Звольніць нельга пакінуць

Днямі ў рэдакцыі “Настаўніцкай газеты” прайшла прамая лінія. Да нашых гасцей — прадстаўнікоў Цэнтральнага камітэта галіновага прафсаюза — ад чытачоў паступіла амаль паўсотні пытанняў. Сёння мы працягваем друкаваць адказы на іх. На гэты раз у цэнтры ўвагі — пытанні працоўнага заканадаўства: працягненне і спыненне кантрактаў, прадастаўленне адпачынкаў, работа па сумяшчальніцтве і інш. На вашы пытанні адказвае галоўны прававы інспектар працы Цэнтральнага камітэта Беларускага прафесійнага саюза работнікаў адукацыі і навукі Ларыса Васільеўна МАНЮК.

— Вас турбуе Лізавета Міхайлаўна Дзмітрыева, настаўніца геаграфіі вышэйшай катэгорыі, заслужаны настаўнік Рэспублікі Беларусь, стаж работы ў школе 42 гады, пенсіянер з вучэбнай нагрузкай 8 гадзін геаграфіі, працую ў сельскай малакамплектнай школе. За апошнія 5 гадоў мае вучні 7 разоў станавіліся прызёрамі заключнага (чацвёртага) этапу Рэспубліканскай алімпіяды і 5 разоў — Рэспубліканскай канферэнцыі па прадмеце “Геаграфія”. Дзеці атрымалі 12 пасведчанняў спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.
30 лістапада 2014 года заканчваецца тэрмін кантракта, заключанага са мной на адзін год. Раней я працавала па працоўным дагаворы, які таксама заключаўся на адзін год. Ці маю я права на працяг працоўных адносін у адпаведнасці з падпунктамі 31.13—31.15 пункта 31 галіновага пагаднення паміж Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь і Беларускім прафесійным саюзам работнікаў адукацыі і навукі на 2013—2016 гады?
Л.В.: — Так. Маеце права, калі ў вас няма дысцыплінарных спагнанняў, тэрмін дзеяння якіх яшчэ не мінуў.
Акрамя таго, хацелася б нагадаць, што работнікі, якія дасягнулі пенсіённага ўзросту, у сферы працоўных адносін маюць роўныя правы з іншымі работнікамі.

— У мяне профільная адукацыя. Я — настаўнік пачатковых класаў. Ёсць вопыт работы больш за 10 гадоў, першая катэгорыя. Вясной у мяне скончыўся кантракт, яго не працягнулі: па словах кіраўніка, у школу збіраліся набіраць толькі адзін першы клас, працоўнае месца ў якім планавалася аддаць іншаму педагогу. Адпаведна, я звольнілася са школы. Была без работы доўгі час. Звярталася ў аддзел адукацыі, там мне работу па спецыяльнасці прапанаваць не змаглі, прапанавалі толькі месца выхавальніка групы прадоўжанага дня. Але мне б хацелася працаваць па спецыяльнасці. Ведаю, што ў маёй школе на пасадзе педагога пачатковых класаў працуе пенсіянер. Чаму такая несправядлівасць? У работніка працаздольнага ўзросту няма магчымасці працаваць па спецыяльнасці, а пенсіянер працуе…
Л.В.: — Парушэнняў заканадаўства ў гэтым выпадку няма. Работнікі, якія дасягнулі пенсіённага ўзросту, у сферы працоўных адносін маюць роўныя правы з іншымі работнікамі. І гэта права наймальніка вырашаць, каго браць на работу.

— Вас турбуе дырэктар адной са школ Аршанскага раёна. У работніка ўстановы заканчваецца тэрмін дзеяння кантракта. За месяц да гэтага яму было ўручана пад подпіс паведамленне аб прадаўжэнні кантракта. Але работнік не піша заяву ні аб прадаўжэнні кантракта, ні аб звальненні. Як паступіць у такой сітуацыі?
Л.В.: — У адпаведнасці з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 12 красавіка 2000 года № 180 “Аб парадку прымянення Дэкрэта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 26 ліпеня 1999 г. № 29” (у рэд. Указаў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 23.08.2005 г. № 392 , ад 02.06.2006 г. № 369, ад 31.03.2010 г. № 164), кожны з бакоў, якія заключылі кантракт, не пазней чым за адзін месяц да заканчэння тэрміну яго дзеяння пісьмова папярэджвае другі бок аб рашэнні працягнуць або спыніць працоўныя адносіны.
У дзень заканчэння тэрміну дзеяння кантракта наймальнік, паколькі работнік не паведаміў наймальніку аб сваіх намерах, мае права прапанаваць работніку яго падпісаць для прадаўжэння працоўных адносін. У выпадку, калі работнік адмовіцца ад падпісання кантракта, неабходна скласці акт аб адмове ад падпісання кантракта і звольніць работніка па пункце 2 артыкула 35 Працоўнага кодэкса Рэспублікі Беларусь.

