Праграмаванне — з 2 класа

- 17:22Рознае, Якасць адукацыі

Парк высокіх тэхналогій разам з Міністэрствам адукацыі ўжо ў верасні запускаюць у школах факультатыў па Scratch. Гэта выдатны шанс для беларускіх дзяцей своечасова атрымаць пачатковыя веды па праграмаванні, а для настаўнікаў — выхад на новы ўзровень выкладання і магчымасць для прафесійнага развіцця.

— Сучасную адукацыю немагчыма ўявіць без камп’ютара, — адзначыў на сустрэчы дырэктар адміністрацыі ПВТ Валерый Цапкала, — але трэба, каб беларусы былі не проста пасіўнымі спажыўцамі, але і актыўнымі вытворцамі новых ведаў. Гэта тое, чым займаюцца кампаніі — рэзідэнты ПВТ, і хацелася б бачыць гэта ва ўсіх установах адукацыі. Мы перакананы, што дзеці могуць з поспехам асвойваць элементы праграмавання ўжо ў малодшых класах.

Дарэчы, праграмаванне маладзее ва ўсім свеце. Так, у Японіі гэтая дысцыпліна ўводзіцца ў пералік абавязковых для вывучэння ў пачатковай школе. Раней падобнае рашэнне было прынята ў Ізраілі. У многіх краінах, дзе ў сістэме адукацыі няма моцнай цэнтралізацыі, праграмаванне дзецям (нават ужо з 5 гадоў) выкладаецца па ініцыятыве школьных адміністрацый, грамадскіх арганізацый і кампаній.

— Раней адукаваны чалавек адрозніваўся ад неадукаванага ўменнем чытаць і пісаць, — гаворыць намеснік дырэктара Парка высокіх тэхналогій Аляксандр Марцінкевіч. — А сёння адукаванаму чалавеку, незалежна ад таго, кім ён будзе ў далейшым, неабходна ведаць асновы інфармацыйных тэхналогій, у прыватнасці праграмавання, і мець алгарытмічнае мысленне. У наш час гэта такі ж навык, як і асновы чытання і пісьма.

Цікава, што з ініцыятывай увесці ў школьны курс асновы праграмавання выступілі кіраўнікі кампаній — рэзідэнтаў ПВТ. Інфарматыка ў школьным курсе пачынаецца толькі з 6 класа, а дагэтуль у плане інфармацыйных тэхналогій дзецям практычна нічога не прапаноўваецца.

— Мы прааналізавалі, што робіцца ў канкурэнтным асяроддзі, і зразумелі, што значна прайграём лідарам, — заўважыў Аляксандр Марцінкевіч. — Напрыклад, ва Украіне інфарматыка ў школе пачынаецца з 2 класа, ды і ва ўсёй Еўропе яна ўводзіцца ў школьны курс значна раней, чым у нас. Пагадзіцеся, расказваць шасцікласніку, што такое мышка і клавіятура, або дзевяцікласніку, што такое электронная пошта, — гэта нонсэнс.

Так нарадзілася ідэя распрацаваць факультатыў для дзяцей, пачынаючы з 2 класа. Сёння гэта ўжо нацыянальны праект, таму што распрацоўшчыкі ставяць мэту дайсці да кожнай школы, каб любое дзіця пры жаданні магло займацца на такім факультатыве.

Чаму менавіта Scratch?

— Гэтая мова была распрацавана ў Масачусецкім універсітэце, і яна найлепшым чынам падыходзіць для навучання малодшых школьнікаў асновам праграмавання, — тлумачыць Аляксандр Марцінкевіч. — Мы тэсціравалі праграму на дзецях нашых супрацоўнікаў, і ўжо праз 45 хвілін першакласнікі пачыналі ажыццяўляць пэўныя дзеянні, а трэцякласнікі — праграмаваць робатаў.

У распрацоўцы будучага факультатыву актыўны ўдзел бяруць спецыялісты кампаній — рэзідэнтаў ПВТ. Плануецца, што ў 2—3 класах дзеці будуць вучыцца ствараць уласныя мультфільмы, у 4—5 класах — камп’ютарныя гульні, у 6—7 класах — праграмаваць робатаў і нават больш — выходзіць на інтэрнэт рэчаў. Усё гэта магчыма рабіць на мове Scratch.

— Дзеці змогуць ствараць мультфільмы, відэапаштоўкі і г.д., а самае галоўнае — яны навучацца рабіць вучэбныя фільмы, што дазволіць ім у даступнай форме раскрыць самыя складаныя тэмы. Вядома ж, што значна больш цікава і эфектыўна вучыцца праз гульню, — гаворыць Аляксандр Марцінкевіч.

