Зрабіць якасным і дасканалым

- 9:48Абмяркоўваем кодэкс разам, Апошнія запісы

На гэтым тыдні ў Беларускім дзяржаўным універсітэце інфарматыкі і радыёэлектронікі прайшла нарада-семінар “Аб асноўных кірунках удасканалення заканадаўства ў сферы адукацыі” і абмеркаванні прадстаўленага Міністэрствам адукацыі праекта закона “Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у Кодэкс Рэспублікі Беларусь аб адукацыі”. На мерапрыемстве прысутнічалі міністр адукацыі І.В.Карпенка, намеснікі міністра адукацыі, начальнікі і супрацоўнікі ўпраўленняў галіновага міністэрства,члены профільных камісій Палаты прадстаўнікоў і Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу, рэктары ўстаноў вышэйшай адукацыі сталіцы. Вёў пасяджэнне І.В.Карпенка. 

На пачатку размовы міністр адукацыі І.В.Карпенка адзначыў важнасць мерапрыемства, прысвечанага абмеркаванню новай рэдакцыі Кодэкса аб адукацыі. Ён падкрэсліў, што папярэднія гады былі насычанымі і працаёмістымі ў плане ўдасканалення заканадаўчай базы ў сферы адукацыі. Цяпер прыйшоў час, калі гэтая напружаная праца ўступае ў завяршальную фазу.

Ігар Васільевіч нагадаў удзельнікам сустрэчы перадгісторыю стварэння Кодэкса аб адукацыі. Ён быў распрацаваны ў адпаведнасці з даручэннем кіраўніка дзяржавы А.Р.Лукашэнкі і ўступіў ў сілу 1 верасня 2011 года. Гэты год стаў, безумоўна, знамянальным для сістэмы адукацыі і для нашага грамадства ў цэлым. Упершыню ў краіне была праведзена работа па кадыфікацыі заканадаўства ў адукацыйнай галіне, што дазволіла істотна скараціць колькасць дзеючых у сферы адукацыі актаў заканадаўства, упершыню забяспечыць сістэмнае рэгуляванне на ўзроўні закона грамадскіх адносін у сферах дашкольнай, сярэдняй спецыяльнай, пасляўніверсітэцкай, дадатковай адукацыі, уніфікацыю прадпісанняў па ўзроўнях і відах адукацыі, а таксама ажыццявіць прававое рэгуляванне дзейнасці органаў кіравання адукацыяй, устаноў адукацыі, пытанняў, якія закранаюць інтарэсы суб’ектаў адукацыйных адносін. У прыватнасці, упершыню былі заканадаўча ўрэгуляваны пытанні ўзнікнення, змянення і спынення адукацыйных адносін, дысцыплінарнай адказнасці навучэнцаў, выхавання ў сістэме адукацыі і інш.

Як адзначыў І.В.Карпенка, у той жа час па выніках маніторынгу практыкі прымянення кодэкса, якую правяла рабочая група, створаная па распараджэнні Прэм’ер-міністра Рэспублікі Беларусь, былі ўнесены прапановы па ўдасканаленні заканадаўства аб адукацыі. Планам падрыхтоўкі законапраектаў, зацверджаным указам прэзідэнта, быў прадугледжаны Закон “Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у Кодэкс Рэспублікі Беларусь аб адукацыі”.

У ходзе далейшай работы над праектам, у якую ўключыліся эксперты, спецыялісты адукацыі, прадстаўнікі іншых міністэрстваў і ведамстваў, педагагічная грамадскасць, і праведзенага дасканалага аналізу стану спраў у сістэме адукацыі ў мэтах удасканалення механізмаў кіравання, частку паўнамоцтваў урада па рэгуляванні адносін у сферы адукацыі прапанавана перадаць міністэрствам. Акрамя таго, плануецца ўнесці норму па арганізацыі профільнага навучання на III ступені агульнай сярэдняй адукацыі, перагледзець тэрміны атрымання прафесійнай адукацыі і інш.

Пасля ўнясення змяненняў у структуру падрыхтоўкі спецыялістаў з вышэйшай адукацыяй, у сістэму падрыхтоўкі навуковых работнікаў вышэйшай кваліфікацыі ўзнікла неабходнасць адначасовай карэкціроўкі Закона “Аб навуковай дзейнасці”, і па прычыне многіх змяненняў і дапаўненняў у Кодэкс аб адукацыі трэба разглядаць яго як новую рэдакцыю.

З улікам вышэйназваных падыходаў сёння распрацаваны праект закона Рэспублікі Беларусь “Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у Закон Рэспублікі Беларусь “Аб навуковай дзейнасці” і Кодэкс Рэспублікі Беларусь аб адукацыі”, які змяшчае змяненні і дапаўненні ў два законы і артыкул “Пераходныя палажэнні”, дзе змешчаны правілы прымянення дзеючага заканадаўства аб адукацыі і кодэкса ў новай рэдакцыі пасля яго прыняцця. Гэтыя дакументы дапрацаваны ў адпаведнасці з заключэннем Нацыянальнага цэнтра заканадаўства і прававых даследаванняў Рэспублікі Беларусь.

