PUER: падарыць дзецям шчаслівае заўтра

- 11:54Сацыяльны ракурс

Асаблівасці выхавання дзяцей у прыёмных і замяшчальных сем’ях вельмі часта выклікаюць шмат пытанняў у “новых” бацькоў. Не сакрэт, што, прымаючы ў сям’ю яшчэ ўчора чужое, а сёння ўжо сваё, але зусім незнаёмае дзіця, прыёмныя бацькі сутыкаюцца з разгубленасцю. Як пабудаваць даверлівыя адносіны? Як не нанесці псіхалагічную траўму і пазбегнуць канфліктаў? Як выгадаваць сваё дзіця так, каб яно ні на хвіліну не сумнявалася ў тым, што яго любяць не менш за астатніх?

Аб гэтых і іншых пытаннях ішла гаворка на Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі “Дзяцінства і сям’я ХXI стагоддзя: праблемы і стратэгіі псіхалагічнай дапамогі і падтрымкі”, якая адбылася напрыканцы лістапада ў БДПУ імя Максіма Танка.

Шчасце пачынаецца з сям’і

Ідэя аб правядзенні канферэнцыі была прапанавана прэзідэнтам Італьянскай гуманітарнай асацыяцыі PUER Серджыа дэ Чыка. Падпісваючы ў 2014 годзе з БДПУ дагавор аб стварэнні ва ўніверсітэце Цэнтра псіхалагічнай дапамогі, Серджыа дэ Чыка прапанаваў накіраваць работу псіхолагаў і педагогаў цэнтра на дапамогу замяшчальным і прыёмным сем’ям. Такім чынам, работа цэнтра заснавана на аказанні псіхалагічнай дапамогі, а таксама паляпшэнні псіхалагічнага стану дзяцей-сірот. Акрамя гэтага, цэнтр працуе і з тымі бацькамі, якія пазбаўлены правоў на выхаванне дзяцей.

Што тычыцца канферэнцыі, то яе асноўная мэта — падвесці вынікі наконт сумеснай работы, даць адказы на хвалюючыя пытанні, а таксама вызначыць новыя задачы, вырашэнне якіх у будучым можа палепшыць становішча дзяцей з замяшчальных і прыёмных сем’яў.

— На працягу 20 гадоў я займаюся праблемамі, звязанымі з дзецьмі, за гэты час было назапашана нямала вопыту, і менавіта гэта стала штуршком для стварэння гуманітарнай арганізацыі PUER, — дзеліцца Серджыа дэ Чыка. — Сёння наша арганізацыя паспяхова спраўляецца з пастаўленай перад намі задачай — аказаннем дапамогі дзецям з Беларусі. Акрамя гэтага, вельмі важна, што PUER падтрымлівае ініцыятыву ўсынаўлення і імкнецца накіроўваць сваю работу на абарону тых дзяцей, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы.

Дарэчы, адной з прычын, па якой у Італіі больш чым 20 гадоў назад была заснавана PUER, стала чарнобыльская катастрофа, наступствы якой, на жаль, дагэтуль адчувае ўся Еўропа.

У 1992 годзе SOS-дзіцячая вёска ў Рыме ўпершыню запрасіла да сябе на аздараўленне некалькі груп дзяцей, якія пацярпелі ад катастрофы на ЧАЭС. Гэтыя дзеці атрымалі першую гуманітарную дапамогу ад італьянскіх сем’яў. І менавіта гэта стала пачаткам знаёмства італьянцаў і беларусаў.

— Калі апошняя група дзяцей паехала дадому, мы пачалі думаць над тым, каб арганізаваць паездку ў Беларусь. Нам хацелася больш дэталёва зразумець, якім чынам яшчэ можна дапамагчы тым беларускім дзецям, якія выхоўваюцца ў замяшчальных, прыёмных сем’ях. А для гэтага трэба было паглядзець, як жывуць дзеці, з якімі праблемамі яны сутыкаюцца. Менавіта з гэтай мэтай і былі створаны першыя гуманітарныя арганізацыі, — працягвае расказваць пра дзейнасць PUER прэзідэнт асацыяцыі. — Сёлета, калі адзначалася 30-годдзе са дня катастрофы на ЧАЭС, PUER была праведзена канферэнцыя, на якой абмяркоўваліся новыя мэты і задачы развіцця міжнароднага супрацоўніцтва ў сферы дапамогі тым дзецям, якія па тых ці іншых прычынах не выхоўваюцца ў біялагічных сем’ях.

