Аляксандр ЛУКАШЭНКА: “Зрабіце так, каб грамадства адчувала і ведала не толькі тое, што ў нас ёсць вучоныя, але і што яны здольны на штосьці вялікае”

- 10:59Актуально, Апошнія запісы

Год навукі павінен стаць знакавым і па-сапраўднаму пераломным. Аб гэтым заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на цырымоніі ўручэння дыпломаў доктара навук і атэстатаў прафесара навуковым і педагагічным работнікам.

Навуку часта параўноўваюць з акіянам — стыхіяй, якая ў многім нязведаная, але адкрывае перад чалавекам тысячы магчымасцей. “І сапраўды, у бурлівым патоку пошуку і адкрыццяў пераможцам стане толькі той, хто, смела выходзячы за межы стандартнага, ідзе новымі сцежкамі і шляхамі. Толькі паставіўшы перад сабой высокую, магчыма, невыканальную мэту, можна наблізіцца да чагосьці сапраўды важнага”, — перакананы Аляксандр Лукашэнка. Ён выказаў упэўненасць, што менавіта такія мэты ставяць перад сабой сапраўдныя вучоныя, у тым ліку і людзі, якія сабраліся ў зале.

Паводле слоў прэзідэнта, цырымонія ўручэння дыпломаў доктара або атэстатаў прафесара мае асаблівую значнасць для Беларусі. “Яна фактычна адкрывае аб’яўлены ў краіне Год навукі. Год, які павінен стаць для гэтай сферы знакавым і па-сапраўднаму пераломным. Размова ідзе не аб нейкіх маштабных мерапрыемствах або новых адкрыццях. Усё гэта, вядома, істотна. Але што больш важна — у гэты год мы павінны надаць галіне новае гучанне, якасна абнавіць яе структуру”, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

У такіх маладых краінах, як Беларусь, якія дынамічна развіваюцца, навука павінна служыць яшчэ і апорай дзяржаўнай ідэалогіі, падкрэсліў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка.

“Нам проста неабходна аргументаванае, непрадузятае меркаванне кампетэнтных спецыялістаў, — лічыць кіраўнік краіны. — Асабліва сёння, калі робяцца асобныя спробы паставіць пад сумненне суверэнітэт і незалежнасць нашай краіны”.

Прэзідэнт звярнуў увагу на той факт, што ў гэтай зале знаходзяцца людзі, распрацоўкі якіх ужо ўкаранёны і паказваюць высокія вынікі ў важных і запатрабаваных сферах жыцця нашага грамадства.

“Прысутнасць тут і зусім маладых вучоных азначае, што ў нас створана нямала магчымасцей для дасягнення поспеху ў любым узросце. Трэба толькі прыкласці працу і талент”, — заўважыў Аляксандр Лукашэнка.

Звяртаючыся да вучоных, ён падкрэсліў: “Усе вы праявілі сябе ўжо і заслужылі высокую ацэнку калег. Дзейнічайце, стварайце, вынаходзьце, і калі прадукт вашай творчасці будзе канкурэнтаздольным, вы можаце разлічваць на поўную падтрымку — і маю, і дзяржавы. Няхай прызнанне будзе стымулам для новых навуковых перамог і здзяйсненняў, і абавязкова ў нашай роднай Беларусі, дзе выбудавана і пастаянна ўдасканальваецца сістэма дзяржаўнай падтрымкі навукі і вучоных”.

Кіраўнік краіны ў час сустрэчы з вучонымі асаблівую ўвагу ўдзяліў нявырашаным пытанням, якія існуюць у галіне. “Некаторыя з іх сапраўды насцярожваюць”, — заўважыў прэзідэнт. На яго думку, далёка не заўсёды запатрабаваны эканомікай спецыяльнасці, па якіх рыхтуюць саіскальнікаў вучоных ступеней. Гэта відавочная недапрацоўка ўсіх, хто ажыццяўляе планаванне ў гэтай галіне.

Як лічыць Аляксандр Лукашэнка, зроблена, вядома, шмат, але разам з тым так і не ўдалося дабіцца, каб усе даследаванні як па тэхнічных і прыродазнаўчанавуковых, так і па гуманітарных дысцыплінах мелі прыкладную значнасць.

“Вучоных неабходна нацэльваць на самыя запатрабаваныя тэмы і напрамкі. Лепшыя распрацоўкі павінны служыць людзям, а не пыліцца на паліцах, — заявіў прэзідэнт. — І па гэтым пытанні мною прынята вычарпальнае, радыкальнае рашэнне, і яно залежыць толькі ад вас”.

