Ад электроннага дзённіка да “разумнай” школы

- 11:59Рознае, Суразмоўца

Літаральна год назад у сталіцы стартаваў праект у галіне інфарматызацыі адукацыі “Электронная школа”. Ва ўстановах адукацыі вывучаліся магчымасці развіцця новых форм арганізацыі педагагічнага і кіраўніцкага працэсу — укараняліся сістэма “электронныя журнал — дзённік” і электронная карта навучэнца. Аб выніках рэалізацыі праекта, запатрабаванасці электронных паслуг у сферы адукацыі і перспектывах іх развіцця мы гутарым з дэканам факультэта павышэння кваліфікацыі ў сферы інфармацыйных тэхналогій Мінскага гарадскога інстытута развіцця адукацыі кандыдатам педагагічных навук Аксанай Анатольеўнай МІНІЧ.

— Аксана Анатольеўна, на працягу мінулага навучальнага года ва ўстановах адукацыі Мінска праходзіла апрабацыя сеткавай платформы schools.by (сістэмы “электронныя журнал — дзённік”) і электроннай карты навучэнца. Якія папярэднія вынікі гэтай апрабацыі? Якія высновы можна зрабіць сёння?
— Праект “Электронная школа” стартаваў у жніўні 2013 года. Усяго ў ім удзельнічала 11 устаноў адукацыі Мінска (сярод іх — сярэднія школы №№ 196, 101, 161, 51, гімназіі №№ 31, 37, 40). Прычым спецыяльна падбіраліся навучальныя ўстановы з розным узроўнем матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння, каб убачыць тыя моманты, якія трэба дапрацоўваць, развіваць і пазіцыяніраваць як далейшы шлях развіцця ў плане інфарматызацыі ўстаноў адукацыі. І калі электронныя журналы і дзённікі апрабоўваліся ва ўсіх установах, то карта навучэнца першапачаткова ўкаранялася толькі ў трох школах. Паступова да яе выкарыстання пачалі падключацца астатнія ўдзельнікі праекта. Звязана гэта было перш за ўсё з тым, што для выкарыстання карты навучэнца неабходна пэўная інфраструктура ва ўстанове адукацыі. Акрамя таго, неабходна вялікая тлумачальная работа з бацькамі, бо карта навучэнца — універсальны дакумент, які сумяшчае банкаўскую карту з рознымі іншымі дадаткамі (пропуск у школу, праязны білет, аплата за харчаванне, абслугоўванне ў бібліятэцы і інш.). З бацькамі вучняў заключаўся дагавор на банкаўскае абслугоўванне. Як звычайная банкаўская карта, карта навучэнца дзейнічае тэрмінам не больш за 5 гадоў. Калі дзеці выпускаюцца са школы, то дзейнасць яе перапыняецца.
На працягу года адпрацоўваліся не толькі механізмы пропуску ў школу, бо гэта даўно пройдзены варыянт, які ўжо ўкараняўся ў навучальныя ўстановы Мінска. Асноўны ўпор быў зроблены на тое, каб аблегчыць працэдуры аплаты школьнага харчавання і ўбудоўвання карты навучэнца ў інфраструктуру “Разумнага горада”, якая зараз актыўна развіваецца ў сталіцы. Першым такім элементам з’яўляецца аплата праезду на гарадскім пасажырскім транспарце. Для таго, каб у гэтую сістэму былі ўключаны карты навучэнца, у маі 2014 года адпаведнае змяненне было ўнесена ў пастанову гарсавета, і зараз навучэнцы мінскіх школ могуць пры праездзе ў гарадскім транспарце прад’яўляць альбо папяровую даведку з установы адукацыі, дзе яны вучацца, альбо карту навучэнца. Пакуль яшчэ нямнога школ падключана да гэтай сістэмы, і ўзнікаюць казусныя сітуацыі, калі кантралёры не прымаюць гэтую карту. Навучэнец павінен прыкладваць карту да валідатара, тым самым можна будзе адсочваць патокі дзяцей, якія перамяшчаюцца па горадзе на працягу дня. Зараз мы разглядалі з Мінсктрансам варыянты папаўнення карты. Яна будзе папаўняцца як любы транспартны праязны, і грошай за гэта браць не будуць.