Але ўсё гэта толькі пачатак нялёгкага шляху. PUER і БДПУ правялі вялікую работу для таго, каб і студэнты-псіхолагі маглі працаваць з беларускімі замяшчальнымі і прыёмнымі сем’ямі і на прафесійным узроўні аказвалі б неабходную дапамогу тым, каму яна насамрэч патрэбна.

Дарэчы, падчас канферэнцыі шмат увагі адводзілася такому паняццю, як інтэграваная сям’я. І менавіта пры дапамозе культурнага абмену можна зразумець, у чым жа на самай справе заключаецца сутнасць гэтай новай у сацыяльнай і псіхалагічнай педагогіцы з’явы.

— Прааналізаваўшы работу арганізацыі на працягу некалькіх гадоў, мы зразумелі, чым можам дапамагчы і як насамрэч дапамагаем дзецям. Многія з тых дзяцей, якія першымі пачалі ўдзельнічаць у міжнародным абмене, ужо выраслі і самі сталі бацькамі. Вельмі хочацца, каб у свае сем’і яны неслі ўсё толькі самае лепшае і каб цанілі тыя добрыя каштоўнасці, якія перанялі ў нас, італьянцаў, — звярнуў увагу спадар Серджыа.

Давер як аснова шчаслівай сям’і

Сёння, побач з новымі тэхналогіямі, калі грамадства імкліва развіваецца, з’яўляюцца і новыя мадэлі сацыяльных зносін. Але патрэбы дзяцей ад гэтага не мяняюцца. Любому дзіцяці неабходна, каб у яго была сям’я, каб яго проста любілі. І гэтыя патрэбы з’яўляюцца галоўнымі каштоўнасцямі. Тым не менш сёння фарміруецца новая мадэль жыцця, а гэта ўскосна, але ўсё ж такі ўплывае на дзяцей, якія сутыкаюцца з інтэграцыяй сем’яў.

— У 90 працэнтаў выпадкаў, калі беларускае дзіця па абмене ўпершыню прыязджае ў італьянскую сям’ю, адбываецца ўзаемны абмен культурамі. Італьянская сям’я становіцца беларускай. А беларускае дзіця, у сваю чаргу, прывучаецца да італьянскай культуры. Абмен паміж беларускімі і італьянскімі сем’ямі садзейнічае фарміраванню новага феномена як на ўнутрысямейным, так і на сацыяльным узроўні. Пры наяўнасці неабходных умоў усё гэта можа прывесці да стварэння новага фармату сям’і, — працягвае тлумачыць Серджыа дэ Чыка. — Калі гаварыць аб працэсе ўсынаўлення, то ён адбываецца згодна з праграмамі па ўсынаўленні дзяцей і выключна пры ўмове ўзаемнай згоды як дзяцей, так і дарослых. Менавіта тыя дзеці і дарослыя, якія да моманту знаёмства належалі да розных нацыянальнасцей і культур, а пасля пазнаёміліся, пазналі адно аднаго, фарміруюць новы баланс у сям’і. Варта разумець, што для стварэння шчаслівай сям’і не існуе ніякіх меж.

Прыём дзіцяці ў сям’ю — гэта вельмі адказны момант. І вельмі важна, наколькі гатовыя да гэтага як дарослыя, так і само дзіця.

— Вельмі важным з’яўляецца тое, як пройдзе першая сустрэча дзіцяці з новай сям’ёй. Такі момант павінен стаць момантам яднання. Але адначасова з гэтым існуе небяспека, што сувязь паміж дзецьмі і новымі бацькамі не будзе ўстаноўлена. Менавіта па гэтай прычыне працэс падрыхтоўкі да сустрэчы з’яўляецца ключавым момантам у працэсе нашай работы, — расказаў спадар Серджыа.