Для праграмавання ў Scratch ва ўсім свеце карыстаюцца бясплатнымі шаблонамі, але ў беларускіх дзяцей з’явяцца і дадатковыя магчымасці. Сёння ў Парку высокіх тэхналогій распрацоўкай камп’ютарных гульняў займаюцца 6 кампаній, і зразумела, што ў працэсе работы над гульнямі застаецца вельмі шмат матэрыялу, які не выкарыстоўваецца ў канчатковым прадукце.

— Кампаніі паабяцалі ўсё, што не ўвайшло ў камерцыйны прадукт, перадаць нам бясплатна, — расказвае Аляксандр Марцінкевіч. — І адна справа, калі ў праграмаванні выкарыстоўваюцца стандартныя персанажы з каталогаў Scratch, і зусім іншая, калі гэта якасна выкананыя малюнкі, на стварэнне якіх былі затрачаны мільёны (танк, самалёт, машынка), і рабіць анімацыю з імі.

Акрамя таго, распрацоўшчыкі прааналізавалі вучэбныя праграмы і паглядзелі, што вывучаюць дзеці. Каб усталяваць міжпрадметныя сувязі, для кожнага прадмета спецыялісты маюць намер зрабіць адпаведныя малюнкі. Напрыклад, вядомы ўсім урывак з паэмы А.Пушкіна “У Лукоморья дуб зелёный”, які дзеці вучаць на памяць… Выкарыстоўвачы такія малюнкі (дуб, ланцуг, кот і г.д.), дзеці змогуць лёгка візуалізаваць гэты верш. Тое ж яны могуць рабіць, вывучаючы кругаварот вады ў прыродзе і іншыя тэмы.

— На гэты час праект ужо прайшоў некалькі этапаў, — паведаміў Аляксандр Марцінкевіч. — Па-першае, мы сабралі настаўнікаў, якія маюць вопыт выкладання Scratch, і абмеркавалі, якой павінна быць вучэбная праграма. Зараз мы прыцягнулі лепшых метадыстаў для таго, каб яны зрабілі рэвізію той праграмы, якая атрымалася. Паралельна мы правялі нацыянальны конкурс па Scratch, у якім удзельнічала каля 300 чалавек з усёй краіны. І мы вызначылі, што ў нас ёсць інавацыйныя выкладчыкі і пункты росту ў кожным рэгіёне.

Зараз у Оршы сумесна з кампаніямі — рэзідэнтамі ПВТ і аддзелам адукацыі, спорту і турызму Аршанскага райвыканкама адкрыты вучэбны цэнтр для падрыхтоўкі педагогаў.

— Орша мае вельмі добрую лагістыку, праз чыгунку яна зручна звязваецца з усімі абласцямі, — расказвае Аляксандр Марцінкевіч. — Плануем, што ўжо ў пачатку чэрвеня там пачнецца падрыхтоўка выкладчыкаў. Дарэчы, каб выкладаць курс, неабавязкова быць настаўнікам інфарматыкі. Далучыцца да праекта могуць і філолагі, і біёлагі.

Падрыхтоўка педагогаў будзе весціся і ў самім Парку высокіх тэхналогій у Мінску, а таксама ў Лідзе і Наваполацку. Навучанне бясплатнае і будзе доўжыцца 3—4 дні.

— За лета мы плануем падрыхтаваць усіх, каму гэта цікава, — дзеліцца планамі Аляксандр Марцінкевіч. — Больш за тое, мы гатовы разгледзець розныя школы як пункты росту, каб развіццё праекта адбывалася па экспаненце. Прапаноўваецца і такі варыянт, каб лепшым выкладчыкам выдаваць сертыфікат трэнера, і яны ў сваіх гарадах бясплатна вучылі б калег, а мы аплачвалі іх работу.

Такім чынам, факультатывы па Scratch ужо ў верасні з’явяцца ў нашых школах. На першым этапе асновы праграмавання будуць вывучаць тыя дзеці, каму гэта патрэбна. Хаця ў перспектыве гаворка ідзе аб стварэнні новага асяроддзя адукацыі, дзе фарміраванне алгарытмічнага мыслення малодшых школьнікаў і праграмаванне стануць неад’емнай часткай вучэбных праграм.

Дарэчы, адна з прычын, чаму была выбрана форма факультатыву (для бацькоў ён будзе платным), — даць настаўнікам магчымасць атрымаць пэўную прыбаўку да зарплаты. Такім чынам, усё складваецца на карысць: і новы цікавы перспектыўны від дзейнасці, і магчымасць прафесійнага росту, і хай невялікае, але матэрыяльнае ўзнагароджанне.

***

Настаўнікі, якія хацелі б паўдзельнічаць у праекце, могуць дасылаць свае прапановы на адрас Парка высокіх тэхналогій: info@park.by.

Галіна СІДАРОВІЧ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.