20 гадоў павышанай увагі да кожнай адоранай асобы

Сёння спаўняецца роўна 20 гадоў з моманту стварэння спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў. Ён быў створаны Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 19 ад 12 студзеня 1996 года з мэтай фінансавання мерапрыемстваў, накіраваных на стымуляванне інтэлектуальна-творчай дзейнасці моладзі ў галіне адукацыі і навукі.

Дзяржава ўзяла на сябе адказнасць за далейшае прафесійнае станаўленне таленавітага школьніка або студэнта і годна выконвае гэтую місію ўжо два дзесяцігоддзі. У полі зроку — лёс кожнага лаўрэата як на пачатку выяўлення яго здольнасцей і талентаў, так і пасля таго, як ён зробіць крок у дарослае жыццё. Уся дзейнасць спецфонду стварае максімальна спрыяльныя ўмовы для самарэалізацыі творчай асобы з найбольшай карысцю для краіны.
За 20 гадоў існавання фонду заахвочванні атрымалі больш за 30 тысяч навучэнцаў і студэнтаў (студэнты — 13 557, навучэнцы — 16 436), 3098 заахвочванняў былі адрасаваны педагагічным і навуковым работнікам, якія ўнеслі асаблівы ўклад у развіццё здольнасцей адораных навучэнцаў і студэнтаў.
Лепшым 112 інтэлектуальным і творчым аб’яднанням навучэнцаў і студэнтаў, якія змаглі заваяваць грамадскае прызнанне перспектыўнымі распрацоўкамі і дасягненнямі, была аказана фінансавая падтрымка фонду.
Пераважная большасць стыпендыятаў і лаўрэатаў прэмій спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў працягваюць вучобу ў навучальных установах краіны, становяцца прафесіяналамі, рэалізоўваючы свае магчымасці, апраўдваючы намаганні педагогаў, пацвярджаючы выніковасць і значнасць сваёй дзейнасці.
У адпаведнасці з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 26.04.2010 № 199 “Аб некаторых пытаннях фарміравання, вядзення і выкарыстання банкаў даных адоранай і таленавітай моладзі” Міністэрства адукацыі ажыццяўляе вядзенне банка даных таленавітай моладзі.
Па стане на 01.02.2015 у банк даных адоранай моладзі ўключана інфармацыя аб 5778 грамадзянах, з якіх:
698 навучэнцаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі;
88 навучэнцаў устаноў сярэдняй спецыяльнай і прафесійна-тэхнічнай адукацыі;
1694 студэнты ўстаноў вышэйшай адукацыі;
297 аспірантаў.
Больш за 150 таленавітых дзяўчат знаходзяцца ў дэкрэтным водпуску, больш за 200 чалавек вучацца або працуюць за мяжой.
У цяперашні час больш за 2 тысячы чалавек ажыццяўляюць працоўную дзейнасць, з іх: у рэальным сектары эканомікі — 62% (у 2013 годзе такіх было 54%); на выкладчыцкіх пасадах і ў навуковай сферы — 38% (у 2013 годзе — 46%). У 2014 годзе прадстаўнікі таленавітай моладзі абаранілі 72 кандыдацкія і 2 доктарскія дысертацыі.
За ўсімі красамоўнымі лічбамі заўсёды стаяць людзі. У выпадку спецыяльнага фонду — гэта моладзь. Наша газета не раз пісала пра адораных і таленавітых вучняў і студэнтаў, адзначаных спецфондам. Мы не раз прысутнічалі на ўрачыстасцях спецфонду. Але кожны раз, гаворачы з гэтымі хлопцамі і дзяўчатамі і проста назіраючы за імі, мы адчувалі гонар за сваю дзяржаву.
20 гадоў — важкі юбілей і важкая нагода, каб яшчэ і яшчэ раз адчуць і ўсвядоміць, што ў нас ёсць таленавітая моладзь, гатовая ўсе свае адкрыцці прысвяціць роднай краіне.