“Ніхто сёння ў краіне не можа адмовіцца ад асваення або ўкаранення вынікаў навуковых даследаванняў. І калі гэтага ўкаранення няма, значыць, вінаваты кіраўнік акадэміі навук і ўсе інстытуты, міністр адукацыі, людзі, якія курыруюць гэты напрамак ва ўрадзе. Вінаваты толькі яны. Не маюць права работнікі вытворчасці адмовіцца ад перспектыўных распрацовак. Перспектыўныя ці не, вырашае фактычна кіраўнік акадэміі навук, і ён нясе за гэта адказнасць. Таму гэта пытанне вырашана раз і назаўсёды, і вы, вучоныя, яго больш не ўзнімайце перада мной. Ёсць спецыялісты, якія ацэняць перспектыўнасць распрацовак”, — сказаў кіраўнік краіны.

У ліку іншых вострых праблем Аляксандр Лукашэнка назваў нежаданне таленавітай моладзі будаваць кар’еру ў даследчай сферы. “Паглядзіце: у нас шэраг перспектыўных галін патрабуе актыўнага развіцця. Атамная энергетыка, касмічная і біятэхналагічная галіны — тут шырокае поле дзейнасці для здольных маладых людзей. Я называю новыя галіны, а колькі старых, якім можна даць новае дыханне”, — адзначыў кіраўнік краіны. Ён таксама задаў рытарычнае пытанне: “Ці можам мы сёння задаволіць здаровыя навуковыя амбіцыі таленавітай моладзі і прадаставіць для работы патрэбныя ўмовы?”

На думку прэзідэнта, у навуковай галіне існуе яшчэ нямала задач, якія трэба вырашыць.

Аляксандр Лукашэнка перакананы, што трэба “крытычна і рацыянальна, па-дзелавому зірнуць на эфектыўнасць дзеючай мадэлі кіравання навукай у нашай краіне”.

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што сённяшняя сустрэча — прэлюдыя да вялікай размовы, якая адбудзецца ў Нацыянальнай акадэміі навук. “Мы павінны вельмі сур’ёзна прааналізаваць сітуацыю ў навуцы, пагаварыць пра яе сучаснае і будучае”, — заявіў прэзідэнт.

На яго думку, ёсць нямала задач, якія неабходна вырашыць. “Нейкія з іх вы можаце і павінны абазначыць у ходзе сённяшняй размовы. Акрамя таго, на маючай адбыцца ў найбліжэйшы час маштабнай нарадзе па развіцці навуковай сферы мы зможам развіць усе вашы прапановы і, можа, нават вырашыць некаторыя з іх. Таму заклікаю вас прыняць самы дзейсны ўдзел у падрыхтоўцы гэтага мерапрыемства — патрэбны свежыя ідэі і ініцыятывы”, — заявіў Аляксандр Лукашэнка.

“Менавіта з перадавымі распрацоўкамі непасрэдна звязаны рост нашага дабрабыту і інтэлектуальнае развіццё нацыі, — перакананы кіраўнік краіны. — Яны вызначаюць у канчатковым выніку ўзровень эканамічнай канкурэнтаздольнасці дзяржавы на міжнароднай арэне. Больш за тое, гарантуюць яе палітычную вагу ў свеце”.

Паводле слоў прэзідэнта, асаблівую актуальнасць набывае ўкараненне зялёных тэхналогій, другаснае выкарыстанне рэсурсаў, энергазберажэнне. “Гэта не проста модны агульнасусветны трэнд, — заўважыў кіраўнік дзяржавы. — Тут і здароўе грамадзян, і ўстойлівае гарманічнае развіццё нашых тэрыторый”.

“Хачу, каб вы разумелі: будучыня краіны сёння — у вашых руках”, — заявіў прэзідэнт. Ён таксама падкрэсліў: “У нас няма геапалітычных амбіцый, самае галоўнае для нас — зберагчы гэты кавалачак зямлі. Усе праблемы ў сувязі з гэтым, як ні дзіўна, ляжаць у сферы эканомікі. Эканоміка ў нас абсалютна адкрытая. І нам трэба яе захаваць у самай жорсткай канкурэнтнай барацьбе. А канкурэнцыі без навукі не бывае”.

Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу на той факт, што цяпер беларускія тэхналогіі, прадукцыя запатрабаваны, але трэба глядзець наперад і рухацца далей, пашыраць рынкі збыту. Прэзідэнт закрануў візіты ў Егіпет і Судан, асноўнай мэтай якіх было пашырэнне паставак туды беларускай прадукцыі і прыцягненне беларускіх тэхналогій. Аляксандр Лукашэнка растлумачыў, што існуюць велізарныя магчымасці для экспарту ў афрыканскія дзяржавы тэхналогій і прадукцыі, шырокага выкарыстання там беларускага вопыту. І гэтыя магчымасці неабходна актыўна выкарыстоўваць, каб не ўпусціць час.

