Зярнятка да зярнятка

- 10:45Навіны рэгіёнаў

Ужо 13 гадоў у Цэнтры дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі Камянца працуе аб’яднанне па інтарэсах “Фларыстыка”. Штогод яго праграма карэкціруецца і ўдасканальваецца. Сёлета ў ёй з’явіўся новы раздзел “Зярнятка да зярнятка”.

— Дзеці рознага ўзросту лёгка авалодалі прапанаванай тэхналогіяй, нягледзячы на тое, што работа па ёй з’яўляецца манатоннай і патрабуе ўседлівасці, — расказвае кіраўнік аб’яднання па інтарэсах М.В.Сіпайла. — Навучэнцы захоплена працавалі і паказалі добрыя вынікі. Для вырабу карцін з рысавых зярнятак дзеці выкарыстоўвалі рамку з кардоннай асновай, клей, пэндзлікі, гуаш, ваду, шпаклёўку па дрэве, шпаталь, лак, фісташкі ў выглядзе кветак, засушаныя апельсіны, кукурузнае лісце, костачкі і насенне. Пасля таго як навучэнцы выразалі кардон неабходнага памеру, яны акуратна алоўкам нанеслі на яго тэматычны малюнак “Фрукты”, прычым рабілі гэта ледзь заўважнымі лініямі, па якіх затым выкладвалі зярняткі. Фон ствараўся з дапамогай шпаклёўкі і шпаталя. На апрацаваную клеем паверхню вельмі шчыльна ўкладваліся зярняткі да поўнага запаўнення малюнка. Якасць работы залежала ад таго, наколькі шчыльна зярняты былі падагнаны адно да аднаго. Для таго каб фрукты ажылі і сталі аб’ёмнымі, дзеці расфарбоўвалі іх, абапіраючыся на веды па колеразнаўстве і святлаценях. Адначасова працавалі над фонам. Пасля высыхання работ іх пакрылі лакам. Для надання індывідуальнага каларыту да работ дабавілі дадатковыя матэрыялы. Наперадзе ў навучэнцаў новыя цікавыя задумы, якія абавязкова будуць рэалізаваны.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.