Зразумелая нарматыўка: Кацярына Галынская для павышэння нарматыўна-прававых кампетэнцый прапануе воркшоп

- 13:14Образование, Школа управления

У адпаведнасці з падпунктам 1.4 пункта першага артыкула 53 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адукацыі педагагічныя работнікі абавязаны павышаць свой прафесійны ўзровень і праходзіць атэстацыю. Працэдура павышэння кваліфікацыйнай катэгорыі настаўніка — адзін з актуальных напрамкаў работы ў любой установе адукацыі.

Кацярына ГАЛЫНСКАЯ,
намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце гімназіі № 2 Наваполацка

Атэстацыя з’яўляецца ключавой працэдурай ацэнкі і развіцця прафесійнага ўзроўню педагагічных работнікаў і мае два асноўныя прызначэнні:

1) ацэнка ўзроўню кваліфікацыі педагагічных работнікаў для ўстанаўлення адпаведнасці патрабаванням, якія прад’яўляюцца да кваліфікацыйных катэгорый (другой, першай, вышэйшай, кваліфікацыйнай катэгорыі “настаўнік-метадыст”) на аснове аналізу іх прафесійнай дзейнасці;

2) стымуляванне мэтанакіраванага павышэння ўзроўню кваліфікацыі педагагічных работнікаў, павышэнне эфектыўнасці і якасці педагагічнай працы.

Для сістэматызацыі ведаў педагагічных работнікаў у галіне нарматыўнага прававога забеспячэння мэтазгодна арганізоўваць практычныя заняткі — воркшопы, з дапамогай якіх настаўнікі пачынаюць лепш разумець недахопы ў сваёй метадычнай падрыхтоўцы, самастойна вызначаюць напрамкі і змест прафесійнага самаразвіцця.

Мэта воркшопа — павышэнне ўзроўню прафесійнай кампетэнтнасці педагогаў у галіне нарматыўнага прававога забеспячэння.

Задачы:

  • сістэматызаваць веды педагагічных работнікаў у галіне нарматыўнага прававога забеспячэння адукацыйнага працэсу;
  • супаставіць напрамкі выхавання з іх характарыс­тыкамі;
  • суаднесці ключавыя паняцці Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адукацыі з іх азначэннямі.

Абсталяванне: мультыборд, картка ўдзельніка, даміно, QR-лато, мазаіка (пазлы), бланкі з інварыянтным тэсціраваннем.

Працягласць: 45 мінут.

Ход воркшопа

Арганізацыйны момант (1 мінута)

— Добры дзень, паважаныя калегі! Прапаную вам стаць удзельнікамі воркшопа па тэме “Нарматыўныя прававыя дакументы ў рабоце педагога”. Воркшоп (workshop) у перакладзе з англійскай мовы азначае “майстэрня” або “цэх”. Гэта калектыўны метад навучання, які падразумявае актыўны ўдзел кожнага чалавека. Работа ажыццяўляецца ў групе, у парах, а таксама індывідуальна.

Стартавы шэрынг (4 мінуты)

Мэтавызначэнне, работа са спадзяваннямі, звязанымі з удзелам у гэтай па­дзеі.

— Першы этап нашай работы носіць назву “Стартавы шэрынг”. Шэрынг — гэта выказванне сваіх пачуццяў, думак, сістэматызацыя вопыту. Яго мэта — сфармуляваць поле спа­дзяванняў. Умова: работа выконваецца хутка. Кожнаму ўдзельніку групы неабходна вы­браць картку ўдзельніка, сцісла сфармуляваць і запісаць чаканы вынік вашага ўдзелу ў воркшопе (час для адказу — 1 мінута), затым прагаварыць у групе па чарзе вашы адказы, абмеркаваць іх (адсеяць тыя, якія паўтараюцца), агучыць адзін адказ.

Пытанне шэрынгу: сфармулюйце чаканы вынік вашага ўдзелу ў воркшопе. (Даведацца…; навучыцца…; распраца­ваць…; пераняць вопыт…; напрацаваць новыя ідэі…; зразумець…; ваш варыянт.)

Удзельнікі агучваюць свае спадзяванні, фармулююць адзін агульны адказ.

— У кожнага з нас свае мэты, свае спадзяванні, якія ў сукупнасці фарміруюць агульны вобраз канчатковага выніку.

Асноўная частка

— У сваёй дзейнасці ўсе педагагічныя работнікі кіруюцца нарматыўнымі прававымі дакументамі, якія рэгламентуюць іх дзей­насць. Сёння мы з вамі сістэматызуем вашы веды ў галіне нарматыўнага прававога забеспячэння адукацыйнага працэсу.

А для таго каб наш ворк­шоп быў не толькі карысным, але і цікавым, мы будзем гуляць у настольныя гульні. Для гэтага прашу вас падзяліцца на пары, выкарыстоўваючы вашы карткі ўдзельнікаў (кожнаму неабходна знайсці сваю пару па аднолькавым колеры карткі ўдзельніка).

Удзельнікі канферэнцыі БПТ павысілі свае кампетэнцыі на воркшопе

Даміно

Спасылка на матэрыялы гульні:

https://drive.google.com/drive/folders/1JJdl_fNrK2V92laCIIV_F-GHd6I_MgN7?usp=sharing.

Продкам гэтай гульні лічаць ігральныя косці, якія родам з Індыі. Злу­чыць дзве косці ў адну прыдумалі ў Кітаі ў III стагоддзі н.э.: палкаво­дзец Чжугэ Лян прапанаваў такую гульню вартавым, каб тыя не спалі на пасту. Па іншай версіі, прыдумаў яе просты салдат Хун Мін у той жа час. Вядо­ма, што вялікім паклонні­кам гульні быў Леанід Ільіч Брэжнеў. Няхітрыя правілы дазвалялі без вялікіх намаганняў наву­чыць такой гульні нават дзіця, але яна не такая ўжо простая, як здаецца на першы погляд. Гульня развівае памяць, трэніруе стра­тэгічнае мысленне і са­дзейнічае сацыяльным зносінам.