“У нас ёсць тэхналогіі, і яны сёння запатрабаваны. Але заўтра спатрэбяцца іншыя, новыя тэхналогіі. Без навукі ні ў сябе, ні на знешніх рынках мы нічога зрабіць не можам. Менавіта таму такія высокія патрабаванні прад’яўляюцца да вучоных”, — падкрэсліў прэзідэнт.

Напярэдадні Дня беларускай навукі ён выказаў словы ўдзячнасці вучоным за праведзеную імі вялікую работу, а таксама ўручыў дыпломы і атэстаты.

Звяртаючыся да прысутных, прэзідэнт заклікаў: “Зрабіце так, каб грамадства адчувала і ведала не толькі тое, што ў нас ёсць вучоныя, але і што яны здольны на штосьці вялікае. Важна, каб гэты год сапраўды прагучаў як Год навукі”.

У час размовы з навуковымі і навукова-педагагічнымі работнікамі пасля цырымоніі ўручэння дыпломаў доктара навук і атэстатаў прафесара прэзідэнт асобна спыніўся на выкананні яго даручэння аб дасягненні сярэдняга заробку ў краіне, эквівалентнага 500 долараў ЗША.

“У нас няма такой катастрофы, калі нельга зарабіць. Зарабіць можна. Але тым не менш нам трэба павышаць жыццёвы ўзровень, — упэўнены Аляксандр Лукашэнка. — Сярэдняя зарплата $500 — гэта не завоблачная лічба. Папярэдне мне далажылі, што мы ўжо ў снежні мінулага года мелі пад $417 сярэднюю зарплату па краіне. Засталося зусім крыху, каб дасягнуць $500”.

Паводле слоў кіраўніка дзяржавы, скептыкі, якія лічаць, што такога ўзроўню зарплаты дасягнуць немагчыма, ёсць і ва ўрадзе. “Немагчыма — кладзі партфель і ідзі. Калі прэзідэнт паставіў задачу, яна павінна быць выканана. Гэта што, нерэалізуемая задача? Рэалізуемая. Проста трэба больш прадаць таго, што мы ўмеем рабіць, і таго, што не рабілі да гэтага часу. Прадавайце і плаціце людзям”, — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

У некаторых краінах, заўважыў прэзідэнт, даходы багатых людзей у дзясяткі разоў перавышаюць даходы найбяднейшых слаёў насельніцтва. “Глядзіш і на некаторых нашых багаценькіх (добра, алігархаў у краіне няма): яны больш адпачываюць у год, чым працуюць. А паглядзіш, што рабочыя маюць у гэтага багатага чалавека, — гэта $350. Дык як ты можаш адпачываць на Сейшэлах або Канарскіх астравах, а рабочым не плаціць? — задаў рытарычнае пытанне кіраўнік дзяржавы. — Таму гэта ніякі не папулізм, гэта жыццё нашых людзей. Як бы ні было складана, усё ж такі людзі разумеюць сітуацыю. За гэта трэба ім плаціць. Шмат не прашу — $500. Вось трэба выйсці на $500, а далей няхай людзі стараюцца, больш націскаць не буду”.

Прэзідэнт звярнуў увагу, што пры наяўнасці бясплатнай адукацыі і медыцыны, нізкага кошту паслуг ЖКГ і нават бензіну (краіна ж не мае шматлікіх радовішчаў нафты) гэты ўзровень заработнай платы прымальны. “Я магу вам заўтра даць $1000. Але прыйшоў вучыцца ў школу — плаці, як на Захадзе; кінуўся ў навуку — плаці. Таму лепш нам не ламаць тое, што ёсць, а гэта паціху ўдасканальваць”, — падкрэсліў беларускі лідар.

“Нам незалежнасць вельмі танна дасталася: усе народы ваявалі, сёння ваюе наша брацкая Украіна. Нам нельга дапусціць таго, каб ваяваць. Мы народ міралюбівы. Напэўна, Бог перад намі паставіў гэтыя цяжкія задачы, каб мы адчувалі, што такое незалежнасць. Пераадолець усё гэта мы можам, толькі аб’яднаўшыся. І, дзякуй богу, галоўны напрамак нашай барацьбы за незалежнасць праходзіць праз эканоміку — не ў ваеннай сферы, не ў палітычнай”, — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Як падкрэсліў прэзідэнт, неабходна паскоранымі тэмпамі займацца развіццём эканомікі, і навука тут павінна быць галоўным складнікам. “Таму чакайце вельмі сур’ёзнага націску з майго боку ў сферы навукі. Нам не патрэбна проста навука, якая нават калі і не за бюджэтныя грошы жыве, то проста існуе. Нам патрэбна эфектыўная навука для вытворчасці”, — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

Фота Мікалая ПЯТРОВА, БелТА.