Што тычыцца школьнага харчавання, то гэтая сістэма сапраўды дастаткова складаная, бо арганізацыйна задзейнічаны і школа, і камбінаты школьнага харчавання, і банк. У гэтым ланцужку мы паступова разабраліся, і на сёння ёсць разуменне з боку Галоўнага ўпраўлення спажывецкага рынку, што яны павінны зрабіць са свайго боку і што павінна зрабіць школа і банк. Мы спадзяёмся, што дзесьці з другой чвэрці гэтыя механізмы запрацуюць у поўную сілу ў тых школах, дзе дзейнічае карта навучэнца.
Калі гаварыць аб задаволенасці нашых бацькоў і навучэнцаў сістэмай, то ў цэлым яны задаволены. Зараз ёсць бацькі, якія самі імкнуцца атрымаць карту навучэнца. Мы разлічваем, што да канца 2015 года ўсе школы горада будуць абсталяваны патрэбнымі тэхнічнымі прыладамі і змогуць укараняць гэтую пластыкавую карту.
Што тычыцца другой часткі праекта, то сітуацыя па ўкараненні сістэмы “электронныя журнал — дзённік” намнога прасцейшая, бо да пачатку праекта была створана мінімальная інфраструктура (хуткасць падключэння да інтэрнэту — 1 мегабіт у секунду і наяўнасць камп’ютарных месцаў, якія знаходзяцца ў свабодным доступе ў школе для настаўнікаў), і, як паказала практыка, яе дастаткова для таго, каб паступова ўсе школы, не чакаючы ніякай чарговасці, пачыналі падключацца да гэтай сістэмы. Праект засведчыў, што на сёння нам не хапае магутнасцей інтэрнэт-падключэння. Некаторыя школы пайшлі на тое, каб падключыць да работы яшчэ іншых правайдараў.
Праект паказаў актыўны ўдзел і інтарэс да сістэмы бацькоў, дзе яны не толькі могуць паглядзець адзнакі сваіх дзяцей і атрымаць файлы з каментарыямі настаўніка, але і хацелі б яшчэ ўзаемадзейнічаць. Плюс да ўсяго набірае тэмпы дыстанцыйнае суправаджэнне навучання школьнікаў, дзе не толькі пры дапамозе тэкставых файлаў, чатаў арганізуецца ўзаемадзеянне з дзецьмі, але і пры дапамозе відэасувязі. Адпаведна відэасувязь патрабуе вялікіх хуткасцей. У перспектыве было б добра стварыць оптавалаконныя сеткі перадачы даных, і, магчыма, нават не толькі ў Мінску, а і па ўсёй рэспубліцы, каб гэта была ўнутраная сетка, і тады здымуцца ўсе пытанні па арганізацыі дыстанцыйнага ўзаемадзеяння “навучэнец — настаўнік” праз экран. Дарэчы, у сістэме агульнай сярэдняй адукацыі на ўзроўні рэспублікі палажэнне аб дыстанцыйным навучанні так і не прынята. Педагогі працуюць на ініцыятыўным узроўні. Неабходна ўжо прыйсці да пэўнага рашэння і ў рэшце рэшт накіраваць рэкамендацыі ў школы, каб магчыма было тарыфікаваць работу настаўніка, які працуе ў дыстанцыйным рэжыме, або ўлічваць гэта, напрыклад, пры атэстацыі педагога на вышэйшую кваліфікацыйную катэгорыю. Згадзіцеся, проста адвесці ўрок і факультатыў — гэта адно, а ўзаемадзейнічаць дыстанцыйна, распрацаваць пэўны кантэнт — гэта работа, якая зараз вядзецца па-за межамі педагагічнай дзейнасці настаўніка. Таму для сістэмы агульнай сярэдняй адукацыі гэта вельмі неабходна. Праект паказаў, што нашы настаўнікі гатовы працаваць дыстанцыйна, аднак у іх паўстаюць шматлікія пытанні. Ініцыятыва павінна быць заўсёды падтрымана, тады гэта будзе шырокая масавая практыка.
Па выніках праекта мы падрыхтавалі прапановы ў праграму інфарматызацыі сістэмы адукацыі Мінска, якая зараз праходзіць узгадненне, і спадзяёмся, што яны будуць прыняты.