— Патлумачце, як лепш паступіць у сітуацыі, калі мяркуецца, што работнік не будзе выкарыстоўваць адпачынак цалкам. Ці можа работнік у адной заяве папрасіць аб прадастаўленні часткі працоўнага адпачынку (21 каляндарны дзень) і выплаты кампенсацыі за нявыкарыстаную частку працоўнага адпачынку? Або работніку лепш прасіць даць працоўны адпачынак цалкам з наступным адкліканнем і заменай нявыкарыстанай часткі працоўнага адпачынку грашовай кампенсацыяй?
Л.В.: — У гэтым выпадку магчымы два варыянты. У адпаведнасці з артыкулам 161 Працоўнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, частка працоўнага адпачынку (асноўнага i дадатковага), якая перавышае 21 каляндарны дзень, па дамове паміж работнікам і наймальнікам можа быць заменена грашовай кампенсацыяй. Але пры гэтым варта памятаць, што не дапускаецца замена грашовай кампенсацыяй адпачынкаў, якія прадстаўляюцца авансам, адпачынкаў, якія прадстаўляюцца цяжарным жанчынам, работнікам, прызнаным інвалідамі, работнікам, маладзейшым за васямнаццаць гадоў, і работнікам за работу ў зонах радыеактыўнага забруджвання, а таксама дадатковых адпачынкаў за работу са шкоднымі і (або) небяспечнымі ўмовамі працы i за асаблівы характар працы.
Другі варыянт: у адпаведнасці з артыкулам 174 Працоўнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, працоўны адпачынак можа быць перарваны па прапанове наймальніка і са згоды работніка (адкліканне з адпачынку). Нявыкарыстаная ў сувязі з гэтым частка адпачынку па дамоўленасці паміж работнікам і наймальнікам прадастаўляецца на працягу бягучага працоўнага года, або па жаданні работніка далучаецца да адпачынку за наступны працоўны год, або кампенсуецца ў грашовай форме. Пры гэтым трэба памятаць, што прыняцце рашэнняў аб адклiканнi работніка з адпачынку і выплаты яму грашовай кампенсацыі за нявыкарыстаную частку працоўнага адпачынку прымаецца наймальнікам са згоды работніка.
Да гэтага можна дадаць і тое, што сітуацыі, пры наяўнасці якіх дапускаецца адкліканне з адпачынку, могуць вызначацца калектыўным дагаворам.

— Я хачу ўладкавацца па сумяшчальніцтве ў іншую ўстанову адукацыі. Скажыце, ці трэба для гэтага згода майго цяперашняга наймальніка?
Л.В.: — Спачатку давайце вызначымся з тым, што такое сумяшчальніцтва. У артыкуле 343 Працоўнага кодэкса Рэспублікі Беларусь значыцца, што сумяшчальніцтва — гэта выкананне работнікам у вольны ад асноўнай работы час работы, што аплачваецца, у таго ж (унутранае сумяшчальніцтва) або ў іншага наймальніка (знешняе сумяшчальніцтва) на ўмовах іншага працоўнага дагавора. Заключэнне працоўных дагавораў аб рабоце па сумяшчальніцтве з некалькімі наймальнікамі дапускаецца, калі іншае не ўстаноўлена заканадаўчымі актамі.
Хацелася б падкрэсліць, што пры такім працаўладкаванні ў працоўным дагаворы павінна быць абавязкова пазначана, што работа з’яўляецца сумяшчальніцтвам.
А вось згода наймальніка па асноўным месцы працы для працаўладкавання па сумяшчальніцтве не патрабуецца.

