Г.В.МЕЛЬНІКАВА: “Не злічыць тых людзей, якія ўнеслі свой уклад у маё прафесійнае станаўленне”

- 14:47Рознае, Суразмоўца
Памятаю, як аднойчы, па дарозе ў сумесную камандзіроўку, Ганна Васільеўна, тады яшчэ начальнік аддзела выхаваўчай работы ўпраўлення адукацыі аблвыканкама, успамінала цікавы момант са сваёй работы. Неяк у снежную зіму давялося ёй стаць удзельнікам спартыўна-патрыятычнага марафону для падлеткаў, якія патрабуюць асаблівай увагі. Адзенне дзелавога стылю было зменена на цёплы камбінезон і зімнія боты з проціслізготнай падэшвай, замест жаночай сумкі — рукзак за плячыма. Здавалася, гэтае нязвыклае абмундзіраванне будзе адзінай праблемай дня. Але гэта толькі здавалася. Начальніку аддзела прыйшлося стаць сапраўдным марафонцам: разам з дзецьмі бегчы і ісці па непраходных сцежках, пераадольваць перашкоды і нават перапраўляцца праз яры з дапамогай каната.
Для падлеткаў гэта было спаборніцтва. Справіўся з заданнем — атрымай бал. Уступіў у спрэчку з таварышамі ці сказаў нейкае дрэннае слова — атрымай штрафны вылік. Дык вось адзін хлапчук увесь час атрымліваў штрафныя, пачаў злавацца, яго настрой зусім сапсаваўся. Канечне, Ганна Васільеўна пачала супакойваць хлопца, паспрабавала яго неяк зацікавіць, але той разбушаваўся яшчэ болей. Пакуль ладзілі дыялог, ад групы адсталі. І вось няпростая перашкода на іх шляху: вялікі яр, які можна пераадолець толькі ўчапіўшыся за канат і, адштурхнуўшыся ад зямлі, праляцець у паветры. Зразумела, для нашай гераіні гэта аказалася зусім няпроста. Не дабраўшыся да процілеглага боку яра, яна павісла на канаце. І дапамагаў ёй тады той самы праштрафаваны падлетак.
— Малы яшчэ, а гаварыў са мной, як сталы мужчына, такія дзеці рана становяцца дарослымі, — успамінала Г.В.Мельнікава. І ў гэтых яе словах было столькі цяпла, турботы і спачування!
Чаму ўспомніўся гэты выпадак? Можа таму, што якраз у такіх сітуацыях праяўляецца сапраўдны педагог.
Сёння Ганна Васільеўна займае адказны пост — больш за тры месяцы прайшло, як яна ўзначаліла аддзел адукацыі, спорту і турызму Гомельскага гарвыканкама. Гомель — буйны абласны цэнтр з даволі вялікай сеткай устаноў адукацыі, а значыць, і праблем хапае. Чым адзначаны першыя сто дзён на новай пасадзе і якія планы ставяцца на найбліжэйшую перспектыву — аб гэтым наша гутарка.

— Ганна Васільеўна, трэба думаць, на адаптацыю ў вас часу амаль не было, бо назначэнне адбылося якраз перад пачаткам новага навучальнага года…
— Так, сапраўды, часу, каб агледзецца, узважыць, намеціць нейкія кірункі не было. Прыйшлося адразу ўключацца ў работу і ўжо паралельна разбірацца ва ўсіх дэталях. Канечне, мне вельмі дапамог вопыт, атрыманы на былым рабочым месцы. Калі прымала прапанову пайсці на гэтую пасаду, я добра разумела, які адказны ўчастак прымаю. Таму і сабе асабіста, і калегам сказала, што першы год — гэта год вызначэння почырку ў рабоце адноўленага калектыву. Трэба навучыцца пераадольваць цяжкасці, наладжваць канструктыўныя адносіны з удзельнікамі адукацыйнага працэсу і, галоўнае, дзейнічаць у рамках нарматыўнага поля.
Як у першыя дні, так і зараз, для мяне і маіх падначаленых кожны дзень нясе навізну. Нягледзячы на гэта, неабходна прымаць кіраўніцкія рашэнні “тут і цяпер”. У нас у аддзеле нават жарт такі ёсць: з 1 ліпеня для нас адкрылася вячэрняя школа спасціжэння новых ведаў. Так і ёсць. Даводзіцца горы дакументаў часам перачытаць, задаць шмат пытанняў адно аднаму, каб потым прыняць рашэнне. Напрамкаў дзейнасці не проста шмат, а вельмі шмат у кожнага работніка.

