Зорная сустрэча ля вёскі Зорная

- 10:09Актуально, Апошнія запісы

У Аршанскім раёне праходзіць ХІІ турыстычны злёт навучэнцаў Саюзнай дзяржавы

Адкрыццё злёту адбылося ў нядзелю, 10 верасня. Пад музыку духавога аркестра калона лепшых з лепшых юных турыстаў Беларусі і Расіі прайшла вуліцамі Оршы ад плошчы Леніна да езуіцкага калегіума, плошча каля якога і стала цэнтрам урачыстасцей. Пажаданні добрага надвор’я, паспяховых спартыўных стартаў, яркіх турыстычных вогнішчаў, душэўных песень і моцнага сяброўства ўдзельнікам злёту адрасавалі Дзяржаўны сакратар Саюзнай дзяржавы Рыгор Рапота і міністр адукацыі Рэспублікі Беларусь Ігар Карпенка.

— Гэты маштабны спартыўна-адукацыйны праект працягвае лепшыя традыцыі сістэмы адукацыі, збірае энергічных, актыўных юнакоў і дзяўчат для сяброўскіх і творчых зносін, прадастаўляе выдатную магчымасць праявіць свае здольнасці, — гаворыцца ў пасланні Рыгора Рапоты. — Юным турыстам Расіі і Беларусі ў гэтыя дні трэба будзе прадэманстраваць свае веды і кемлівасць, каманднае адзінства і ўзаемадапамогу, уменне кантактаваць з равеснікамі і дарослымі. Упэўнены, што набытыя ў турыстычных спаборніцтвах навыкі, фізічная загартоўка, лідарскія якасці стануць трывалай асновай для вашага развіцця. Удзел у злёце — яшчэ і ўнікальная магчымасць пазнаёміцца з культурна-гістарычнай спадчынай і прыроднай разнастайнасцю Аршанскага краю — найпрыгажэйшага кутка Беларусі, пераканацца ў сіле сяброўства Расіі і Беларусі, вытокі якога — у адзінстве культур, традыцый, гістарычных лёсаў двух братэрскіх славянскіх народаў.

Гасцінная Аршаншчына прымае ў гэтыя дні 32 каманды рэгіёнаў Расіі і 8 каманд абласцей і сталіцы нашай рэспублікі. Дзяржаўнымі заказчыкамі турыстычнага злёту выступаюць Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, Міністэрства адукацыі і навукі Расійскай Федэрацыі, а непасрэднымі арганізатарамі з’яўляюцца Рэспубліканскі цэнтр экалогіі і краязнаўства Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь і Федэральны цэнтр дзіцяча-юнацкага турызму і краязнаўства Міністэрства адукацыі і навукі Расійскай Федэрацыі, Віцебскі аблвыканкам і Аршанскі райвыканкам пры падтрымцы Пастаяннага камітэта Саюзнай дзяржавы.

— Выдатна, што ў гэтым саюзным праекце імкнуцца ўдзельнічаць маладыя людзі з усіх рэгіёнаў Беларусі і Расіі, якія захоплены вывучэннем гісторыі і прыроды нашых краін, а таксама вядуць актыўны лад жыцця, — адзначана ў прывітальным адрасе Ігара Карпенкі. — Па традыцыі арганізатары выбіраюць для турыстычнага злёту найбольш цікавыя і запаветныя мясціны. Сёлета гэта Аршанскі раён Віцебскай вобласці, багаты сваёй гісторыяй, культурнымі і архітэктурнымі славутасцямі. Сёння тут сабралася самая ініцыятыўная, спартыўная і таленавітая моладзь, аб’яднаная духам творчасці, наватарства і спаборніцтваў. Упэўнены, што турыстычны злёт працягне лепшыя традыцыі спартыўнага, краязнаўчага і пазнавальнага турызму. Далучэнне да старонак нашай агульнай гісторыі, вывучэнне прыроды роднага краю, пазнанне новага і цікавага стануць важным укладам у фарміраванне вашай актыўнай грамадзянскай пазіцыі. Турыстычны злёт — гэта яшчэ і сяброўскія зносіны, станоўчыя эмоцыі, уменне пераадольваць перашкоды і цяжкасці. Жадаю ўдзельнікам добрых стартаў, выдатнага настрою, новых сяброў, дзівосных адкрыццяў, прыемных уражанняў і выдатных успамінаў аб злёце.