— У мяне кантракт падпісаны тэрмінам на адзін год. Да завяршэння дзеяння кантракта засталося больш за паўгода. Але зараз у мяне з’явіўся варыянт больш выгаднага працаўладкавання. Ці магу я да заканчэння тэрміну дзеяння кантракта звольніцца, калі цяперашні наймальнік дасць сваю згоду? У якім парадку гэта афармляецца?
Л.В.: — Так, пры згодзе наймальніка гэта магчыма. Прычым галіновае пагадненне ў некаторых выпадках абавязвае наймальніка даваць такую згоду. Так, у адпаведнасці з падпунктам 31.25 пункта 31 Пагаднення паміж Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь і Беларускім прафесійным саюзам работнікаў адукацыі і навукі на 2013—2016 гады, наймальнік па просьбе работніка ў тэрмін, узгоднены імі, але не пазней чым праз дзесяць дзён з дня падачы работнікам заявы датэрмінова скасоўвае кантракт, тэрміновы працоўны дагавор пры наяўнасці прычын, якія выключаюць або значна абцяжарваюць прадаўжэнне работы: стан здароўя, пенсіённы ўзрост, абранне на выбарную пасаду, пераезд у іншую мясцовасць, догляд хворых (інвалідаў) сваякоў, догляд дзяцей ва ўзросце да 14 гадоў, змяненне сямейнага становішча, працаўладкаванне ў іншага наймальніка на поўную стаўку, калі работнік працуе на няпоўную стаўку, або з больш высокім узроўнем аплаты працы, іншыя выпадкі, прадугледжаныя калектыўным дагаворам, пагадненнем.
У такім выпадку работнік падае на імя наймальніка заяву з просьбай аб звальненні па дамове бакоў і дакументы, якія пацвярджаюць наяўнасць падстаў для датэрміновага скасавання кантракта.

— Я — прыёмная мама. Адпачынак у мяне, як і ў педагогаў, даволі доўгі. Скажыце, ці магу я раздзяліць яго больш, чым на дзве часткі?
Л.В.: — У адпаведнасці з артыкулам 174 Працоўнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, па дамоўленасці паміж работнікам і наймальнікам працоўны адпачынак можа быць падзелены на дзве часткі, калі іншае не прадугледжана калектыўным дагаворам, пагадненнем. Пры гэтым адна частка павінна быць не менш за 14 каляндарных дзён. Але ў калектыўным дагаворы, пагадненні можа быць прадугледжаны падзел працоўных адпачынкаў і на тры часткі.

— У гэтым годзе ў школе праводзілі рамонт гаспадарчым спосабам. Акрамя прыцягнення работнікаў звонку, многае было даручана выконваць настаўнікам. Скажыце, на якой прававой аснове наймальнік можа прыцягнуць мяне, настаўніка, да рамонтных работ у летні перыяд?
Л.В.: — У адпаведнасці з артыкулам 20 Працоўнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, наймальнік не мае права патрабаваць ад работніка выканання работы, не абумоўленай працоўным дагаворам. Калі работнік згодзен выконваць іншую работу, не абумоўленую яго працоўным дагаворам і службовай інструкцыяй, то наймальнік павінен аформіць гэта адпаведным чынам з аплатай за выкананую работу.

— Я знаходжуся ў адпачынку па доглядзе дзіцяці да дасягнення ім узросту трох гадоў па асноўным месцы працы. Але ў гэты ж час працую на 0,5 стаўкі ў іншай арганізацыі па сумяшчальніцтве. Зараз хачу звольніцца. Пры звальненні па сумяшчальніцтве ці будзе мне выплачана кампенсацыя за нявыкарыстаны працоўны адпачынак?
Л.В.: — У адпаведнасці з артыкулам 349 Працоўнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, гарантыі і кампенсацыі, прадугледжаныя кодэксам, іншымі актамі заканадаўства, калектыўнымі дагаворамі, пагадненнямі, іншымі лакальнымі нарматыўнымі прававымі актамі, прадастаўляюцца работнікам, якiя працуюць па сумяшчальніцтве, у поўным аб’ёме. З адным выключэннем: акрамя гарантый і кампенсацый, прадугледжаных работнікам, якiя сумяшчаюць работу з атрыманнем адукацыі, якія прадастаўляюцца толькі па асноўным месцы работы.
Такім чынам, у адпаведнасці з артыкулам 179 Працоўнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, пры звальненні работніка, які працуе на ўмовах сумяшчальнiцтва незалежна ад падстаў і які не выкарыстоўваў або выкарыстаў не цалкам працоўны адпачынак, яму выплачваецца грашовая кампенсацыя. І вы маеце на яе поўнае права.
Пры гэтым варта памятаць, што грашовая кампенсацыя за поўны працоўны адпачынак выплачваецца, калі да дня звальнення работнік працаваў увесь працоўны год (12 месяцаў мінус сумарная працягласць працоўнага адпачынку, на які работнiк мае права). Калі ж да дня звальнення работнік працаваў частку працоўнага года, грашовая кампенсацыя выплачваецца прапарцыянальна адпрацаванаму часу.
Грашовая кампенсацыя за нявыкарыстаны працоўны адпачынак пры звальненні выплачваецца ў дзень звальнення.

