Новыя спецыяльнасці

- 14:07Рознае, Якасць адукацыі

Адкрыццё новай спецыяльнасці — заўсёды ўзважаны крок. Тым не менш патэнцыяльныя абітурыенты, якія могуць стаць яе першымі навучэнцамі, а ў будучыні яе першымі выпускнікамі, з асаблівай цікавасцю і ў той жа час асцярогай ставяцца да гэтай спецыяльнасці. Каб даведацца аб асаблівасцях навучання па новых, сёлета створаных спецыяльнасцях і аб планах прыёму на іх, мы звярнуліся да прадстаўнікоў устаноў адукацыі, дзе такія спецыяльнасці адкрыліся.

Чатыры спецыяльнасці БДПУ

Адразу чатыры новыя спецыяльнасці адкрываюцца у БДПУ імя Максіма Танка: “Гісторыя і сусветная мастацкая культура”, “Гісторыя і экскурсійна-краязнаўчая работа” (абедзве на гістарычным факультэце), “Сацыяльная і псіхолага-педагагічная дапамога” на факультэце сацыяльна-педагагічных тэхналогій і “Музычнае мастацтва і сусветная мастацкая культура” на факультэце эстэтычнай адукацыі. Больш падрабязна аб адкрыцці новых спецыяльнасцей мы папрасілі расказаць Сяргея Васільца, адказнага сакратара прыёмнай камісіі БДПУ.

“Паколькі ў гэтым навучальным годзе сусветная мастацкая культура вярнулася ў школьную праграму, узнікла неабходнасць узнавіць падрыхтоўку выкладчыкаў па ёй”, — адразу заўважыў Сяргей Васілец.
Адказны сакратар прыёмнай камісіі БДПУ звярнуў увагу і на запатрабаванасць у школе спецыялістаў, якія б маглі займацца такімі кірункамі пазакласнай работы, як арганізацыя экскурсій і краязнаўчая работа.
“Калі гаварыць пра новыя спецыяльнасці на гістарычным факультэце, то, безумоўна, асноўная ўвага пры падрыхтоўцы па іх будзе ўдзяляцца гістарычным дысцыплінам. Разам з гэтым у вучэбных планах улічана спецыфіка кожнай спецыяльнасці. У адным выпадку з’явіцца цыкл культуралагічных дысцыплін, у другім — дысцыплін, звязаных з арганізацыяй экскурсійнай работы і краязнаўствам”, — расказаў Сяргей Васілец.
Што да спецыяльнасці на факультэце сацыяльна-педагагічных тэхналогій, падрыхтоўка па ёй таксама выклікана жыццём.

“Дзеці, паводзінам якіх неабходна псіхалагічная карэкцыя, адчуваюць патрэбу і ў дапамозе сацыяльнага педагога”, — адзначыў Сяргей Васілец.

Сакратар прыёмнай камісіі БДПУ заўважыў, што новыя спецыяльнасці пакуль не ўключаны ў пералік спецыяльнасцей, на якія без уступных выпрабаванняў пры наяўнасці рэкамендацыі педагагічнага савета ўстановы адукацыі, якую яны скончылі, могуць паступаць школьныя медалісты, выпускнікі ўстаноў сярэдняй спецыяльнай адукацыі, якія маюць дыплом з адзнакай, а таксама пераможцы трэцяга (абласнога і Мінскага гарадскога) этапу рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах, калі гэты прадмет з’яўляецца першым профільным выпрабаваннем.

Як адзначыў прадстаўнік БДПУ, выпускнікі ўніверсітэта запатрабаваны. Сёлета ні на адным з факультэтаў універсітэта не было праблем з размеркаваннем.

Хто дагледзіць шыны нашых аўтамабіляў?

Упершыню ў краіне будуць рыхтаваць манціроўшчыкаў шын і шынапнеўматычных муфт. Падрыхтоўка па гэтай прафесіі адкрываецца ў самай вялікай прафесійна-тэхнічнай установе адукацыі Гомельскай вобласці — Гомельскім дзяржаўным прафесійна-тэхнічным каледжы машынабудавання.

Аб тым, што манціроўшчыкі шын і шынапнеўматычных муфт запатрабаваны на рынку працы, у Гомельскім дзяржаўным прафесійна-тэхнічным каледжы машынабудавання ведаюць дакладна. Відаць гэта і па заяўках на падрыхтоўку рабочых гэтай прафесіі, якія падавалі такія буйныя дзяржаўныя прадпрыемствы, як “Гомсельмаш” і “Гомельаблаўтатранс”, і з сустрэч кіраўніцтва каледжа з прадстаўнікамі прыватных шынамантажных майстэрань. Яны хоць і не рабілі заяўкі, аднак такіх спецыялістаў бачыць у сябе хочуць.

