Як мова інтэрнэту і адна з самых папулярных моў свету — англійская — заваявала сэрцы падлеткаў? Усе яны матываваны для валодання гэтай мовай, і гэтая матывацыя знешняя, абумоўленая акалічнасцямі. Шмат англійскіх слоў увайшло ў маладзёжны (і не толькі маладзёжны) слэнг. Што гэта — мода або імкненне пакарыць чужую мову і іншую культуру? Шмат напісана пра матывацыю вывучэння замежных моў, апісаны розныя прыёмы і метады далучэння навучэнцаў да ўсвядомленага вывучэння замежных моў. Настаўнікі замежных моў гімназіі валодаюць перавагамі ў навучанні гэтаму прадмету: гімназісты высокаматываваныя для атрымання ведаў ва ўсіх галінах, яны выконваюць усе заданні, удзельнічаюць у розных конкурсах, дакладна вызначаюць канчатковую мэту ведання замежнай мовы для будучай прафесіі.
Работа ў старшых класах гімназіі № 22 дала мне магчымасць выкарыстоўваць не толькі традыцыйныя метады падрыхтоўкі да выпускных экзаменаў. Неабходна заўважыць, што экзамен правярае камунікатыўныя навыкі выпускнікоў і арыентаваны на валоданне вуснай мовай. Асновай для любой гутаркі павінна быць тэма, якую неабходна правільна і падрабязна прадставіць у некалькіх тэкстах. У гімназіі ёсць блог з так званымі тэмамі. Яны розныя па лексічным, граматычным і інфармацыйным напаўненні, з іх можна скласці сваю ўласную або некалькі, але з выкарыстаннем актыўнай лексікі і граматыкі.Ужо ў 10 класе ў гімназістаў дастатковы лексічны запас па розных тэмах. Хто з іх захоча вучыць новыя словы, калі можна скарыстацца ўжо вывучанымі? Прыметнікі робяць нашу гаворку на любой мове вобразнай і яркай, і перш за ўсё я спрабую пашырыць рад сінонімаў прыметнікаў, дзеясловаў, назоўнікаў і прыслоўяў. На гэтым этапе добрая гульня ў словы: на картках напісана ў слупок ад 3 да 6 слоў (словы не паўтараюцца), колькасць картак залежыць ад колькасці навучэнцаў у групе, для групы 8—10 чалавек лепш падрыхтаваць ад 50 да 60 картак. У гульні ўдзельнічаюць пары, у кожнай пары роўная колькасць картак, адзін гулец дае дэфініцыю слова або яго сінонім, другі гулец спрабуе яго назваць. Пясочны гадзіннік, рэальны або віртуальны, на 15 секунд вызначае магчымы час гульні. Перамагае тая пара, у якой большая колькасць адгаданых слоў. Гульня цікавая на працягу 5—7 мінут, далей яна ператвараецца ў сумную і незаймальную.
Пясочны гадзіннік — добры гульнявы элемент урока. У пачатку ўрока за 15 секунд, пакуль цячэ пясок, можна пракаменціраваць прыказку, цытату, эпіграф урока і настроіцца на гаварэнне на англійскай мове. Гадзіннік спрыяе адпрацоўцы хуткасці і рытму гаворкі, а таксама патрабуе ад гаворачага дакладнай логікі выказвання свайго пункту гледжання. Канечне, для пачатку гадзіннік можа быць на 30 секунд, яго выкарыстанне ўносіць і элемент спаборніцтва ва ўрок.
Гэта элементы тэхналогіі гульнявога навучання. Усе мы вучыліся ў гульні, атрымлівалі асноўныя сацыяльныя навыкі, вырашалі канфлікты і вучыліся ў садружнасці. Гульня — адзін з відаў актыўнай дзейнасці. Асоба фарміруецца ў дзейнасці, таму я прымяняю гульнявую тэхналогію. На ўроках замежнай мовы гульнявая тэхналогія немагчыма без камунікатыўнай. Для таго каб гуляць, неабходна вызначыць правілы гульні, ролі ў гульні і прагназаваць вынік. Трэба мець зносіны для таго, каб пачаць гульню, весці яе і закончыць. Гульня ў навучанні замежным мовам выконвае розныя функцыі: яна рыхтуе да зносін, забяспечвае натуральную неабходнасць шматразовага паўтарэння моўнага і маўленчага матэрыялу, трэніруе ў выбары неабходнага моўнага матэрыялу. На розных этапах урока я выкарыстоўваю гульню для таго, каб стварыць камфортную, свабодную атмасферу і далучыць да камунікатыўнай дзейнасці ўсіх навучэнцаў. Папулярнасцю карыстаюцца гульні “Перакладчык у сферы…”, “Бінга”, “Кракадзіл”, “Ваўчок”, “Тэлевядучы”, “Угадай назву” і г.д.
