Выбар прафесіі на ўроку фізікі

- 14:56Адукацыйная прастора, Рознае

Пры арганізацыі вучэбна-выхаваўчага працэсу сучаснай школы фарміраванне прафесійнай накіраванасці асобы навучэнцаў, або, інакш кажучы, прафарыентацыйная работа, мае важнае значэнне, таму што яна звязвае сістэму адукацыі з эканамічнай сістэмай, а асобасныя інтарэсы і патрэбы навучэнцаў — з іх будучыняй. Для дабрабыту грамадства неабходна, каб кожны выпускнік школы знаходзіў максімальна поўнае прымяненне сваім інтарэсам, схільнасцям, не марнаваў часу, сіл (ды і сродкаў) у пошуках свайго месца ў сістэме грамадскай вытворчасці, на якой мог бы прынесці найбольшую карысць і атрымаць глыбокае задавальненне ад сваёй працы.

У шырокім сэнсе слова прафарыентацыя — сістэма грамадскага і педагагічнага ўздзеяння на моладзь з мэтай яе падрыхтоўкі да свядомага выбару прафесіі, сістэма дзяржаўных мерапрыемстваў, якая забяспечвае навукова-абгрунтаваны выбар прафесіі.

У вузкім сэнсе слова прафарыентацыя — мэтанакіраваная дзейнасць па фарміраванні ў навучэнцаў унутранай патрэбы і гатоўнасці да свядомага выбару прафесіі.

Прафарыентацыя ў асобасным сэнсе — доўгі і ў дастатковай ступені незваротны працэс асваення асобай той ці іншай прафесіі.

Такім чынам, прафарыентацыя ажыццяўляецца на двух узроўнях — грамадскім і асобасным. Гэтыя ўзроўні ўзаемазвязаны.

Прафесійная арыентацыя ў школе — гэта сістэма вучэбна-выхаваўчай работы, накіраванай на засваенне навучэнцамі неабходнага аб’ёму ведаў пра сацыяльна-эканамічныя і псіхафізічныя асаблівасці прафесіі.

Па апытаннях, каля 50% старшакласнікаў цяжка назваць напрамак сваіх планаў на будучыню; 23% лічаць, што для авалодання прафесіяй не трэба многа вучыцца; 15% лічаць, што марнуюць час на навучанне. Гэтыя даныя пацвярджаюць адсутнасць дакладнай прафесійнай накіраванасці значнай часткі выпускнікоў, адну з найбольш істотных праблем навучання.

Тым не менш да заканчэння базавай або сярэдняй школы кожнаму вучню трэба будзе зрабіць вельмі важны выбар — выбар напрамку далейшага прафесійнага навучання ў сярэдніх спецыяльных або вышэйшых навучальных установах.

Каб паспяхова ажыццявіць гэты крок, неабходны спецыяльныя веды, асабліва ў цяперашні час, калі ў складаных умовах, умовах паскарэння навукова-тэхнічнага прагрэсу і рынку працы, які фарміруецца, значна ўзраслі патрабаванні да ўзроўню падрыхтоўкі спецыялістаў і да абітурыентаў усіх навучальных устаноў. Неабходна спецыяльная падрыхтоўка навучэнцаў да свядомага выбару прафесіі, які яны павінны ажыццявіць да моманту заканчэння базавай або сярэдняй школы.

Асноўная сфера прымянення псіхолага-педагагічных тэхналогій — гэта перыяд 13—14 гадоў, калі працэс самапазнання, самавызначэння, фарміравання часовай перспектывы будучыні перад падлеткам становіцца канкрэтнай сітуацыяй, гэта значыць, дзіця ўпершыню непасрэдна задумваецца пра сваю прафесійную будучыню. У старэйшым падлеткавым узросце яшчэ немагчыма гаварыць аб прафесійных здольнасцях. Гаворка можа ісці толькі пра індывідуальныя псіхалагічныя асаблівасці як перадумовы фарміравання прафесійных здольнасцей.

Псіхалагічная гатоўнасць да выбару прафесіі павінна быць часткова або цалкам сфарміравана ўжо да пачатку 9 класа. Гэта прадугледжвае паскораную прафарыентацыю падлетка, што можа спрыяць узнікненню ў дзіцяці супярэчнасцей і сумненняў, якія выяўляюцца ў наступным:

па-першае, у навучэнцаў не вызначаны каштоўнасныя ўяўленні пра саму прафесію. Арыенціры падлетка зрушаны на выбар жаданага ладу жыцця з дапамогай прафесіі. Такім чынам, прафесія выступае як сродак для дасягнення гэтага ладу, а не як істотная частка самога ладу жыцця;

па-другое, падлетак у сучасным свеце, які хутка мяняецца, павінен самастойна і ўсвядомлена мець спецыяльную прафесійную падрыхтоўку, каб адразу пачаць працаваць. Але, апынуўшыся пад такім націскам, старшакласнік часцей за ўсё не здольны знайсці адэкватны выхад без педагагічнай і псіхалагічнай дапамогі. Гэта азначае, што прафарыентацыйная работа павінна быць абавязковым і значным кампанентам у вучэбна-выхаваўчым працэсе.