“Дзякуючы праведзенаму маркетынгаваму даследаванню стала зразумелай неабходнасць падрыхтоўкі манціроўшчыкаў шын і шынапнеўматычных муфт. Было прынята рашэнне інтэграваць падрыхтоўку да работы па гэтай прафесіі з падрыхтоўкай станочнікаў шырокага профілю і аператараў станкоў з праграмным кіраваннем, якая вядзецца ў каледжы не першы год”, — расказаў Аляксандр Бездарогаў, намеснік дырэктара па вучэбна-вытворчай рабоце Гомельскага дзяржаўнага прафесійна-тэхнічнага каледжа машынабудавання.

Так, навучэнцы спецыяльнасці “Эксплуатацыя і рамонт аўтамабіляў” (манціроўшчыкі шын і шынапнеўматычных муфт будуць вучыцца менавіта па гэтай спецыяльнасці) праз 2 гады 10 месяцаў атрымаюць 3 прафесіі. Гэта, як адзначыў прадстаўнік каледжа, дасць ім магчымасць большага выбару.

Тым не менш, згодна з заяўкамі прадпрыемстваў, у год заканчэння навучання па спецыяльнасці “Эксплуатацыя і рамонт аўтамабіляў” 20 чалавек пойдуць па размеркаванні працаваць на прадпрыемствы і ў шынамантажныя майстэрні Гомельскай вобласці менавіта як манціроўшчыкі шын і шынапнеўматычных муфт. Пры гэтым, згодна з планам набору, па спецыяльнасці будуць вучыцца 54 чалавекі.

Падаваць дакументы на адзначаную спецыяльнасць могуць абітурыенты, якія скончылі 9 класаў. Нагадаем, што прыём дакументаў ва ўстановы прафесійна-тэхнічнай адукацыі пачаўся.

Педагогі для ўстаноў дашкольнай адукацыі

Не маглі мы пакінуць без увагі адкрыццё ў Нясвіжскім дзяржаўным каледжы імя Якуба Коласа новай для гэтай установы адукацыі педагагічнай спецыяльнасці “Дашкольная адукацыя”. Расказаць аб запланаваным наборы на яе мы папрасілі Святлану Курчык, намесніка дырэктара па вучэбнай рабоце Нясвіжскага дзяржаўнага каледжа імя Якуба Коласа.

“Мы вывучалі патрэбу ў спецыялістах для сістэмы дашкольнай адукацыі сямі бліжэйшых да нас раёнаў Мінскай вобласці (педагагічных работнікаў спецыяльнасці “Дашкольная адукацыя” для іншых раёнаў Мінскай вобласці рыхтуюць у Барысаўскім і Салігорскім дзяржаўных каледжах). Вынікі праведзенага ў 2015 годзе маніторынгу паказалі тэндэнцыю недахопу кваліфікаваных кадраў, якія маюць профільную адукацыю. Так, у перыяд з 2020 па 2025 год яна складае 30—40 чалавек штогод”, — адзначыла Святлана Курчык.

Безумоўна, кадравыя праблемы вырашаліся і да адкрыцця спецыяльнасці “Дашкольная адукацыя” ў названым каледжы. У большасці за кошт заключэння кантрактаў з выпускнікамі роднасных спецыяльнасцей, а таксама за кошт прадаўжэння кантрактаў педагогам пенсійнага ўзросту.

“Выхавальнікам дашкольнай установы адукацыі мог працаваць выпускнік нашага каледжа па спецыяльнасці “Пачатковая адукацыя”. Аднак гэта не зусім тая работа, да якой мы яго рыхтавалі. Улічваючы гэта і той факт, што каледж валодае неабходнай вучэбна-матэрыяльнай базай для арганізацыі вучэбнага працэсу, мы пачынаем навучанне па спецыяльнасці “Дашкольная адукацыя”, — заўважыла Святлана Курчык.

Сёлета на гэтую спецыяльнасць будуць набіраць адну групу ў складзе 30 чалавек. Згодна з планам, 25 чалавек будуць вучыцца на бюджэце, 5 чалавек — за ўласны кошт.

“За 4 гады лягчэй падрыхтаваць якаснага спецыяліста, таму было прынята рашэнне набіраць абітурыентаў, якія маюць базавую адукацыю”, — адзначыла Святлана Курчык.