— Ведаю вас як чалавека прынцыповага і вельмі адказнага. Якія патрабаванні ў вас да калектыву і да сябе асабіста?
— Я прывыкла адкрыта весці размову з кожным, няхай то будзе спецыяліст Міністэрства адукацыі, дырэктар школы, бацькі ці вучні. Заўсёды выкажу словы падзякі. Але калі бачу недахопы ў рабоце, а такое здаралася, прама гавару аб гэтым. Не прымаю, калі чалавек проста адбывае свой час, не працуе на вынік. Тое ж правіла выкарыстоўваю і сама. Увогуле, узяла за практыку падводзіць вынік уласнай работы напрыканцы кожнага дня. Пра якія-небудзь дасягненні, канечне, яшчэ не час казаць. Аднак я ўпэўнена, што сумесна са спецыялістамі аддзела мы паспелі закласці падмурак зноў створанай структуры, якая аб’яднала адукацыю, спорт і турызм. Сёння я назіраю, як складваецца ў аддзеле камандны дух, бачу жаданне калег працаваць.

— Хацелася б пачуць, што хвалюе вас больш за ўсё на пачатку новага вітка ў прафесійнай дзейнасці? Якія задачы лічыце самымі галоўнымі? Чым кіруецеся?
— Канечне, для мяне вельмі важна апраўдаць давер, захаваць упэўненасць у маіх сілах тых паважаных людзей, якія ўбачылі ўва мне кіраўнічы патэнцыял. Што да работы, для мяне важна зразумець, чым жыве кожны з чатырох аддзелаў адукацыі, спорту і турызму адміністрацый раёнаў горада. Важна дайсці да кожнай установы адукацыі (а іх больш за 220), пачуць кожнага кіраўніка. Кіраваць — значыць весці да поспеху ўсіх, хто ідзе за табой. Таму заўсёды памятаю, што трэба лічыцца з меркаваннем спецыялістаў, кіраўнікоў, педагогаў. Аднак адказнасць за абраны курс браць на сябе.
Калі казаць пра задачы, маю намер паспяхова завяршыць тыя справы, што былі распачаты папярэднімі кіраўнікамі аддзела, працягнуць іх добрыя традыцыі. Для мяне важна, каб адукацыйная прастора горада была адзіным звяном, якое імкнецца ўдасканальвацца і адказваць патрабаванням часу, запытам навучэнцаў і іх бацькоў. Не прымаю практыку, калі кожны асобны раён шукае нейкія непатрэбныя вынаходніцтвы, замест таго, каб скарыстаць вопыт іншых — той вопыт, які ўжо пацвердзіў сваю значнасць. У сувязі з гэтым я маю на мэце актыўна прапагандаваць лепшы вопыт работы педагогаў — перш за ўсё дзеля ўзняцця прэстыжу прафесіі. Адзначу, што ў гэтай частцы кожная ўстанова мае ў сваёй скарбонцы дасягненні. Тым больш, што зараз для гэтага столькі магчымасцей: сайты ўстаноў адукацыі, газеты, часопісы, а колькі праходзіць мерапрыемстваў, якія дазваляюць паказаць сябе! Аднак чамусьці прысутнічае пасіўнасць у імкненні паказваць свой вопыт.
Ёсць яшчэ адно важнае пытанне для мяне, у нейкай ступені злабадзённае. Мы хочам мець лепшыя адносіны да педагога, а ці ставім перад сабой пытанне, што мы робім для гэтага самі? Ці служыць сёння кожны настаўнік прыкладам для вучняў? Я маю на ўвазе знешні выгляд педагога, яго гаворку, актыўную грамадзянскую пазіцыю і нават, не здзіўляйцеся, адсутнасць прыхільнасці да шкодных звычак. Над гэтым таксама маю намер папрацаваць.

