўская. — У адукацыйным працэсе няма асобных дэталей, усе яго элементы непарыўна звязаны. І калі алімпіяду па вучэбных прадметах разглядаць менавіта як рэсурс апераджальнай прафарыентацыі, мы разам з тым на выхадзе атрымаем моцную матывацыю да вучобы, творчасці… і ланцуговую рэакцыю ў выглядзе зацікаўленасці аднакласнікаў, школьнікаў прадметам, росту якаснай паспяховасці. Такі вынік бачны не адразу. Але якая радасць і стымул для прафесійнага росту, калі пераконваешся: твой вучань не проста вызначыўся, куды паступаць, ён яшчэ і любіць твой прадмет ці не больш за цябе. А значыць, аднойчы зможа пераўзысці педагога.

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота аўтара.