Днямі ў Беларускім дзяржаўным універсітэце інфарматыкі і радыёэлектронікі адкрылася вучэбна-навукова-вытворчая лабараторыя “Убудаваныя мабільныя сістэмы”. Гэта сумесны праект БДУІР і беларускай інавацыйнай кампаніі ТАА “Аксонім”.
Трэба сказаць, што бізнес аказвае ўніверсітэту істотную падтрымку ў фарміраванні матэрыяльна-тэхнічнай базы, і гэта ўжо 33-я лабараторыя ў БДУІР, створаная сумесна з бізнес-кампаніямі. Яе адкрыццё вельмі ўдала супала са з’яўленнем новай спецыяльнасці “Мабільныя сістэмы, якія праграмуюцца” на факультэце камп’ютарнага праектавання. І для будучых інжынераў па электронных сістэмах работа ў згаданай лабараторыі будзе вельмі карыснай.
“Перспектыўнасць мабільных сістэм відавочная, — гаворыць дэкан факультэта камп’ютарнага праектавання БДУІР Сяргей Канстанцінавіч Дзік. — Камп’ютары аджываюць свой век, а свет пераходзіць на мабільныя сістэмы. Адпаведна, і спецыяльнасць, якую мы зараз адкрываем (“Мабільныя сістэмы, што праграмуюцца”) вельмі запатрабаваная і перспектыўная. Пра гэта сведчыць ужо той факт, што наш універсітэт распачынае падрыхтоўку па гэтай спецыяльнасці не толькі для беларусаў, але і для жыхароў ЗША”.
Зрэшты, новая лабараторыя будзе выкарыстоўвацца для навучання студэнтаў розных спецыяльнасцей, звязаных з вывучэннем мікрапрацэсарных сістэм і мікракантролераў (а сёння яны ўсюды — і ў прасах, і ў халадзільніках). Таму лабараторыя будзе задзейнічана на поўную моц.
Сёння тут устаноўлены найноўшыя лабараторныя комплексы, што дазволіць весці эфектыўнае навучанне тэхналогіям укаранення ўбудаваных аперацыйных сістэм (Linux, Android, FreeRTOS, eCOS) у мабільныя тэхнічныя сродкі, распрацоўцы шматфункцыянальных дадаткаў на іх аснове і праектаванні мабільных тэхнічных сродкаў на базе сучасных мікрапрацэсараў.
“Адметна, што кіраўніцтва ТАА “АКСОНІМ” гарантуе абнаўленне мікрапрацэсарнай базы кожны вучэбны семестр, — заўважыў Сяргей Канстанцінавіч. — Гэта значыць, што як толькі з’явяцца новыя мікракантролеры і мікрапрацэсары — яны адразу ж будуць укараняцца ў лабараторныя работы. Такім чынам, студэнты будуць вывучаць усё самае новае, як кажуць, з колаў. Я думаю, што сёння такая магчымасць ёсць не ва ўсіх кампаній і вытворчасцей Мінска. Таму нашым выпускнікам, якія пройдуць навучанне ў гэтай лабараторыі, не прыйдзецца давучвацца на месцы працы, бо яны атрымаюць падрыхтоўку нават з апераджэннем”.
Больш за тое, кампанія “АКСОНІМ” прыняла рашэнне заахвоціць паспяховых студэнтаў. Тыя з іх, хто вучыцца на “дзявяткі” і “дзясяткі”, бязвыплатна атрымаюць мікрапрацэсарныя камплекты для самастойнага вывучэння.
“Мэта гэтай лабараторыі заключаецца ў тым, каб адсюль выходзілі высокакваліфікаваныя спецыялісты, — сказала дырэктар ТАА “АКСОНІМ” Людміла Іванаўна Міхаевіч. — Адкрыццё лабараторыі — гэта толькі пачатак нашага супрацоўніцтва. Далей мы будзем пастаўляць сюды ўсё больш новае абсталяванне, каб кампетэнцыі выпускнікоў БДУІР адпавядалі таму ўзроўню, што дыктуе ІТ-рынак”.
Практычна важна, што, акрамя выкладчыкаў універсітэта, да работы са студэнтамі ў лабараторыі будуць далучацца і спецыялісты кампаніі “АКСОНІМ”, якія падзеляцца сваім вопытам у галіне распрацоўкі і прымянення ўбудаваных сістэм. Атрыманыя веды студэнтам спатрэбяцца для работы ў такіх галінах, як аўтаматызацыя тэхналагічных працэсаў, аўтамабільная прамысловасць, банкаўская сфера, спажывецкая электроніка, тэлекамунікацыі, рознічны гандаль і многія іншыя.
“У нас беларуская кампанія, дзе большасць кіраўнікоў і супрацоўнікаў — выпускнікі БДУІР, — заўважыла Людміла Іванаўна, — таму мы зацікаўлены ў тым, каб да нас прыходзілі выпускнікі менавіта гэтага ўніверсітэта. І мы ўкладваем сюды свае інвестыцыі, каб з цягам часу атрымаць кваліфікаваныя кадры. Мы ўпэўнены, што інвестыцыі ў таленавітую моладзь — гэта інвестыцыі не толькі ў будучыню нашай кампаніі, а ўвогуле ў будучыню нашай краіны”.
Рэктар БДУІР Міхаіл Паўлавіч Батура дадаў, што для ўніверсітэта вельмі важна такое плённае супрацоўніцтва з бізнес-кампаніямі.
“У нас ужо 33 сумесныя вучэбна-навукова-вытворчыя лабараторыі, — падкрэсліў рэктар, — і праз іх праходзяць не толькі тыя, хто потым будзе размеркаваны на прадпрыемствы, што стварылі гэтыя лабараторыі, а ўсе студэнты адпаведных спецыяльнасцей. Гэта значыць, што за гады вучобы ў БДУІР можна атрымаць адукацыю вельмі высокага ўзроўню, якая цалкам адпавядае сучасным патрабаванням рынку”.