Што такое “ДоМіСолька”? Каб пра гэта даведацца, трэба пабываць у Чашніцкім раённым цэнтры дзяцей і моладзі. Зрэшты не толькі там. Пазнаёміцца з “ДоМіСолькай” вы зможаце на любым раённым свяце. А калі любіце падарожнічаць і вам пашчасціць, то сустрэнеце яе ў вобласці, рэспубліцы і нават за межамі Беларусі. “ДоМіСолька” вельмі любіць спаборнічаць і перамагаць. Дзіцячая вакальная студыя — сузор’е, у якім зорак проста не пералічыць. У 2018 годзе аб’яднанне, у складзе якога больш як паўсотні юных вакалістаў, атрымала статус узорнага і не перастае пераконваць усіх, што адпавядае высокаму статусу.
Усё пачалося гадоў 17 назад. У верасні 2003 года ў цэнтр прыйшла выпускніца Аршанскага педагагічнага каледжа Юлія Млявая. Настаўніца пачатковых класаў ахвотна згадзілася займацца са школьнікамі спевамі. Вопыту не мела, затое быў добры прыклад. Мясцовая дзяўчына скончыла сельскую музычную школу. Натхнялі ўрокі любімай настаўніцы Наталлі Хрышчанка. Марыла калі-небудзь паспрабаваць сябе ў такой ролі і, калі шанс выпаў, не разгубілася. Адразу знайшла агульную мову з выхаванцамі і вырашыла стварыць свой калектыў.
Першыя выступленні падапечных на сцэне яскрава сведчылі: з дзецьмі працуе таленавіты педагог. А праз тры гады адбыўся сапраўдны трыумф. Васьмікласніца Вікторыя Шчыкацілава стала фіналісткай ІІІ Нацыянальнага тэлевізійнага конкурсу юных талентаў “Сузор’е надзей”.
Юлія Аляксандраўна верыла: гэта толькі пачатак, добры старт. Надзеі спраўдзіліся. Хутка на небасхіле “ДоМіСолькі” заззяла новая зорачка. Настасся Барадаўка, якая займалася ў студыі з 11 гадоў, — пераможца раённых, абласных, рэспубліканскіх і нават міжнародных конкурсаў. Найбольш прэстыжны — “Ружа вятроў — 2011”. На адборачным туры ў Оршы вакалістка атрымала пуцёўку на фінал у Маскву, куды і адправілася разам са сваім педагогам. Конкурс доўжыўся тры дні.
“Колькі было перажыта! Уражвалі маштабы мерапрыемства, сапернікі з блізкага і далёкага замежжа, журы, у склад якога ўваходзілі вядомыя кампазітары, харэографы, ганаровыя работнікі культуры Расійскай Федэрацыі. Імёны лаўрэатаў трымалі ў сакрэце да апошняга. Уявіце нашы пачуцці, калі даведаліся, што мы ў іх ліку”, — успамінае кіраўнік студыі.
Настасся тройчы падымалася на маскоўскую сцэну за ўзнагародамі. Атрымала дыплом І ступені ў намінацыі “Эстрадны вакал” (старшая група), дыплом за арыгінальны імідж, а таксама сертыфікат на пазаконкурснае залічэнне на факультэт вакалу Інстытута сучаснага мастацтва. Кіраўніку “ДоМіСолькі” ўручылі пісьмо-падзяку за ўклад у развіццё творчасці дзяцей і моладзі.