Як доўга і марудна доўжыцца ўрок, калі настаўнік слухае завучаныя тэмы! Такі ўрок неэфектыўны і аднімае ў навучэнцаў 45 мінут, прызначаных для гаварэння. Гэтага можна пазбегнуць, можна выслухаць усіх, усіх заняць і разварушыць, але такі ўрок цяжэйшы для настаўніка. Можна арганізаваць круглы стол, канферэнцыю, інтэрв’ю з экспертам і г.д. У гэтым выпадку дамашняе заданне размяркоўваецца кожнаму вучню ў групе індывідуальна, уключаючы старшыню і апанента для кожнага гаворачага (навучэнец прадстаўляе свой пункт гледжання па пытанні і адначасова з’яўляецца апанентам па іншым пытанні).
Падрыхтоўка такіх заняткаў патрабуе асаблівых намаганняў і з боку настаўніка, і з боку вучняў. Першы вопыт можа быць няўдалым, але паступова працэс захопіць і вас, і вашых вучняў. Нестандартны ўрок заўсёды добры непрадказальнасцю, але гэта і дае магчымасць фарміравання і праяўлення на ўроку полікультурнай асобы. Акрамя вышэйпералічанага, можна праводзіць урокі з выкарыстаннем прэзентацыі, урокі — дні нацыянальнай брытанскай кухні, проста арганізаваць брытанскае чаяванне са звычайнымі для такога выпадку гутаркамі. Усе тэмы можна прагаварыць і абгаварыць у розных сітуацыях, проста сітуацыю гэтую трэба стварыць. На такіх уроках няма патрэбы выпраўляць кожную памылку, можна адразу паставіць мэту: сёння сочым за 3-й асобай адзіночнага ліку The Present Simple Active.Гэтыя метадычныя прыёмы ў роўнай ступені можна аднесці да праектнага метаду навучання і да тэхналогіі праблемнага навучання. Праблемны метад арыентаваны на самастойнае творчае авалодванне ведамі. Цікаўнасць — рухавік адкрыццяў і прагрэсу, а дзеці — самыя цікаўныя істоты на зямлі. Дайце праблему, відавочны канфлікт пунктаў гледжання, магчымасць паказаць сябе — і цікаўнасць зробіць за вас усё астатняе. Усе вышэйпералічаныя заданні патрабуюць каардынацыі, узгодненасці і павагі да чужога пункту гледжання; іх выкананне немагчыма без зносін, без звычайных штодзённых рэплік, фраз, выказвання згоды і нязгоды і г.д. Камунікатыўны метад абумоўлівае эфектыўнае выкарыстанне і праблемнай тэхналогіі, і праектнага метаду навучання, таму што індывідуальныя дамашнія заданні з’яўляюцца кароткатэрміновымі мона- і міжпрадметнымі праектамі.
Адным з заданняў экзаменацыйнага білета з’яўляюцца пытанні, якія задаюць уяўнаму суразмоўцу. Усякая размова — гэта пытанні і адказы. Галоўная праблема гэтага задання больш псіхалагічная і эмацыянальная, а не лінгвістычная. Псіхалагічны дыскамфорт гутаркі з уяўным суразмоўцам добра знімае гульня “20 пытанняў эксперту”. На любым уроку можна выбраць эксперта ў той ці іншай галіне ведаў, які і адкажа на 20 пытанняў групы. Заданне можна ўскладніць межамі толькі спецыяльных, толькі агульных і г.д. пытанняў. Калі ўвесці яшчэ і часавыя абмежаванні, гэта дапаможа выпрацаваць хуткую рэакцыю “пытанне — адказ”. Шмат часу гэта не зойме, але прынясе карысць. Яшчэ адно заданне — даць параду ўсё таму ж суразмоўцу. Моўных мадэлей парад не так ужо і многа, але яны павінны завучвацца на памяць да 10 класа.
10—11 класы прадугледжваюць сістэматызацыю і абагульненне атрыманых ведаў. Як жа ўтрымаць у памяці і здолець імі хутка скарыстацца? У любой з тэм, якія вывучаюцца, можна знайсці канфлікт меркаванняў: ёсць сям’я ідэальная, а ёсць і нядобранадзейная; калі ёсць здаровае харчаванне, то ёсць і шкодная ежа; хтосьці выбраў прафесію, а хтосьці яшчэ ў сумненнях. Вось тут і спатрэбяцца парады. Трэба выбраць тэму, знайсці ў ёй канфлікт і падаць яго групе. У вас яшчэ ёсць эксперты, няхай яшчэ будуць і дарадчыкі — ladies and lords counsellors. Няхай іх парады не заўсёды будуць лагічнымі і рацыянальнымі, бо мэта ж у тым, каб правільна даваць парады, прытрымліваючыся ўсіх норм моўнага этыкету. Такі прыём можна аднесці да гульнявой і праблемнай тэхналогіі.