— Вам неабходна са­браць (суаднесці) карткі нашага даміно, дзе напісаны назвы нарматыўных прававых дакументаў, і іх азначэнні (характарыстыкі). На выкананне гэтага задання ў вас ёсць 5 мінут.

Праверка:

— Давайце ўсе разам праверым, ці правільна вы выканалі гэтае заданне. (Удзельнікі чыта­юць назву дакумента і яго характа­рыстыку.)

Лато

Спасылка на матэрыялы гульні:

https://drive.google.com/drive/folders/1_z2rrhDBzxcCvBVITt8yd2RmpsrhLvmZ?usp=sharing.

Радзіма лато — Італія. А калі больш дакладна, то ў Генуэзскай рэспубліцы ў 1530 годзе была згуляна першая партыя. Аднак гэтая азартная гульня ў паспяховым горадзе стала настолькі папулярнай, што парламент, каб грамадзяне не прайгравалі ў пух і прах сваё багацце, вырашыў гульню забараніць. Зрэшты, гэтая забарона не вельмі дапамагла. Расія ўнесла свой уклад у гэтую гульню, калі тая трапіла туды ў XVIII стагоддзі, ды такі, што гэты варыянт так і сталі называць — “Рускае лато”. А ўсё таму, што ўмельцы выкарыстоўвалі разныя бочачкі.

— Выкарыстоўваючы вашы мабільныя тэлефоны, збярыце QR-лато. Вам неабходна навесці камеру мабільнага тэлефона на QR-код, прачытаць напрамак у выхаванні, знайсці адпаведную характарыстыку, якая напісана на бочачцы, і пакласці зверху на QR-код. На выкананне гэтага задання ў вас ёсць 5 мінут.

Праверка: удзельнікі чытаюць характарыстыку, а потым называюць напрамак выхавання.

Мазаіка

Спасылка на матэрыялы гульні:

https://drive.google.com/drive/folders/IznfGjPBjwOq7L7kt8wqQ3ec4vt0glv2T?usp=sharing.

Гісторыя пазлаў пачалася ў 1761 годзе, калі картограф і член Каралеўскага геаграфічнага таварыства Джон Спілсберы прыклеіў геаграфічную карту на дошку, распілаваў яе на асобныя кавалкі, змяшаў атрыманыя кавалачкі і прапанаваў вучням сабраць карту нанова. У Расіі пазлы хутка набылі папулярнасць. У так званыя пузелі гулялі ў салонах. З пузеляў гульцы збіралі невялікія жывапісныя карціны з выявай прыгожых пейзажаў або нацюрмортаў.

— Вам неабходна са­браць пазлы. Яны будуць складацца з паняццяў і іх азначэнняў, якія прапісаны ў Кодэксе Рэспублікі Беларусь аб адукацыі. У вас ёсць на гэта 5 мінут.

Праверка: удзельнікі называюць паняцце і зачытваюць азначэнне.

— Наступнае заданне — віктарына. Выконваць заданне віктарыны вы будзеце ўсе разам. Спасылка на віктарыну: https://wordwall.net/be/resource/62670365.

Магчыма, многія здзівяцца, але слова “віктарына” ўпершыню з’явілася менавіта ў рускай мове. У 1928 годзе ў часопісе “Огонек” з’явілася рубрыка, якая ўключала ў сябе пытанні, шарады, рэбусы. Яе назвалі “Віктарына”. Рыхтаваў гэтую займальную паласу Віктар Мікулін, супрацоўнік часопіса. Ад імя Віктар і апошніх літар прозвішча і склалася слова “віктарына”.

Віктарына будзе прадстаўлена на мультыбордзе. Працаваць вы будзеце ў групе. Вам неабходна прачы­таць азначэнне паняцця, якое прадстаўлена ў Кодэксе Рэспублікі Беларусь аб адукацыі, і выбраць правільны варыянт з прадстаў­ленага спіса паняццяў.

Для актывізацыі і замацавання матэрыялу прапаноўваю кожнаму выканаць інварыянтнае тэсціраванне. На выкананне гэтага задання ў вас ёсць 10 мінут: https://onlinetestpad.com/ix7ahgjreuuvq.

Правільныя адказы бу­дуць прадстаўлены на мультыбордзе.

Праверка: удзельнікі зачытваюць пытанне, называюць правільны адказ і звяраюць свае адказы з правільнымі.

Фінальна-рэфлексіўны шэрынг. Падвядзенне вынікаў, рэфлексія (5 мінут)

— Наш воркшоп набліжаецца да завяршэння, падвядзём вынікі. Прашу кожнага з вас адказаць на наступныя пытанні і запісаць адказы ў картку гульца.

  1. Наколькі я задаволены атрыманымі вынікамі?
  2. Ці супалі чаканыя вы­нікі з атрыманымі ведамі?

Падвядзенне вынікаў воркшопа:

— Думаю, што вашы спадзяванні супалі з атрыманымі ведамі. Прапаноўваю кожнаму з вас выбраць для сябе “партфель”, у якім сабраны матэрыялы нашага воркшопа (https://docs.google.com/document/d/1tDloU7uasnojH5rWSdvA84jykEGc9OcI/edit?usp=sharing&ouid=106213685694665876167&rtpof=true&sd=true).

Фота Вольгі ДУБОЎСКАЙ і з сайта гімназіі