Увогуле, пажыўшы па абмене з новымі бацькамі, дзеці павінны вяртацца дадому з пачуццём гонару за тое, што менавіта яны сталі галоўным элементам у працэсе стварэння новай сям’і. У іх не павінна быць унутраных канфліктаў, яны павінны разумець сваю значнасць у гэтым і разумець, што без іх нічога такога не адбылося б. Такім чынам, неабходна аказваць дапамогу і дзецям, і апекунам, каб паміж імі будаваліся камфортныя адносіны.

Магчымасць пабудаваць давер паміж усімі ўдзельнікамі зносін, пачынаючы з італьянскіх сем’яў і заканчваючы беларускімі апекунамі, з’яўляецца важнай задачай работы Цэнтра псіхалагічнай падрыхтоўкі. Дарэчы, кожны год PUER і БДПУ будуць адбіраць лепшага студэнта-валанцёра. Важна, што PUER дае магчымасць студэнтам паспрабаваць сябе ў практычнай дзейнасці псіхолага, адчуць праблемную вобласць замяшчальных сем’яў, пранікнуцца праблемай і зразумець, што могуць і псіхолаг, і сацыяльны педагог даць дзецям.

Не канфліктаваць, а супрацоўнічаць

Каб граматна пабудаваць работу з прыёмнымі і замяшчальнымі сем’ямі, спецыялісты ўсё часцей выкарыстоўваюць сямейную медыяцыю.

“Канфлікты, якія ўзнікаюць у сем’ях, маюць свае асаблівасці. Многія ведаюць прычыны ўзнікнення канфліктаў, а таксама спосабы вырашэння спрэчных сітуацый. І менавіта той вопыт вырашэння канфліктаў, які дзеці атрымалі ў біялагічных сем’ях, вылучае іх у прыёмных ці замяшчальных сем’ях, калі яны туды трапляюць, — дзеліцца вопытам загадчык кафедры ўзроставай і педагагічнай псіхалогіі ГрДУ імя Янкі Купалы кандыдат псіхалагічных навук Аксана Канстанцінаўана Шульга. — Які гэта вопыт? Гэта вопыт нявырашанага канфлікту”.

Дзеці з біялагічных сем’яў ці дзеці-сіроты часцей сутыкаюцца з праблемамі псіхалагічнага ці фізічнага насілля, і гэта таксама накладвае свой адбітак на адносіны, якія ўзнікаюць у іх не толькі з бацькамі, але і з равеснікамі. У такіх дзяцей, як правіла, адсутнічаюць навыкі канструктыўнага вырашэння канфліктаў.

Сёння канфлікты ўзнікаюць і вырашаюцца ў сем’ях з розным стылем выхавання. Шкада, але супрацоўніцтву ў сем’ях ніхто не вучыць. Бацькамі выкарыстоўваюцца розныя стылі “выхаду” са спрэчнай сітуацыі: пазбяганне, канкурэнцыя, уступка, кампраміс, — але супрацоўніцтва вельмі рэдка становіцца асновай для вырашэння канфліктаў.

Відавочна, што метадам супрацоўніцтва для вырашэння канфліктных сітуацый неабходна навучыцца валодаць усім сучасным бацькам, якім неабыякавыя ўласныя дзеці. Але бацькі з замяшчальных і прыёмных сем’яў павінны карыстацца гэтым метадам заўсёды. Дзіця, якое трапіла ў новую сям’ю, павінна адчуваць, што яно патрэбна новым бацькам.

— Што тычыцца сямейнай медыяцыі, то гэта спосаб вырашэння канфлікту з удзелам трэцяга незалежнага боку. Мы вучым вырашаць канфлікты праз дыялог. Калі канфлікт адбыўся, яго можна вырашыць на месцы, — тлумачыць Аксана Шульга.

Адметна, што медыяцыя не накіравана на пошук вінаватых. Медыяцыя вучыць улічваць у вырашэнні канфлікту інтарэсы абоіх удзельнікаў канфлікту, спрэчкі. Варта памятаць, што ў канфлікце не можа быць вінаватых. І калі займацца пошукам вінаватых, канфлікт вырашаны не будзе.