Мінулі гады… Лаўрэатка даўно выйшла са школьнага ўзросту і пакінула “ДоМіСольку”. Прафесійны выбар Настасся не звязала з песняй, але спяваць не кінула і з вялікай павагай ставіцца да той, што дапамагла раскрыць яе талент. А вось зоркі студыі Ганна Кляшчонак і Хрысціна Камінская прысвяцілі сябе вакалу. Першая — выпускніца факультэта эстрады Санкт-Пецярбургскага дзяржаўнага інстытута культуры, другая — студэнтка факультэта музычнага мастацтва Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў. Хрысціна скончыла школу і развіталася са студыяй у мінулым годзе. Але перад тым паспела паўдзельнічаць у Нацыянальным конкурсе маладых выканаўцаў беларускай эстраднай песні ў Маладзечне і стала фіналісткай. Выхаванку “ДоМіСолькі” заўважылі. Сёлета ў складзе жаночага вакальнага калектыву “Статус” яна выступала на галоўных пляцоўках краіны — у Александрыі і на “Славянскім базары ў Віцебску”.
Усіх спаборніцтваў толькі рэспубліканскага і міжнароднага ўзроўню, дзе заззялі зоркі “ДоМіСолькі”, кіраўнік студыі ўжо і не ўспомніць. Што змянілася для заснавальніцы за гэтыя гады? Вядома ж, пасталела, атрымала вышэйшую адукацыю, з’явілася сям’я, змянілася прозвішча. Зараз яна Юлія Зінкевіч. У самастойнае жыццё адправіліся дзясяткі падапечных і прыйшлі новыя. Нязменнымі застаюцца прага да творчасці, жаданне працаваць з юнымі. “Кожны раз, калі праводжу выпускнікоў, — дзеліцца суразмоўніца запаветным, — думаю: больш такіх не будзе. Ледзьве паспею прывыкнуць да новых, як ужо ў захапленні ад іх…”
Зараз гордасць педагога — сярэдняя група, у складзе якой 7 чалавек — 6 дзяўчынак і хлопчык. За 8 гадоў — 34 дыпломы. Школьнікі спяваюць пра дружбу, дзяцінства, мір. Падбор рэпертуару, касцюміраванне, пастаноўка нумара, рэпетыцыі — асноўныя этапы сумеснай работы, якая вядзе да поспеху. Спаборнічаць і перамагаць яны гатовы ў самых складаных умовах. Не стала перашкодай і сённяшняя эпідэмічная сітуацыя. Вясной вакалісты бралі ўдзел у Міжнародным шматжанравым фестывалі-конкурсе “Акорд поспеху”. Фэст праводзіўся па відэазапісах у Санкт-Пецярбургу. Чашнічане прадставілі нумар Cups (кавер-версія трэка амерыканскай спявачкі Ганны Кендрык) і сталі абсалютнымі пераможцамі ў намінацыі “Эстрадны вакал. Ансамбль”. Іх сапернікамі былі вакалісты з Расіі, Украіны, Беларусі, Літвы, Эстоніі. Салістка калектыву Ганна Авіжа — лаўрэат ІІІ ступені ў намінацыі “Эстрадны вакал. 13—15 гадоў.” Яна выступала з кампазіцыяй вядомай спявачкі Білі Айліш. За выдатную падрыхтоўку канкурсантаў кіраўнік студыі “ДоМіСолька” атрымала падзяку аргкамітэта, яшчэ адно прызнанне заслуг у развіцці дзіцячай і юнацкай творчасці. Асабліва шануюць таленавітага педагога землякі. Юлія Зінкевіч — у ліку занесеных на раённую Дошку гонару, яна ўзнагароджана ганаровымі граматамі Віцебскага аблвыканкама і Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь.
Усё гэта прыемна, толькі лепшай узнагародай кіраўнік “ДоМіСолькі” лічыць давер дзяцей, іх жаданне ісці разам у свет чароўнага. Сёння другая сям’я педагога — больш за паўсотню выхаванцаў ва ўзросце ад 6 да 16. “Я люблю тое, чым займаюся, — не хавае сакрэту паспяховай кар’еры Юлія Зінкевіч, — ніколі не прымушала сябе ісці на работу. Дзеці — мой адрэналін…”. Сустрэцца з такім чалавекам — у каторы раз пераканацца: шчаслівы педагог — гэта сотні шчаслівых людзей побач.
Ірына ТОРБІНА.