— Раскажыце, калі ласка, падрабязней аб унесеных у праграму прапановах.
— Сярод прадстаўленых прапаноў — павелічэнне каналаў сувязі, развіццё бесправадных сетак (бо ў навучэнцаў у масавым парадку з’явіліся смартфоны, планшэты, якія можна ўключыць у лакальную сетку ўстановы адукацыі, а пакуль школы не маюць такой магчымасці). Сёння стаіць праблема сур’ёзнай тэхнічнай падтрымкі сетак школ — ІТ-спецыялістаў па-ранейшаму не хапае. Магчыма, удасца яе вырашыць за кошт заключэння дагаворных адносін з кампаніямі, якія прапаноўваюць паслугі аўтсорсінгу (прыходзяць, настройваюць тэхніку і выязджаюць па патрэбах).
Яшчэ адзін момант — аснашчэнне планшэтамі настаўнікаў. У гімназіі № 40, дзякуючы спонсарскай дапамозе, настаўнікі атрымалі планшэтныя ўстройствы, і актыўнасць запаўнення электроннага журнала, сеткавага ўзаемадзеяння была ў разы большая, чым у тых установах, дзе настаўнік вымушаны быў прыходзіць у “настаўніцкую” альбо да свайго камп’ютара на рабочым месцы і ўносіць патрэбную інфармацыю (г.зн. педагог страчвае мабільнасць). Думаю, аснашчэнне педагогаў электроннымі прыладамі было б добрым матывуючым сродкам для настаўнікаў. Згадзіцеся, на сёння гэта вельмі прыемна і ўздымае імідж педагога.
Натуральна, што мы заклалі ў праграму прапановы па тэхнічным аснашчэнні ўстаноў абсталяваннем для арганізацыі прахадной у школах, гэта тое, што тычыцца карткі навучэнцаў, для арганізацыі рабочых месцаў у школьных сталовых, камп’ютарных класах, дзе ажыццяўляецца аўтарызацыя дзяцей пры ўваходзе ў камп’ютарны клас.

— Аксана Анатольеўна, з якімі праблемамі могуць сутыкнуцца адміністрацыя, настаўнікі школ, якія выкажуць жаданне далучыцца да праекта?
— На самай справе, падводныя камяні ёсць. Кіраўнікі ўстаноў адукацыі і педагогі могуць сутыкнуцца з арганізацыйнымі цяжкасцямі. Стрымлівае ўкараненне гэтай сістэмы так званая двайная бухгалтэрыя (выкананне настаўнікамі двайной работы — запаўненне электроннага і папяровага журналаў). Момант негатыўных адносін бацькоў вырашаецца праз граматна выбудаваную падрыхтоўчую інфармацыйную работу школы. Ва ўсіх установах, за рэдкім выключэннем, толькі адзінкі адмаўляліся ад гэтых сэрвісаў. Калі гаварыць аб падрыхтоўцы педагогаў да работы ў гэтай сістэме, то з канца верасня ў
МГІРА будуць арганізаваны курсы павышэння кваліфікацыі па выкарыстанні электронных журналаў: як весці, як запаўняць і г.д. Плюс падтрымліваючая сістэма метадычнай работы: напярэдадні новага навучальнага года мы правялі жнівеньскія секцыі, на якіх прадставілі сістэму аказання электронных паслуг і растлумачылі асаблівасці работы з ёю.
Што тычыцца карты навучэнца, то тут таксама неабходна граматная інфармацыйная тлумачальная работа, давядзенне да бацькоў, што гэта не татальнае сачэнне, не парушэнне правоў чалавека і г.д. Гэта тыя моманты, якія вырашаюцца менавіта на ўзроўні школы. Пры ўкараненні электронных паслуг дырэктар павінен узважыць усе “за” і “супраць”, правесці даследаванні сярод бацькоў, навучэнцаў і прыняць рашэнне. Мы не хочам, каб гэта ўсё было ў прымусовым парадку. Калі калектыў і бацькі не падрыхтаваны, значыць, трэба крыху пачакаць.