— Дарэчы, пра кадры. Вядома, што прафесіяналізм выхавальніка ці настаўніка з’яўляецца асноўным фактарам павышэння якасці адукацыі. Што можна казаць пра кадравы патэнцыял абласнога цэнтра?
— Буду казаць прама: пытанняў тут нямала. Актуальным для горада з’яўляецца пытанне замацавання маладых спецыялістаў ва ўстановах адукацыі. Безумоўна, многае тут залежыць ад кіраўнікоў на месцах. Як кажуць, факты гавораць самі за сябе. Ёсць калектывы, у якіх моладзь замацоўваецца на 100 працэнтаў: прыйшлі, працуюць і ў іх нават не ўзнікае думак шукаць іншае месца. Больш за тое, у далейшым яны трапляюць у банк даных рэзерву на кіруючыя пасады. Менавіта такая практыка склалася ў некаторых гомельскіх установах адукацыі.
На жаль, многія ўжо вопытныя педагогі не зацікаўлены ва ўдасканаленні свайго прафесійнага майстэрства. Вось прыклад. Сёння лепшыя педагогі, вынікі працы якіх штогод пацвярджаюцца высокімі дасягненнямі іх выхаванцаў, маюць магчымасць здаць экзамен, каб атрымаць званне “настаўнік-метадыст”. Гэта не толькі пацвярджае ўзровень прафесіяналізму, але і істотна ўплывае на аплату працы. Тым не менш такой магчымасцю скарысталіся толькі двое настаўнікаў горада. Чаму такая пасіўнасць? У гэтым я яшчэ павінна разабрацца.
Трэба адзначыць, што дзейсным сродкам стымулявання якасці педагагічнай працы, стварэння ўмоў для прафесійнага росту настаўнікаў стала правядзенне экзамену на пацвярджэнне вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі, рэгламентаванага новай інструкцыяй аб парадку правядзення атэстацыі педагагічных работнікаў.
Па выніках экзаменацыйнай кампаніі больш за 500 педагогаў горада пацвердзілі высокі кваліфікацыйны ўзровень. Але ёсць і сумныя факты: некаторыя настаўнікі-прадметнікі не змаглі пацвердзіць атрыманую раней вышэйшую катэгорыю. Акрамя таго, восем педагогаў не здалі кваліфікацыйны экзамен на прысваенне вышэйшай катэгорыі. Узнікае сумненне ва ўзроўні майстэрства педагогаў, якія былі заяўлены на пацвярджэнне вышэйшай катэгорыі, але не з’яўляліся ў неабходны тэрмін на экзамен, спаслаўшыся на тыя ці іншыя прычыны. Усё гэта — сведчанне нізкай якасці працы атэстацыйных камісій, арганізацыі дзейнасці метадычных фарміраванняў, а таксама таго, што частка педагогаў спынілася ў сваім прафесійным развіцці.
Вось чаму галоўнымі задачамі адміністрацыйнай каманды ўстаноў адукацыі, метадычнай службы горада ў новым навучальным годзе ставяцца перш за ўсё фарміраванне ў педагогаў неабходнага ўзроўню ўменняў самадыягностыкі, метадычнай пісьменнасці.

— Ганна Васільеўна, звычайна новы кіраўнік прыносіць з сабой нейкія новыя ідэі. Ці трэба чакаць новаўвядзенняў ад вас?
— Можа, пакуль рана казаць пра гэта. Хаця нейкія задумкі распрацоўваюцца, а нешта ўжо здзейснілася. Напрыклад, для выразнага каардынавання развіцця галіны адукацыі, стварэння адзінай адукацыйнай прасторы ў горадзе, я думаю, ёсць неабходнасць перад прыняццем асабліва адказных кіраўніцкіх рашэнняў пачуць, што з гэтай нагоды думаюць ветэраны педагагічнай працы — паспяховыя былыя і цяперашнія кіраўнікі рознага ўзроўню. Ініцыятыва стварыць пры аддзеле кансультатыўна-экспертны савет ветэранаў педагагічнай працы знайшла водгук сярод аўтарытэтных людзей. І зараз такі савет створаны. Па такім жа прынцыпе ёсць неабходнасць стварыць савет дырэктараў і савет загадчыкаў. Нам важна выбудоўваць канструктыўныя ўзаемаадносіны з усімі зацікаўленымі не толькі па вертыкалі, але і па гарызанталі.