Як расказала намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце, у многіх супрацоўнікаў каледжа ёсць неабходная адукацыя для выкладання па спецыяльнасці “Дашкольная адукацыя”. Тых, у каго яе няма, накіроўваюць на перападрыхтоўку.

“Агульнапрафесійныя і спецыяльныя прадметы пачынаюцца толькі з 2 курса. Да гэтага часу выкладчыкі паспеюць прайсці перападрыхтоўку”, — рэзюмавала намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Нясвіжскага дзяржаўнага каледжа імя Якуба Коласа.

Лагісты сярэдняга звяна

Сёлета ў краіне ўпершыню адкрываецца набор на спецыяльнасць “Аперацыйная дзейнасць у лагістыцы” на ўзроўні сярэдняй спецыяльнай адукацыі. З гэтага года аперацыйных лагістаў будуць рыхтаваць у Мінскім дзяржаўным прафесійна-тэхнічным каледжы лёгкай прамысловасці і комплекснай лагістыкі, Мінскім каледжы прадпрымальніцтва і Баранавіцкім эканоміка-юрыдычным каледжы. Аб неабходнасці падрыхтоўкі лагістаў сярэдняга звяна мы папрасілі расказаць Галіну Сокал, дырэктара Баранавіцкага эканоміка-юрыдычнага каледжа.

“Ужо каторы год запар лагістаў з вышэйшай адукацыяй па спецыяльнасці “Лагістыка” рыхтуюць універсітэты краіны, сярод якіх, напрыклад, БДЭУ, “МІТСО”, — адзначыла Галіна Сокал. — Аднак на рынку працы асаблівая запатрабаванасць адчуваецца не столькі ў кіраўніках (імі, як правіла, становяцца выпускнікі ўстаноў вышэйшай адукацыі), колькі ў спецыялістах сярэдняга звяна”.

Так, згодна з данымі інтэрнэт-партала па падборы персаналу за 2012 год (менавіта на гэтыя даныя абапіраўся Баранавіцкі эканоміка-юрыдычны каледж, калі ў 2012 годзе накіроўваў хадайніцтва ў Міністэрства адукацыі аб неабходнасці падрыхтоўкі лагістаў з сярэдняй спецыяльнай адукацыяй), 55% ад усіх выкансій у сферы лагістыкі складаюць вакансіі спецыялістаў звяна вузкай накіраванасці (напрыклад, спецыялістаў па закупках, па складскіх запасах), 20% — вакансіі лагістаў з больш шырокім колам службовых абавязкаў.

“Каб падрыхтаваць груз для перавозкі, арганізаваць яго дастаўку з мінімальнымі выдаткамі, аптымізаваць гэты працэс — тое, чым будуць займацца такія спецыялісты, — хапае сярэдняй спецыяльнай адукацыі”, — адзначыла дырэктар Баранавіцкага эканоміка-юрыдычнага каледжа.

Згодна са звесткамі згаданага вышэй інтэрнэт-партала, толькі 13% вакансій прапаноўваюць працу менеджарам, 8% — начальнікам аддзелаў лагістыкі і 4% — дырэктарам па лагістыцы, для займання якіх неабходна вышэйшая адукацыя.

“У 2013 годзе ў Баранавічах адкрыўся лагістычны цэнтр адной з гандлёвых сетак, дзе працуюць 450 чалавек. Толькі 5 з іх займаюць пасады кіраўнікоў аддзелаў, якім неабходна профільная вышэйшая адукацыя”, — яшчэ раз запэўніла ў запатрабаванасці лагістаў з сярэдняй спецыяльнай адукацыяй дырэктар каледжа.
Як расказала Галіна Сокал, зараз актыўна развіваецца і сетка лагістычных цэнтраў “Белмытсэрвісу”, дзе таксама неабходны выпускнікі спецыяльнасці “Аперацыйная дзейнасць у лагістыцы”.

Адзначым, што ў Баранавіцкім эканоміка-юрыдычным каледжы па спецыяльнасці “Аперацыйная дзейнасць у лагістыцы” плануюць набраць 25 чалавек сярод тых, хто мае базавую адукацыю. Навучанне будзе доўжыцца 3 гады і 6 месяцаў. За гэты час паралельна з прафесіяй аперацыйнага лагіста выпускнікі атрымаюць і рабочыя прафесіі — кладаўшчыка і камплектоўшчыка.

Матэрыялы паласы падрыхтавала Святлана ШЫЯН.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА і з архіва ўстаноў адукацыі.