— У медыяцыі канфліктуючыя бакі самі прымаюць рашэнне, парад ніхто не дае. І часцей за ўсё яны прымаюць тое рашэнне, пра якое на пачатку канфлікту нават не здагадваліся. Медыяцыя будуецца на камунікатыўных тэхналогіях. Любы працэс медыяцыі накіраваны на працэс захавання адносін. І калі ў канфлікце бакі спрабуюць звярнуцца да мінулага, каб зразумець, што было зроблена не так, што прывяло да канфлікту, то медыяцыя накіравана не на пошук праблем з мінулага, а на пабудаванне адносін і на тое, што можна зрабіць, каб такога канфлікту ў будучым не паўтарылася. Усе ўдзельнікі канфлікту, згодна з медыяцыяй, бяруць адказнасць за канфлікт на сябе, — расказвае Аксана Канстанцінаўна.

У канфліктах, якія ўзнікаюць у замяшчальных сем’ях, узнікае шмат праблем, звязаных з насіллем. І гэтыя праблемы часцей за ўсё з мінулага, яны прыходзяць у новую сям’ю з біялагічнай. Такім чынам, у сямейнай медыяцыі існуе аднаўленчы падыход, які накіраваны на вырашэнне канфлікту паміж ахвярай і агрэсарам.

— Аднаўленчы падыход дапамагае чалавеку вярнуць самому сабе станоўчую ацэнку. Здараецца, ахвяра трапляе ў сітуацыю, калі над ёй было здзейснена насілле. Ахвяра лічыць вінаватай толькі сябе. Мэта аднаўленчага падыходу — паказаць чалавеку, які пацярпеў ад насілля, што не ён вінаваты. Зараз разгледзім адваротны бок. Калі мы караем вінаватага за злачынства, злачынца можа і не згадзіцца з абвінавачваннямі. А ў аднаўленчым падыходзе агрэсар паспрабуе ацаніць маштаб сваіх дзеянняў, а таксама будзе імкнуцца зразумець, якім чынам яго дзеянні прывялі да таго, што ў ахвяры змянілася жыццё, а таксама адносіны да самога сябе, — тлумачыць кандыдат псіхалагічных навук.

Такія сітуацыі вельмі знаёмыя дзецям, якія прыходзяць з біялагічных у прыёмныя сем’і, таму што яны ў першую чаргу страцілі давер да сваіх мамы і таты. Калі яны прыходзяць у замяшчальныя сем’і, пачаць давяраць становіцца вельмі складана. Аднаўленчы падыход дае магчымасць навучыцца давяраць, будаваць станоўчыя адносіны з новай сям’ёй.

— Мы вучым бацькоў з замяшчальных сем’яў, што ў аснове канфлікту ляжаць патрэбы дзіцяці. Бацькі павінны вучыцца глядзець углыб спрэчнай сітуацыі, — працягвае дзяліцца вопытам Аксана Канстанцінаўна. — У Гродне сёлета праходзіў фестываль замяшчальных сем’яў, дзе бацькі, у якіх з’явіліся новыя дзеці, былі навучаны асновам медыяцыі. Хочацца, каб такія мерапрыемствы сталі добрай традыцыяй і навучылі ўсіх нас жыць мірна.

***

Канферэнцыя прайшла, але пытанні выхавання дзяцей у прыёмных і замяшчальных сем’ях заўсёды будуць заставацца адкрытымі. Каб зрабіць жыццё і ўзаемаадносіны дзяцей і бацькоў гарманічнымі, неабходна праводзіць каласальную работу. І будавацца такая работа павінна на даверы паміж бацькамі і спецыялістамі. На жаль, практыка паказвае, што часта ў тых праблемах, якія ўзнікаюць у прыёмных ці замяшчальных сем’ях, вінаватымі робяць бацькоў. Але ці так гэта на самай справе? Магчыма, каб з самага пачатку стварэння замяшчальнай (прыёмнай) сям’і кампетэнтныя службы спрабавалі будаваць работу больш зладжана, на аснове даверу і падтрымкі, а бацькі не баяліся б лішні раз расказаць аб тым, што іх насцярожвае, паламаных дзіцячых лёсаў было б значна менш.

Наталля ДУБІК.