«Зялёны патруль» з’явіўся ў дашкольным цэнтры развіцця дзіцяці Петрыкава

- 11:16Новости

Дашкольнае лясніцтва «Юныя абаронцы лесу» створана ў дашкольным цэнтры развіцця дзіцяці Петрыкава, паведамляе карэспандэнт «Настаўніцкай газеты».

У рады юных лесаводаў прыняты 20 выхаванцаў. Ініцыятыва будзе садзейнічаць ранняй прафарыентацыі хлопчыкаў і дзяўчынак. Яны азнаёмяцца з «лясной» прафесіяй, даведаюцца, наколькі важная праца па аднаўленні лесу, па экалагічнай бяспецы, атрымаюць асновы экалагічнай культуры і патрыятычнага выхавання.

Начальнік аддзела адукацыі Петрыкаўскага райвыканкама Людміла Жукавец упэўнена, што дзеці — наша будучыня, і тое, што ў іх будзе закладзена сёння, прынясе свой плён заўтра.

Прывіваць беражлівыя адносіны да прыроды, любоў да роднага краю, папулярызаваць прафесіі работнікаў лясной галіны — асноўныя мэты праекта, — адзначыла суразмоўніца.

Юныя абаронцы лесу пасадзілі ўжо сваё першае дрэва. Дзеці будуць назіраць за прыродай, вывучаць пароды дрэў, даведвацца пра занесеных ў Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь птушак і жывёл, прымаць удзел у акцыях, пазнавальных экскурсіях.

Алена КАСЬЯН-ПАЎЛЯНКОВА
Фота прадастаўлена дашкольнай установай