Звыш 48 тыс. дзяцей плануецца аздаравіць на Магілёўшчыне за перыяд летніх канікул

- 15:30Новости

Актыўна і згодна з графікам стартавала на Магілёўшчыне летняя аздараўленчая кампанія. На працягу самых доўгіх канікул у рэгіёне плануецца аздаравіць звыш 48 тысяч дзяцей, паведамляе карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.

— Былі загадзя распрацаваны праграмы аздараўлення і летняй занятасці навучэнцаў. Такі падыход дазволіў на момант адкрыцця летняга сезона завяршыць усе запланаваныя падрыхтоўчыя мерапрыемствы, накіраваныя на арганізацыю адпачынку дзяцей, — паведаміла галоўны спецыяліст аддзела выхаваўчай работы і аховы дзяцінства галоўнага ўпраўлення па адукацыі Магілёўскага аблвыканкама Алеся Васіленка.

Паводле яе слоў, падчас летніх канікул у вобласці будуць працаваць 768 аздараўленчых летнікаў. Ва ўстановах агульнай сярэдняй і дадатковай адукацыі арганізаваны дзённыя летнікі. Для падлеткаў прадугледжана функцыянаванне лагераў працы і адпачынку, дзе старшакласнікі змо­гуць атрымаць першы працоўны вопыт. Што тычыцца ўстаноў з кругласутачным знаходжаннем, то сёлета працуюць стацыянарныя, размешчаныя ў санаторыях-прафілакторыях, а таксама профільныя летнікі па напрамках дзейнасці.

— Якасны адпачынак прадугледжаны для дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. Дзённыя лагеры для гэтых дзяцей будуць працаваць пры ЦКРНіР, на базе лагера “Пціч” створаць інклюзіўныя атрады, а ў Асіповіцкай спецыяльнай школе-інтэрнаце на кругласутачнае аздараўленне прымуць дзяцей-інвалідаў з парушэннем функцый апорна-рухальнага апарату. Ва ўсіх раёнах запланавана работа лагераў ваенна-патрыятычнага профілю ва ўзаемадзеянні з вайсковымі часцямі, — расказала Алеся Генадзьеўна.

Вялікая ўвага будзе ўдзелена занятасці навучэнцаў. Асаблівы ўпор зробяць на дзяцей пад­уліковых катэгорый. Падлеткам прапануюць працаўладкаванне, а таксама ўдзел у экспедыцыйных пошукавых групах, турыстычных паходах. Змястоўны адпачынак для вучняў будзе арганізаваны на школьных стадыёнах, гульнявых пляцоўках, у рознаўзроставых атрадах пры навучальных установах.

— Для занятасці навучэнцаў з аддаленых населеных пунктаў укаранёна практыка функцыянавання пляцовак па месцы жыхарства пад куратарствам педагогаў. Прыняты ўсе неабходныя меры, каб кожны школьнік правёў лета цікава і карысна, — падкрэсліла Алеся Васіленка.

Ганна СІНЬКЕВІЧ
Фота аўтара