— Як будзе рэалізоўвацца праект сёлета?
— У прынцыпе, калі гаварыць пра электронны журнал, то сёння мы чакаем узгодненасці з Міністэрствам адукацыі такога фармату яго запаўнення, калі школа па заяўніцкім прынцыпе ад бацькоў адмовіцца ад вядзення папяровых дзённікаў і пяройдзе на вядзенне электронных. Хаця мы разумеем, што гэта будзе палавінчатае рашэнне, бо сама сістэма “электронныя журнал — дзённік” — гэта адзіная сістэма, і пры ўводзе адзнакі ў журнал яна аўтаматычна адлюстроўваецца ў дзённіку навучэнца. Адмена толькі папяровага дзённіка аблягчае жыццё толькі школьніку. Наша мэта — адмяніць папяровы журнал. Тады гэта будзе сапраўды аблягчэнне работы настаўніка.
Сёлета плануецца ўкараніць электронны журнал у школы, якія гатовы да гэтага. Рыхтуецца загад камітэта па адукацыі, дзе будуць агавораны тэрміны падключэння. Мяркую, што да другой чвэрці сістэма “электронныя журнал — дзённік” будзе разгортвацца масава. А вось карта навучэнца будзе ўкараняцца больш марудна, але паступова ўстановы адукацыі пяройдуць да яе.
У маі мы рабілі аглядавыя семінары на кожнай з пляцовак па апрабацыі, узаемадзейнічалі з настаўнікамі, дзецьмі і іх бацькамі. Адміністрацыя ўстаноў адукацыі адзначыла той факт, што павысілася выканальніцкая дысцыпліна педагогаў: калі раней настаўнік мог забыць паставіць адзнаку адразу ці ставіў яе праз некалькі дзён, то зараз несвоечасова выстаўленая адзнака адзначаецца іншым колерам. І адміністрацыі можна прымяняць механізм стымулявання педагога. Акрамя таго, ненавязлівы маніторынг ідзе з боку бацькоў: адказныя бацькі заходзяць, глядзяць і ў выпадку адсутнасці пэўны час адзнак уздымаюць пытанні. Дарэчы, бацькоўская грамадскасць ва ўстановах, дзе рэалізоўваўся праект, падтрымала яго не толькі словам, але і справай. Са сродкаў апякунскіх саветаў былі выдзелены грошы на камп’ютарнае абсталяванне, якога не хапала, альбо на падвядзенне інтэрнэту, якога не было на рабочым месцы настаўніка. Сёння мы адыходзім ад масавай пастаўкі камп’ютарных класаў. Мяркую, асноўны ўпор павінен быць зроблены на арганізацыю адукацыйнай прасторы і стварэнне добрых каналаў сувязі. І калі мы хочам прасоўваць электроннае навучанне ў жыццё, то інфраструктура доступу і інфраструктура рэсурсаў зараз павінны быць прыярытэтнымі.

