Зробяць свет чыстым

- 13:13Навіны рэгіёнаў

Настаўніца пачатковых класаў гімназіі № 3 Гродна Іна Адаменя лічыць, што дзіця нават у малодшым школьным узросце мае патрэбу пазнаваць, даследаваць.

Члены аб’яднання па інтарэсах “Юныя даследчыкі”.

— Дапытлівасць, жаданне назіраць за светам, праводзіць доследы і эксперыменты, шукаць новыя веды аб свеце — можна разглядаць як важныя рысы дзіцячых паводзін.  Дзіця ў любым узросце захоплена даследчыцкім пошукам практычна заўсёды. Гэта яго натуральны стан: ірваць паперу і назіраць за тым, што ў яго атрымалася, назіраць за грызунамі, даследавац­ь, як з’яўляецца цвіль на сыры або ў партфелі, зрабіць сваімі рукамі лізун… Менавіта гэтае ўнутранае жаданне даследавання абуджае адпаведныя паводзіны і стварае ўмовы для развіцця даследчыцкіх уменняў, — гаворыць Іна Мікалаеўна.

А рэалізуе гэтую дзіцячую цікавасць настаўніца на занятках аб’яднання па інтарэсах “Юны даследчык”, якое працуе ў гімназіі № 3 з 2017 года.

— Як правіла, пасля вучэбнага дня навучэнцы адчуваюць стомленасць, а мая задача — уцягнуць іх у дзейнасць максімальна. Таму найбольш эфектыўным сродкам для развіцця даследчыцкіх уменняў лічу гульнявую дзейнасць, стварэнне праблемных сітуацый і гульнявых сітуацый паспяховасці, — працягвае Іна Мікалаеўна.

Яшчэ яна вучыць сваіх выхаванцаў бачыць праблемы і так арганізоўвае заняткі, каб навучэнцы ўключаліся ў самастойны пошук і адкрыццё новых ведаў. Адным з такіх пытанняў стала праблема адходаў. У выкананне даследавання “Адходы і мы” ўключыліся навучэнцы тады 3 “А” класа і іх бацькі.

Дзеці даведаліся, як адходы ўплываюць на навакольнае асяроддзе, на здароўе і жыццё людзей, на жывёльны і раслінны свет, пра тое, што гінуць расліны, жывёлы, а чалавек пачынае дыхаць газамі ад адходаў. Забруджваецца і акіян. Да 8 працэнтаў плошчы Ціхага акіяна займае вялікая ціхаакіянская смеццевая пляма. Была зроблена выснова: мы спажываем усё больш, а значыць, усё больш выкідваем.

У ходзе даследавання быў зняты фільм, дзеці ў ім былі прадстаўлены ў ролі розных міністраў — адукацыі, аховы здароўя, па надзвычайных сітуацыях, лясной гаспадаркі. Кожны міністр выказаў сваё меркаванне аб праблеме адходаў і шляхах яе вырашэння. А яшчэ дзеці напісалі казку “Бараць­ба за чысціню”. Выснова была зроблена такая: самы важны шлях вырашэння гэтай глабальнай экалагічнай праблемы заключаецца не толькі ў раздзельным зборы смецця, але і ў неабходнасці выконваць адно вельмі важнае правіла: для падтрымкі чысціні патрэбна адно — не смеціць!

Творчую рэалізацыю і ацэку сваёй дзейнасці Іна Мікалаеўна і яе вучні атрымліваюць праз удзел у конкурсах.

— У гэтым годзе, прааналізаваўшы вопыт работы над дадзенай тэмай, я склала метадычную распрацоўку “Мы за чыстую планету” і адправіла на міжнародны конкурс праектаў “Экалагічныя праблемы сучаснасці”, які праводзіўся ў Чэхіі, — расказвае Іна Мікалаеўна. — Самымі актыўнымі юнымі даследчыкамі і маімі памочнікамі на працягу трох гадоў былі Славамір Краеўскі, Ангеліна Куўшынава, Вадзім Дзятлаў, Данііл Шавель, Ульяна Батурына, Ганна Гацук, Канстанцін Семянчук, Ілья Дубінскі, Валерыя Якімовіч, Кацярына Герасімік, Вольга Мулярэвіч, Вікторыя Лебедзева, Аляксандра Аблажэвіч, Яна Бычкоўская.

Удзел у гэтым конкурсе аказаўся выніковым. Гро­дзенцы былі адзначаны дыпломам ІІ ступені. Дырэктар гімназіі Вольга Сяргееўна Лышова атрымала падзяку арганізатараў конкурсу за падрыхтоўку прызёраў і пераможцаў, а таксама за педагагічнае майстэрства.

Выхаванне беражлівага і адказнага стаўлення да прыродных рэсурсаў ажыццяўляецца ў гімназіі па­стаянна. Пра гэта сведчыць тое, што дыпломам ІІ ступені на раённым этапе Рэспубліканскага конкурсу праектаў па эканоміі і беражлівасці “Энергамарафон-2019” у намінацыі “Мастацкая работа па прапаган­дзе эфектыўнага і рацыянальнага выкарыстання энерга­рэсурсаў” адзначаны відэаролік навучэнца 11 класа Цімафея Шчарбакова і плакат навучэнкі 10 класа Лізаветы Кулак. Кіраўнікамі гэтых праектаў былі настаўніцы Людміла Іосіфаўна Дзямідава, Аксана Уладзіміраўна Баркоўская і Наталля Мікалаеўна Сяргей.

Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.