18 прычын пабываць у Шчучыне

- 14:50Адукацыйная прастора

У сярэдняй школе № 2 Шчучына даўно працуе школьны аздараўленчы лагер з дзённым знаходжаннем дзяцей. Сёлета ўстанова расчыніла дзверы для 105 дзяцей ад 6 да 13 гадоў. Гэта самая вялікая колькасць жадаючых за час існавання школьнага лагера.

Для працы лагера быў выдзелены ўвесь першы паверх будынка школы, спартыўная зала, кабінет музыкі, бібліятэка, актавая зала, сталовая. Падрыхтоўка пачалася задоўга да адкрыцця лагера. Сцэнарый лагернага жыцця быў прысвечаны роднаму гораду, яго юбілею. Усе мы па праве ганарымся Шчучынам, сваёй малой радзімай, слаўнай гісторыяй горада і яго добрымі традыцыямі. Быў створаны праект “Щучын.by” (Шчучын. Budu пазнаваць), распрацаваны мерапрыемствы з улікам узросту дзяцей.

Хлопчыкі і дзяўчынкі былі размеркаваны па 4 атрадах (раёнах): “Турысты”, “Архітэктары”, “Гісторыкі”, “Батанікі”. У раёне “Турыстаў” адпачывалі самыя маленькія дзеці. Яны хадзілі на экскурсіі, сустракаліся з цікавымі людзьмі і даведваліся шмат новага пра Шчучын. У полі зроку “Батанікаў” быў не толькі раслінны свет, але і ўся прырода роднага краю. “Гісторыкі” шмат працавалі з літаратурай і шукалі цікавыя звесткі аб горадзе. “Архітэктары” займаліся фотаздымкамі, каб захаваць прыгажосць Шчучына, вывучалі асаблівасці архітэктуры старадаўніх будынкаў.

Шчучын — утульны, гасцінны, маляўнічы, прамысловы, паэтычны горад. Дзеці пабывалі на экскурсіях у храмах і на прамысловых прадпрыемствах, у Палацы творчасці дзяцей і моладзі. Вывучаныя аб’екты выхаванцы знаходзілі на карце Шчучына і ў патрэбным месцы наклейвалі іх малюнак. У лагеры дзейнічала навукова-даследчая лабараторыя, дзе збіраліся творчыя знаходкі, а таксама фотаздымкі і відэаролікі пра Шчучын. Свае ўражанні дзеці адлюстроўвалі на старонках альбома “18 прычын пабываць у Шчучыне”. На падставе гэтых матэрыялаў быў створаны буклет і распаўсюджаны сярод жыхароў і гасцей горада, а таксама ў інтэрнэце для таго, каб як мага больш людзей даведалася пра Шчучын, яго славутасці.

Рэалізацыю праекта па летнім аздараўленні дзяцей можна лічыць паспяховай: усё, што мы рабілі для сваіх выхаванцаў, прыйшлося ім даспадобы. У нас сфарміравалася надзейная каманда педагогаў, якія імкнуцца зрабіць усё для цікавага і пазнавальнага адпачынку хлопчыкаў і дзяўчынак.

Настасся МАРКЕВІЧ,
настаўніца пачатковых класаў сярэдняй школы № 2 Шчучына.