Такім чынам, неад’емным кампанентам выхаваўчай работы з’яўляюцца фарміраванне прафесійнай накіраванасці асобы навучэнцаў і псіхолага-педагагічнае суправаджэнне іх прафесійнага самавызначэння.
Асноўнымі напрамкамі прафарыентацыйнай работы з’яўляюцца:

*  прафасветніцкая і інфармацыйная работа;

*  прафвыхаванне;

*  прафесійнае кансультаванне;

*  прафдыягнастычная работа;

*  псіхолага-педагагічнае суправаджэнне прафесійнага самавызначэння;

*  медыцынскае суправаджэнне прафесійнага самавызначэння.

У вызначэнні школьнікамі свайго месца ў жыцці пры выбары будучай прафесіі важную ролю адыгрывае іх прафесійная арыентацыя ў працэсе навучання на самыя розныя спецыяльнасці. Многім школьнікам у найбліжэйшай будучыні трэба будзе працаваць па спецыяльнасцях кваліфікаваных рабочых, таму большасць з іх павінны быць арыентаваны на масавыя рабочыя прафесіі.

Працэс прафарыентацыі навучэнцаў пры вывучэнні фізікі павінен праходзіць комплексна, закранаць знаёмства навучэнцаў з аб’ектамі працы, тэхналагічнымі працэсамі з прымяненнем у іх фізікі і выхаванне сацыяльна-маральных якасцей асобы школьніка — будучага рабочага.

Прафесіі, якія звязаны са стварэннем, выкарыстаннем, абслугоўваннем самых розных тэхнічных прылад. Прафесіі, у якіх тэхнічныя ўстройствы адыгрываюць не дапаможную і другасную ролю, а з’яўляюцца асноўным прадметам працы прафесіяналаў: станочнік па метале, слесар, матарыст, апаратчык, зваршчык, электрык, аўтаслесар, швачка-матарыстка, аператар і г.д. Усё гэта прафесіі тыпу “чалавек — тэхніка”.

Рыхтуючы навучэнцаў да правільнага выбару прафесіі на сваіх уроках, напрыклад, ужо ў 7 класе пры вывучэнні тэмы “Інерцыя” звяртаю ўвагу на немагчымасць хуткага спынення станка, дэталі, якая рухаецца, інструмента. У тэме “Ціск цвёрдых целаў” звяртаю ўвагу навучэнцаў на спосабы павелічэння або змяншэння ціску. Прапаноўваю назваць слясарныя і сталярныя інструменты, пры рабоце з якімі гэтая заканамернасць выкарыстоўваецца. Абавязкова высвятляем, як менавіта гэты інструмент стварае вялікі ціск; дзе і навошта, а таксама спецыялісты якіх рабочых прафесій павінны добра ведаць гэтую заканамернасць.

У 9 класе, успамінаючы гэты матэрыял, гаворым пра апоры ЛЭП, фундаменты будынкаў, збудаванняў. На ўроках па тэме “Дэфармацыя, віды дэфармацый” размова ідзе аб прафесіях муляра, электрыка, сталяра-цесляра, швачкі-матарысткі. Вывучаючы пытанні тэмы “Дыфузія”, разбіраем прынцыпы тэхналагічных працэсаў: цэментавання, храміравання, пайкі, зваркі, плаўлення, афарбоўвання паверхняў. Гутарым з дзецьмі аб прафесіях зваршчыка, маляра і г.д.

На факультатыўных занятках вялікую ўвагу звяртаю на другі аспект выбару прафесіі — патрабаванні да ўменняў і асабістых якасцей чалавека, неабходныя для гэтага спецыяліста. Да гэтых патрабаванняў адносім такія групы ўменняў, як уменне планаваць сваю работу, арганізацыйныя і рэгуліровачныя ўменні і ўменні самакантролю.

Да ўменняў планавання адносім пастаноўку мэт працы, складанне тэхнічнай дакументацыі і работу з ёй, выкананне нескладаных тэхніка-тэхналагічных разлікаў, выкарыстанне даведачнай літаратуры, работу з графікам, чарцяжом.

Да аргнізацыйных уменняў адносім падрыхтоўку рабочага месца, выбар аптымальных метадаў работы, самаадукацыю і ўдасканаленне прафесіі, выкананне правіл бяспекі.

Да рэгуліровачных уменняў адносім працавітасць, акуратнасць, увагу, памяць, уяўленне, уменне выправіць і наладзіць інструмент і г.д.

Гаворым пра ўменні самакантролю з дапамогай прыбораў дыягностыкі, кантрольна-вымяральных прыбораў.
Усе гэтыя ўменні кожны навучэнец павінен развіваць і фарміраваць у сабе сам і пры навучанні на іншых уроках, рыхтуючы сябе да канкрэтнай прафесіі.

