Зорны, незабыўны

- 9:53Актуально, Апошнія запісы

Урачысты старт 52-му Зорнаму паходу быў дадзены ў аўторак ва ўнутраным дворыку Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка каля помніка студэнтам і выкладчыкам, якія загінулі падчас Вялікай Айчыннай вайны.

Зорны — значыць пад зоркай. І самай галоўнай зоркай, якая з 24 па 27 студзеня асвятляе шлях сённяшніх студэнтаў і выкладчыкаў па месцах баявой і працоўнай славы беларускага народа, з’яўляецца Сонца — Сонца ведаў, Сонца праўды, праўды пра подзвіг і гераізм народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Нездарма выява сонца ўпрыгожвае герб універсітэта. Пад сцягам з выявай сонца, а таксама са сцягамі сваіх факультэтаў больш за 240 хлопцаў і дзяўчат з 11 атрадаў універсітэта і сярэдняй школы № 6 Мінска разам са сваімі выкладчыкамі і настаўнікамі наведваюць школы, дзіцячыя дамы Барысаўскага, Бярэзінскага, Лагойскага, Маладзечанскага, Мядзельскага, Смалявіцкага, Салігорскага, Стаўбцоўскага, Уздзенскага раёнаў і горада Жодзіна Мінскай вобласці, а таксама Ашмянскага раёна Гродзенскай вобласці, сустракаюцца з ветэранамі вайны і працы, аказваюць ім шэфскую дапамогу, праводзяць прафарыентацыйныя сустрэчы са старшакласнікамі (у тым ліку з навучэнцамі профільных педагагічных класаў). Адна з асаблівасцей зорнага — яго інтэрнацыянальнасць. Сярод 11 каманд грамадзяне не толькі Беларусі, але і Туркменістана, Кітая, Латвіі.

Традыцыя правядзення зорных паходаў прайшла выпрабаванне часам і пацвердзіла статус неад’емнай часткі грамадзянска-патрыятычнага руху ўніверсітэта. Зорны паход — гэта праект, які заўсёды адкрыты для новых рашэнняў, ініцыятыў, новых студэнтаў, паколькі менавіта яны, “зорнікі”, напаўняюць паход маладосцю, энергіяй і пачуццём сапраўднага студэнцкага адзінства. Кожны паход — гэта не толькі новыя маршруты, новыя ўдзельнікі, новыя ўражанні, але і новыя маленькія традыцыі. У гэтым годзе ўпершыню ў паходзе ўдзельнічаюць вучні профільных педагагічных класаў сярэдняй школы № 6 Мінска.

Пра свой першы Зорны паход, які адбыўся ў 1985 годзе, з цеплынёй згадаў міністр адукацыі Ігар Васільевіч Карпенка. Выпускнік Мінскага педагагічнага інстытута, ён на працягу 20 гадоў быў актыўным удзельнікам і арганізатарам паходаў. “Педагог фарміруецца не толькі і не столькі знаходзячыся ў вучэбнай аўдыторыі, колькі ў стасунках з шырокім колам людзей, з навучэнцамі, вопытнымі педагогамі. Паход дае магчымасць далучыцца да тых важных спраў, якія робяць нашы людзі на месцах, у штодзённым жыцці. У вас будзе магчымасць наведаць школы, правесці прафарыентацыйныя размовы. Мы таксама, калі былі студэнтамі педагагічнага інстытута, з вялікай радасцю хадзілі ў зорныя паходы, сустракаліся з ветэранамі, настаўнікамі і вучнямі, набывалі новыя педагагічныя ўменні і навыкі, якія потым былі запатрабаваны ў прафесійнай дзейнасці. Няхай той вопыт, які вы набудзеце за гэтыя дні, служыць на карысць нашай краіны, нашага народа. Менавіта такімі яркімі падзеямі вы будзеце потым вымяраць гады навучання ў педагагічным універсітэце”, — адзначыў Ігар Васільевіч.

Кожны атрад падрыхтаваў адметную праграму. Так студэнты Інстытута псіхалогіі з атрада “Новы погляд” прапаноўваюць навучэнцам Уздзенскага раёна трэнінгі рознай накіраванасці. “Максімавымі нашчадкамі” з філфака, якія адправіліся ў Стаўбцоўскі раён і з’яўляюцца ўдзельнікамі народнага тэатра “Жывое слова”, праводзяць літаратурныя сустрэчы. “Авангардаўцы” з факультэта пачатковай адукацыі здзіўляюць ашмянскіх школьнікаў сваёй творчасцю. Першакурснікі з атрада “Зорны фэст” з’яўляюцца ўдзельнікамі творчых калектываў факультэта і ўніверсітэта, таму ў Жодзіна прывезлі цікавую і насычаную канцэртную праграму. “Дзеці Эйнштэйна” з фізіка-матэматычнага факультэта знаходзяцца ў гэтыя дні ў Мядзельскім раёне, дзеляцца са школьнікамі лепшымі традыцыямі гумару і крэатыву, разам з імі адправіліся і КВЗшнікі са зборнай каманды “Лепшыя сябры”.

— Дзясяткі гарадскіх школ і сельскіх устаноў адукацыі, мноства акцый, конкурсаў, спаборніцтваў, сустрэч чакаюць вас. З нецярпеннем вас чакаюць і вашы будучыя вучні, да сустрэч рыхтуюцца навучэнцы педагагічных класаў, настаўнікі-наватары, педагогі-практыкі, і вельмі важна, што гэтыя сустрэчы чакаюць ветэраны Вялікай Айчыннай вайны і ветэраны педагагічнай працы. Жадаю, каб гэтыя сустрэчы былі ўзаемакарысныя, каб падчас іх вы паказалі свае веды, напрацаваны вопыт, а навучэнцы педагагічных класаў яшчэ раз пераканаліся ў правільнасці свайго выбару, — адзначыла ў прывітальным слове начальнік упраўлення адукацыі Мінаблвыканкама Галіна Мікалаеўна Казак.

З пажаданнямі шчаслівага паходу да “зорнікаў” звярнуліся першы прарэктар Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка Святлана Іванаўна Копцева, удзельнік зорных паходаў 70-х гадоў, выпускнік універсітэта акадэмік-сакратар Аддзялення гуманітарных навук і мастацтваў НАН Беларусі Аляксандр Аляксандравіч Каваленя, выконваючы абавязкі першага сакратара Мінскага гарадскога камітэта БРСМ Сяргей Міхайлавіч Клішэвіч, намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце сярэдняй школы № 6 Мінска Ала Віктараўна Фядосава, ад імя студэнцтва БДПУ звярнуўся магістрант Іван Пугач.

Зорны паход — гэта своеасаблівая ніць, якая звязвае розныя пакаленні, гэта навука жыцця, выдатная магчымасць фарміравання ў моладзі такіх якасцей, як калектывізм, уменне быць лідарамі і таварышамі, а таксама выдатная магчымасць напоўніць студэнцкае жыццё незабыўнымі ўражаннямі і карыснымі справамі. Нездарма ў Год навукі Зорны паход праходзіць пад дэвізам “БДПУ: свет ведаў — свет магчымасцей”.

Ігар ГРЭЧКА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.