Новы этап праекта INOVEST

- 12:39Рознае, Спецыяльная адукацыя

У Гомельскім дзяржаўным універсітэце імя Францыска Скарыны прайшоў семінар-практыкум “ІНАВЕСТ. Усходняе партнёрства ў сферы педагагічных інавацый у рамках інклюзіўнага навучання. Гомельская вобласць”.

Мерапрыемства ажыццяўлялася ў рамках рэалізацыі Міжнароднага праекта “ТЭМПУС ІНАВЕСТ” “Усходняе партнёрства ў педагагічных інавацыях у інклюзіўнай адукацыі”. Усяго ў праекце ўдзельнічае 6 краін (Беларусь, Германія, Іспанія, Малдова, Украіна, Швецыя). У склад міжнароднага кансорцыума ўніверсітэтаў уваходзяць 4 беларускія партнёры (Міністэрства адукацыі, БДПУ імя Максіма Танка, Мінскі гарадскі інстытут развіцця адукацыі і Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Францыска Скарыны).
Удзельнікамі семінара-практыкуму сталі прадстаўнікі пілотных школ праекта з Гомеля і Гомельскай вобласці, спецыялісты і студэнты ГДУ імя Францыска Скарыны, прадстаўнікі філіялаў факультэта псіхалогіі і педагогікі, спецыялісты ўпраўлення адукацыі Гомельскага аблвыканкама, а таксама вучэбна-метадычны кабінет аддзела адукацыі, спорту і турызму Гомельскага гарвыканкама.
У час семінара была арганізавана прэзентацыя праекта “ІНАВЕСТ”, а таксама прэзентацыя вучэбных модуляў (два з якіх створаны аўтарскім калектывам выкладчыкаў ГДУ імя Францыска Скарыны пад кіраўніцтвам першага прарэктара С.А.Хахомава), методык самастойнага вывучэння курсаў, праграм навучання слухачоў, прамоўтараў, настаўнікаў. Акрамя таго, удзельнікі пазнаёміліся з платформай анлайн-навучання і тэсціравання.
Спецыялісты абмеркавалі тэмы разнастайнасці ў інклюзіі (інклюзія для асоб з АПФР, работа з адоранымі навучэнцамі, інклюзія для дэвіянтаў, дэлінквентаў і інш.). Вопытам работы пілотных школ у развіцці інклюзіўнай адукацыі падзяліліся прадстаўнікі гэтых школ. Таксама гаворка ішла аб паглыбленні супрацоўніцтва ўніверсітэта і школ рэгіёна.
Падчас семінара былі наладжаны інтэрнэт-масты са школамі з аддаленых рэгіёнаў Гомельскай вобласці. Удзельнікі семінара атрымалі камплекты раздатачнага і вучэбнага матэрыялу, а таксама адпаведныя сертыфікаты.
Такім чынам, пачаўся новы, асноўны этап рэалізацыі праекта “ІНАВЕСТ” — навучанне настаўнікаў і прамоўтараў пілотных школ. Навучанне будзе праводзіцца ў анлайн-рэжыме пад кіраўніцтвам выкладчыкаў ГДУ імя Францыска Скарыны. Курс навучання закончыцца тэсціраваннем слухачоў, якое таксама будзе праходзіць у анлайн-рэжыме. Настаўнікі, якія паспяхова здалі тэсціраванне, атрымаюць сертыфікаты аб праходжанні курса.
Дарэчы, ужо на наступны пасля семінара дзень быў арганізаваны першы вэбінар, у якім прыняло ўдзел больш за 50 пілотных школ з Беларусі, Украіны і Малдовы. Яго мэтай было вывучэнне інавацыйных падыходаў у педагогіцы.

Уладзіслаў БЕЙЗЕРАЎ,
дэкан факультэта псіхалогіі і педагогікі ГДУ імя Францыска Скарыны.