— Аксана Анатольеўна, у Фінляндыі, у якой, дарэчы, сталіца і пераймала вопыт электронных школ, развівацца праекту дапамагае бізнес. У нас усё фінансуецца з бюджэту?
— Што тычыцца пытанняў адукацыі, то ў краінах Еўропы долевы ўдзел трох складнікаў: дзяржавы, бізнесу і бацькоўскай грамадскасці. Толькі якія гэта долі, у кожнай краіне вырашаецца па-рознаму. У нас пакуль доля ўдзелу бізнесу і бацькоўскай грамадскасці істотна ніжэйшая, чым доля дзяржавы. Калі гаварыць аб масавасці, то гэта кропкавыя ўліванні. Магчыма, тут варта падняць пытанне аб уключэнні выкарыстання асабістых прылад у адукацыйны працэс. А бізнес-супольнасці трэба падумаць і стымуляваць закупку электронных прылад. Напрыклад, прадугледзець настаўнікам і навучэнцам сістэмы зніжак. Некаторыя банкі пайшлі на прадастаўленне льготных крэдытаў для настаўнікаў, для навучэнцаў, і ў гэтым плане нам трэба рухацца далей. А пакуль гэтую тэндэнцыю варта накіраваць у патрэбнае рэчышча на ўзроўні дзяржавы. У нас усё адбываецца неяк няўзгоднена: там — ініцыятыва, тут — ініцыятыва. І ў агульным плане іх не відаць, у выніку яны затухаюць. Магчыма, варта падумаць аб міжведамасным савеце альбо фондзе, на якім будуць збірацца прадстаўнікі бізнес-супольнасці, бацькоўскай грамадскасці, сістэмы адукацыі і абмяркоўваць гэтыя моманты.

— Як спецыяліст у галіне ІКТ вы можаце ацаніць бяспеку электроннага журнала, карты навучэнца? Наколькі ўнесеныя даныя абаронены ад пабочнага ўмяшання?
— Сама па сабе пластыкавая карта навучэнца — банкаўскі дакумент. Таму ўся сістэма абароны, якая ёсць на банкаўскіх картах, спрацоўвае і тут. Тыя дадаткі, якія на яе будуць запісвацца, адпавядаюць усім патрабаванням па абароне інфармацыі. А збор інфармацыі ажыццяўляе Цэнтр сістэм ідэнтыфікацыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. І арганізацыю, больш кампетэнтную за гэтую, у нас у краіне знайсці цяжка.
Калі гаварыць пра электронныя журнал і дзённік, сістэма размешчана на некалькіх серверах. Там ідзе люстэркавае архіваванне занесеных даных. Нават калі юны хакер штосьці зломіць, то за некалькі хвілін усе даныя будуць адноўлены. Ды і для кожнай катэгорыі карыстальнікаў электронных рэсурсаў schools.by — а гэта дырэктары школ, намеснікі дырэктара, настаўнікі, навучэнцы, бацькі — прадугледжаны свой набор правоў і адпаведны ўзровень доступу да інфармацыі. Так, доступ да электроннага журнала маюць настаўнікі-прадметнікі, класны кіраўнік, намеснік дырэктара, дырэктар. Бацькам даступны дзённік толькі іх дзіцяці.
У гэтым плане сістэма дастаткова стабільная, стандартная, адпавядае тым патрабаванням, якія прымяняюцца да аналагічных сістэм.

— Аксана Анатольеўна, на ваш погляд, колькі часу спатрэбіцца, каб школы ў рэшце рэшт адышлі ад папяровых дзённікаў, журналаў і перайшлі да электронных?
— Самы аптымальны час — закончыць пераход да электронных носьбітаў за гэты навучальны год. Хацелася б 1 верасня 2015 года поўнасцю аб’явіць пра тое, што ў нас афіцыйна прыняты электронныя журнал і дзённік. Безумоўна, жадаючыя могуць весці і папяровы дзённік. Калі мы за год не вырашым гэтую праблему, то тады праект затухне, ён стане проста нецікавым. І тут патрэбна падтрымка з боку Міністэрства адукацыі.

— Вялікі дзякуй за размову.

Гутарыла Наталля КАЛЯДЗІЧ.