Сучаснае аснашчэнне нашай гімназіі павышае эфектыўнасць урокаў англійскай мовы. Пры наяўнасці новых камп’ютарных сродкаў мяняецца педагагічная сітуацыя: настаўнік перастае быць адзінай крыніцай інфармацыі на ўроку, а становіцца партнёрам. Інфармацыйна-камунікатыўны метад навучання дае магчымасць выкарыстання матэрыялаў, якія імітуюць рэальныя зносіны, выканання самастойных творчых работ, выкарыстання праграм-трэнажораў. Прэзентацыі па розных тэмах, выкарыстанне інтэрактыўнай дошкі, выкананне інтэрактыўных тэстаў на разуменне прачытанага і пачутага эканомяць час на ўроку і вучаць кожнага навучэнца ў яго ўласным рэжыме выканання заданняў.
Адно з пытанняў білета звязана з разуменнем прачытанага тэксту і ўключае заданне прачытаць і ў 2—3-х сказах сказаць, пра што тэкст. Гэта вельмі складанае заданне, якое патрабуе навыкаў, што фарміруюцца гадамі. Пачаць рыхтавацца да яго выканання лепш за ўсё з класа 6—7-га, пры гэтым павінны быць моўныя апоры для складання кароткага і лагічнага адказу. Гэтая ж апора неабходна і для старшакласнікаў. Яна дапамагае вычленіць асноўную ідэю, праблемы і шляхі іх вырашэння, выкласці матэрыял граматычна правільна, лаканічна і лагічна. Усе гэтыя навыкі абапіраюцца на асэнсаванае валоданне актыўнай лексікай і граматыкай.
І апошняе заданне — успрыманне і разуменне мовы на слых. Навучыць чуць іншамоўную гаворку толькі на прыкладах экзаменацыйных матэрыялаў немагчыма. Працэс фарміравання фанетычнага слыху доўгі. Безумоўна, маўленне настаўніка — гэта ўзор, але ёсць мноства аўтэнтычных аўдыяматэрыялаў для ўсіх узростаў, узроўняў ведаў і інтарэсаў. Інтэрнэт — вялікі памочнік у вывучэнні моў. Фабульныя тэксты лепш за ўсё падыходзяць для навучання разуменню праслуханага, бо ўсялякае апавяданне можна змяніць: прыдумаць іншыя пачатак і канец, інсцэніраваць апавяданне, увесці новых герояў, змяніць час і месца апавядання. Працэс фарміравання фанетычнага слыху патрабуе шмат часу; навучыць чуць і разумець англійскую гаворку можна толькі на працягу ўсяго курса навучання замежнай мове.
Урокі англійскай мовы ў старшых класах немагчымы без выкарыстання тэхналогіі групавога навучання. Гэтая тэхналогія спрыяе развіццю камунікатыўных якасцей у кожнага навучэнца і з’яўляецца эфектыўнай пры падрыхтоўцы да выпускнога экзамену. Можна працаваць у парах, малых групах і ва ўсёй групе. Для таго каб не было пастаянных пар пры парнай рабоце, я выкарыстоўваю прыём “Знайдзі пару”: часам трэба знайсці палову прыказкі, часам — закончыць прыказку, ідыёму або проста знайсці цукерку ў аднолькавай абгортцы. У выпадкова створаных парах працаваць цяжэй, але цікавей мець зносіны. У тэхналогію групавога навучання ўваходзіць многае з тэхналогіі праблемнага навучання, у практыцы не існуе чыстых тэхналогій і метадаў, яны пранікаюць адно ў адно, ствараючы нешта новае, характэрнае толькі для аднаго настаўніка.
Радасць пазнання пачынаецца са здзіўлення, таму я стараюся здзіўляць сваіх вучняў кожны ўрок нечым непазнаным, таямнічым і загадкавым, паколькі іх жыццёвы вопыт зусім малы. Зрабіць гэта проста — трэба ўключыць уяўленне, патраціць сілы і час. І вось ён — вынік: праз церні — да зорак!
Таццяна СМУЛЬСКАЯ,
настаўніца англійскай мовы гімназіі № 22 Мінска.