Звыш 200 аўтарскіх відэаўрокаў — настаўнік Эдуард Гардзееў павышае матывацыю дзяцей да вучобы праз ІКТ

- 10:08Образование

Не проста даць веды, а падрыхтаваць да рэальнага жыцця, выхаваць з хлопчыкаў сапраўдных мужчын імкнецца настаўнік тэхнічнай працы сярэдняй школы № 1 Слаўгарада Эдуард Гардзееў. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Педагагічная прафесія дасталася Эдуарду Юр’евічу ў спадчыну: ён выхоўваўся ў сям’і настаўнікаў.

— І сам заўсёды быў упэўнены, што стану педагогам. Профіль выбраў свядома. На мой погляд, працоўнае навучанне — ­адзін з найважнейшых прадметаў у школе, — расказаў Эдуард Гардзееў.

Сваё юнацкае імкненне Эдуард Юр’евіч ажыццявіў. Ужо больш за 30 гадоў ён ву­чыць слаўгарадскіх хлопчыкаў праца­ваць рукамі.

— Маладым педагогам мэтанакіравана вярнуўся на малую радзіму. Першыя прафесійныя крокі рабіў у сельскіх навучальных установах. А пасля атрымаў запрашэнне ў сярэднюю школу № 1 райцэнтра, якую сам некалі скончыў, — падзяліўся ўспамінамі Эдуард Гардзееў.

У майстэрні ў Эдуарда Юр’евіча заўсёды шумна і весела. Настаўнік імкнецца буда­ваць свае ўрокі на зацікаўленасці навучэнцаў. Заняткі ў яго праходзяць у фармаце дыялогаў і дыскусій.

— Многія вучні не ўспрымаюць працоўнае навучанне сур’ёзна. Пераконваю хлопцаў у адваротным. Тлумачу, што ўменне пілаваць, габляваць, свідра­ваць неаднаразова спатрэбіцца ім у побыце. Каб вучні дакладна ўсведамлялі, дзе можна прымяніць атрыманыя веды, урокі раблю максімальна практыка-арыентаванымі, — расказаў Эдуард Гардзееў.

Матывацыю да вучобы Эдуард Юр’евіч павышае і праз усебаковае прымяненне інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій. Для правядзення заняткаў ён распрацаваў аўтарскі мультымедыйны кантэнт: у арсенале педагога звыш 200 відэаўрокаў на розныя тэмы, зборнікі інтэрактыўных заданняў і практыкаванняў для ўсіх класаў. Цалкам самастойна Эдуард Гардзееў стварыў стэнды і плакаты на сценах майстэрні. А яшчэ ў яго ёсць уласны сайт і YouTube-канал.

— Выкарыстанне сучасных адукацыйных тэхналогій дапамагае ўтрымліваць цікавасць вучняў. Цяперашнім дзецям патрэбна нагляднасць. Відэапрэзентацыі якраз спрыяюць лепшаму засваенню аб’ёмнага тэарэтычнага матэрыялу. І хлопцаў вельмі захапляе магчымасць вучыцца пры дапамозе гаджэтаў, — растлумачыў Эдуард Юр’евіч.

У ліку педагагічных прыярытэтаў Эдуар­да Гардзеева не толькі навучанне, але і выхаванне вучняў. Асабістым прыкладам ён фарміруе ў іх якасці, уласцівыя сапраўдным мужчынам.

— Праз канкрэтныя словы і ўчынкі прывіваю юнакам любоў да працы, вучу самастойнасці, мэтанакіраванасці, адказнасці, праяўленню грамадзянскасці і патрыятызму, — адзначыў педагог.

Не забывае Эдуард Юр’евіч і пра развіццё здольнасцей навучэнцаў. Для яго важна раскрыць патэнцыял кожнага дзіцяці. Педагог вучыць не баяцца памылак, пастаян­на імкнуцца да самаўдасканалення. Такі падыход прыносіць адпаведныя вынікі. У класах Эдуарда Гардзеева высокі ўзровень вучэбнай паспяховасці, вучні пераможна выступаюць на разнастайных конкурсах і алімпіядах.

Нямала дасягненняў і ў прафесійнай скарбонцы самога Эдуарда Юр’евіча. Педагог узнагароджаны шматлікімі граматамі і дыпломамі. У свой час быў прызнаны настаўнікам года Магілёўскай вобласці.

— Я чалавек дзейсны, ніколі не стаю на месцы, увесь час павышаю прафесійнае майстэрства. Перакананы: калі хочаш эфектыўнасці ў навучанні, нельга выкладаць па адной і той жа формуле. Неабходна рэгулярна спазнаваць і ўкараняць штосьці новае, — падкрэсліў Эдуард Гар­дзееў.

У найбліжэйшых планах настаўніка — пашырэнне спектра прымянення ІКТ у структуры ўрокаў. Акрамя гэтага, педагог хоча стварыць свой канал у TikTok і публікаваць там кароткія навучальныя відэаролікі, якія будуць стымуляваць школьнікаў да заняткаў тэхнічнай працай.

Ганна СІНЬКЕВІЧ
Фота аўтара