Зразумець чалавека з інваліднасцю

- 11:56Спецыяльная адукацыя

Педагагічны калектыў Цэнтра карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі Ленінскага раёна Мінска прадставіў адукацыйны праект “Звычайныя людзі: убачыць, пачуць, адчуць…”. Ініцыятыва заклікана звярнуць увагу на праблему “нябачнасці” людзей з асаблівымі патрэбамі. З гэтай мэтай на базе ўстановы пачала стварацца інтэрактыўная пляцоўка па фарміраванні інклюзіўнай культуры. Яна стане месцам для правядзення інклюзіўных мерапрыемстваў, нефармальных зносін, абмену вопытам.

Людзі з інваліднасцю ма­юць патрэбу ва ўвазе і падтрымцы, аднак не ўсе гатовы да ўзаемадзеяння з імі. Для многіх гэта становіцца сапраўдным выпрабаваннем. Выхаваныя людзі баяцца закрануць чалавека з інваліднасцю неасцярожным словам, поглядам, прымусіць такога чалавека адчуць няём­касць. Яшчэ нядаўна мама Максіма, дзіцяці з інваліднасцю, выхаванца ЦКРНіР Ленінскага раёна, лічыла немагчымым схадзіць з ім у цырк з-за таго, што дзіця будзе прыцягваць залішнюю ўвагу навакольных. І толькі дзякуючы педагогам цэнтра, якія працяглы час працавалі з мамай і пераконвалі ў неабходнасці наведаць паказ, хлопчык упершыню ў 11 гадоў трапіў на грандыёзнае навагодняе свята, дзе атрымаў шмат яркіх уражанняў, усміхаўся, пляскаў у ладкі. Мама ні на хвіліну не па­шкадавала аб прынятым рашэнні. Гэта толькі адзін з нешматлікіх прыкладаў. Вядома, за апошняе дзесяцігоддзе многае змянілася, але трэба зрабіць яшчэ больш. Адна з праблем — недахоп сацыяльных ведаў у звычайных дзяцей пра іх равеснікаў з абмежаванымі магчымасцямі. Часта інклюзіяй лічаць толькі работу з людзьмі з інваліднасцю. Але яе значэнне значна шырэйшае і ўключае ў сябе гатоўнасць ісці на дапамогу адно аднаму, рэалізацыю роўнасці магчымасцей, фарміраванне інклюзіўнай культуры.

Нямногія з нас задумваліся, што прывяло да ўзнікнення партрэтнага жывапісу ў ХVIII стагоддзі. Прычына знаходзіцца на паверхні — увага да асобы чалавека, узмацненне гуманістычных каштоўнасцей. Мастакі сталі дэталёва прапісваць рысы твару, становішча рук і цела чалавека, імкнучыся перадаць яго глыбокія пачуцці. Лю­дзі з інваліднасцю са сваім непаўторным “я” з’явіліся на малюнках значна пазней — толькі на фотаздымках і білбордах у канцы ХХ стагоддзя.

“Каб згладзіць усе бар’еры ў зносінах з людзьмі з інваліднасцю, звычайным людзям неабходна больш ведаць аб іх жыцці, спосабах узаемадзеяння з імі, — адзначыла дырэктар ЦКРНіР Ленінскага раёна Мінска Таццяна Піваварчык. — Таму мы ствараем інтэрактыўную пляцоўку, дзе з дапамогай адаптыўных прыстасаванняў і наглядных мадэлей кожны зможа адчуць на сабе штодзённыя перашкоды, з якімі сутыкаюцца людзі з асаблівымі патрэбамі: цяжкасці ў самаабслугоўванні, перамяшчэнні, камунікацыі. Для памяшканняў цэнтра набываецца абсталяванне, якое акажа моцнае ўздзеянне на эмацыянальную і пачуццёвую сферу чалавека, што падштурхне да пераасэнсавання адносін да людзей з інваліднасцю.

На інтэрактыўнай пляцоўцы плануецца адкрыць чатыры аб’екты: “Дыялог у цемры”, “Аўтызм як арэлі: то ўверх, то ўніз”, “І толькі сэрца чутны стук…”, “Абмежаваныя ў рухах, не абмежаваныя ў магчымасцях”. Спецыялісты нашай каманды дапамо­гуць усім жадаючым паўдзельнічаць у дыялогу з чалавекам, які не можа гаварыць, выкарыстоўваючы спецыяльныя карткі, паспрабаваць знайсці выхад у незнаёмым памяшканні або нарэзаць хлеб у поўнай цемры, расказаць пра карціну, калі парушана цэласнасць яе ўспрымання, як у людзей з аўтызмам. Звычайным людзям нават уявіць гэта складана. Але так штодня жывуць асаблівыя лю­дзі. Для таго, напрыклад, каб навучыцца камунікацыі пры адсутнасці маўлення, дзіцяці, па сутнасці, трэба “вынайсці” сваю сістэму зносін”.

Наведвальнікамі пляцоўкі стануць людзі з розным сацыяльным вопытам: навучэнцы і студэнты, дзяржслужачыя і педагогі, спецыялісты сферы абслугоўвання і іншыя. З навучэнцамі ўстаноў адукацыі Ленінскага раёна сталіцы запланавана рэалізацыя пілотнага праекта. Што тычыцца змястоўнага насычэння праекта, то будзе створаны метадычны медыяпартал для педагогаў, куды ўвой­дзе банк інтэрактыўных сітуацый і актыўных метадаў навучання па фарміраванні інклюзіўнай культуры. У працэсе распрацоўкі экскурсійная праграма для педагогаў, дзіцячых калектываў, бацькоў і сцэнарыі сумеснай дзейнасці дзяцей з АПФР са звычайнымі аднагодкамі. Прадстаўлена і мабільная версія інтэрактыўнай пляцоўкі для арганізацыі выязных мерапрыемстваў. Праект “Звычайныя людзі: убачыць, пачуць, адчуць…” разлічаны на 2 гады. Яго арганізатары ўпэўнены, што ён дапаможа знізіць градус стыгматызацыі ў грамадстве, скароціць сацыяльна-псіхалагічную дыстанцыю паміж людзьмі.

# БЕЗСОЦФИЛЬТРОВ

У рамках праекта “Звычайныя людзі” ў ЦКРНіР Ленінскага раёна Мінска прайшла фотавыстава “#БЕЗСОЦФИЛЬТРОВ”. Яе мэта — прыцягненне ўвагі да праблем дзяцей з АПФР, інфармаванне шырокай грамадскасці аб праблемах інваліднасці. Героі фотапраекта — навучэнцы карэкцыйнага цэнтра.

Прафесійны фатограф Ігар Калашнікаў, здымаючы дзяцей з цяжкай інваліднасцю, змог выказаць іх пачуцці: шчасце, насцярожанасць, радасць, засмучэнне, задавальненне, стом-­

ленасць. У фотаработах знайшла адлюстраванне ідэя каштоўнасці ў жыцці дзяцей базавых рэчаў, такіх як рух. Фотамайстар паказаў прыёмы і метады навучання дзяцей з цяжкай інваліднасцю, якія выкарыстоўваюцца педагогамі ўстановы спецыяльнай адукацыі.

Надзея ЦЕРАХАВА.