“Зялёныя” веды” праз камп’ютарныя гульні

- 11:16Навіны рэгіёнаў

У гімназіі № 1 Навагрудка адбыўся адкрыты ўрок “Зялёная” энергетыка ў Навагрудскім раёне”, мэтай якога было прыцягнуць увагу да рацыянальнага выкарыстання рэсурсаў і развіцця аднаўляльных крыніц энергіі.

Навучэнцы 6 “А” класа разам з настаўніцай англійскай мовы І.Р.Лазоўскай і членамі валанцёрскага атрада EcoHelp у займальнай форме пазнаёмілі прысутных, сярод якіх былі намеснік старшыні Навагрудскага райвыканкама Святлана Каралько і начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Навагрудскага райвыканкама Алег Анікевіч, як у Навагрудскім раёне рэалізоўваецца прынцып “зялёнай” эканомікі, і шукалі адказы на пытанні, як кожны жыхар горада можа захоўваць прыроду і беражліва ставіцца да яе рэсурсаў. Гімназія з’яўляецца ўдзельніцай экалагічнай сеткі “Школьны праект па выкарыстанні рэсурсаў і энергіі”, тут створаны кабінет энергазберажэння. Эфектыўнае стаўленне да энергарэсурсаў — аснова выхаваўчай дзейнасці.

Чаму мяняецца клімат на Зямлі, што робяць вучні для таго, каб гэта спыніць, і як такія змяненні ўплываюць на жыццё? На гэтыя пытанні шукалі адказы шасцікласнікі.

— Прааналізаваўшы кліматычныя карты Беларусі, дзеці прыйшлі да высновы, што клімат мяняецца і ў нашай краіне, — гаворыць Ірына Рыгораўна Лазоўская. — А пазбегнуць гэтага дапаможа “зялёная” эканоміка, якая можа існаваць у трыядзе “грамадства — дзяржава — вытворчасць”. Падчас урока навучэнцы папоўнілі слоўнікавы запас эканамічнымі тэрмінамі, праглядзелі відэаролік аб Еўрапейскай ініцыятыве Пагаднення мэраў па клімаце і энергіі, да якога Навагрудак далучыўся ў 2013 годзе, абмеркавалі, у чым галоўная яго ідэя, якія экалагічныя ініцыятывы рэалізоўваюцца ў рамках пагаднення ў Навагрудскім раёне.

Мясцовыя ўлады падтрымліваюць ідэю ўкаранення экалагічнай адукацыі, лічаць карысным азнаямляць вучняў з дасягненнямі раёна ў галіне “зялёнай” эканомікі, далучаць іх да распаўсюджвання “зялёных” ідэй сярод мясцовага насельніцтва. У навучальных установах раёна праводзяцца адкрытыя заняткі па энергазберажэнні з запрашэннем адміністрацыі горада.

Гімназісты паўдзельнічалі ў тэсце, які дазволіў ім ацаніць уласны ўзровень беражлівасці. Кожны навучэнец прадэманстраваў і свае ідэі па распаўсюджванні “зялёнага” ладу жыцця.

— Большасць навучэнцаў прыйшлі да высновы, што самымі папулярнымі сродкамі прапаганды сярод мясцовага насельніцтва стануць мабільныя дадаткі і камп’ютарныя гульні, — расказвае дырэктар гімназіі Святлана Аляхновіч. — Шляхам галасавання былі адабраны найбольш паспяховыя ідэі камп’ютарных гульняў і дадаткаў, якія ў хуткім часе навучэнцы маюць намер рэалізаваць на занятках па камп’ютарнай графіцы і дызайне.

Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.