— Кіраўнік арганізацыі вырашыў не працягваць са мной кантракт. У належны тэрмін мне было ўручана паведамленне пра гэта. Мяне такое рашэнне не задавальняе — у нашым горадзе мне будзе дастаткова складана знайсці работу па спецыяльнасці. Пры гэтым я добрасумленна выконвала свае абавязкі, у мяне няма вымоў, заўваг. Скажыце, ці прадугледжаны якія-небудзь выпадкі ў заканадаўстве, якія дазволілі б аспрэчыць гэтае рашэнне наймальніка?
Л.В.: — У такім выпадку можна звярнуцца да галіновага пагаднення. У адпаведнасці з падпунктам 31.15 пункта 31 Пагаднення паміж Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь і Беларускім прафесійным саюзам работнікаў адукацыі і навукі на 2013—2016 гады, наймальнік абавязаны прадаўжаць кантракты з работнікамі, якія паспяхова і добрасумленна выконваюць службовыя абавязкі і не дапускаюць парушэнняў працоўнай і выканальніцкай дысцыпліны, у межах максімальнага тэрміну дзеяння кантракта з іх згоды.
Калі, як вы кажаце, у вас няма дысцыплінарных спагнанняў, тэрмін якіх яшчэ не скончыўся, а наймальнік не працягвае кантракт, вы маеце права звярнуцца за абаронай сваіх правоў у галіновы прафсаюз або суд.

— Мне ўжо споўнілася 55 гадоў, такім чынам я магу выйсці на пенсію, але па дамоўленасці з наймальнікам засталася працаваць. Са мной заключаны кантракт да 2017 года. Але цяпер у сувязі з прыбыццём маладога спецыяліста і недахопу гадзін для яго наймальнік гаворыць пра тое, што можа мяне звольніць, маўляў, маладыя спецыялісты маюць першачарговае права на працаўладкаванне. Ці правільна гэта?
Л.В.: — У гэтым канкрэтным выпадку — не. У адпаведнасці з артыкулам 14 Працоўнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, забараняецца дыскрымінацыя ў сферы працоўных адносін. Дыскрымінацыя, гэта значыць, абмежаванне ў працоўных правах або атрыманне якіх-небудзь пераваг у залежнасці ад полу, расы, нацыянальнага і сацыяльнага паходжання, мовы, рэлігійных або палітычных перакананняў, удзелу ці няўдзелу ў прафсаюзах ці іншых грамадскіх аб’яднаннях, маёмаснага або службовага становішча, узросту, месца жыхарства, недахопаў фізічнага або псіхічнага характару, якія не перашкаджаюць выкананню адпаведных працоўных абавязкаў, іншых прычын, не звязаных з дзелавымі якасцямі і не абумоўленых спецыфікай працоўнай функцыі работніка, забараняецца.
Такім чынам, работнікі пенсіённага ўзросту ў сферы працоўных адносін маюць роўныя правы з іншымі работнікамі.
Калі вы лічыце, што падвергліся дыскрымінацыі ў сферы працоўных адносін, напрыклад, з-за ўзросту, то маеце права звярнуцца ў суд з адпаведнай заявай аб ліквідацыі дыскрымінацыі.

Падрыхтавала Алена МАРКЕВІЧ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.