Лізавета Манжуліна — пакуль вучаніца 11 класа гімназіі № 41 Мінска імя У.Х.Сярэбранага, але за свае школьныя гады гэтая сімпатычная дзяўчына змагла заявіць пра сябе як пра здольнага матэматыка. Вясной мінулага года яна стала пераможцай IV Еўрапейскай матэматычнай алімпіяды сярод дзяўчат, якая праходзіла ў беларускай сталіцы. Цяпер яна мае нагрудны знак лаўрэата і атрымлівае заахвочвальную стыпендыю спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў. І гэта не першае заахвочванне спецфонду. Былі ўзнагароды за перамогі на рэспубліканскай алімпіядзе, канферэнцыі. Па словах дзяўчыны, стыпендыя не была для яе самамэтай (найперш яе хвалявала матэматыка, бо краіну на міжнародным узроўні яна прадстаўляла ўпершыню), але цяпер яна дапамагае ёй адчуваць сябе больш дарослай і самастойнай. У прыватнасці, зараз Лізавета можа сама аплачваць некаторыя гурткі. А інтарэсы ў гэтай таленавітай дзяўчыны рознабаковыя. Лізавета паспяхова займаецца бальнымі танцамі, захапляецца снаўбордам, горнымі лыжамі, сплаўляецца на байдарках. У яе на ўсё хапае часу, бо яна ўмее правільна яго размяркоўваць. Прынамсі, падчас нашай з ёй гаворкі яна рыхтавалася да трэцяга этапу рэспубліканскай алімпіяды па матэматыцы, які, дарэчы, у Мінску стартуе акурат сёння. Побач з Лізаветай па-ранейшаму адданыя педагогі-матэматыкі гімназіі № 41 Яўген Вітальевіч Жыбрык і Барыс Барысавіч Камракоў, але, будучы спрактыкаванай алімпіядніцай, яна ведае, што падчас падрыхтоўкі да алімпіяды ў прыярытэце самастойная работа. А да настаўнікаў можна звярнуца па кансультацыю ці па дапамогу (тлумачэнне) у крайнім выпадку. — У 11 класе ты ўжо разумееш, што тваю самастойную падрыхтоўку, акрамя цябе самой, ніхто не пракантралюе. Вядомы твае слабыя бакі, таму можаш самастойна змяніць акцэнты пры падрыхтоўцы да алімпіяды. У мяне, напрыклад, не заўсёды складваюцца добрыя адносіны з геаметрыяй. А вось алгебру і камбінаторыку вельмі люблю. Канечне, мы ўвесь час знаходзімся на сувязі з нашымі настаўнікамі, наведваем дадатковыя заняткі і факультатывы. У нашай гімназіі практыкуюцца такія заняткі матэматыкай, як задачы для душы, калі, напрыклад, за тыдзень-другі з пэўных зборнікаў мы павінны рашыць 30 задач па геаметрыі. Падрыхтоўка да алімпіяды з’яўляецца комплекснай, — адзначыла Лізавета. Другім маім суразмоўцам стаў таксама юны матэматык навучэнец 10 класа гімназіі № 51 Гомеля Ягор Дубовік. Юнак стаў пераможцам 56-й Міжнароднай матэматычнай алімпіяды, якая ў мінулым годзе праходзіла ў Тайландзе, за што быў адзначаны заахвочвальнай стыпендыяй і нагрудным знакам спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў.
Займацца матэматыкай сур’ёзна Ягор пачаў з 6 класа. Была спроба па-алімпіяднаму заглыбіцца ў англійскую мову, але не склалася. Пра свае няўдачы хлопец успамінае з матэматычнай стрыманасцю і вельмі спакойна. Ён абсалютна не шкадуе, бо, пасталеўшы, разумее, што вопыт можа быць розным, але ён усё роўна застаецца вопытам, які ідзе на карысць.
Шлях Ягора на пераможны алімп можна назваць традыцыйным. Спачатку ён выйграў гімназічную алімпіяду, затым — гарадскую, потым быў абласны этап, а затым пераможным стаў і рэспубліканскі. Пасля такога поспеху яго запрасілі на трэніровачныя зборы па падрыхтоўцы да міжнароднай алімпіяды, дзе ён паказаў добрыя вынікі. Не падкачаў Ягор і ў складзе беларускай каманды і на міжнароднай арэне. Вось такі, здавалася б, просты шлях.
Насамрэч, каб дасягнуць такіх вынікаў, трэба працаваць штодзённа па некалькі гадзін. Рашаць і рашаць задачы. Тут патрэбен не проста талент да матэматыкі, а ўседлівасць, напорыстасць і ўпартасць. А развіць усе гэтыя якасці, як правіла, дапамагаюць школьныя настаўнікі. Матыватарам і своеасаблівым маяком у матэматыцы для дзесяцікласніка 51-й гімназіі Гомеля з’яўляецца настаўнік матэматыкі гэтай навучальнай установы Аляксандр Мікалаевіч Струк. Менавіта гэты педагог побач з Ягорам увесь час, і менавіта ён паказаў хлопцу ўсю прыгажосць і прыцягальнасць свайго прадмета.