Сустрэча і спаборніцтва паміж наймацнейшымі юнымі турыстамі дзвюх краін стала трывалай традыцыяй.

Найперш злёт накіраваны на ўмацаванне сяброўскіх сувязей паміж моладдзю Расіі і Беларусі, далейшае развіццё турыстычна-краязнаўчай работы з навучэнцамі, павышэнне іх турысцкага майстэрства, а таксама вывучэнне, абагульненне і прапаганду перадавога вопыту арганізацыі турыстычна-краязнаўчай работы з навучэнцамі.

— Учора я святкаваў 870-годдзе Масквы. Сёння ўдалося заспець святкаванне 950-годдзя Мінска. Оршы сёлета таксама споўнілася 950 гадоў. Вось так сябруюць нашы народы, адзіныя ў сваёй гісторыі і культуры, — падзяліўся ўражаннямі дырэктар Федэральнага цэнтра турызму і краязнаўства Расійскай Федэрацыі Сяргей Лачан. — Спадзяюся, што нашы ўдзельнікі не толькі праявяць каманднае адзінства і волю да перамогі, але і знойдуць новых сяброў, даведаюцца многа новага і цікавага пра гісторыю Аршаншчыны, сваіх равеснікаў і саміх сябе. Гэта будзе добры ўрок.

Удзел у спаборніцтвах прымаюць юнакі і дзяўчаты ва ўзросце ад 14 да 17 гадоў. Аб насычанасці праграмы злёту можна было ўжо меркаваць па першым яго дні. Пасля афіцыйнага старту госці Оршы дэталёва пазнаёміліся са славутасцямі старажытнага горада падчас экскурсій. Затым дружна адправіліся ўсталёўваць палатачны лагер на беразе Дняпра каля вёскі Зорная, а ўвечары паляну злёту запоўнілі музыка і спевы — выдатны канцэрт падарылі юным турыстам лепшыя самадзейныя калектывы і выканаўцы ўстаноў адукацыі Віцебскай вобласці.

— Другі раз у гісторыі правядзення турыстычных злётаў навучэнцаў Саюзнай дзяржавы мы маем гонар звацца яго гаспадарамі, — падкрэсліў начальнік упраўлення адукацыі Віцебскага аблвыканкама Дзмітрый Хома. — Турызм — гэта не толькі палатачны лагер, спаборніцтвы, медалі і перамогі. Гэта здаровы лад жыцця, стыль, які з кожным днём становіцца ўсё больш папулярным у сучаснай моладзі, і я рады, што кожны з удзельнікаў злёту выбраў яго для сябе. Шчыра веру ў тое, што для многіх з іх удзел у гэтым мерапрыемстве стане першым сур’ёзным крокам да будучых перамог на міжнароднай арэне, а сем дзён, праведзеных на нашай зямлі, пакінуць яркі след у душы кожнага юнага турыста як незабыўная падзея.

Праграма злёту ўключае абавязковыя для ўдзелу асабістыя і камандныя спаборніцтвы па спартыўным арыентаванні і турыстычна-прыкладным мнагаборстве ў тэхніцы пешаходнага турызму, конкурсы краязнаўцаў, насценгазет “Будні злёту”, турыстычнай песні, на лепшае абсталяванне лагера і прадстаўленне каманды. Па-за конкурсам адбудуцца спаборніцтвы па футболе, валейболе, тэхніцы веласіпеднага турызму. Таксама юных турыстаў чакаюць экскурсіі па гістарычных і памятных мясцінах Віцебскай вобласці, канцэрты, вечары сяброўства і сустрэчы з ветэранамі Вялікай Айчыннай вайны. Пераможцы, прызёры, актыўныя ўдзельнікі злёту будуць узнагароджаны памятнымі кубкамі, граматамі, дыпломамі і заахвочвальнымі прызамі. Дзве каманды, якія прадэманструюць найвышэйшыя вынікі ў заліку па ўсіх спаборніцтвах і конкурсах, будуць узнагароджаны спецыяльнымі прызамі і дыпломамі Пастаяннага камітэта Саюзнай дзяржавы.

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота аўтара.