Прэмія Scopus Award: упершыню ў Беларусі

- 10:52Навука і інавацыі, Якасць адукацыі

У аўторак у Беларускім дзяржаўным універсітэце ўручалі прэмію Scopus Award Belarus’2013, якая стала аб’ектыўнай знешняй ацэнкай укладу беларускіх вучоных у развіццё нацыянальнай і сусветнай навукі. Прэстыжнай міжнароднай прэміі былі ўдастоены 5 маладых і 5 знакамітых вучоных ва ўзросце, адпаведна, да і пасля 35 гадоў. У кожнай з намінацый было па некалькі прэтэндэнтаў на перамогу, і да апошняга інтрыга не раскрывалася. Імёны лаўрэатаў абвясцілі непасрэдна на ўрачыстай цырымоніі ў БДУ.

Трэба сказаць, што прэмію Scopus Award заснавала кампанія Elsevier — адзін з найбуйных выдавецкіх дамоў у свеце, які валодае мультыдысцыплінарнай рэфератыўна-аналітычнай базай даных Scopus. Ігар Осіпаў, Міхаіл Арцем'еў, Сяргей Маскевіч Кампанія была заснавана яшчэ ў 1880 годзе ў Амстэрдаме (Нідэрланды). Зараз выдавецкі дом абслугоўвае каля 4500 арганізацый і ўніверсітэтаў са 180 краін. Больш за 30 мільёнаў навукоўцаў, студэнтаў, спецыялістаў усіх галін атрымліваюць доступ да навуковай інфармацыі выдавецтва.

Як прызнаны лідар у галіне навуковай інфармацыі, Elsevier актыўна садзейнічае развіццю сусветнай навукі. Адзін з асноўных напрамкаў дзейнасці кампаніі — падтрымка вучоных: яе атрымалі ўжо шмат выбітных і маладых даследчыкаў у розных краінах.
Першую прэмію выдавецкі дом Else vi er уручыў у Кітаі ў 2004 годзе. З таго часу яе лаўрэатамі сталі вучоныя Лацінскай Амерыкі, Азіі, Еўропы і Расіі.
Галоўны крытэрый, які знаходзіцца ў аснове адбору намінантаў — колькасць навуковых публікацый і іх цытаванняў у часопісах базы даных Scopus. Зараз база ўтрымлівае больш за 19 500 найменняў навукова-тэхнічных і медыцынскіх часопісаў ад 5000 міжнародных выдавецтваў, уключаючы расійскія і беларускія выданні.

У Беларусі прэмія Scopus Award уручаецца ўпершыню. Як заўважыў міністр адукацыі Сяргей Маскевіч, які асабіста віншаваў лаўрэатаў, яна сведчыць аб узроўні развіцця навукі ў нашай краіне.
“Для вучонага ды і ўвогуле для любога чалавека, які стварае нейкі творчы, інтэлектуальны, матэрыяльны прадукт, важна, каб яго ацанілі і каб ён быў некаму патрэбны, — пракаменціраваў журналістам падзею Сяргей Аляксандравіч. — Так і ў выпадку праекта выдавецтва Elsevier: цытаванне навуковых прац — гэта паказчык таго, што іх значнасць, навізну ацанілі. Для нашых вучоных такая ацэнка гаворыць аб тым, што ўзровень іх даследаванняў адпавядае ўзроўню ўніверсітэцкай навукі краін Еўропы”.
Важна, каб пра беларускую навуку не толькі ведалі і гаварылі, але каб яе вынікі былі запатрабаваны — станавіліся асновай прыкладных распрацовак, што даюць эканамічны эфект, падкрэсліў міністр.

Вадзім Матуліс.Спецыяльна для Беларусі кампанія El sevier разам з Міністэрствам адукацыі вызначылі намінацыі і крытэрыі адбору намінантаў.
Так, на прэмію вылучылі маладых і знакамітых вучоных — па два чалавекі ў кожнай з навуковых галін: матэматыкі, хіміі, фізікі, біялогіі, медыцыны. Лепшых выбіралі паводле паказчыкаў публікацыйнай актыўнасці і цытавання прац на міжнародным узроўні, а таксама актыўнасці ў навуковай дзейнасці на нацыянальным узроўні. Па словах міністра адукацыі, магчыма, гэтыя арыенціры выдавецтва El sevier і далей будуць улічвацца пры ацэнцы навуковых вынікаў і якасці навуковай дзейнасці ў нашай краіне.

Такім чынам, пераможцамі Scopus Аward Belarus’2013 у катэгорыі “Маладыя вучоныя” сталі:
Кірыл Генадзьевіч КУЗЬМІН, БДУ — за выбітны ўклад у развіццё навукі ў галіне матэматыкі;
Уладзіслаў Віктаравіч ХРУСТАЛЁЎ, БДМУ — за выбітны ўклад у развіццё навукі ў галіне біялогіі;
Дзмітрый Віктаравіч ГУЗАТАЎ, ГрДУ імя Янкі Купалы — за выбітны ўклад у развіццё навукі ў галіне фізікі;
Вадзім Эдвардавіч МАТУЛІС, БДУ — за выбітны ўклад у развіццё навукі ў галіне хіміі;
Вера Барысаўна КУЗНЯЦОВА, ГрДМУ — за выбітны ўклад у развіццё навукі ў галіне медыцыны.