— Да таго, як вы ўзначалілі аддзел адукацыі, спорту і турызму гарвыканкама, працавалі ва ўпраўленні адукацыі. Упэўнена, вы таксама маеце вельмі добры вопыт.
— Любы вопыт, упэўнена, абавязкова спатрэбіцца на жыццёвым ці прафесійным шляху. Скажу шчыра, мне вельмі пашанцавала. Нельга пераацаніць усё тое, што трапіла ў мой багаж вопыту падчас працы ва ўпраўленні адукацыі. Прычым як у прафесійным, так і ў асабістым плане. Не злічыць тых людзей у розных кутках Гомельскай вобласці, якія ўнеслі свой уклад у маё прафесійнае станаўленне. Ступень адказнасці за даручаны ўчастак работы ў якасці галоўнага спецыяліста, а потым і начальніка аддзела выхаваўчай работы ўпраўлення, была даволі вялікай. Нярэдка спрачаліся, даказвалі свой погляд на тую ці іншую рэч, і заўсёды знаходзілі ўзаемаразуменне, вызначалі правільны шлях.
Працаваць было адначасова і цяжка — кола пытанняў велізарнае, і лёгка — побач надзейныя калегі, якія заўсёды прыйдуць на дапамогу. Адзначу, што на ўсіх этапах працы ва ўпраўленні адукацыі мае прапановы, праекты па ўдасканаленні работы на ўзначаленым участку падтрымліваліся кіраўніцтвам. Гэта заўсёды акрыляе. Мабыць таму, нягледзячы на ненармаваны працоўны дзень, шматлікія камандзіроўкі, нярэдка згубленыя выхадныя, я заўсёды з добрым настроем ішла на працу.

— Ведаю, што многія вашы ідэі не проста рэалізаваліся на месцах, а нават распаўсюджваліся на ўсю краіну.
— Шчыра скажу, сама часам дзіўлюся, як хутка знаходзіцца менавіта тое рашэнне, якое прыводзіць да поспеху. Знаходзіць нестандартныя шляхі вырашэння праблемных пытанняў заўсёды дапамагала і дапамагае нейкае ўнутранае пачуццё. Добра, што ў многіх нашых структурах працуюць людзі зацікаўленыя, з якімі можна ладзіць партнёрскія адносіны і працаваць у адным кірунку. Самае галоўнае, што сувязь практычна ні з кім не перапынілася. І ўжо спеюць, выношваюцца новыя праекты, якія пры падтрымцы калег, магчыма, будуць рэалізаваны ў недалёкай будучыні.

— А ці хапае часу на нешта іншае, акрамя працы?
— У Год эканоміі і беражлівасці не менш важна разам з іншымі фактарамі і рацыянальнае выкарыстанне свайго працоўнага часу (усміхаецца). Пакуль у мяне амаль увесь вольны час прысвечаны вывучэнню нарматыўных дакументаў, асабліва па тых напрамках дзейнасці, якія раней не вяла: гаспадарчыя, фінансавыя, кадравыя. Дзякуючы падтрымцы родных, я магу сабе гэта дазволіць. Аднак разумею, што арганізму трэба даваць магчымасць аднаўляцца. Думаю, у хуткім часе я буду мець крыху больш вольнага часу.

— Якім справам звычайна аддаяце вольны час?
— У мяне зусім простыя захапленні. Люблю наведваць басейн. Люблю блукаць па лесе, удыхаць дзіўнае паветра. Люблю быць з сям’ёй і з сябрамі, з якімі даўно склаліся ўласныя традыцыі ў арганізацыі вольнага часу.

Наталля ЛУТЧАНКА.