З Ягорам, як і з Лізаветай, я гаварыла напярэдадні абласной алімпіяды. І ён, натуральна, актыўна да яе рыхтаваўся.
— Матэматыкай стараюся займацца па 4—5 гадзін штодзень. Вельмі люблю геаметрыю, а вось камбінаторыку не вельмі. Тым не менш задачы рашаю, бо гэта неабходна, — па-матэматычнаму коратка адказаў на пытанне Ягор.
Не сумняваюся, што і гэты год стане для дзесяцікласніка пераможным. Ён мэтанакіравана ідзе да сваёй мары стаць паспяховым у матэматыцы. Будучую прафесію звязвае толькі з матэматыкай.
Гэты юнак, як і тысячы іншых адзначаных спецфондам, мае добры матэматычны патэнцыял. І тое, што ён расце і развіваецца матэматычна, з’яўляецца безумоўнай заслугай яго навучальнай установы і дзейнасці спецыяльнага фонду, узнагароды і заахвочванні якога прыдаюць дзяржаўную вагу ўсім інтэлектуальным перамогам нашых школьнікаў і студэнтаў. І многія, акрыленыя такой увагай і падтрымкай, ідуць за сваёй марай далей.
Зараз Віктар Беляўцоў з’яўляецца студэнтам-першакурснікам Маскоўскага авіяцыйнага інстытута. А калі быў навучэнцам 11 класа Мінскага абласнога ліцэя, стаў залатым пераможцам XXII Міжнароднай канферэнцыі юных вучоных па фізіцы, матэматыцы, інфарматыцы, экалогіі (ICYS), якая ў 2015 годзе праходзіла ў Турцыі, а затым — лаўрэатам спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў i студэнтаў. Але гэта не першае лаўрэацтва Віктара. Ён адзначаўся спецыяльным фондам як пераможца Рэспубліканскай алімпіяды па фізіцы, а таксама як юны вучоны.
Расказваючы пра сваё апошняе школьнае пераможнае даследаванне, адразу заўважыў, што працаваў над ім разам са сваімі аднадумцамі — Мікітай Сыраватнікавым з Мінскага абласнога ліцэя і Алегам Карабко з гімназіі № 40 Мінска.
— У мяне ў галаве заўсёды была думка, што трэба не проста займацца тэарэтычнымі даследаваннямі, а рабіць упор на іх прыкладны характар. Наша работа тычылася аэрадынамікі самалётаў. Усім вядома, што цяпер асноўнай праблемай з’яўляецца бяспека палётаў. Сутнасць нашага даследавання складалася ў магчымасці зрабіць так, каб самалёт пры неабходнасці змог памяншаць сваю хуткасць, захоўваючы ўсе аэрадынамічныя якасці.
Мы ўявілі, што гэта можна зрабіць, выкарыстоўваючы пэўныя сістэмы (набор элементаў, якія круцяцца, убудаваных у крыло самалёта). Мы праверылі сваю гіпотэзу серыяй эксперыментаў. Затым пабудавалі аэрадынамічную трубу, напісалі матэматычную мадэль, якая затым ператварылася ў камп’ютарную праграму, што дазваляе лічыць не толькі неабходныя для нашага эксперымента даныя, але і рабіць матэматычную апрацоўку звестак для розных аэрадынамічных схем. У выніку мы змаглі знізіць хуткасць самалёта, не страчваючы яго аэрадынамічных якасцей.
Нашым навуковым кіраўніком быў настаўнік фізікі Дзмітрый Канстанцінавіч Сечка. На этапе падрыхтоўкі да міжнароднай канферэнцыі нам дапамагалі выкладчыкі фізфака БДУ Леанід Рыгоравіч Марковіч, Анатоль Іванавіч Слабадзянюк , — расказаў Віктар.
Думаю, цяпер не трэба тлумачыць, чаму юнак выбраў адпаведную навучальную ўстанову. У будучым Віктар стане інжынерам па сістэмах жыццезабеспячэння лятальнага апарата. Вось так школьнае захапленне ператвараецца ў жыццёвую прафесійную неабходнасць. Хочацца адзначыць, што Віктар не закінуў свае даследчыя інтэрэсы. Ёсць спадзяванне, што яны ператворацца ў сур’ёзную работу, якая выведзе бяспеку палётаў на новы ўзровень. Цяпер, будучы студэнтам, ён працягвае свае практыкаарыентаваныя даследаванні.

Вольга ДУБОЎСКАЯ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА
і з уласных архіваў герояў.