Пераможцамі Scopus Аward Belarus’2013 у катэгорыі “Вядомыя вучоны” сталі:
Мікалай Максімавіч ШУМЕЙКА, БДУ — за выбітны ўклад у развіццё навукі ў галіне фізікі;
Міхаіл Валянцінавіч АРЦЕМ’ЕЎ, БДУ — за выбітны ўклад у развіццё навукі ў галіне хіміі;
Аляксандр Мікалаевіч ДУДЗІН, БДУ — за выбітны ўклад у развіццё навукі ў галіне матэматыкі;
Ігар Віктаравіч СЕМАК, БДУ — за выбітны ўклад у развіццё навукі ў галіне біялогіі;
Юрый Яўгенавіч ДЗЯМІДЧЫК, БелМАПА — за выбітны ўклад у развіццё навукі ў галіне медыцыны

Ва ўрачыстасці ўзяў удзел кіраўнічы дырэктар Elsevier у Расіі і Беларусі Ігар Осіпаў. Ён расказаў, што ў ходзе супрацоўніцтва кампаніі з беларускім Міністэрствам адукацыі нашым універсітэтам быў прадастаўлены доступ да найбуйнейшых баз даных — Science Direct і Scopus.

Мікалай Шумейка.Па-першае, гэта дало магчымасць выявіць статыстыку выкарыстання гэтых рэсурсаў беларускімі прафесарамі, студэнтамі, навуковымі супрацоўнікамі. Дарэчы, адным з актыўных карыстальнікаў Science Direct на працягу многіх гадоў (пачынаючы з 2003 года) з’яўляецца Нацыянальная акадэмія навук Беларусі і яе бібліятэка. На бягучы момант сярод універсітэтаў у пяцёрку ўваходзяць: Віцебскі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт (1-е месца), БДУ, БНТУ, БДМУ, БДУІР. Трэба падкрэсліць, што гэта паказчык не якасці даследаванняў ці выкладання, а толькі выкарыстання рэсурсаў базы даных. Прычым беларускія ўніверсітэты ўсё больш чытаюць на англійскай мове, паколькі размова ідзе аб англамоўных выданнях.
Па-другое, выявіліся найбольш запатрабаваныя галіны навукі. Прачытаныя артыкулы размяркоўваюцца наступным чынам: на першым месцы фармакалогія, таксікалогія, фармацэўтычныя навукі, хімія, біяхімія, генетыка; на другім — камп’ютарныя навукі, біялагічныя і сельскагаспадарчыя навукі; на трэцім — інжынерныя, тэхнічныя навукі, матэрыялазнаўства.
“Што да базы даных Scopus, то гэта той інструмент, якім сёння вымяраюць дзейнасць універсітэтаў краіны “вялікай дваццаткі”, — дадаў Ігар Осіпаў. — Да часопісаў, якія ўключаюцца ў базу, прад’яўляюцца пэўныя патрабаванні па якасці. Адпаведна, па Scopus можна ацаніць узровень даследаванняў як у канкрэтным універсітэце, так і ў рэгіёне, краіне і г.д. За апошнія гады выкарыстанне базы вельмі актывізавалася. Напрыклад, на аснове яе даных складаецца вядомы рэйтынг універсітэтаў QS”.
Scopus даволі актыўна выкарыстоўваецца і ў Беларусі — ад пошукавых запытаў да даследавання профіляў канкрэтных аўтараў, навуковых арганізацый. “Замест таго, каб вынаходзіць веласіпед, па базе даных можна вызначыць арыгінальнасць тэмы даследавання, знайсці замежных партнёраў і г.д. І беларускія даследчыкі гэтым карыстаюцца”, — заўважыў прадстаўнік выдавецтва Elsevier.

Дарэчы, Белдзяржуніверсітэт цалкам заканамерна стаў пляцоўкай цырымоніі ўручэння прэміі: шасцёра з дзесяці лаўрэатаў — менавіта яго прадстаўнікі. Як паведаміў рэктар БДУ Сяргей Абламейка, ва ўніверсітэце даўно адзначылі выдатную работу сваіх вучоных у галіне фізікі, хіміі, матэматыкі, біялогіі і прынялі рашэнне аб прэміраванні за высокія h-індэксы і публікацыі ў часопісах з імпакт-фактарам.
Адносна нядаўна бібліятэка НАН Беларусі назвала беларускіх вучоных, навуковыя работы якіх больш за ўсё цытуюць у свеце. Зусім невыпадкова на першым месцы сярод іх аказаўся загадчык лабараторыі нанахіміі НДІ фізіка-хімічных праблем БДУ доктар хімічных навук Міхаіл Арцем’еў. Міхаіл Валянцінавіч з’яўляецца аўтарам новых метадаў атрымання высокадысперсных і нанаструктураваных сістэм для мікра-, нанаэлектронікі і оптыкі, працуе над стварэннем нанаматэрыялаў з асаблівымі ўласцівасцямі.
Белдзяржуніверсітэт можа ганарыцца тым, што эстафету падхапілі маладыя вучоныя. Сярод намінантаў прэміі Scopus Award Belarus’2013 дастаткова даследчыкаў да 35 гадоў з БДУ. Двое з іх сталі пераможцамі, у тым ліку і хімік Вадзім Матуліс — дацэнт хімічнага факультэта і дырэктар Ліцэя БДУ, навуковыя інтарэсы якога знаходзяцца ў галіне квантавай хіміі. Як падкрэсліў Вадзім Эдвардавіч, прэмію ён разглядае не як асабістую ўзнагароду, а як плён аўтарскага калектыву беларускіх і замежных калег.

Іна НІКІЦЕНКА.

nikitsenka@ng-press.by

Фота Алега ІГНАТОВІЧА.