Музычны кіраўнік дзіцячага сада аграгарадка Тур’я Шчучынскага раёна Ала Раманчук лічыць, што музыка аказвае вялікае ўздзеянне на развіццё маўлення дашкольнікаў.

Ала Васільеўна — творчы і адказны музычны кіраўнік. Яна шмат гадоў выкарыстоўвала ў рабоце з дзецьмі дашкольнага ўзросту з цяжкімі парушэннямі маўлення розныя практыкаванні, якія не толькі выхоўваюць пачуццё музычнага рытму, але і дапамагаюць арганізацыі карэкцыйна-адукацыйнага працэсу. Шукала, спрабавала, практыкавала і знайшла самыя эфектыўныя метады.
Для вырашэння праблем запамінання слоў песні і агульнай арыентацыі педагог актыўна прымяняе метад “Бодзі-перкусія”, пры якім у якасці інструмента выкарыстоўваецца цела, а не голас. Гэтая тэхніка дапамагае не проста пачуць, але і адчуць рытм. Слухаць і чуць сваё цела, іграць на ім, як на перкусіі, — значыць прапусціць музыку, яе рытм праз сябе, бо любое маўленчае парушэнне ў дзіцяці па сваёй сутнасці і ёсць парушэнне рытму.
Воплескі, плясканні, прытупванні і пстрыканні пальцамі, удары тыльным бокам далоні — гэта элементарныя гукавыя выразныя сродкі, якія выкарыстоўваюцца на занятках. Займаючыся па гэтай методыцы, Ала Раманчук дапамагае дзецям ствараць музыку сваімі рукамі. Пад марш, напрыклад, на занятках крочаць не толькі ножкі, але і пальчыкі рук, на якія апранаюцца “чаравічкі”. Каб зацікавіць дзяцей музыкай, педагог актыўна выкарыстоўвае на занятках і незвычайныя інструменты: шклянкі, мячыкі, клавесы (драўляныя палачкі), званочкі і інш.
Ала Васільеўна дапамагае дзіцяці “ўбачыць” музыку. Яна распрацавала аўтарскія карткі-дапаможнікі “Чую, бачу, паўтараю”. На іх схематычна намалявана бодзі-перкусія беларускіх танцаў і песень. Для чаго? Дзецям з парушэннямі маўлення цяжка ахарактарызаваць праслуханую музыку, ім лягчэй перадаць характар музыкі рухам, чым апісаць сказамі. З дапамогай такіх картак у выхаванцаў фарміруецца ўпэўненасць у сабе, цікавасць да музычных заняткаў.
Дарэчы, заняткі па бодзі-перкусіі праводзяцца рэгулярна. Яны сталі неад’емнай часткай музычнага навучання.
Ужо з першых заняткаў дзеці пад кіраўніцтвам Алы Васільеўны вучацца ўспрымаць рытм як аснову музычнага твора. А гэта, у сваю чаргу, спрыяе паляпшэнню дыкцыі і артыкуляцыі.
Дзеці пачынаюць лепш кантраляваць тэмп свайго маўлення, вылучаць націскныя і ненаціскныя склады, што непасрэдна ўплывае на якасць іх вымаўлення. Акрамя таго, на занятках па бодзі-перкусіі музычны кіраўнік актыўна выкарыстоўвае розныя вершы, якія дзеці з задавальненнем рытмізуюць пры дапамозе воплескаў і прытупванняў. Гэта не толькі развівае музычны слых, але і дапамагае запамінаць новыя словы і фразы, пашыраючы слоўнікавы запас і ўдасканальваючы навыкі зносін. Кожныя заняткі звязаны з гульнятэрапіяй, псіхагімнастыкай і методыкай музычнага выхавання ў цэлым.
Прадстаўлены метад даступны ўсім выхаванцам, незалежна ад іх узросту, зыходных музыкальных здольнасцей і навыкаў.
Вольга ДАЦЭНКА,
загадчыца дзіцячага сада аграгарадка Тур’я Шчучынскага раёна