— Мы палічылі, — заўважыў Ігар Васільевіч, — што на гэтым этапе, калі яшчэ ідзе папярэдняя заканатворчая работа і да якой падключаны розныя структуры, у тым ліку саветы дырэктараў устаноў прафесійна-тэхнічнай, сярэдняй спецыяльнай адукацыі, савет рэктараў УВА, а таксама прадстаўнікі розных структур сістэмы адукацыі, работнікі міністэрстваў і ведамстваў, мы дамовіліся са старшынямі профільных камісій Нацыянальнага сходу, што і дэпутаты Палаты прадстаўнікоў, і члены Савета Рэспублікі падключацца да работы над законапраектам на гэтым этапе, каб сумеснымі намаганнямі зрабіць яго якасным і дасканалым. Пасля ўнясення дакумента непасрэдна ў Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу мы хацелі б, каб наша супольнасць па падрыхтоўцы гэтага заканадаўчага акта, якая сёння фарміруецца, прадоўжыла сумесную работу і далей, каб стварыць такі дакумент, які б адказваў усім патрабаванням сучаснай сістэмы адукацыі і задаволіў запыты нашага грамадства.

Сваю зацікаўленасць у падрыхтоўцы дасканалага законапраекта Кодэкса аб адукацыі выказалі старшыні профільных камісій Палаты прадстаўнікоў і Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу. У сваім выступленні старшыня Пастаяннай камісіі па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльным развіцці Савета Рэспублікі Ірына Анатольеўна Старавойтава адзначыла, што Кодэкс аб адукацыі з’яўляецца доўгачаканым дакументам, які кадыфікуе сістэму адукацыі, і гэтая кадыфікацыя павінна быць максімальна канцэптуальнай.

— Па сутнасці, мы павінны вызначыцца ў стратэгічных прыярытэтах сістэмы адукацыі, — заявіла Ірына Анатольеўна. — Я лічу, што трэба не адзін раз узважыць усе “за” і “супраць”, каб вызначыць адзіную правільную палітыку ў сферы адукацыі.

Ірына Анатольеўна падкрэсліла, што ў ліку прыярытэтных задач развіцця сістэмы вышэйшай адукацыі павінна быць узмацненне ўзаемадзеяння вышэйшай школы з галінамі эканомікі, развіццё інавацый, камерцыялізацыя навуковых даследаванняў і распрацовак, удзел у эканамічным развіцці рэгіёнаў. Стварэнне буйных універсітэцкіх цэнтраў забяспечвае развіццё эканомікі ведаў у адзінстве складнікаў адукацыя — навука — інавацыя. Гэтая работа можа быць эфектыўнай пры ўмове распрацоўкі і ўкаранення стандартаў вышэйшай адукацыі чацвёртага пакалення, Нацыянальнай рамкі кваліфікацый з улікам еўрапейскага вопыту і вопыту краін постсавецкай прасторы па рэфармаванні вышэйшай адукацыі ў адпаведнасці з патрабаваннямі Балонскага працэсу. З гэтай мэтай павінна быць прадоўжана практыка стварэння філіялаў кафедр устаноў вышэйшай адукацыі на прадпрыемствах і ў арганізацыях краіны, наладжана цеснае ўзаемадзеянне з наймальнікамі кадраў, што, дарэчы, яскрава прадэманстраваў удзельнікам сустрэчы Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт інфарматыкі і радыёэлектронікі.

— Інструментам узаемадзеяння ўніверсітэцкай і акадэмічнай навукі з рэальным сектарам эканомікі стануць комплексныя мэтавыя навукова-тэхнічныя праграмы, у рамках якіх будзе ажыццяўляцца поўны інавацыйны цыкл стварэння новых тэхналогій і ўзораў тэхнікі, — адзначыла І.А.Старавойтава. — Па сутнасці, размова ідзе пра мадэль вышэйшай адукацыі, заснаванай на інтэграцыі ўстаноў адукацыі ў буйныя вучэбна-навукова-вытворчыя кластары.

У сваім выступленні старшыня Пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры і навуцы Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу І.А.Марзалюк падтрымаў думку аб неабходнасці і значнасці дасканалай заканадаўчай базы ў адукацыйнай галіне.

— Галоўная задача нашай школы, як заявіў міністр адукацыі Ігар Васільевіч Карпенка, выхаваць грамадзяніна, сем’яніна, прафесіянала, — адзначыў І.А.Марзалюк. — Гэта пацвярджае ў сістэме адукацыі непарыўную гарманічную сувязь навучання і выхавання нашага будучага пакалення. І гэты прынцып павінен быць закладзены ў аснову нацыянальнай сістэмы адукацыі.

Дэпутат заявіў, што калі разглядаць адукацыю як частку сферы спажывецкіх паслуг, то ў выніку можна выхаваць толькі спажыўцоў, а прадстаўленне настаўніка як чалавека, які аказвае педагагічныя паслугі, рэзка знізіць аўтарытэт педагога.

— Мы павінны захаваць фундаментальнасць — традыцыйны нацыянальны падмурак нашай сістэмы адукацыі, і ўлічваць найлепшы сусветны вопыт , — падкрэсліў Ігар Аляксандравіч. — Трэба памятаць, што наша сістэма адукацыі створана для вырашэння стратэгічных задач па ўмацаванні суверэнітэту краіны, выхаванні грамадзяніна, патрыёта, які будзе тут і зараз працаваць у імя дзяржавы і вынікам працы якога стане прадукт самага высокага сусветнага ўзору.

На пасяджэнні выступіў першы намеснік міністра адукацыі В.А.Богуш, які абазначыў перад прысутнымі асноўныя кірункі праекта закона “Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у Кодэкс Рэспублікі Беларусь аб адукацыі”. Яны будуць падрабязна прадстаўлены ў найбліжэйшых нумарах нашай газеты.

Ала КЛЮЙКО.
Фота аўтара.