Акрамя рабочых спецыяльнасцей, многія выпускнікі выбіраюць медыцынскія прафесіі. Нагадваю навучэнцам, што ў адпаведных спецыялізаваных навучальных установах студэнты працягваюць вывучэнне фізікі.

Наш прадмет дазваляе дзецям раскрыць не толькі пытанні курса фізікі, але і ўбачыць практычнае прымяненне вывучаных фізічных з’яў, раскрыць прывабныя бакі работы медыцынскага персаналу, звязаныя з выкарыстаннем сучасных прыбораў і метадаў даследавання, якія заснаваны на фізіка-тэхнічных дасягненнях і павышаюць эфектыўнасць лячэння.

Пры вывучэнні асноў малекулярна-кінетычнай тэорыі знаёмлю навучэнцаў з дыфузнымі працэсамі. Звяртаю іх увагу на эфект уздзеяння лекаў у выглядзе таблетак і капель, пры выкарыстанні якіх адбываецца працэс растварэння. Дзеці тлумачаць перавагі інгаляцыі перад іншымі спосабамі ўвядзення лекавых рэчываў у органы чалавека, жывёл (пры расшчапленні прэпарата павялічваецца плошча, якую яны пакрываюць і хуткасць руху часціц). Знаёмлю навучэнцаў з выкарыстаннем з’явы дыялізу — раздзяленне двух раствораў рознай канцэнтрацыі з дапамогай паўнепранікальнай перагародкі — мембраны, якая, як сіта, аддзяляе дробныя малекулы ад больш буйных (выдзяленне малекул крыві, бялкоў, вірусаў, бактэрый). Тлумачу лячэнне кіслароднага галадання з выкарыстаннем кактэйляў і кіслародных падушак, якія спрыяюць нармалізацыі колькасці кіслароду ў крыві чалавека.

Пры вывучэнні цеплавых з’яў і асноў тэрмадынамікі знаёмлю навучэнцаў:

з дзеяннем сагравальных кампрэсаў, грэлак, кварцавых лямп, прынцып работы якіх заснаваны на змяненні ўнутранай энергіі ў працэсе цеплаперадачы і расшырэнні крывяносных сасудаў;

з вынікам дзеяння масажу, якое заснавана на змяненні ўнутранай энергіі ў працэсе здзяйснення механічнай работы,

з выкарыстаннем цяпла і холаду пры лячэнні скурных захворванняў, з выкарыстаннем крыягенных камер;
з вынікамі анестэзіі — паніжэннем тэмпературы з-за выпарэння;

з метадам дыятэрміі, заснаваным на цеплавым уздзеянні току з мэтай узмацнення кровазвароту, зніжэння ціску на пашкоджаны хваробай орган (страўнік, мачавы пузыр і г.д.).

Вельмі багаты матэрыял для прафарыентацыі падлеткаў на медыцынскія спецыяльнасці дае вывучэнне фізікі ў старшых класах. Цяжка назваць фізічныя з’явы, вынаходкі, адкрыцці, якія так ці інакш не знайшлі б адлюстравання ў медыцыне.

І, канечне ж, рашаць задачы, звязаныя непасрэдна з рэальным жыццём чалавека, заўсёды цікавей. Такія задачы можна выкарыстоўваць як фрагмент урока.

1. Белае рэчыва мозга мае адносную дыэлектрычную пранікальнасць, роўную 90, а кроў — 85. У якім з гэтых біялагічных асяроддзяў знешняе электрычнае поле мацней і ў колькі разоў?

2. Радыеактыўныя ізатопы шырока выкарыстоўваюцца ў медыцыне і біялогіі. Напішыце ядзерныя рэакцыі, у якіх атрымліваюцца гэтыя ізатопы.

Магчымасць выкарыстоўваць на ўроках фізікі звесткі з розных галін чалавечых ведаў спрыяе стварэнню адзінай навуковай карціны свету, фарміруе цікавасць да прадмета і да будучай прафесіі.

Безумоўна, работу па фарміраванні прафесійнай накіраванасці асобы навучэнцаў павінны весці не толькі мы, настаўнікі-прадметнікі, на сваіх вучэбных і факультатыўных занятках. Навучэнцам патрэбна дапамога і бацькоў, і адміністрацыі школы, і прафесійная дапамога псіхолагаў і іншых спецыялістаў. Толькі тады гэтая работа дасць свае вынікі і мы будзем спакойныя за сваіх выпускнікоў, якія штодзённай якаснай прафесійнай працай будуць дапамагаць усім нам жыць, працаваць, гадаваць і вучыць іх жа дзяцей.

Мікалай БУБОВІЧ,
настаўнік фізікі Старасельскай сярэдняй школы Віцебскага раёна.
Фота Вольгі ДУБОЎСКАЙ.